РОК-О́ПЕРА (ад англ. rock + опера),

сцэнічна-музычны жанр. Узнікла ў сярэдзіне 20 ст. ў ЗША і Вялікабрытаніі ў выніку спалучэння традыцый оперы і рок-музыкі на аснове форм, уласцівых для оперы-буф, аперэты, мюзікла, часткова джаза. Вытокамі лічаць оперу Дж.​Гершвіна «Поргі і Бес» (1935) і рэгтайм-оперы С.​Джопліна (пач. 20 ст). Далейшае развіццё набыла ў канцэптуальных альбомах некат. рок-груп 2-й пал. 1960-х г. («Муды Блюз», «Кінкс», «Бітлз)». Р.-о. папярэднічалі мюзіклы «Вестсайдская гісторыя» Л.​Бернстайна (1957), «Хэло, Долі!» Дж.​Германа (1964), «Валасы» Г.​Макдэрмата (1967), «Томі» П.​Таўшэнда (1970), «Годспел» С.​Шуарца (1971). Першы ўзор уласна Р.-о. — «Ісус Хрыстос» — суперзорка» Э.​Л.​Уэбера (паст. 1971, экранізацыя 1972), які мае ўсе прыкметы оперы, але вакальныя партыі пазначаны выразнай рокавай стылістыкай. Да твораў гэтага жанру належаць «Фантом у оперы» Уэбера і Ц.​Райса (1987), «Мурашнік» М.​Алашэўскага і М.​Скаларскага, «Naga» групы аўтараў. У СССР сярод першых Р.-о. — «Арфей і Эўрыдыка» А.​Журбіна (1975), «Зорка і смерць Хаакіна Мур’еты» (1976) і ««Юнона» і «Авось»» (1981) А.​Рыбнікава, «Стадыён» А.​Градскага (1982). На Беларусі да жанру Р.-о. можна аднесці «Курган» І.​Лучанка ў выкананні «Песняроў» (1977).

Дз.​А.​Падбярэзскі.

т. 13, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)