А́РМІЯ КРАЁВА (АК; Armia Krajowa літар. армія краіны),
падпольная ваен. арганізацыя, якая дзейнічала ў 1942—45 на акупіраванай фаш. Германіяй тэр. Польшчы і частцы тэр.б.СССР (Украіна, Беларусь, Літва). Падпарадкоўвалася польск. эмігранцкаму ўраду ў Лондане. Камандуючыя АК: генералы С.Равецкі, Т.Камароўскі, Л.Акуліцкі. Налічвала 250—300 тыс.чал. У паліт. адносінах будавалася на аснове «надпартыйнасці», тэорыі «двух ворагаў» — Германіі і СССР. Зыходзячы з гэтага абмяжоўвалася арганізатарскай работай, фарміраваннем шырокай сеткі падп. арг-цый, стварэннем штабоў і інш. органаў, якія пасля краху акупац. рэжыму павінны былі забяспечыць прыход да ўлады эмігранцкага ўрада, аднаўленне граніц даваен. Польшчы. Пасля разрыву адносін паміжСССР і польск. эмігранцкім урадам (крас. 1943) узмацніліся тэндэнцыі канфрантацыі АК з сав.партыз. атрадамі. На тэр. Беларусі існавалі Навагрудская, Палеская і Віленская акругі АК. З 1942 арганізоўваліся партыз. атрады. У 1944 дзейнічалі злучэнні «Наднёманскае», «Поўнач», «Усход», «Захад» («Шчучынскае»), «Стоўбцы». Ажыццяўляючы аперацыю «Бура» (распрацавана ў кастр. 1943; прадугледжвала захоп тэр.Зах. Украіны, Зах. Беларусі і Віленшчыны ў момант адступлення ням.-фаш. войскаў), спрабавала авалодаць Вільнюсам і перашкодзіць аднаўленню сав. улады ў Вільнюсе, Львове, інш. гарадах. Адначасова асобныя падраздзяленні АК узаемадзейнічалі з сав. партызанамі, часцямі Чырв. Арміі, Гвардыі Людовай, уступалі ў Войска Польскае. Эмігранцкі ўрад і кіраўніцтва АК узнялі 1 жн. Варшаўскае паўстанне 1944, якое было жорстка задушана гітлераўцамі. АК распушчана 9.1.1945 эмігранцкім урадам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСАЦЫЯ́ЦЫЯу псіхалогіі,
сувязь паміж псіхічнымі з’явамі, калі актуалізацыя (успрыманне або ўяўленне) адной з іх выклікае з’яўленне другой. Найб. вядомыя асацыяцыі па сумежжы (у прасторы або часе), падабенстве або кантрасце. У іх могуць спалучацца думкі, адчуванні, успрыманні, рухі або вобразы, якія ўзнікаюць у свядомасці без бачнай знешняй прычыны.
Упершыню пра наяўнасць такіх сувязяў пісаў Арыстоцель. У навук. ўжытак тэрмін «асацыяцыя» ўвёў у 1698 Дж.Лок, які лічыў, што асацыяцыі ствараюць штучныя, неадэкватныя спалучэнні. У 18—19 ст. у трактоўцы асацыяцыі існавалі розныя падыходы і кірункі. Дж.Берклі і Д.Юм разглядалі асацыяцыю як праяву суб’ектыўнай дзейнасці свядомасці. Д.Гартлі лічыў яе вынікам мінулага вопыту чалавека, які адлюстроўваўся ў яго нервовай сістэме. Дж.Міль сцвярджаў, што псіхіка — гэта сістэма асацыятыўных адчуванняў. А.Бэн і Дж.С.Міль прызнавалі магчымасць узнікнення якасна новых псіхічных з’яў з адчування. З паняцця асацыяцыі пры тлумачэнні дынамікі псіхічных працэсаў зыходзілі прадстаўнікі ўсіх асн. кірункаў асацыятыўнай псіхалогіі (гл.Асацыянізм). На пач. 20 ст. К.Г.Юнг прапанаваў асацыятыўны эксперымент для выяўлення неўсвядомленых, схаваных афектных утварэнняў (комплексаў). Падобныя эксперыменты выкарыстоўваў Ч.Дарвін для вывучэння эмоцый і Т.Эбінгаўз для даследавання памяці.
У сучаснай псіхалогіі вывучэнне асацыяцыі праводзіцца з мэтай выяўлення спецыфікі розных псіхічных працэсаў і з’яў.
Літ.:
Ярошевский М.Г. История психологии. 3 изд. М., 1985;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБЁФ (Babeuf, Baboeuf) Франсуа Наэль, празваны Гракх (23.11.1760, г. Сен-Кантэн, Францыя — 27.5.1797), французскі камуніст-утапіст, рэвалюцыянер. У 1785 распрацаваў план стварэння «калектыўных фермаў» замест буйных зямельных уладанняў. Падрыхтаваў агр. праграму і закон, сфармуляваны ў яго кнізе «Пастаянны кадастр» (1789). У час франц. рэвалюцыі 1789—94 удзельнічаў у сял. руху, быў прыхільнікам рэспублікі. У заснаванай ім газеце «Le Tribune du peuple» («Трыбуна народа») крытыкаваў палітыку контррэв. тэрмідарыянскага Канвента, за што ў 1795 зняволены. У 1796 заснаваў тайную арг-цыю «Саюз роўных», члены якой падтрымлівалі франц. Канстытуцыю 1793, рыхтавалі ўзбр. выступленне. Дзейнасць арг-цыі была раскрыта, Бабёф гільяцінаваны. Паліт. погляды Бабёфа звязаны з канцэпцыямі перадрэв. эгалітарызму і утапічнага камунізму, які ён аб’ядноўваў з класавай барацьбой. Бабёф сцвярджаў, што сутнасць сац. парадку дэтэрмінавана не паліт. формамі, а адносінамі паміж класамі. Зыходзячы з гэтага аналізаваў бурж. ўласнасць, шукаў у ёй асновы ўсёй эканам. сістэмы і інструмент панавання ў грамадстве маёмных над немаёмнымі. У выніку прыйшоў да высновы, што пасля рэвалюцыі, перш чым ажыццявіць «чыстую дэмакратыю», адразу неабходна ўстанавіць часовую дыктатуру на перыяд пераходу ад старога да камуніст. грамадства. Дактрына Бабёфа і яго прыхільнікаў, выказаная ў «плебейскім маніфесце», мела шмат паслядоўнікаў — бабувістаў. Ідэі Бабёфа сцвярджаліся аж да 1848 і мелі значны ўплыў на падп. рух у Францыі і Бельгіі ў 1830—40 (Саюз Справядлівых, Саюз Камуністаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́РАНЦАВА МО́РА,
ускраіннае мора Паўн. Ледавітага ак.паміжпаўн. берагам Еўропы і а-вамі Шпіцберген, Зямля Франца-Іосіфа і Новая Зямля. Абмывае берагі Расіі і Нарвегіі. На З мяжуе з Нарвежскім морам, у паўд. частцы злучаецца з Карскім м. пралівам Карскія Вароты і з Белым м. пралівамі Горла і Варонка. Пл. 1424 тыс.км². Размешчана б.ч. на шэльфе; найб глыб. 600 м, пераважныя глыб. 360—400 м. Берагі фіёрдавыя, высокія, скалістыя, моцна парэзаныя, на У ад п-ва Канін нізкія і слабапарэзаныя. Залівы: Порсангер-фіёрд, Варангер-фіёрд, Мотаўскі, Кольскі, Пячорская губа, Чэшская губа і інш.Найб.в-аў Калгуеў. Упадаюць р. Пячора, Індыга.
Клімат арктычны, але пад уплывам цёплага Нардкапскага цячэння (адгалінаванне Гальфстрыма) зіма адносна мяккая. Т-ра паверхневых водаў у лютым на Пн і У ніжэй за -1 °C, на ПдЗ 3—5 °C. У жн. на Пд 7—12 °C, на У 3—5 °C, на Пн ніжэй за 0 °C. Салёнасць на Пн 32—33%, на ПдЗ — каля 35%. Зімой не замярзае толькі паўд.-зах. частка, на Пн лёд трымаецца круглы год. Прылівы паўсутачныя (да 6,1 м). Раслінны і жывёльны свет багаты і разнастайны. Рыбалоўства (траска, селядзец, пікша, сайда, марскі акунь, камбала). Мае вял.трансп. значэнне. Гал. незамярзаючыя парты: Мурманск (Расія), Вардзё (Нарвегія). Назва ў гонар галандскага мараплаўца В.Барэнца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТАМІЗА́ЦЫЯ САЦЫЯ́ЛЬНАЯ,
адасабленне індывідуумаў у выніку распаду асобасных сувязяў паміж імі. Найчасцей адбываецца ў пераходныя перыяды гіст. развіцця, у часы крызісаў і катастроф, калі ў грамадстве нарастае недавер да дзярж. улады, імкненне людзей ва ўсім разлічваць толькі на ўласныя сілы. Характарызуецца парушэннем і нават разбурэннем шляхоў і спосабаў уключэння чалавека ў прафес., тэр., субкульт. і інш. супольніцтвы, адасабленнем яго ад інш. людзей, набыткаў культуры, маралі, палітыкі, суседства і гэтак далей. Гэты працэс суправаджаецца парушэннямі законнасці, ростам злачыннасці, антыграмадскімі паводзінамі, наркаманіяй, хабарніцтвам і інш. негатыўнымі сац. з’явамі. На Беларусі і ў інш. краінах СНД працэс атамізацыі сацыяльнай пашырыўся ў перыяд крызісу ў сувязі з пераходам ад таталітарна-адм. да дэмакр. сістэмы.
Прыкладам філас. асэнсавання атамізацыі сацыяльнай з’яўляецца канцэпцыя Т.Гобса, што прырода вельмі раз’ядноўвае людзей, і для іх натуральнай магла б стаць «вайна ўсіх супраць усіх». Гэта ідэя развіта у працах Дж.Лока і А.Сміта. Супраць яе выступаў Г.Гегель, які лічыў атамізацыю сацыяльную толькі адным з многіх момантаў грамадскага існавання індывідуумаў у грамадскай супольнасці, адарванай ад сям’і і дзяржавы. К.Маркс трансфармаваў гэтую думку ў канцэпцыю адчужэння асобы ад чалавечых умоў існавання ў эксплуататарскім грамадстве. У 20 ст. праблемы атамізацыі сацыяльнай вывучалі сацыёлагі і філосафы зах. краін Ф.Цэніс, Г.Фраер, Г.Маркузе, Э.Фром, М.Хоркхаймер і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ ДОБРААХВО́ТНАЕ ТАВАРЫ́СТВА АХО́ВЫ ПО́МНІКАЎ ГІСТО́РЫІ І КУЛЬТУ́РЫ,
масавая грамадская арг-цыя. Утворана ў 1966. Вышэйшы кіруючы орган — з’езд (склікаецца не радзей як 1 раз у 5 гадоў), які разглядае і прымае статут, уносіць у яго змены і дапаўненні, выбірае Рэсп. савет, прэзідыум і рэвіз. камісію. Кіруючы орган паміж з’ездамі — Рэсп. савет, выканаўчы орган — прэзідыум. У складзе т-ва працуюць абл., раённыя і гар. саветы, пярвічныя арг-цыі. Т-ва з дапамогай насельніцтва, грамадскасці праводзіць работу па выяўленні і вывучэнні помнікаў гісторыі і культуры, забеспячэнні іх аховы, фінансуе работы па кансервацыі і рэстаўрацыі унікальных помнікаў архітэктуры, археалогіі, гісторыі (у т. л. Полацкі Сафійскі сабор, Мірскі замак, Заслаўская Спаса-Праабражэнская царква і інш.). Выдае кнігі, брашуры, буклеты, плакаты гіст. і археал. тэматыкі. У 1970—89 выдавала штоквартальны бюлетэнь «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі», з 1989 сумесна з Бел. фондам культуры выдае час.«Спадчына».
Пры т-ве дзейнічаюць навукова-метадычны, рэдакцыйна-экспертны саветы, секцыі прапаганды, гісторыі, археалогіі, архітэктуры, этнаграфіі, мастацтва, моладзі, дакументальных помнікаў. Т-ва супрацоўнічае з дзярж. органамі, грамадскімі і рэліг. арг-цыямі. Арганізоўвае канферэнцыі, семінары, інш. формы абмеркавання актуальных пытанняў стану, аховы, прапаганды помнікаў. Выкарыстоўвае ў адпаведнасці са статутам сваю ўласнасць для матэр. забеспячэння мэт і задач т-ва. Ажыццяўляе ў парадку, устаноўленым заканадаўствам, вытв., гасп. і інш. дзейнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯМЕ́ТРЫЯ (ад бія... + ...метрыя),
біялагічная статыстыка, навука пра выкарыстанне матэм. метадаў у вывучэнні з’яў жывой прыроды. Уключае сукупнасць прыёмаў планавання і апрацоўкі даных біял. даследаванняў і назіранняў метадамі матэм. (варыяцыйнай) статыстыкі.
Асновы біяметрыі закладзены ў канцы 19 ст. працамі бельг. антраполага А.Кетле, англ. вучоных Ф.Гальтана і К.Пірсана, якія з 1901 выдавалі ў Лондане часопіс «Biometrica». Распрацоўка тэорыі малых выбарак у працах англ. вучонага В.Госета і біяметрычных метадаў у генет. даследаваннях англ. біёлага Р.Фішэра (1890—1962) адыграла значную ролю ў гісторыі біяметрыі. У Расіі выкарыстанню і развіццю біяметрыі спрыялі працы С.Н.Бернштэйна, А.Я.Хінчына, А.М.Калмагорава, У.І.Раманоўскага, І.І.Шмальгаўзена, С.С.Чацверыкова і інш. На Беларусі вял. ўклад зрабіў П.Ф.Ракіцкі.
Біяметрыя вывучае зменлівыя прыкметы арганізмаў і біял. працэсаў, іх размеркаванне ў сукупнасцях: нармальнае (паказвае размеркаванне варыянтаў па колькасных прыкметах), бінамінальнае (характарызуе якасныя прыкметы) і пуасонаўскае (адлюстроўвае рэдкую з’яву). Пры апрацоўцы вынікаў доследаў праводзяць ацэнку параметраў размеркавання (сярэдняй велічыні, сярэдняга квадратычнага адхілення, памылкі сярэдняй, дысперсіі, асіметрыі, эксцэсу, энтрапіі, лішку і інш.), параўнанне выбарачных размеркаванняў і іх параметраў (верагоднасць адрозненняў) і выяўленне стат. сувязяў (простая, частковая і множная карэляцыя, рэгрэсія), напр.паміж памерамі органаў і масай арганізма. Дысперсійны аналіз служыць для вызначэння ўплыву розных фактараў на зменлівасць прыкмет. Б. шырока ўжываецца ва ўсіх галінах біялогіі, а таксама ў раслінаводстве, жывёлагадоўлі і медыцыне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯТЫ́ЧНЫ ПАТЭНЦЫЯ́Л,
1) спадчынна абумоўленая ступень супраціўляльнасці віду ўздзеянню неспрыяльных фактараў навакольнага асяроддзя (у т. л. антрапагенных).
2) Патэнцыяльная здольнасць жывых арганізмаў павялічваць сваю колькасць у геам. прагрэсіі пры размнажэнні без уздзеяння вонкавых фактараў. Вызначаецца сярэдняй велічынёй прыплоду або скорасцю, з якой пры гіпатэтычным бесперашкодным размнажэнні асобіны дадзенага віду ўкрыюць усю паверхню зямнога шара раўнамерным слоем (напр., скорасць для сланоў складае 0,3 м/с, для некат. мікраарганізмаў — сотні м/с). Розніца паміж біятычным патэнцыялам і рэалізаванай колькасцю асобін папуляцыі адлюстроўвае супраціўленне асяроддзя, з якім арганізмы знаходзяцца ў антаганістычных адносінах. Змяненні плоднасці і выжывання жывёл адбываюцца пад уздзеяннем навакольнага асяроддзя (абіятычных фактараў) і ў выніку міжвідавых і ўнутрывідавых узаемаадносін. Вял. ролю ў гэтых працэсах адыгрываюць унутрыпапуляцыйныя механізмы, якія забяспечваюць актыўную рэакцыю папуляцыі на вонкавыя ўздзеянні. У звычайных умовах скорасць размнажэння арганізмаў з кароткім жыццёвым цыклам (бактэрый пры ўспышцы эпідэміі, водарасцяў пры цвіценні вадаёма) блізкая да велічыні біятычнага патэнцыялу. Вызначэнне біятычнага патэнцыялу неабходна пры распрацоўцы метадаў барацьбы са шкоднымі відамі для павелічэння колькасці карысных відаў, аховы і рацыянальнага выкарыстання жывёльнага свету, пры экалагічных экспертызах тэхн. праектаў, стварэнні жывёлагадоўчых комплексаў, рыбных гаспадарак і інш. 3) Ступень здольнасці жывога покрыва трансфармаваць сонечную энергію ў ходзе біялагічнага кругавароту. Тэрмін «біятычны патэнцыял» увёў амер. эколаг Р.Н.Чэпмен (1925) у сувязі з праблемай дынамікі колькасці жывёл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКТЫНО́ІДЫ, актыніды,
сям’я з 14 хімічных радыеактыўных элементаў VII перыяду сістэмы элементаў з ат. н. 90—103: торый, пратактыній, уран, нептуній, плутоній, амерыцый, кюрый, берклій, каліфорній, эйнштэйній, фермій, мендзялевій, нобелій і лаўрэнсій. Уран, торый, менш пратактыній ёсць у прыродзе, астатнія актыноіды (наз.трансуранавыя элементы) атрыманы штучна ў выніку ядз. пераўтварэнняў. Вядучая роля ў сінтэзе і вывучэнні актыноідаў належыць Г.Сібаргу. Актыноіды — серабрыста-белыя металы высокай шчыльнасці (да 2∙104кг/м³). Найб. легкаплаўкія нептуній і плутоній, tпл — 640 °C, астатнія плавяцца пры т-ры больш за 1000 °C. Актыноіды рэакцыйна-здольныя, у здробненым стане пірафорныя, лёгка рэагуюць з вадародам, кіслародам, азотам, серай, галагенамі, утвараюць комплексныя злучэнні. Блізкасць хім. уласцівасцяў актыноідаў паміж сабой і з лантаноідамі звязана з падабенствам канфігурацый вонкавых электронных абалонак іх атамаў. Практычна выкарыстоўваюцца торый, уран, плутоній; плутоній-238, кюрый-244 — у вытв-сці ядз. крыніц эл. току бартавых касм.сістэм. Некаторыя нукліды актыноідаў — у медыцыне, дэфектаскапіі, актывацыйным аналізе, нукліды урану-235, плутонію-239 — паліва ў ядз. энергетыцы, крыніца энергіі ў ядз. зброі. Актыноіды і іх злучэнні надзвычай таксічныя, што абумоўлена іх радыеактыўнасцю.
Літ.:
Сиборг Г.Т., Кац Дж.Д. Химия актинидных элементов: Пер. с англ.М., 1960;
Келлер К. Химия трансурановых элементов: Пер. с англ.М., 1976;
Лебедев Н.А., Мясоедов Б.Ф. Последние достижения в аналитической химии трансурановых элементов // Радиохимия. 1982. Т. 24, вып. 6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГРАПРАМЫСЛО́ВАЯ ІНТЭГРА́ЦЫЯ,
форма арганізацыі вытв.-эканам. сувязяў сельскай гаспадаркі з інш. галінамі матэрыяльнай вытв-сці, якія яе абслугоўваюць. З’яўляецца спецыфічнай формай тэр.-вытв. міжгаліновага кааперавання прадпрыемстваў розных галін з адасобленымі, але арганічна звязанымі паміж сабой тэхнал. працэсамі. Аграпрамысловая інтэграцыя забяспечвае ўмацаванне кааперацыі працы і вытв-сці, завершанасць тэхнал. цыкла, павышэнне якасці і канкурэнтаздольнасці прадукцыі.
Дыферэнцыруецца на вертыкальную і гарызантальную. Вертыкальная аграпрамысловая інтэграцыя — міжгаліновае каапераванне прадпрыемстваў і вытв-сцяў розных галін нар. гаспадаркі, якое забяспечвае аптымальнае праходжанне таварнай масы ў адзіным тэхнал. працэсе з адной фазы ў другую (вытворчасць — перапрацоўка — рэалізацыя). Уключае прадпрыемствы сельскай гаспадаркі, па перапрацоўцы с.-г. сыравіны і вытв-сці прадуктаў харчавання, па захаванні і збыту прадукцыі, а таксама нарыхтоўчыя і транспартныя. У АПК вылучаюць шэраг інтэгравальных блокаў: мясны (прадпрыемствы па дагадоўванні і адкорме буйн. раг. жывёлы, свіней і авечак; птушкафабрыкі па вытв-сці бройлераў, мясакамбінаты, халадзільнікі, гандаль; буракацукровы (бураканасенняводчыя, буракасеючыя гаспадаркі, цукровыя і рафінадныя з-ды) і інш. Гарызантальная аграпрамысловая інтэграцыя — унутрыгаліновае каапераванне прадпрыемстваў і вытв-сцяў адной ці некалькіх падгалін, якое забяспечвае паглыбленне спецыялізацыі асобных звенняў адзінага тэхнал. працэсу (напр., вытв.-эканам. сувязі ў малочнай і мясной жывёлагадоўлі на аснове пастадыйнай спецыялізацыі, інтэграцыя насенняводчых, рэпрадукцыйных гаспадарак і прадпрыемстваў па вытв-сці таварнага зерня і г.д.). Гарызантальная інтэграцыя развіваецца на аснове доўгатэрміновых устойлівых вытв.-эканам. сувязей на прынцыпах куплі-продажу, а таксама праз стварэнне сумесных і змешаных прадпрыемстваў.