ШАРЫЯ́Т (ад араб. шарыя — правільны шлях),
комплекс мусульманскіх юрыд. норм, прынцыпаў і правіл паводзін. Выкладзены ў Каране, суне і інш. рэліг. творах. У Каране Ш. азначае шлях, трымаючыся якога мусульманін трапляе ў рай. Лічыцца, што выкладзены для людзей Алахам праз прарока Мухамеда. Канчатковую форму набыў у 11—12 ст. Паводле мусульм. уяўленняў, Ш. — вечны і нязменны божы закон, у якім прадугледжаны ўсе выпадкі жыцця і змешчаны ўсе рэліг., маральныя, юрыд., быт. нормы і звычаі. Паводле тэарэтыкаў ісламу, Ш. — агульны арыенцір, які не дае адназначных адказаў, але яго рацыянальнае асэнсаванне дазваляе знайсці правільнае вырашэнне любой канкрэтнай праблемы. Складаецца з ібадату (знешнія формы адносін людзей да Бога), муамаляту (правілы адносін людзей паміж сабой) і ікубату (пакаранне за парушэнне правіл). Асн. праблемы Ш. распрацаваны ў фікху (мусульм. правазнаўстве). На практыцы Ш. рэалізуецца ў мусульм. (шарыяцкіх) судах. У многіх мусульм. краінах сфера дзеяння Ш. звужана за кошт увядзення свецкіх норм права.
т. 17, с. 384
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)