драўляныя ёмістасці з клёпак для вадкіх, паўвадкіх і сыпучых прадуктаў і бытавых патрэб. Ва ўжытку беларусаў вядомы з глыбокай старажытнасці. Шматлікія іх рэшткі (ад невял. конавак да бочак на некалькі сотняў літраў) выяўлены пры археал. раскопках у пластах 11—14 ст. Форма клёпак (падоўжаныя трапецападобныя ці акруглыя выпуклыя) абумовіла форму бандарных вырабаў — кадзепадобную (канічную) ці бачарную (пукатую). Паводле прызначэння вылучаюць пасудзіны для вады і вадкіх рэчываў (трансп. бочка, кадушка, вядро, біклага, барылка, конаўка), для с.-г. прадуктаў (бочка, кадзь, бачурка, кубелец), для бытавых патрэб (кубел, жлукта, балея, цэбар, ражка, дзяжа, даёнка, бойка, бельчык), меры ёмістасці (асьміна, шаснастка, гарнец, карэц). Большасць бандарных вырабаў вызначалася функцыянальнай мэтазгоднасцю, вонкавай прастатой, практычнасцю. Некаторыя вырабы невял. памераў аздаблялі разьбой і выпальваннем. У наш час многія бандарныя вырабы саступілі месца разнастайным металічным, фарфора-фаянсавым, пластмасавым і інш. ёмістасцям.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КІ У́СЦЮГ,
горад у Расіі, цэнтр раёна ў Валагодскай вобл., на р. Сухана. Вядомы з 1212. 47,5 тыс.ж. (1994). Чыг. станцыя. Рачны порт. Аэрапорт. Суднабудаванне і суднарамонт (грузавыя цеплаходы, баржы, краны, буксірныя лябёдкі і інш.), металаапр., лёгкая (шчацінна-шчотачная, швейная, гарбарна-галантарэйная і інш.), дрэваапр. (вытв-сць фанеры, мэблі, буд. матэрыялаў), харч.прам-сць. Краязнаўчы музей.
Шматлікія помнікі архітэктуры надаюць гораду маляўнічасць і непаўторнасць (цэрквы Ушэсця і Спаса-Праабражэнская, саборы Міхаіла-Архангельскага і Троіца-Гледзенскага манастыроў, усе 17 ст., царква Дзмітрыя Салунскага, 1700—08, і інш., будынкі ў стылі барока і класіцызму). З 17 ст. Вялікі Усцюг — цэнтр маст. рамёстваў: прасечанае жалеза, рознакаляровая эмаль, сярэбраная філігрань, акоўка бляхай з малюнкам («мароз на блясе»), чаканка. З 18 ст. развіваецца велікаусцюжскае чарненне па серабры.
Да арт.Вялікі Усцюг. Царква Ушэсця. 1648.Да арт.Вялікі Усцюг. Спаса-Праабражэнская царква. 1689—96.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНДЭНСА́ЦЫІ РЭА́КЦЫІў арганічнай хіміі,
назва вялікай групы рэакцый рознага характару, якія прыводзяць да ўтварэння з дзвюх ці некалькіх малекул адной больш складанай.
У больш вузкім значэнні К.р. — унутры- і міжмалекулярны працэс утварэння новых вуглярод-вугляродных (C—C) сувязей. Звычайна К.р. суправаджаюцца адшчапленнем простай неарган. ці арган. малекулы (напр., галагенавадароду, вады, вадароду, спірту) і адбываюцца з удзелам кандэнсавальных агентаў — рэчываў, якія звязваюць малекулы, што адшчапляюцца, ці аказваюць каталітычнае дзеянне. Напр., кратонавая кандэнсацыя (узаемадзеянне 2 малекул альдэгідаў ці кетонаў з утварэннем малекулы ненасычанага карбанільнага злучэння) і шматлікія роднасныя працэсы адбываюцца з адшчапленнем малекул вады ў прысутнасці каталізатараў — кіслот (напр., сернай H2SO4, салянай HCl) ці асноў (напр., натрыю гідраксіду NaOH, аміду NaNH2). Звычайна да К.р. не адносяць этэрыфікацыю, алкіліраванне або ацыліраванне па гетэраатамах (кіслароду, азоту), аднак працэсы ўтварэння палімераў, якія адбываюцца па гэтых схемах, наз.полікандэнсацыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗАРЫ́НІ (італьян. Mazarini, франц. Mazarin) Джуліо (14.7.1602, Пешына, Італія — 9.3.1661), французскі дзярж. дзеяч. Д-р права (1622). Скончыў ун-т у Алькала-дэ-Энарэс (Іспанія, 1622). З 1630 на дыпламат. службе ў папы рымскага. З 1640 на франц.дыпламат. службе. З 1641 кардынал. У 1643—61 першы міністр Францыі, фактычны кіраўнік знешняй і ўнутр. палітыкі маладога Людовіка XIV і яго маці (рэгенткі ў 1643—51) каралевы Ганны Аўстрыйскай, з якой уступіў у тайны шлюб. Працягваў курс А.Э.Рышэльё на ўмацаванне франц.абсалютызму: задушана змова знаці (1643), шматлікіянар. паўстанні, выкліканыя павелічэннем падаткаў, атрымана перамога над Фрондай (1653). У знешняй палітыцы дамогся значных поспехаў (Вестфальскі мір 1648; мірны і гандл. дагаворы з Англіяй у 1655, ваен. саюз з ёй у 1657; мірны дагавор з Іспаніяй у 1659 і інш.), замацаваў паліт. гегемонію Францыі ў Еўропе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛМА́РЫС (Palmares), Рэспубліка Палмарыс,
дзяржава збеглых неграў-нявольнікаў у пальмавых лясах (палмарах) Паўн.-Усх. Бразіліі (цяпер штат Пернамбуку) у 1630—97. Утварылася ў выніку аб’яднання ўмацаваных пасёлкаў (кіломбус) збеглых неграў. Цэнтр — пас. Макаку. Прымітыўная дзяржава з элементамі родаплем. арганізацыі і ваен. дэмакратыі. На чале П. стаялі выбарны пажыццёвы правадыр і савет старэйшын. Узбр. сілы — нар. апалчэнне. Насельніцтва (20 тыс.чал., негры, мулаты, індзейцы) займалася земляробствам, паляваннем, збіральніцтвам, менавым гандлем з індзейскімі плямёнамі; асн. маса вернікаў вызнавала афрахрысц. сінкрэтычны культ. Зямля належала дзяржаве, існавалі абшчынныя палі і сямейныя надзелы. У гаспадарцы выкарыстоўвалася праца нявольнікаў з ваеннапалонных. Насельніцтва П. адбіла шматлікія карныя экспедыцыі галандскіх і партуг. каланізатараў, у 1679 і 1692 пад кіраўніцтвам правадыра Зумбі нанесла буйныя паражэнні партугальцам. У лют. 1694 партуг. войскі захапілі пас. Макаку і знішчылі б.ч. насельніцтва П., у 1697 разбурылі апошнія пасёлкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́НЦІЙ ПІЛА́Т (Pontius Pilatus),
рымскі пракуратар (намеснік) Іудзеі ў 26—36 г. Яго праўленне было адзначана насіллем і смяротнымі пакараннямі без суда. Зняважлівыя адносіны да рэліг. вераванняў і звычаяў іудзеяў, паборы і падатковы ўціск выклікалі шматлікія паўстанні, якія ён жорстка душыў. Паводле Іосіфа Флавія і новазапаветнай традыцыі П.П. зацвердзіў рашэнне сінедрыёна (вышэйшы іудзейскі орган самакіравання і суда) аб прыгаворы да распяцця Ісуса Хрыста. У евангельскім апавяданні аб судзе над Хрыстом П.П. «узяў вады і вымыў рукі перад народам», каб зняць з сябе віну за праліццё крыві (адсюль выраз «умыць рукі»). У 36 пасля скаргі самарыцян на крывавую расправу над імі П.П. адхілены ад пасады і адпраўлены ў Рым. Паводле Яўсевія Кесарыйскага (4 ст.) П.П. скончыў самагубствам у 39, паводле інш. крыніц забіты Неронам. П.П. — герой шэрагу твораў апакрыфічнай л-ры, выяўл. мастацтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГАЧЫ́, грабеньчатавусыя (Lucanidae),
сямейства жукоў падатр. разнаедных. Каля 1000 відаў. Найб.шматлікія і разнастайныя ў трапічных лясах, жывуць на ствалах дрэў. На Беларусі 5 відаў: алянёк звычайны (Dorcus parallelopipedus), насарог малы, або рагачык аднарогі (Sinodendron culinricum), рагач сіні (Platycerus caraboides), рагачык сціплы (Ceruchus chrysomelinus), жук-алень (Lucanus cervus) — самы буйны з жукоў бел. фауны (даўж. да 8,5 см). Насарог малы і жук-алень занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Даўж. да 11 см. Вусікі 10-членікавыя, каленчатыя, з грабеньчатай булавой. Верхнія сківіцы развітыя, з зубцамі, у самцоў многіх відаў нагадваюць рогі (адсюль назва). Лапкі 5-членікавыя. Дарослыя кормяцца сокамі дрэў. Лічынкі з мясістым выгнутым целам, вял. галавой; развіваюцца і кормяцца ў гнілых ствалах і каранях.
С.Л.Максімава.
Рагачы: 1 — жук-алень (а — самец; б — самка; в — лічынка); 2 — алянёк звычайны; 3 — рагач сіні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САПАТЭ́КІ,
індзейскі народ, які жыве ў Мексіцы. У 1990-я г. каля 380 тыс.чал. Мова С. належыць да атаміміштэкаса-патэцкіх моў. Паводле веравызнання С. фармальна католікі, але захоўваюць шматлікія элементы традыц. вераванняў. Асн. заняткі — с.-г. праца, рамяство, у т. л.вытв-сць сувеніраў для турыстаў. С. стварылі высокую своеасаблівую культуру, самыя стараж. помнікі якой датуюцца 10 ст. да н.э. Росквіт адбываўся ў 2—5 ст.н.э. С. будавалі храмы на пірамідальных асновах, палацы, збудаванні для рытуальнай гульні ў мяч, «абсерваторыі» для астр. назіранняў. Цікавыя скляпы — закапаныя ў зямлю будынкі з багата ўпрыгожанымі фасадамі. Рэльефы адлюстроўваюць гратэскавыя фігуры «танцораў» (8—4 ст. да н.э.), пазней — божастваў, правіцеляў, жрацоў, палонных і інш. На фігурных керамічных пасудзінах адлюстраваны фігуры з партрэтнымі тварамі, у складаных галаўных уборах ці шлемах. Са з’яўленнем еўрапейцаў у Амерыцы культура С. была практычна знішчана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІ́ЦЯЗЬ,
возера ў Навагрудскім р-не Гродзенскай вобл., у бас.р. Моўчадзь, за 22 км на Пд ад г. Навагрудак, на тэр. ландшафтнага заказніка Свіцязянскі. Пл. 2,24 км², даўж. 1,7 км, найб.шыр. 1,6 км, найб.глыб. 15 м. Пл. вадазбору 14 км². Катлавіна прасадачнага (суфазійнага) тыпу. Схілы спадзістыя, параслі лесам, на Пд і ПдЗ забалочаныя, тарфяністыя. Прыбярэжная ч. возера да глыб. 3—5 м выслана пяском, глыбакаводная — ілам. Вада слабамінералізаваная (да 35 мг/л), празрыстасць 4—5 м. Слаба зарастае. У возеры растуць лабелія Дортмана і палушнік азёрны, занесеныя ў Чырв. кнігу Беларусі. Выцякае р. Сваротва. На возеры пансіянат «Свіцязь», шматлікія зоны адпачынку. С. услаўлена А.Міцкевічам у баладах «Свіцязь» і «Свіцязянка». На зах. беразе С., каля в. Валеўка, выяўлена стаянка позняга палеаліту; знойдзены крамянёвыя наканечнікі стрэл, мікраліты, скрабкі, нуклеўсы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЫ́СЦІК (Stachys),
род кветкавых раслін сям. ясноткавых. Больш за 200 (паводле інш. звестак да 300) відаў. Пашыраны ва ўмераных і субтрапічных паясах і ў гарах тропікаў. На Беларусі 4 віды Ч.: аднагадовы (S. annua); балотны (S. palustris), нар. назвы галавенька, воўчая крапіва, воўчая мята; лясны (S. sylvatica), нар. назва глухая крапіва; прамы (S. recta). Трапляюцца ў лясах, хмызняках, забалочаных нізінах, па схілах яроў, як пустазелле ў садах і агародах. Культывуецца Ч. шарсцісты (S. lanata).
Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны і паўкусты. Сцёблы 4-гранныя, выш. 20—120 см. Лісце супраціўнае, суцэльнае, радзей перыстарассечанае, зубчастае. Кветкі шматлікія, сабраныя кальчакамі ў верхавінкавае або пазушнае коласападобнае суквецце. Плод — арэшак. Патоўшчаныя карэнішчы некат. відаў, т.зв. японскі або кітайскі артышок, спажываюць у ежу. Лек., харч., эфіраалейныя, фарбавальныя, меданосныя і дэкар. расліны.