КЛІ́ПА (ад швед. klippe рэзаць нажніцамі),

назва манет квадратнай формы. Выраблялі з мэтай паменшыць затраты працы. Вядомы з пач. 16 ст. ў Даніі, Швецыі. Арыгінальную кампаноўку мелі талеры караля Рэчы Паспалітай Аўгуста П (1697—1709, 1709—33). У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. ў форме К. выпускалі манеты прыватныя асобы ці прадпрыемствы з-за недахопу дзярж. плацежных сродкаў. Часам К. называюць манеты на 6- або 8-гранных пласцінках.

т. 8, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЮЧ,

адм.-гасп. комплекс з некалькіх вёсак з фальваркамі ці без іх у Беларусі, Польшчы і Літве ў 16—19 ст. Існавалі ў дзярж. і прыватных уладаннях. На К., як правіла, падзяляліся дзярж. эканоміі. К. мог быць часова вылучаны з латыфундыі і перададзены ў залогавае ці арэнднае трыманне; у гэтым выпадку адміністрацыя ўласніка на яго не распаўсюджвалася. Часам К. называлі староствам. У адм.-гасп. адносінах К. быў падобны да войтаўства.

т. 8, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЭ́ЎСКАЕ КНЯ́СТВА,

удзельнае княства ў бас. Зах. Бярэзіны. Існавала ў 14 ст. Цэнтр — Крэва. Каля 1338 вял. князь ВКЛ Гедзімін аддаў К.к. свайму сыну Альгерду. Пазней належала сыну Альгерда Ягайлу. Верагодна, ужо ў 14 ст. страціла значэнне ўдзела, пазней пераўтворана ў староства ў Віленскім ваяв. У навук. л-ры часам сцвярджаецца, што ў 1387—91 К.к. належала брату Ягайлы кн. Вігунду (Аляксандру), на самай справе той валодаў г. Кернаў у Літве.

т. 8, с. 541

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУСТО́ЎНІК (Nasturtium),

род кветкавых раслін сям. крыжакветных. 6 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. і Усх. Афрыцы, Паўн. Амерыцы. На Беларусі 1 від — К. лекавы, або вадзяны крэс (N. officinale). Трапляецца па берагах рэк, на балотах, часам у вадзе.

Шматгадовыя травяністыя расліны. Лісце перыстарассечанае. Кветкі дробныя, белыя, у кароткіх тронках. Плод — стручок. К. лекавы — харч. расліна (ужываецца як прыправа і для салатаў). Культывуюць у Зах. Еўропе і ЗША.

Кустоўнік лекавы.

т. 9, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІТАРЫ́НЫ (Littorinidae),

сямейства пярэдняшчэлепных малюскаў. Каля 20 відаў. Пашыраны ва ўмераных, радзей у халодных і субтрапічных морах Паўн. паўшар’я. Вядомы з палеацэну. Жывуць на літаралі (адсюль назва) да глыб. 50 м. Прамежкавыя гаспадары некат. паразітаў.

Ракавіна даўж. да 45 мм, авальна-канічная, гладкая, бывае грубая спіральная. Афарбоўка пярэстая з белымі або аранжавымі палосамі на цёмным фоне, часам аднаколерная. Кормяцца расліннасцю і дэтрытам. Раздзельнаполыя, некат. яйцажывародныя. Ядомыя.

Ракавіна літарыны.

т. 9, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСКАРО́Н (франц. mascaron ад італьян. mascherone вялікая маска),

дэкаратыўны рэльеф у выглядзе чалавечага твару або галавы жывёлы. Размяшчаецца пераважна на замках арак, аконных і дзвярных праёмаў, на фантанах (з адтулінай для выпуску струменя вады), а таксама на мэблі, посудзе і інш. Былі пашыраны ў архітэктуры стыляў готыкі, рэнесансу, барока, неакласіцызму і мадэрн. У арх. дэкоры часам спалучаўся з антабамі.

Маскарон у аздабленні аконнага праёма інтэрната БПА у Мінску.

т. 10, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖГО́РНАЯ ЎПА́ДЗІНА,

міжгорная катлавіна, тэктанічная дэпрэсія ў гарах, з усіх або амаль з усіх бакоў абкружаная высокімі хрыбтамі. Цягнецца звычайна на дзесяткі, часам сотні кіламетраў пры шырыні ад некалькіх да дзесяткаў кіламетраў. Фарміруецца пры інтэнсіўных гораўтваральных рухах у межах прылеглых хрыбтоў на адносна кансалідаванай складкавай аснове, звычайна адпавядае міжгорным прагінам. Наяўнасць вялізных выраўнаваных паверхняў, дастатковае ўвільгатненне, урадлівыя глебы спрыялі развіццю земляробства, фарміраванню ва ўпадзінах ачагоў цывілізацыі (напр., Ферганская даліна).

т. 10, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́ДПІС,

лірычны верш малой формы ў выглядзе надпісу на партрэце, кнізе, камені, статуі і г.д., які афарыстычна выяўляе нейкую думку, адносіны аўтара да пэўнай асобы ці падзеі. Вядомыя надпісы М.​Ламаносава, А.​Пушкіна, Ф.​Шылера, Р.​Гамзатава і інш. Да Н. часам звяртаюцца бел. паэты:

Мы, пахаваныя на зямлі,
Вечна будзем зайздросціць тым, што — на зорах.
Няўжо і яны таксама
Будуць зайздросціць зямлянам?
(М.​Танк. «Надпіс на камені»),

В.​П.​Рагойша.

т. 11, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАТУ́РА ў выяўленчым мастацтве,

рэальныя аб’екты рэчаіснасці (чалавек, рэчы, ландшафт і інш.), якія мастак выкарыстоўвае як мадэль пры рабоце над творам. З Н. выконваюць замалёўкі, накіды, эцюды, часта партрэты, пейзажы, нацюрморты. Працуюць у натуральных прыродных умовах (пленэр) або ў майстэрні (перадача вобраза натуршчыка). Часам пры падрыхтоўцы твора работу з Н. спалучаюць з работай па памяці ці фантазіі. Праз выбар Н. і яе інтэрпрэтацыю мастак выяўляе сваё светаадчуванне і творчую задачу.

т. 11, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НУЛІФІКА́ЦЫЯ (ад лац. nullification знішчэнне),

пазбаўленне дакумента юрыд. сілы законнасці. Н. грошай — пазбаўленне дзяржавай папяровых грошай сілы законнага плацежнага сродку. Выкарыстоўваецца, калі падзенне пакупной цаны грошай з-за інфляцыі дасягае такой ступені, што вартасць, прадстаўленая папяровай грашовай адзінкай, зводзіцца амаль да нуля, або калі зняцце грошай, што страцілі сілу законнага плацежнага сродку, выклікана зменай паліт. улады. Часам фактычна супадае з дэвальвацыяй, калі абясцэненыя грошы абменьваюцца на новыя па вельмі нізкім курсе.

т. 11, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)