ВАКЗА́Л (ад англ. Vauxhall — назва забаўляльнай установы каля Лондана ў 17 ст.),
будынак ці комплекс будынкаў, збудаванняў і прыстасаванняў для абслугоўвання пасажыраў, кіравання рухам транспарту і размяшчэння службовага персаналу. Адрозніваюць чыгуначныя, рачныя, марскія, аўта- і аэравакзалы, а таксама аб’яднаныя, ці комплексныя (напр., чыгуначна-аўтобусны). Першыя вакзалы з’явіліся з пачаткам пасажырскіх перавозак па чыгунцы (напр., вакзалы на лініі Стоктан—Дарлінгтан у Англіі, 1822—25).
На Беларусі чыгуначныя вакзалы будавалі адначасова з пракладкай чыгунак. Будынак вакзала (Віленскага) у Мінску адкрыты ў 1874 (перабудаваны ў 1939, пасля Айч. вайны адноўлены ў 1949, з 1980-х г. узводзяцца новыя будынкі), у 1866 пабудаваны Віцебскі чыгуначны вакзал, да 1867 — чыг. вакзал у Гродне (у 1948 рэканструяваны, у 1986 пабудаваны новы), у 1886 — Брэсцкі чыгуначны вакзал (у 1956 рэканструяваны), у 1-й пал. 20 ст. пабудаваны Магілёўскі чыгуначны вакзал, Слонімскага вакзала будынак. Адноўлены разбураныя ў Айч. вайну і рэканструяваны вакзалы ў Баранавічах (1947), Гомелі (1948), Оршы (1951), Полацку (1953). Пабудаваны аэравакзалы: у Мінску (гл.Мінскія аэрапорты), Брэсцкі аэравакзал, у Гродне (1962), Салігорску (1965), Бабруйску (1966), Гомелі (1976), Магілёве (1971). У ліку буйных аўтавакзалаў Беларусі Мінскі аўтавакзал «Усходні». На суднаходных рэках будуюцца рачныя вакзалы (Мазырскі рачны вакзал).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ДЖО́РНАЛ ОВ БЕЛАРА́ШН СТА́ДЫЗ»
(«The journal of Byelorussian studies», «Часопіс беларускіх даследаванняў»),
часопіс Англа-беларускага т-ва ў Вялікабрытаніі. Выдаваўся ў 1965—88 у Лондане на англ. мове 1 раз у год. Рэдактары А.Макмілін (1965—71), Дж.Дзінглі (1972—79), П.Мэё (1980—88). Распаўсюджваўся ва універсітэцкія і грамадскія б-кі, навук. ўстановы, суполкі, т-вы ў Англіі, ЗША, Канадзе, Ізраілі, Германіі, Польшчы і інш. краінах Усх. Еўропы, а таксама на Беларусі (да пач. 1990-х г. знаходзіўся ў спецсховах). Дасылаўся індывід. падпісчыкам. Друкаваў працы бел. даследчыкаў на эміграцыі і замежных вучоных па гісторыі Беларусі, беларусазнаўстве, бел. культуры. літаратуразнаўстве, мовазнаўстве і інш. Публікацыі часопіса вызначаюцца грунтоўнай крыніцазнаўчай базай, выкарыстаннем шматлікіх дакументаў па гісторыі Беларусі з архіваў і б-к на Захадзе, даследаванняў, зробленых на Беларусі. У 1972—79 друкаваў «выбраную беларускую бібліяграфію» (складальнік А.Надсон) публікацый пра Беларусь замежных аўтараў і даследчыкаў на Беларусі, навук. працы ін-таў гісторыі, л-ры і мовазнаўства АН Беларусі. У раздзеле «Беларуская хроніка» (да 1980) асвятляў міжнар. дзейнасць Беларусі ў ААН, ЮНЕСКА, Міжнар. арг-цыі працы, эканам., рэліг. і грамадска-паліт. жыццё бел. дыяспары. Выйшаў 21 нумар у 6 т., у т. л. 2 здвоеныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРАНАМІ́ЧНЫЯ АБСЕРВАТО́РЫІ,
навукова-даследчыя ўстановы па вывучэнні нябесных аб’ектаў і з’яў. Абсталёўваюцца астранамічнымі інструментамі і прыладамі, спец. лабараторыямі і сродкамі выліч. тэхнікі, могуць спецыялізавацца на пэўных кірунках даследаванняў у залежнасці ад віду ўстаноўленага тэлескопа (напр., сонечныя тэлескопы, спектрагеліёграфы, сонечныя магнітографы і інш.). Навук. даследаванні каардынуюцца Міжнародным астранамічным саюзам.
Астранамічныя абсерваторыі ўзніклі ў глыбокай старажытнасці. Рэшткі стараж.астр. збудаванняў знаходзяцца ў Англіі, Арменіі, Мексіцы, Узбекістане і інш. Найстарэйшыя дзеючыя астранамічныя абсерваторыі — Парыжская (1667), Грынвічская (1675, Англія), Пулкаўская (1839, Расія), у 1753—1876 дзейнічала Віленская астранамічная абсерваторыя. Самыя вялікія астранамічныя абсерваторыі: на Гавайскіх а-вах (буйнейшы ў свеце тэлескоп, дыяметр люстра 10 м), Спец. астрафізічная абсерваторыя Расійскай АН (Паўн. Каўказ, станіца Зелянчукская; тэлескоп з дыяметрам люстра 6 м і самы вял. ў свеце радыётэлескоп), Маўнт-Паламарская астранамічная абсерваторыя (штат Каліфорнія, ЗША; тэлескоп з дыяметрам люстра 5 м), Нац. абсерваторыя Кіт-Пік (ЗША; дыяметр люстра тэлескопа 4 м), Паўднёвая астранамічная абсерваторыя ЗША (у Чылі; дыяметр люстра тэлескопа 4 м), Гал. астранамічная абсерваторыя Расійскай АН (Пулкава, пад г. Санкт-Пецярбург), Крымская, Бюраканская (Арменія), Абастуманская (Грузія) астрафізічныя абсерваторыі, Радыёастрафізічная абсерваторыя АН Латвіі і інш. З развіццём касманаўтыкі ствараюцца арбітальныя Астранамічныя абсерваторыі на ШСЗ і касм. станцыях.
дабрачынныя арганізацыі, якія дапамагаюць жыхарам Беларусі ў пераадоленні наступстваў Чарнобыльскай катастрофы 1986. Утвораны прадстаўнікамі бел. дыяспары ў некаторых краінах свету. Беларускі камітэт дапамогі ахвярам радыяцыі ў Лондане. Засн. ў 1989 як частка Бел. місіянерскага фонду ў Англіі. У складзе камітэта А.Надсон (старшыня), П.Асіповіч, Д.Дзінглі, В.Рыч. Мае прадстаўніцтвы ў ЗША (узначальвае Я.Сіру), Канадзе (Р.Жук-Грышкевіч), Аўстраліі (М.Лужынскі), Францыі (М.Навумовіч). Аказвае дапамогу жыхарам радыяц. зонаў лекамі, мед. абсталяваннем, прыладамі дазіметрыі. Канадскі фонд дапамогі ахвярам Чарнобыля. Засн. ў 1989 у г. Атава. Узначальвае І.Сурвіла. Мае аддзел у г. Ванкувер (з 1994). Аказвае дапамогу медыкаментамі, прымае на лячэнне і адпачынак дзяцей з Беларусі. У г. Лондан (прав. Антарыо) па ініцыятыве Б.Рагулі разам з ф-там стаматалогіі Лонданскага ун-та распрацаваны праект па аказанні дапамогі ў стаматалагічным лячэнні дзяцей на Беларусі. Фонд вядзе прапагандысцкую работу, пашырае веды пра Беларусь. Камітэт дапамогі ахвярам Чарнобыля ў Аўстраліі. Дзейнічае з 1990 пры Федэральнай радзе бел. арг-цыі. Збірае грошы, арганізоўвае дастаўку медыкаментаў на Беларусь і лячэнне дзяцей у Аўстраліі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАПРУ́ДНІК Янка (сапр.Вільчыцкі Сяргей Мікалаевіч; н. 9.8.1926, г.п. Мір Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. гісторык, палітолаг, паэт, літ.-знавец, публіцыст. Д-ргіст.н. (1969). З 1944 у эміграцыі. Вучыўся ў бел. гімназіі імя Я.Купалы ў Міхельсдорфе (Германія). Скончыў Лувенскі ун-т (Бельгія, 1954). У 1947 дэбютаваў вершамі (пад псеўд. Сяргей Ясень). З 1948 працаваў шахцёрам у Англіі, браў удзел у выданні час. «Наперад» (1948—53), дзе друкаваліся і яго творы. У 1954—91 супрацоўнік бел. рэдакцыі радыё «Свабода» (у 1970—75 адначасова выкладаў гісторыю ў Куінсі-каледжы гарадскога ун-та Нью-Йорка). Публікаваўся і ўваходзіў у склад рэдкалегіі час. «Беларуская моладзь» (1959—64), рэдагаваў бюлетэнь «Навіны з Беларусі» (1964—69), быў гал. рэдактарам газ. «Беларус» (1970—80, з 1980 папераменна з З.Кіпель). У 1969 абараніў доктарскую дысертацыю «Палітычная барацьба за Беларусь у царскай Дзяржаўнай Думе. 1906—1917». Аўтар кн. «Спадчына бацькоў: «Агледзіны»: (Да 100-годдзя з дня нараджэння Я.Купалы і Я.Коласа)» (Нью-Йорк, 1982). Яго манаграфія «Беларусь на гістарычных скрыжаваннях» (1993, на англ. мове) знаёміць заходняга чытача з шматвяковай гісторыяй і сучасным станам Беларусі.
Тв.:
Бел.пер. — Беларусь на гістарычных скрыжаваннях. Мн., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТЭНАГРА́ФІЯ (ад стэна... + ...графія),
спосаб хуткага запісу вуснай мовы з дапамогай спец. сістэмы знакаў, скарачэння слоў і іх спалучэнняў; скарапіснае пісьмо. Хуткасць стэнаграфічнага пісьма перавышае хуткасць звычайнага ў 4—7 разоў.
С вядома са стараж. часоў (Стараж. Грэцыя — 4 ст. да н.э., Стараж. Рым — 1 ст. да н.э.). У С. адрозніваюць курсіўныя (графічныя) і геаметральныя сістэмы (склаліся ў Англіі; тэрмін «С.» ўвёў у 1602 Дж.Уіліс у кн. «Мастацтва скорапісу, або Стэнаграфія»), Знакі курсіўных сістэм складаюцца з элементаў звычайнага пісьма, якія злучаюцца валасяной лініяй, а геаметральных сістэм (для моў з адносна кароткімі словамі) — з геам. фігур і іх частак у спалучэнні з прамой рознага нахілу, злучэнне непасрэднае, без валасяной лініі. Сістэмы С. адрозніваюцца і прыёмамі скарачэння. У марфал. (каранёвай) сістэме С. прытрымліваюцца арфаграфіі звычайнага пісьма, словы скарачаюць пач. літарамі. У фанет. (слыхавой) сістэме пры скарачэнні выкідваюць невыразныя гукі. У Расіі ў 1933 на аснове параўнання 7 лепшых сістэм С. прынята адзіная дзярж. сістэма С., у аснове якой сістэма М.М.Сакалова. Яна была прынята і ва ўсіх рэспубліках СССР (для рус. мовы). З некат. ўдакладненнямі яна выкарыстоўваецца ў наш час. Існуе і запіс на стэнаграфічных машынах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭ́РНЕР, Цёрнер (Turner) Джозеф Мэлард Уільям (23.4.1775, Лондан — 19.12.1851), англійскі жывапісец, акварэліст, рысавальшчык і гравёр; найбуйнейшы майстар англ.рамантызму. Вучыўся ў АМ у Лондане (1789—93), з 1808 выкладаў у ёй. Працаваў пераважна ў Лондане, шмат падарожнічаў па Англіі і краінах Еўропы. Да 1800 пісаў пераважна акварэльныя пейзажы, у пач. 19 ст. — жывапісныя пейзажы ў традыцыях галандскіх майстроў 17 ст. («Мол у Кале», 1802—03), пазней часта звяртаўся да матываў К.Ларэна, трактуючы іх у фантастыка-рамантычным духу. Для работ сталага перыяду характэрны віртуознае ўвасабленне дынамікі і проціборства прыродных сіл, рэдкіх атмасферных эфектаў. Асаблівай свабодай і дынамічнасцю вылучаюцца яго марскія пейзажы, карціны на гіст. і міфалагічныя тэмы 1820—40-х г., выкананыя чыстымі, светлымі фарбамі, пабудаваныя на кантрастах паветраных мігатлівых тонаў, якія нібыта раствараюць абрысы прадметаў: «Уліс і Паліфем» (1828—29), «Апошні рэйс карабля «Адважны» (1838), «Пахаванне на моры» (1842), «Дождж, пара і хуткасць» (1844). Каларыстычныя пошукі Т. часткова вызначылі жывапіс франц.імпрэсіянізму, а містычныя тэндэнцыі і алегарычна-маляўнічыя фантасмагорыі, што найбольш праявіліся ў позні перыяд, паўплывалі на фарміраванне сімвалізму ў еўрап. мастацтве 2-й пал. 19 ст.
брытанскі палкаводзец, дзярж. дзеяч і дыпламат. Герцаг Уэлінгтан (1814), фельдмаршал (1813). Вучыўся ў Ітанскім арыстакратычным каледжы і ваен. школе ў г. Анжэ (Францыя). З 1787 у брыт. арміі. Удзельнік ваен. дзеянняў супраць рэв. Францыі ў 1794—95. У 1796—1805 у Індыі, камандаваў брыт. войскамі пры заваяванні княства Майсур і Маратхскіх княстваў. З 1806 у Англіі, дэп. парламента ад Торы. У 1807—08 дзярж. сакратар па справах Ірландыі. У 1808—13 галоўнакаманд. саюзнымі англа-партуг. войскамі ў вайне супраць напалеонаўскай Францыі на Пірэнейскім п-ве. У 1814 брыт. пасол у Францыі пры двары Людовіка XVIII. У 1815 каманд. англа-галандскай арміяй, якая разам з прускай арміяй ген.-фельдмаршала Г.Л.Блюхера нанесла вырашальнае паражэнне Напалеону I у бітве пры Ватэрлоо. У 1815—18 галоўнакаманд. саюзнымі акупац. войскамі ў Францыі. Удзельнік Венскага кангрэса 1814—15, Ахенскага 1818 і Веронскага 1822 кангрэсаў. У 1826 падпісаў у Пецярбургу англа-рас. пратакол аб адносінах да падзей у Грэцыі. У 1827—52 галоўнакаманд. брыт. арміяй, адначасова прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі (1828—30), міністр замежных спраў (1834—35), міністр без партфеля (1841—46).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛО́НІЯ,
1) паселішча, заснаванае стараж. народамі (асірыйцамі, фінікійцамі, грэкамі, рымлянамі) у чужых землях. Іх узнікненне найчасцей абумоўлена недахопам зямлі і гандл. рынкаў. К. грэкаў і фінікійцаў былі звычайна самастойнымі, рымскія — апорнымі пунктамі імперыі ў яе правінцыях.
2) Краіна або тэр., якая знаходзіцца пад уладай замежнай дзяржавы (метраполіі), кіруецца на падставе спец. рэжыму і пазбаўлена паліт. і эканам. самастойнасці. Адна з гал. прычын утварэння К. — нераўнамернасць эканам. і сац. развіцця чалавецтва. Першыя К. (пазней калан. імперыі) па-за межамі Еўропы (у Амерыцы, Афрыцы і Паўд.-Усх. Азіі) створаны ў эпоху Вял.геагр. адкрыццяў 15—16 ст.Напр., ісп. К. ахоплівалі амаль усю Паўд., Цэнтр. і частку Паўн. Амерыкі. У 17 — пач. 19 ст. ў Паўн. Амерыцы, Афрыцы, Паўд.-Усх. Азіі К. Англіі, Францыі і інш. краін узнікалі як прыбярэжныя крэпасці, земляробчыя і гандл. паселішчы, якія паступова пашырыліся. Карэннае насельніцтва К. прыгняталася, часам вынішчалася ці выганялася. Самаразвіццё буйных К. выклікала неабходнасць іх аддзялення ад метраполій. У выніку вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83паўн.-амер. К. Англіі аддзяліліся і ўтварылі самаст. дзяржаву — ЗША. Падобным чынам у выніку вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26 утварыліся незалежныя дзяржавы ў Лац. Амерыцы. У эпоху даманапаліст. рыначнай эканомікі К. — рынкі збыту тавараў і крыніцы сыравіны для метраполій. У манапаліст. эпоху К. сталі і сферай прыкладання капіталу. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. патрэбы прам-сці метраполій у сыравіне і барацьба паміж буйнымі індустр. дзяржавамі за рынкі збыту выклікалі новую хвалю калан. захопаў у Афрыцы і Азіі. У 1923 агульная плошча К. Бельгіі, Вялікабрытаніі, Іспаніі, Італіі, Нідэрландаў, Партугаліі, Францыі, ЗША і Японіі складала 58,5 млн.км² (больш за 1/3 плошчы зямлі), у т. л. К. Вялікабрытаніі 35,2 млн., Францыі 12,2 млн.км². У 1930—40-я г. пачаўся і ў 1970-я г. завяршыўся распад калан. сістэмы, абумоўлены працэсамі сац.-эканам. развіцця чалавецтва і ростам нац.-вызв. руху ў К. Цяпер К. такога тыпу ў свеце няма. Гл. таксама Каланіялізм.
3) Паселішча перасяленцаў з інш. краіны, вобласці. У Рас. імперыі ў 18 — пач. 20 ст. К. называлі пасёлкі замежных перасяленцаў (немцаў, грэкаў, сербаў і інш.), якія атрымлівалі ад дзяржавы зямлю і займаліся сельскай гаспадаркай.
4) У Польшчы, у т. л. ў Зах. Беларусі, у 1920—30-я г. тып с.-г. паселішча сялян-перасяленцаў на новаасвоеных землях (гл.Асаднікі).
5) Супольнасць землякоў у чужой краіне (горадзе); зямляцтва. У 1989 бел. К. налічвалі ў Расіі 1052 тыс.чал., на Украіне 406 тыс., у Польшчы больш за 200 тыс., Казахстане 182 тыс., Латвіі 112 тыс., Літве 58 тыс., Эстоніі 23 тыс., у краінах Зах. Еўропы, ЗША, Канадзе, Аўстраліі і інш. ад 300 тыс. да 2 млн.чал. 6) У Рэспубліцы Беларусь і некаторых інш. краінах СНД від папраўча-працоўнай установы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЫГУ́НКА,
комплекснае прадпрыемства чыгуначнага транспарту, якое забяспечвае перавозку пасажыраў і грузаў паяздамі па чыгуначным пуці; у вузкім сэнсе — рэйкавая дарога для руху паяздоў. Адрозніваюць Ч. магістральныя (агульнага карыстання), прамысловага транспарту (пад’язныя пуці прадпрыемстваў, лесавозныя, руднічныя, заводскія і інш.), гарадскія наземныя (трамвай) і падземныя (метрапалітэн); шырокакалейныя (у краінах СНД 1520 мм, за мяжой пераважна 1435 мм, у асобных краінах 1676 мм) і вузкакалейныя (1000, 914, 891, 750 мм і інш.). Рухомы састаў Ч. складаецца з лакаматываў і вагонаў; на сучасных чыгунках выкарыстоўваецца пераважна цеплавозная і эл. цяга, часам (пераважна на прамысл. транспарце) маторная цяга (цеплавозы, электравозы, газатурбавозы, дызель-паязды, матавозы).
Правобразам Ч. былі рэйкавыя (драўляныя, каменныя) каляіны, па якіх у старажытнасці перамяшчалі цяжкія грузы. З 15 ст. на рудніках Англіі і Ірландыі, а пазней у Францыі і Расіі выкарыстоўваліся дарогі з чыгуннымі рэйкамі, з коннай і канатнай цягай. Першая Ч. з паравой цягай (ад паравоза) пабудавана ў 1825 Дж.Стэфенсанам у Англіі (Дарлінгтан—Стоктан, працягласць 21 км); у Расіі ў 1837 (С.-Пецярбург—Царскае Сяло, 27 км). У 1851 закончана буд-ва 2-калейнай магістралі Пецярбург—Масква. Праз тэр. Беларусі ў 2-й пал. 19 ст. пракладзены ўчасткі: у 1862 Парэчча—Гродна (30 км) і далей да сучаснай мяжы з Польшчай (як ч.Пецярбургска-Варшаўскай чыгункі), у 1866—69 Завольша—Віцебск—Полацк—Бігосава (уваходзіў у склад Рыга-Арлоўскай чыгункі). Пачаткам развіцця Беларускай чыгункі лічыцца 1871, калі была пабудавана магістраль Смаленск—Мінск—Брэст. У 1891—1904 праведзена Ч. ад Чэлябінска да Уладзівастока. У канцы 19 ст. пачалі фарміравацца чыгуначныя вузлы, стварацца горкі сартавальныя. Электрыфікацыя Ч. пачалася ў 1926.
Укладка чыг. пуці робіцца пуцеўкладчыкамі, рамонт і абслугоўванне — пуцявымі машынамі. Чыг. гаспадарка складаецца з лінейных падраздзяленняў — аддзяленняў, дыстанцый, дэпо, чыгуначных станцый і інш. Галіновыя службы Ч.: служба руху, пасажырская, грузавая, лакаматыўнай гаспадаркі, сігналізацыі і сувязі, энергагаспадаркі і інш.Асн.тэхн. сродкі Ч.: чыг. пуць (2 чыг.каляіны з чыг.рэек, земляное палатно, чыгуначныя масты, тунэлі і інш.), рухомы састаў, цягавыя падстанцыі, кантактавыя сеткі, чыгуначная сігналізацыя і сувязь, чыгуначная аўтаматыка і тэлемеханіка) (у т. л.аўтаблакіроўка, аўтадыспетчар, аўтастоп, аўтасчэпка), збудаванні і ўстройствы для тэхн. агляду і рамонту рухомага саставу, фарміравання паяздоў, збудаванні і абсталяванне для абслугоўвання пасажыраў, грузавых, паштовых і багажных аперацый (чыгуначныя вакзалы, платформы, майстэрні, склады). Скорасць руху паяздоў на звычайных магістральных лініях 60 км/гадз, на скарасных участках 120—160 км/гадз, на высокаскарасных 200 км/гадз і больш.
Літ.:
Железные дороги. М., 1981;
Железная дорога Беларуси: История и современность. Мн., 2001.
І.І.Леановіч.
Чыгунка: 1 — таварны паравоз серыі В Маскоўска-Брэсцкай чыгункі (пабудаваны Каломенскім заводам у 1871—72); 2 — чыгуначны вакзал станцыі Мінск-Віленскі, 1891; 3 — грузавы двухсекцыйны цеплавоз ТЭЗ; 4 — аўтаматрыса АС1А; 5 — пасажырскі электравоз пераменнага току ЧС-4Т.