КАЛО́НІЯ,
1) паселішча, заснаванае стараж. народамі (асірыйцамі, фінікійцамі, грэкамі, рымлянамі) у чужых землях. Іх узнікненне найчасцей абумоўлена недахопам зямлі і гандл. рынкаў. К. грэкаў і фінікійцаў былі звычайна самастойнымі, рымскія — апорнымі пунктамі імперыі ў яе правінцыях.
2) Краіна або тэр., якая знаходзіцца пад уладай замежнай дзяржавы (метраполіі), кіруецца на падставе спец. рэжыму і пазбаўлена паліт. і эканам. самастойнасці. Адна з гал. прычын утварэння К. — нераўнамернасць эканам. і сац. развіцця чалавецтва. Першыя К. (пазней калан. імперыі) па-за межамі Еўропы (у Амерыцы, Афрыцы і Паўд.-Усх. Азіі) створаны ў эпоху Вял. геагр. адкрыццяў 15—16 ст. Напр., ісп. К. ахоплівалі амаль усю Паўд., Цэнтр. і частку Паўн. Амерыкі. У 17 — пач. 19 ст. ў Паўн. Амерыцы, Афрыцы, Паўд.-Усх. Азіі К. Англіі, Францыі і інш. краін узнікалі як прыбярэжныя крэпасці, земляробчыя і гандл. паселішчы, якія паступова пашырыліся. Карэннае насельніцтва К. прыгняталася, часам вынішчалася ці выганялася. Самаразвіццё буйных К. выклікала неабходнасць іх аддзялення ад метраполій. У выніку вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83 паўн.-амер. К. Англіі аддзяліліся і ўтварылі самаст. дзяржаву — ЗША. Падобным чынам у выніку вайны за незалежнасць іспанскіх калоній ў Амерыцы 1810—26 утварыліся незалежныя дзяржавы ў Лац. Амерыцы. У эпоху даманапаліст. рыначнай эканомікі К. — рынкі збыту тавараў і крыніцы сыравіны для метраполій. У манапаліст. эпоху К. сталі і сферай прыкладання капіталу. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. патрэбы прам-сці метраполій у сыравіне і барацьба паміж буйнымі індустр. дзяржавамі за рынкі збыту выклікалі новую хвалю калан. захопаў у Афрыцы і Азіі. У 1923 агульная плошча К. Бельгіі, Вялікабрытаніі, Іспаніі, Італіі, Нідэрландаў, Партугаліі, Францыі, ЗША і Японіі складала 58,5 млн. км² (больш за 1/з плошчы зямлі), у т. л. К. Вялікабрытаніі 35,2 млн., Францыі 12,2 млн. км². У 1930—40-я г. пачаўся і ў 1970-я г. завяршыўся распад калан. сістэмы, абумоўлены працэсамі сац.-эканам. развіцця чалавецтва і ростам нац.-вызв. руху ў К. Цяпер К. такога тыпу ў свеце няма. Гл. таксама Каланіялізм.
3) Паселішча перасяленцаў з інш. краіны, вобласці. У Рас. імперыі ў 18 — пач. 20 ст. К. называлі пасёлкі замежных перасяленцаў (немцаў, грэкаў, сербаў і інш.), якія атрымлівалі ад дзяржавы зямлю і займаліся сельскай гаспадаркай.
4) У Польшчы, у т. л. ў Зах. Беларусі, у 1920—30-я г. тып с.-г. паселішча сялян-перасяленцаў на новаасвоеных землях (гл. Асаднікі).
5) Супольнасць землякоў у чужой краіне (горадзе); зямляцтва. У 1989 бел. К. налічвалі ў Расіі 1052 тыс. чал., на Украіне 406 тыс., у Польшчы больш за 200 тыс., Казахстане 182 тыс., Латвіі 112 тыс., Літве 58 тыс., Эстоніі 23 тыс., у краінах Зах. Еўропы, ЗША, Канадзе, Аўстраліі і інш. ад 300 тыс. да 2 млн. чал. 6) У Рэспубліцы Беларусь і некаторых інш. краінах СНД від папраўча-працоўнай установы.
М.Г.Нікіцін.
т. 7, с. 480