ВАКЗА́Л
(ад англ. Vauxhall — назва забаўляльнай установы каля Лондана ў 17 ст.),
будынак ці комплекс будынкаў, збудаванняў і прыстасаванняў для абслугоўвання пасажыраў, кіравання рухам транспарту і размяшчэння службовага персаналу. Адрозніваюць чыгуначныя, рачныя, марскія, аўта- і аэравакзалы, а таксама аб’яднаныя, ці комплексныя (напр., чыгуначна-аўтобусны). Першыя вакзалы з’явіліся з пачаткам пасажырскіх перавозак па чыгунцы (напр., вакзалы на лініі Стоктан—Дарлінгтан у Англіі, 1822—25).
На Беларусі чыгуначныя вакзалы будавалі адначасова з пракладкай чыгунак. Будынак вакзала (Віленскага) у Мінску адкрыты ў 1874 (перабудаваны ў 1939, пасля Айч. вайны адноўлены ў 1949, з 1980-х г. узводзяцца новыя будынкі), у 1866 пабудаваны Віцебскі чыгуначны вакзал, да 1867 — чыг. вакзал у Гродне (у 1948 рэканструяваны, у 1986 пабудаваны новы), у 1886 — Брэсцкі чыгуначны вакзал (у 1956 рэканструяваны), у 1-й пал. 20 ст. пабудаваны Магілёўскі чыгуначны вакзал, Слонімскага вакзала будынак. Адноўлены разбураныя ў Айч. вайну і рэканструяваны вакзал ў Баранавічах (1947), Гомелі (1948), Оршы (1951), Полацку (1953). Пабудаваны аэравакзалы: у Мінску (гл. Мінскія аэрапорты), Брэсцкі аэравакзал, у Гродне (1962), Салігорску (1965), Бабруйску (1966), Гомелі (1976), Магілёве (1971). У ліку буйных аўтавакзалаў Беларусі Мінскі аўтавакзал «Усходні». На суднаходных рэках будуюцца рачныя ваказлы (Мазырскі рачны вакзал).
т. 3, с. 463
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)