ПАЛІ́ТЫКА (грэч. politika дзяржаўныя, грамадскія справы ад polis дзяржава),
арганізацыйная і рэгулятыўна-кантрольная сфера дзейнасці, звязаная з размеркаваннем і ажыццяўленнем улады, рэгуляваннем грамадскіх адносін. Тэрмін стаў пашыраным пад уплывам трактата Арыстоцеля «Палітыка». Як спецыфічны від дзейнасці ўзнікла разам з дзяржавай. Напачатку П. называлі дзейнасць дзяржавы ўнутры краіны і за яе межамі, узаемадзеянні паміж грамадскімі сіламі, імкненні розных сац. груп да заваявання, утрымання і выкарыстання ўлады, да захавання або разбурэння соцыуму. Сучасная П. мае мнагамерны характар і выступае ў 3 асн. аспектах: як сфера грамадскага жыцця; як найважнейшы від сац. актыўнасці грамадскіх суб’ектаў; як від грамадскіх адносін, узаемаадносін паміж асобамі, сац. групамі, класамі, нацыямі, дзяржавамі і інш. Вылучаюць П. ўнутраную (ахоплівае асн. кірункі дзейнасці дзяржавы, партый палітычных) і знешнюю (ахоплівае сферу адносін паміж дзяржавамі). Адпаведна спецыфіцы дзейнасці і праяўлення ў асн. падсістэмах сістэмы сучаснага грамадства адрозніваюць П. эканамічную — рэгуляванне адносін паміж людзьмі, сац. групамі, грамадствам і дзяржавай у эканам. сферы; сацыяльную — рэгуляванне адносін паміж грамадскімі суб’ектамі ў сац. сферы; П. ў сферы духоўнага жыцця, якая адлюстроўвае дзейнасць дзяржавы, сац. ін-таў, працоўных калектываў, канкрэтных асоб адносна функцыянавання і рэалізацыі ідэй, поглядаў, норм, прынцыпаў, ідэалаў, маральных каштоўнасцей. У вузкім сэнсе П. — дзейнасць вял.сац. груп па заваяванні, ахове і выкарыстанні ўлады. У залежнасці ад узроўню і для характарыстыкі вымярэнняў паліт. прасторы вылучаюць: мегапалітыку (звязана з паліт. дзейнасцю на ўзроўні найвышэйшых суб’ектаў — міжнар. аб’яднанняў і арг-цый, адносіны на глабальным узроўні, механізмы дзейнасці міжнар. соцыумаў); макрапалітыку (дзейнасць на ўзроўні базавых суб’ектаў паліт. жыцця — дзяржаў, нацый, класаў, сац. груп і інш., абмежаваных адм.-прававымі межамі публічнай улады); мікрапалітыку (узаемаадносіны асоб малых груп, унутраныя механізмы групавой дынамікі і індывід. паводзін). Суб’екты П. — канкрэтныя гіст. носьбіты прадметна-практычнай дзейнасці, накіраванай на рашэнне паліт. задач, у т. л. на заваяванне, утрыманне і выкарыстанне ўлады з мэтай рэалізацыі сваіх інтарэсаў, на захаванне стабільнасці і цэласнасці соцыумаў, на эфектыўнае выкананне грамадскіх функцый (дзяржава, партыі, масавыя грамадска-паліт. рухі, паліт. лідэры, кіраўнікі партый і рухаў). Суб’екты П. з’яўляюцца носьбітамі канкрэтных паліт. каштоўнасцей, сярод якіх вылучаюць 3 асн. сістэмы: бяспека і незалежнасць дзяржавы; развіццё эканомікі і дабрабыту народа; свабоды і правы чалавека і канстытуцыйны парадак. У функцыі П. ўваходзяць распрацоўка мэт грамадскага развіцця, мабілізацыя рэсурсаў на іх рэалізацыю; спыненне і рэгуляванне грамадскіх канфліктаў; фарміраванне паліт. свядомасці грамадства і кампанентаў, якія яе складаюць; структураванне паліт. арг-цыі грамадства і інш. Навука пра П. — паліталогія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАКЛА́Д,
1) па магчымасці поўнае і дакладнае ўзнаўленне інфармацыі, увасобленай у тэксце на адной мове, тымі самымі ці функцыянальна аналагічнымі сродкамі другой мовы.
2) Тэкст, што ўзнікае ў выніку працэсу перакладу. У адпаведнасці з тым, у якой форме ажыццяўляецца П., ён падзяляецца на 2 тыпы: пісьмовы і вусны, у т. л. паслядоўны і сінхронны. Вылучаюць наступныя віды пісьмовага П.: маст., грамадска-паліт., навук.-тэхнічны. Кожны з гэтых відаў мае свае жанравыя разнавіднасці. Напр., у маст. адрозніваюць П. паэзіі, прозы, драматургіі і дзіцячай л-ры, у грамадска-паліт. — П. газетна-інфарм. паведамленняў, публіцыстыкі і аратарскіх прамоў, у навук.-тэхн. — П. навук. твораў, афіц.-дзелавых дакументаў і тэхн. тэкстаў. У сярэдзіне 20 ст. ўзнік машынны пераклад, які выконваецца з дапамогай электронна-выліч. тэхнікі. Паводле паўнаты ўзнаўлення арыгінала П. бывае поўным, скарочаным і адаптаваным (у ім дапускаюцца ці пераказваюцца неістотныя, з пункту гледжання пэўнага чытача, моманты арыгінала). Інфармацыя пра іншамоўны тэкст можа быць атрымана перакладчыкам у выніку непасрэднага (у арыгінале) успрымання або апасродкаванага — праз іншы П. ці падрадкоўнік (паслоўная — радок у радок — перадача сэнсу вершаванага твора без захавання яго фармальных адзнак: рытму, рыфмы, гукапісу). У апошніх выпадках інфармацыя пра першакрыніцу значна абмежаваная. Найб. пашыраны і складаны — пераклад мастацкі. Найб. раннія ўзоры пісьмовага П. — вавілонскі П. шумерскага эпасу пра Гільгамеша і перакладныя тэксты дакументаў з б-кі асірыйскіх цароў у Ніневіі (2-е тыс. да н.э.). Асаблівае пашырэнне П. набыў у перыяд бурнага развіцця чалавечай цывілізацыі, у век навук.-тэхн. рэвалюцыі. Калі ў 19 ст. перакладалі з некалькіх дзесяткаў моў, то ў наш час — прыкладна з 1500 моў свету. На Беларусі, як і ў большасці краін Еўропы, развіццё ўласнага пісьменства пачалося з П. У сярэднія вякі перакладалі рэліг. кнігі (Біблія, Евангелле), свецкія і рэліг. аповесці (гл.Перакладная аповесць), творы вучэбныя і навуковыя. Найвыдатнейшы тагачасны бел. перакладчык Ф.Скарына. Вял. ўклад у развіццё П. зрабілі таксама С.Будны, В.Цяпінскі і інш. У 19 ст. разам са станаўленнем новай бел. л-ры адраджаецца маст. пераклад (В.Дунін-Марцінкевіч, А.Абуховіч, Я.Лучына і інш.), які ў 20 ст. займае пануючае становішча сярод інш. відаў бел. П. Тэорыю і практыку П. вывучае перакладазнаўства.
Літ.:
Комиссаров В.Н. Слово о переводе. М., 1973;
Бархударов Л.С. Язык и перевод. М., 1975;
Теорія і практика перекладу. Вип. 1—11. Київ, 1979—84.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЦЯ́ГЛАСЦЬ ЖЫЦЦЯ́,
працягласць існавання асобіны (часам клону), якая абумоўлена генетычна і залежыць ад розных фактараў. У жывёл і раслін адрозніваюць П.ж. фізіялагічную, экалагічную і сярэднюю. Фізіялагічная — макс. П.ж. для асобін дадзенага віду пры аптымальных умовах існавання, абумоўленая генетычна. Экалагічная П.ж. характарызуе мяжу ўзросту асобін у прыродных умовах і залежыць ад шматлікіх знешніх фактараў. Сярэдняя П.ж. — узрост, якога ў сярэднім дасягаюць асобіны пэўнай выбаркі аднаго віду. У раслін найб. П.ж. ў хвоі асцістай і баабаба — 4—5 тыс. гадоў, секвоядэндрана, ціса, кіпарыса — да 3 тыс. гадоў, дуба, каштана, грэцкага арэха — больш за 2 тыс. гадоў. Сярод жывёл — у чарапахі (больш за 150 гадоў), пласцініста-жаберных малюскаў (да 100 гадоў), некаторых рыб (асятровыя — да 100 гадоў, шчупак — больш за 80 гадоў), сланоў (60—70 гадоў), птушак (філін — да 70, клондар — да 40 гадоў). У некаторых амёб у спрыяльных умовах П.ж. не абмежавана, клоны парамецый жывуць да 10 гадоў. П.ж. чалавека вызначаецца яго біял., спадчыннымі асаблівасцямі, сацыяльнымі (побыт, праца, адпачынак, харчаванне) і экалагічнымі ўмовамі. У дэмаграфічнай статыстыцы выкарыстоўваецца шэраг сярэдніх характарыстык П.ж., якія разлічваюцца з дапамогай табліц смяротнасці. Чакаемая П.ж. паказвае — колькі гадоў можа пражыць у сярэднім адзін чалавек з пакалення народжаных або дасягнуўшых пэўнага ўзросту, калі на працягу далейшага жыцця гэтага пакалення ў кожным узросце захаваецца інтэнсіўнасць смяротнасці дадзенага перыяду. Паводле даследаванняў П.ж. і стан здароўя насельніцтва залежаць на 51,2% ад спосабу жыцця, на 20,4% ад біял. даных чалавека, у т. л. спадчыннасці, на 19,9% ад стану навакольнага асяроддзя і на 8,5% ад узроўню развіцця аховы здароўя. Паводле даных на 1999 найб. высокую чакаемую П.ж. мелі: Японія 80,5 гадоў, Швецыя 79,5, Канада і Швейцарыя 79 гадоў. Найменшы паказчык чакаемай П.ж. адзначаны ў краінах Афрыкі: Малаві 36 г., Замбія 37,5, Эфіопія і Уганда па 41,5 года. У большасці краін свету чакаемая П.ж. ў жанчын перавышае аналагічны паказчык у мужчын. Беларусь па ўзроўні П.ж. займае адно з апошніх месц у першай сотні краін свету. Паказчыкі чакаемай П.ж. пасля значнага росту амаль да канца 1960-х г. (П.ж. вырасла да 72,9 года ў 1964—69) стабілізаваліся ў канцы 1980-х г., а потым пачалі зніжацца. У 1999 узровень чакаемай П.ж. стаў ніжэй узроўню 1958—59 (70,3 года) і склаў 68,5 года. П.ж. адрозніваецца вял. дыферэнцыяцыяй паводле полу: у мужчын 64, у жанчын 74 гады. Мае месца і доўгажыхарства. Перапіс насельніцтва (1999) зарэгістраваў у групе людзей узростам 100 і болей гадоў 104 мужчыны, 877 жанчын.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЫ́СІН (Аляксей Васілевіч) (22.3.1920, в. Высокі Борак Краснапольскага р-на Магілёўскай вобл. — 27.8.1981),
бел.паэт.Засл. работнік культ. Беларусі (1980). Вучыўся ў Камуніст. ін-це журналістыкі ў Мінску (1938—39), скончыў Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1958). Працаваў у рэдакцыях раённых газет (1939—41, 1946—56), з 1958 у газ. «Магілёўская праўда», з 1974 сакратар Магілёўскага абл. аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Друкаваўся з 1938. У зб-ках «Наш дзень» (1951), «Сіні ранак» (1959) вершы, прасякнутыя патрыятызмам і грамадзянскім пафасам, адлюстроўваць працоўныя будні краіны, трывогу за мір на зямлі. У зб. «Сонечная паводка» (1962) — зварот да франтавых будняў, роздум аб якіх пазней стаў адной з істотных асаблівасцей яго паэзіі. Кніга «Мае мерыдыяны» (1965) засведчыла другое нараджэнне паэта. У ёй, як і ў кнігах «Твае далоні» (1967, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Купалы 1968), «Пойма» (1968), «Да людзей ідучы» (1972), «Вярбовы мост» (1974), «Ёсць на свеце мой алень» (1978) разгортваецца суровы летапіс памяці. Драматызм ваен. часу складае аснову перажывання, вызначае характар лірычнай споведзі героя, былога франтавіка, абумоўлівае глыбокі смутак паэзіі П. Погляд у гераічнае мінулае і ў сённяшні дзень вачыма страчаных баявых сяброў, крытэрый памяці прысутнічае ў кожным творы паэта і становіцца найважнейшай адзнакаю эстэт. вартасці яго паэзіі. Высокая маст. культура, маштабнасць мыслення паэта выяўляюцца ў разважаннях над імгненнем і вечнасцю, над глабальнымі пытаннямі сучаснасці, падсвечанымі памяццю франтавых дарог, у глыбокім пранікненні ў духоўны свет чалавека. Імкненне адчуць і зразумець людскія трывогі і клопаты, душэўны неспакой у роздуме аб нашчадках робяць творчасць П. эмацыянальна дзейснай, абумоўліваюць яе агульначалавечае гучанне, гуманіст. скіраванасць у заўтрашні дзень. Лірыцы паэта ўласцівы жыццесцвярджальнасць, унутраная засяроджанасць, спавядальная шчырасць, сталае майстэрства. Аўтар ліра-эпічных паэм «Белы камень», «Кара», «Жураўліны бераг», кніг для дзяцей «Матылёчкі-матылі» (1962), «Вясёлка над плёсам» (1964), «Кавылёк» (1966), «Дзяўчынка Марыям» (1970), «Колькі сонцаў» (1979). На бел. мову пераклаў «Маабіцкі сшытак» М.Джаліля (1975, з С.Гаўрусёвым), зб. вершаў М.Ханінава «Жураўлі над стэпам» (1977). У Палужскай школе Краснапольскага р-на створаны музей П.
Тв.:
Выбр.тв.Т. 1—2. Мн., 1980;
Палёт. Мн., 1982;
Яшчэ не скончана дарога... Мн., 1983;
Аляксей, Дзяніс, Алёнка. Мн., 1984.
Літ.:
Гарэлік Л.М. Аляксей Пысін: Нарыс жыцця і творчасці. Мн., 1981;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСІ́ЙСКАЯ АКАДЭ́МІЯ НАВУ́К (РАН),
вышэйшая навук. самакіравальная ўстанова Рас. Федэрацыі. Засн. ў пач. 1724 (адкрыта ў канцы 1725). Да мая 1917 наз. Пецярбургская АН, да 1925 — Рас.АН, да 1991 — АНСССР. У 1725 налічвала 17 правадз.чл., у 1917 мела 49 правадз.чл. і аб’ядноўвала каля 30 навук. падраздзяленняў (109 навук. супрацоўнікаў). Прэзідыум у Маскве (з 1934). Аспірантура з 1929. Філіялы і н.-д. базы з 1930-х г. У 1991 рэарганізавана, у яе ўвайшлі члены былой АНСССР і зноў выбраныя. У 1994 больш за 440 правадз.чл., звыш 600 чл.-кар., больш за 120 замежных членаў. Аб’ядноўвае 18 аддзяленняў па галінах і кірунках навук; матэматыкі; агульнай фізікі і астраноміі; ядз. фізікі; фіз.-тэхн. праблем энергетыкі; выліч. тэхнікі і аўтаматызацыі; праблем машыназнаўства, механікі і працэсаў кіравання; агульнай і тэхн. хіміі; фізіка-хіміі і тэхналогіі неарган. матэрыялаў; біяхіміі, біяфізікі і хіміі фізіялагічна актыўных злучэнняў; фізіялогіі; агульнай біялогіі; геалогіі, геафізікі і геахіміі і горных навук; акіяналогіі, фізікі атмасферы і геаграфіі; гісторыі; філасофіі і права; эканомікі; сусв. эканомікі і міжнар. адносін; л-ры і мовы; рэгіянальныя аддзяленні — Сібірскае (з 1957, прэзідыум у г. Новасібірск), Уральскае (з 1987, прэзідыум у г. Екацярынбург), Далёкаўсходняе (з 1987, прэзідыум у г. Уладзівасток) і навук. цэнтры. Усяго каля 300 навук. устаноў (каля 60 тыс.навук. супрацоўнікаў), больш за 200 навук. саветаў. Маен.-д. флот. Рыхтуе навук. кадры. Публікуе навук. л-ру. Прысуджае медалі і прэміі за навук. працы. Падтрымлівае міжнар.навук. сувязі, у т. л. з Нац.АН Беларусі. Прэзідэнты РАН (у 1741—46, 1810—18 і ў 1916—17 не было); Л.Л.Блюментрост (1725—33), Г.К.Кейзерлінг (1733), І.А.Корф (1734—40), К. фон Брэверн (1740—41), К.Р.Разумоўскі (гл.Разумоўскія; 1746—98), А.Л.Нікалаі (1798—1803), М.М.Навасільцаў (1803—10), С.С.Увараў (1818—55), Дз.М.Блудаў (1855—64), Ф.П.Літке (1864—82), Дз.А.Талстой (1882—89), вял.кн. Канстанцін Канстанцінавіч (Раманаў; 1889—1915), А.П.Карпінскі (1917—36), У.Л.Камароў (1936—45), С.Л.Вавілаў (1945—51), А.М.Несмяянаў (1951—61), М.У.Келдыш (1961—75), А.П.Аляксандраў (1975—86), Г.І.Марчук (1986—91), Ю.С.Осіпаў (з 1991).
Літ.:
Российская Академия наук: Персональный состав. Кн 1—3. М., 1999;
Уставы Российской академии наук, 1724—1999. М., 1999.
У.Я.Калаткоў.
Будынак Прэзідыума Расійскай акадэміі навук у Маскве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СВАБО́ДА»,
амерыканская радыёстанцыя, засн. ў г. Мюнхен (ФРГ) у 1952, ва ўмовах «халоднай вайны», для вядзення інфармацыйна-прапагандысцкай барацьбы супраць СССР. Упершыню выйшла ў эфір у сак. 1953 як радыё «Вызваленне», неўзабаве перайменавана ў «С.» Фармальна выступала ад імя няўрадавай арг-цыі «Камітэт барацьбы за вызваленне ад бальшавізму» (з 1964 «Камітэт вызвалення»), але ў пач. 1970-х г. камісія Кангрэса ЗША афіц. прызнала факт яе фінансавання амер. спецслужбамі з дзярж. бюджэтных крыніц. У 1977 рэдакцыя «С.» пры фармальным захаванні самастойнасці аб’яднана ў адным будынку з рэдакцыяй радыёстанцыі «Свабодная Еўропа» (засн. ў 1950). Да канца 1980-х г. на радыёстанцыі «С.» карэспандэнтамі і каментатарамі працавалі пераважна эмігранты і перабежчыкі з СССР, у т. л. з Беларусі, кіруючыя пасады займалі кадравыя амер. спецыялісты. У складзе рэдакцыі «С.» былі арганізаваны адпаведныя нац. рэдакцыі (у т. л. з 1954 беларуская), якія вялі перадачы на 17 мовах народаў СССР. Асн. кірункамі радыёперадач «С.» ў гэты перыяд былі крытыка сацыялізму, сав. ладу і нац.-дзярж. ўпарадкавання СССР. У іх асвятляліся негатыўныя з’явы з гісторыі і сучаснага жыцця СССР (у т. л. парушэнні правоў чалавека, рэпрэсіі палітычныя ў СССР), паведамлялася пра падзеі і здарэнні, якія замоўчваліся ў сав. сродках масавай інфармацыі, пра праваабарончы рух у СССР, пра дысідэнтаў; чыталіся літ. творы А.Зіноўева, У.Максімава, Б.Пастарнака, А.Салжаніцына і інш., што былі забаронены ў СССР. Распад СССР і спыненне «халоднай вайны» не прывялі да закрыцця «С.». Яна ператварылася ў адзін з прапагандысцкіх інструментаў амер.-натаўскай палітыкі глабалізму. У 1995 штаб-кватэра «С.» пераехала з Мюнхена ў Прагу. Створаны новыя карэспандэнцкія пункты, у т. л. ў Беларусі, Расіі і інш. краінах б.СССР. Абнавіўся апарат «С.». У карэспандэнцкіх пунктах у краінах СНД штатнымі супрацоўнікамі пачалі працаваць журналісты, арыентаваныя на зах. ліберальна-дэмакр. каштоўнасці. Некат. б. супрацоўнікі «С.» (М.Дэйч, С.Шусцер, М.Сакалоў і інш.) цяпер працуюць у рас. сродках масавай інфармацыі. Бел. служба «С.» вяшчае 8 гадз у суткі і маеінфарм., аналітычныя праграмы па эканам., культуралагічных, этнагр., гіст., рэлігіязнаўчых, краязнаўчых і інш. праблемах. Сярод былых і сучасных супрацоўнікаў бел. рэдакцыі «С.» С.Станкевіч, Я.Запруднік, Г.Айзенштат, В.Жданко, Ю.Дракахруст, А.Лукашук, С.Навумчык і інш. «С.» прапагандуе прынцыпы зах. дэмакратыі, ліберальнай эканомікі і з гэтых пазіцый асвятляе падзеі ў свеце, выступае супраць аднаўлення геапаліт. адзінства б. рэспублік СССР.
Літ.:
Вачнадзе Г.Н. Антенны направлены на Восток. 2 изд. М., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕУ́Л,
горад, сталіца Рэспублікі Карэя (Паўд. Карэя). Вылучаны ў самастойную адм. адзінку, прыраўнаваную да правінцыі. Адзін з найбуйн. гарадоў свету. 9888 тыс.ж., з прыгарадамі і суседнімі гарадамі 19,85 млн.ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт на р. Ханган, за 90 км ад зал. Канхваман Жоўтага м. (аванпорт С. — г.Інчхон). 2 міжнар. аэрапорты. Гал.эканам. і культ. цэнтр краіны. Разам з Інчхонам дае каля 50% прамысл. вытв-сці Паўд. Карэі. У С. знаходзяцца асн. фінансавыя і прамысл. аб’яднанні, страхавыя і гандл. кампаніі, банкі, філіялы замежных банкаў і фірм. Прам-сць: металургічная, аўтамабілебудаванне, эл.-тэхн., радыёэлектронная, хім., тэкст. (пераважна баваўняная), харч., буд. матэрыялаў, гумавая, гарбарная, паліграф., папяровая, керамічная. Буйныя ЦЭС. Метрапалітэн (больш за 1 млрд. пасажыраў штогод). 18 ун-таў. Нац.АН.
Першыя паселішчы на тэр. сучаснага С. вядомы з часоў 3 царстваў — Кагуро, Пэкчэ, Сіла (1—7 ст.). У 554 заваяваны Сілай і названы Хансон (ужываецца і цяпер як другая назва С.). З 1068 адзін з каралеўскіх гарадоў-рэзідэнцый. Пры дынастыі Лі [1392—1910] стаў сталіцай Карэі (1393), пераназваны С. (з карэйскай — сталіца) і пачаў хутка развівацца. У час Імдзінскай вайны 1592—98 акупіраваны (1592—93) яп. войскамі. Пасля анексіі Карэі Японіяй С. — рэзідэнцыя яп. ген.-губернатара (1910—45; наз. Кёнджо), адзін з цэнтраў нац.-вызв. руху. Тут пачалося антыяп. Сакавіцкае паўстанне 1919. З 1948 сталіца Рэспублікі Карэя. Моцна разбураны ў час карэйскай вайны 1950—53, адбудаваны. У 1988 месца правядзення XXIV Алімп. гульняў.
Аблічча С. вызначаецца спалучэннем традыц. забудовы з сучаснымі вышыннымі будынкамі і арх. комплексамі. Цэнтр мае рэгулярную планіроўку, забудаваны шматпавярховымі дамамі, у паўд. і ўсх. частках пераважаюць кварталы з вузкімі крывымі вуліцамі. У С. існаваў вял. ансамбль палаца Кёнбакун са шматлікімі параднымі і жылымі будынкамі, адасобленымі дварамі і паркамі (1395, зруйнаваны ў 1592, адноўлены ў 19 ст., у 1950—53 зноў разбураны; захаваўся фрагментарна). Помнікі архітэктуры: пагады 3-ярусная Ханмётхап храма Папчонса (1085) і храма Вангакса (1464), крапасная сцяна Ханьянсон (1392—1446, захавалася часткова) з варотамі Намдэмун (1395) і Тандэмун (1396), палацы Чхандок (1404, зруйнаваны ў 1592, адноўлены ў 17 ст.), Чангён (15—17 ст.), Даксу (16 ст.), у ансамблі якога палац Сакджаджон (1901—11; цяпер будынак Нац. музея) і інш. Сярод сучасных збудаванняў спарт. комплекс, пабудаваны да XXIV Алімп. гульняў. У С. шмат паркаў, садоў, у т. л.заал. і бат., 15 мастоў. Музеі: выяўл. мастацтваў, кар. мастацтва, фальклору, тэхнікі фірмы «Самсунг», скансэн. Тэатры: оперы, народны, Усходу; сімф. аркестры.
В.У.Адзярыха (гісторыя).
Сеул. Палацава-паркавы ансамбль Кёнбакун. Фрагмент.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ШЫ,
асобы тавар, які выконвае ролю ўсеагульнага эквіваленту пры абмене тавараў. Выражаюць затраты грамадскай працы, што надае ім здольнасць абменьвацца. Грошы ўзніклі на пэўным этапе развіцця грамадства як вынік эканам. адносін, гасп. Дзейнасці людзей. З развіццём вытв-сці і пашырэннем абмену тавараў ўзнікла патрэба ў тавары-эквіваленце, на які можна было б вымяняць любы іншы. Такім таварам сталі грошы. У розных народаў на розных этапах развіцця абмену ролю грошай выконвалі розныя тавары (шкуры звяроў, меры збожжа, упрыгожанні, жывёла і інш.). Паступова ролю ўсеагульнага эквіваленту сталі выконваць золата, серабро. Дзякуючы сваім уласцівасцям (аднароднасць, дзялімасць, высокая вартасць пры невял. аб’ёме, адносная рэдкасць у прыродзе і інш.) за золатам замацавалася роля грошай у сусв. маштабе. Як прадукт працы яно мае вартасць і з’яўляецца таварам, мае таксама спажывецкую вартасць — здольнасць задавальняць пэўныя патрэбы (выраб упрыгожанняў і інш.). На пэўным этапе за куплены тавар разлічваліся толькі залатымі зліткамі, потым і манетамі, якія былі заменены манетамі з медзі і інш. металаў, потым папяровымі грашамі. Папяровыя грошы (знакі вартасці, якія маюць гарантаваную законам плацежную сілу) упершыню з’явіліся ў Кітаі ў 12 ст., у ЗША у 17 ст., у Расіі ў 1796. Як усеагульны эквівалент грошы выконваюць некалькі функцый: мера вартасці, сродак абарачэння, утварэння скарбаў або сродак накаплення, сродак плацяжу (сусв. грошы). Праз функцыю меры вартасці грошы выражаюць вартасць інш. тавараў. Тавары выражаюць сваю вартасць у пэўнай колькасці золата. Вагавая колькасць золата, прынятая ў нац. эканоміцы дзяржавы за грашовую адзінку, наз. маштабам цэн. Пры рэалізацыі тавару грошы выконваюць функцыю сродку абарачэння. У працэсе абарачэння магчыма замена залатых манет папяровымі грашамі. Калі пасля рэалізацыі тавару грошы выключаюцца з абарачэння, яны выконваюць функцыю сродку накаплення ці ўтварэння скарбу. У якасці скарбу могуць быць не толькі грошы ў манетнай форме, але і накапленні ў выглядзе прадметаў раскошы. Функцыю плацяжу грошы выконваюць, калі тавары прадаюцца ў крэдыт, пры аплаце падаткаў, зямельнай рэнты, кватэрнай і заработнай платы і інш. З выкананнем функцыі сродку плацяжу звязана з’яўленне крэдытных грошай — вэксаляў, банкнот (банкаўскіх білетаў), чэкаў, крэдытных картак або электронных грошай. На міжнар. узроўні грошы выконваюць функцыю сусв. грошай і наз.валютай. Раней гэту функцыю выконвала золата, цяпер выкарыстоўваюцца грошы (валюта) эканамічна магутных дзяржаў свету (долар ЗША, англ. фунт стэрлінгаў, ням. марка). Грошы прадаюцца і купляюцца на грашовым рынку, асн. элементы якога — прапанова, попыт, кошт грошай. Прапанову складае агульная колькасць грошай у дзяржаве. Пры сучасным грашовым абарачэнні развітых краін асн. маса грашовых аперацый праводзіцца ў безнаяўнай форме. Ролю грошай выконваюць не толькі наяўныя грошы, але і ўклады да запатрабавання, тэрміновыя і інш. ўклады. Для разліку колькасці грошай уведзена паняцце дзярж.эканам. паказчыкаў — грашовых агрэгатаў (М 1—наяўныя грошы, М 2 — тэрміновыя ўклады, М 3 — сертыфікаты), колькасць і спецыфіка вызначэння якіх у розных краінах розная. Для інтэрпрэтацыі колькаснай тэорыі грошай манетарысты (гл.Манетарызм) на чале з амер. эканамістам М.Фрыдменам прапанавалі формулу MV=Py, дзе M — грашовая маса, V — хуткасць абарачэння даходу, P — узровень кошту, y — норма (паток) рэальнага даходу. Попыт на грошы павінен пакрывацца іх прапановай. У сучаснай рыначнай эканоміцы прапанова грошай ствараецца банкаўскай сістэмай (цэнтр. і камерцыйнымі банкамі краіны). Цэнтр. банк выпускае ў абарачэнне манеты, папяровыя грошы ў форме банкнот рознага наміналу. Камерцыйныя банкі даюць пазыкі. Празмерны выпуск грошай (эмісія) выклікае інфляцыю — абясцэньванне, зніжэнне пакупной здольнасці папяровых грошай. Рост інфляцыі дэстабілізуе эканоміку і вымушае дзяржаву прымаць антыінфляцыйныя меры ў межах грашовага абарачэння. Сярод іх дэфляцыя (змяншэнне грашовай масы зняццем з абарачэння лішкавых папяровых грошай), нуліфікацыя (замена старых грашовых знакаў новымі, у меншай колькасці), дэнамінацыя (змена намінальнай вартасці грашовых знакаў), дэвальвацыя (афіцыйнае зніжэнне вартасці грашовых адзінак шляхам заканад. змяншэння залатога забеспячэння грашовай адзінкі ці зніжэння курсу папяровых знакаў у адносінах да золата ці замежнай валюты), рэвальвацыя (афіцыйнае павышэнне залатога ўтрымання грашовай адзінкі ці павышэнне яе курсу ў адносінах да замежнай валюты). Існуюць розныя тэорыі грошай (металічная, наміналістычная, колькасная, тэорыя «рэгулюемай валюты» і інш.). Паводле метал. тэорыі меркантылістаў (Т.Мен, Ж.Б.Кальбер), багацце дзяржавы атаясамліваецца з грашамі, а грошы — з высакароднымі металамі. Прадстаўнікі наміналістычнай тэорыі (Г.Ф.Кнап, М.Дз.Чулкоў) лічаць грошы знакамі вартасці, умоўнымі разліковымі адзінкамі. Паводле колькаснай тэорыі (У.Джэванс, К.Менгер), велічыня вартасці грошай знаходзіцца ў адваротнай залежнасці ад іх колькасці. Тэорыя «рэгулюемай валюты» — спалучэнне асн. палажэнняў наміналістычнай і колькаснай тэорый. Яе прыхільнік і тэарэтык Дж.М.Кейнс аддае перавагу папяровым грашам, паколькі іх колькасць у абарачэнні можа вызначацца дзяржавай. Праз рэгуляванне колькасці грошай у абарачэнні можна нармалізаваць (асабліва ў перыяды крызісаў) узроўні кошту тавараў, заработнай платы, беспрацоўя. На думку манетарыстаў, грошы — рашаючы фактар узнаўлення, таму няўмелае дзярж. рэгуляванне грашова-крэдытнай сферы можа справакаваць чарговы эканам. крызіс. На Беларусі з 1.7.1992 існуе самаст. грашовая сістэма. У 1994 бел. рублю і разліковаму білету нададзены статус адзінага плацежнага сродку Рэспублікі Беларусь. Грашовае абарачэнне рэгулюецца Нац. банкам Беларусі.
Літ.:
Лившиц А.Я. Введение в рыночную экономику. М., 1992;
Долан Э.Дж., Линдсей Д.Э. Макроэкономика: [Пер. с англ.]. СПб., 1994;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІНЕ́ЗІЯ ФРАНЦУ́ЗСКАЯ (франц. Polynēsie Française),
уладанне Францыі ў цэнтр. частцы Ціхага ак., у Палінезіі. Пл. 3660 км². Нас. 242,1 тыс.чал. (1999). Афіц. мовы — таіцянская і французская. Адм. ц., найб. горад і порт — Папеэтэ на в-ве Таіці ў групе а-воў Таварыства. Адміністрацыйна падзяляецца на 5 астраўных груп: Маркізскія а-вы, архіпелагі Туамоту і Тубуаі, Падветраныя і Наветраныя а-вы з групы а-воў Таварыства; уключае таксама ненаселены в-аў Кліпертан ва ўсх. частцы Ціхага ак.Нац. свята — дзень узяцця Бастыліі (14 ліп.).
Прырода. У складзе П.Ф. 215 астравоў і атолаў вулканічнага (35 астравоў) або каралавага (180 атолаў) паходжання. Вулканічнымі з’яўляецца большасць а-воў Таварыства, Тубуаі, Маркізскія; каралавыя атолы ўтвараюць архіпелаг Туамоту. Горы на вулканічных астравах дасягаюць 2241 м (г. Арахена на в-ве Таіці), каралавыя астравы ўздымаюцца над узр. м. на некалькі метраў. З карысных выкапняў ёсць фасфарыты (в-аў Макатэа), руды кобальту. Клімат трапічны пасатны. Сярэднямесячныя т-ры 22—26 °C. Ападкаў за год ад 1500 мм на падветраных схілах да 3000—4000 мм на наветраных. Бываюць моцныя ўраганы. Рэкі і ручаі ёсць толькі на вулканічных астравах. Пад лесам і хмызнякамі 31% тэрыторыі. На наветраных схілах вечназялёныя субэкватарыяльныя і трапічныя лясы, падветраныя схілы ўкрыты травяністай расліннасцю. На каралавых астравах гаі какосавых пальмаў. У фауне адсутнічаюць буйныя млекакормячыя, шмат птушак. Мора багата рыбай, ракападобнымі, малюскамі. Біясферны рэзерват Атол-Таяра (а-вы Туамоту).
Насельніцтва. Карэнныя жыхары — палінезійцы, разам з еўрапейска-палінезійскімі метысамі складаюць 78%; падзяляюцца на блізкія народы: таіцяне (больш за 50% насельніцтва краіны), туамоту, тубуайцы, маркізцы, мангарэва. Жывуць таксама кітайцы (12%) і французы (10%). Вернікі пераважна пратэстанты (54%) і католікі (30%). Сярэднегадавы прырост 1,7% (1999). Сярэдняя шчыльн. 66,7 чал. на 1 км. Каля 67% насельніцтва жыве на в-ве Таіці (пл. 1042 км²), дзе на ўзбярэжжы шчыльн. перавышае 300 чал. на 1 км². Гарадскога насельніцтва больш за 50%.
У найб. горадзе Папеэтэ каля 30 тыс.ж. (1999). У прам-сці занята 19% працаздольных, у сельскай гаспадарцы і рыбалоўстве — 13%, у абслуговых галінах — 68%.
Гісторыя. Заселена палінезійцамі ў канцы 1-га тыс. да н.э. — 1-м тыс.н.э. На момант з’яўлення еўрапейцаў найб. ўзроўню цывілізацыі дасягнулі жыхары а-воў Таварыства, дзе ўзнік шэраг дзярж. утварэнняў. У 1595 ісп. мараплавец А.Менданья дэ Нейра адкрыў Маркізскія а-вы, у 1722 галандзец Я.Рогевен — некаторыя з а-воў Таварыства, у 1767 брытанец С.Уоліс — в-аў Таіці, у 1777 капітан Дж.Кук — а-вы Тубуаі. Да пач. 19 ст. таіцянскія правадыры з роду Памарэ стварылі дзяржаву, якая ўключала а-вы Таварыства, Тубуаі і ч. а-воў Туамогу. З пач. 19 ст. тут з’явіліся еўрап. місіянеры. У 1842 астравы абвешчаны франц. пратэктаратамі, якія ў 1885 аб’яднаны ў адзіную калонію «Франц. ўладанні ў Акіяніі» (з 1958 — П.Ф.). З 1946 — заморская тэр. Францыі. У 1957 створана тэр. асамблея П.Ф. З 1960-х г. месца правядзення франц.ядз. выпрабаванняў (у 1966 першы выбух на атоле Муруроа). У 1977 атрымала ўнутр. самакіраванне, з 1996 мае статус аўт.тэр. Францыі.
Гаспадарка. П.Ф. — краіна сярэдняга ўзроўню развіцця. Валавы ўнутр. прадукт на 1 чал. складае каля 10 800 дол. за год. 18% яго ствараецца ў прам-сці, 4% — у сельскай гаспадарцы і рыбалоўстве, 78% — у абслуговых галінах, пераважна ў турысцкай справе. У прам-сці пераважаюць дробныя прадпрыемствы. Здабыча фасфарытаў на в-ве Макатэа. 57% электраэнергіі даюць ЦЭС на імпартным паліве, 43% — ГЭС. У 1997 атрымана 350 млн.кВт∙гадз электраэнергіі. З прадпрыемстваў апрацоўчай прам-сці найб. значэнне маюць мылаварныя ф-кі і алейныя з-ды (перапрацоўка какосавых арэхаў). Ёсць піваварныя з-ды, прадпрыемствы па вытв-сці мукі, фруктовых сокаў, воцату, перапрацоўцы рыбы і морапрадуктаў. Пашыў адзення, апрацоўка перламутравых ракавін, разьба па дрэве, ювелірная справа, выраб сувеніраў. Ёсць мех. майстэрні, прадпрыемствы па буд-ве і рамонце невял. суднаў. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 40 тыс.га зямлі, у т. л. пад ворывам каля 3,6 тыс.га, пад плантацыямі какосавых пальмаў і інш. дрэў каля 18 тыс.га, пад пашай каля 18 тыс.га. Гал. экспартныя культуры — какосавая пальма і ваніль. Вырошчваюць таксама каву, цукр. трыснёг, цытрусавыя, бананы, ананасы, гранаты, манга, папайю, авакада, хлебнае дрэва, кукурузу, арахіс, тара, ямс, батат, маніёк, агародніну. Жывёлагадоўля мае другараднае значэнне. Гадуюць мясную буйн. раг. жывёлу, коней, свіней, птушку. Прамысловае рыбалоўства. Штучнае развядзенне малюскаў-жамчужніц (у лагунах атолаў), апрацоўка жэмчугу і перламутру. Транспарт пераважна марскі. У краіне 792 км аўтадарог з цвёрдым пакрыццём, 45 аэрапортаў, у т. л.міжнар. на в-ве Таіці. Міжнар. турызм (штогод астравы наведваюць больш за 150 тыс. замежных турыстаў). Значную ролю адыгрывае абслугоўванне палігонаў для выпрабавання атамнай зброі (атол Муруроа) і інш. ваенных баз. У 1996 экспарт склаў 212 млн.дол., імпарт — 860 млн.дол. У экспарце пераважае жэмчуг (больш за 50% ад кошту), прадукты перапрацоўкі какосавых арэхаў, перламутр, ваніль, рыба і рыбапрадукты, у імпарце — паліва, харч. і спажывецкія тавары. Гал.гандл. партнёры: Францыя (52% экспарту, 32% імпарту), ЗША, Японія. Краіна атрымлівае фін. дапамогу ад Францыі (каля 400 млн.дол. штогод). Грашовая адзінка — франк франц. кантор у Ціхім ак.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЦЫЯЛО́ГІЯ (ад лац. societas грамадства + ...логія),
навука пра грамадства, законы функцыянавання і развіцця сац. супольнасцей і працэсаў, пра сац. адносіны як механізмы ўзаемасувязі і ўзаемадзеяння паміж гэтымі супольнасцямі. Аб’ектам сацыялагічнага пазнання з’яўляецца грамадства, якое разглядаецца як адзіны сац. арганізм. Тэрмін «С.» ўвёў стваральнік гэтай навукі А.Конт, які сінтэзаваў найб. плённыя ідэі ў суцэльную праграму новай навукі пра грамадства, вылучыў у ёй сацыяльную статыстыку і сац. дынаміку. Паводле Конта, грамадства развіваецца па «законе трох стадый»; тэалагічнай, метафізічнай і пазітыўнай. Сістэматызаваны выклад прадмета, задач і праблематыкі С. ажыццявіў Г.Спенсер, які стварыў канцэпцыю сац. ін-таў як механізмаў самаарганізацыі сумеснага жыцця людзей. Канцэпцыя сацыялагізмунайб. поўна адлюстравана ў працах Э.Дзюркгейма, які вызначаў прадмет С. як сац. факты, што існуюць па-за індывідам і ў адносінах да яго валодаюць прымусовай сілай. Імкненне знайсці аб’ектыўныя заканамернасці сац. з’яў абумовіла неабходнасць выкарыстання ў С. статыстыкі. М.Вебер вызначаў С. як навуку, якая вывучае дзеянне сацыяльнае, пры ўмове суб’ектыўнай матывацыі індывіда або групы Паводле Вебера, асэнсаванае мэтарацыянальнае дзеянне — той ідэальны тып, узор сац. дзеяння, з якім суадносяцца іншыя тыпы. П.А.Сарокін развіў вучэнне пра «інтэгральную» С. і вылучыў 4 яе раздзелы: агульнае вучэнне пра грамадства, вывучэнне сац. заканамернасцей яго развіцця, вывучэнне асн. тэндэнцый у развіцці грамадства і грамадскіх ін-таў, сац. палітыка, задача якой — пошук сродкаў паляпшэння грамадскага жыцця.
Працэс фарміравання С. адзначаны пераходам ад гісторыка-эвалюцыйнага да структурна-аналіт. падыходу, тэарэт. пабудовы якога цесна звязаны з эмпірычнымі даследаваннямі. У межах агульнай праблематыкі фарміраваліся розныя тэарэт. арыентацыі ў адпаведнасці з пануючымі ў пэўны перыяд філас. плынямі. Так, «сацыялагізм» Дзюркгейма, які прапанаваў разглядаць факты «як рэчы», парадзіў лінію пазітывісцкага аб’ектывізму. «Разумеючая» С. Вебера (імкненне расшыфраваць унутраны сэнс сац. дзеянняў) абапіралася на ідэі неакантыянства і філасофіі жыцця. У 1950-х г. у С. існавала некалькі тэарэт. арыентацый, самая ўплывовая з іх — структурны функцыяналізм (Т.Парсапс, Р.К.Мертан), які ставіў на першы план прынцып цэласнасці і інтэграцыі сістэмы і тлумачыў прыватныя з’явы тымі функцыямі, якія яны выконваюць у межах гэтага цэлага.
На Беларусі сацыялагічная думка мае традыцыі, асновы якіх закладзены ў 19 ст., у т. л. ў працах К.Каліноўскага, Ф.Багушэвіча, А.Пашкевіч (Цётка) і інш. У той час яна імкнулася да агульнатэарэт. пабудоў; з аднаго боку, злівалася з сац. філасофіяй, з другога — з працамі этнагр. і дэмаграфічнага характару. Пасля стварэння АН Беларусі (1929) маштабы даследчай работы пашырыліся: вывучэнне сац.-эканам. і сацыякульт. праблем развіцця бел. нацыі (Я.Ф.Карскі, С.М.Некрашэвіч), дынамікі сац. структуры грамадства (У М.Ігнатоўскі, М.В.Доўнар-Запольскі), С. сям’і і рэлігіі (С.Я.Вальфсон, Б.Э.Быхоўскі), асветы і выхавання (С.М.Васілейскі, А.А.Гайвароўскі, С.М.Рыверс). З канца 1930-х да сярэдзіны 1950-х г.гіст. падзеі надоўга вывелі айчынную С. па-за межы прыярытэтных навук. Аднак ускладненне сац. праблем, неабходнасць аналізу і прагназавання асн. тэндэнцый развіцця грамадства, вывучэння грамадскай думкі па актуальных пытаннях патрабавалі ўзнаўлення і развіцця С. З сярэдзіны 1960-х г. пачаўся новы этап развіцця даследаванняў па С. У 1965 засн. грамадскі Ін-т сацыялагічных даследаванняў; у 1968 у Ін-це філасофіі і права АН Беларусі створаны сектар (пазней аддзел) С., пры БДУ — Праблемная н.-д. лабараторыя сацыялагічных даследаванняў, у БПІ, ін-це нар. гаспадаркі і інш.ВНУ — сацыялагічныя лабараторыі. У 1989 засн.Рэсп. цэнтр сацыялагічных даследаванняў (з 1990 Ін-т С.), у БДУ — кафедра С. У 1990-я г. створаны недзярж. ін-ты і цэнтры сацыялагічнага профілю (Бел. сацыялагічная служба «Грамадская думка», Незалежны ін-тсац.-эканам. і паліт. даследаванняў, прыватнае даследчае прадпрыемства «НОВАК», Гомельскі сацыялагічны цэнтр «Аракул» і інш.). У 1996 створаны Ін-тсац.-паліт. даследаванняў пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і Цэнтр сацыялагічных і паліт. даследаванняў БДУ. У наш час бел. сацыялагічная школа мае шэраг кірункаў; гісторыя і тэорыя С. (Г.П.Давідзюк, Я.М.Бабосаў, І.І.Антановіч, А.М.Елсукоў); С. асобы, распрацоўка тэорыі катастроф, С. канфліктаў (Бабосаў); С. трансфармацыйных працэсаў у грамадстве, С. моладзі (А.М.Данілаў); эканам. С. і С. працы (Г.М.Сакалова); С. сям’і (М.Р.Юркевіч, С.Д.Лапцёнак, С.Н.Бурава); С. навукі (Г.А.Несвятайлаў); С. культуры (Э.К.Дарашэвіч, В.І.Русецкая, Л.Р.Цітарэнка, С.В.Лапіна); С. адукацыі (А.І.Ляўко, В.А.Кліменка); паліт. С. (І.В.Катляроў, В.В.Бушчык); С. камунікацый (А.Ц.Манаеў); С. дэвіянтных паводзін (М.А.Бараноўскі); метадалогія сацыялагічных даследаванняў (С.А.Шавель, А.У.Рубанаў); методыка аператыўных даследаванняў (Д.Г.Ротман); распрацоўка асн. кірункаў дэмаграфічнай палітыкі краіны (А.А.Ракаў) і інш.
Літ.:
Конт О. Курс положительной философии: Пер. с фр.Т. 1—2. СПб., 1899—1901;
Спенсер Г. Основные начала: Пер. с англ. СПб., 1867;
Дюркгейм Э. О разделении общественного труда: Метод социологии: Пер. с фр.М., 1996;
Вебер М. Избр. произв: Пер. с нем. М., 1990;
Сорокин П.А. Система социологии: Пер. с англ.Т. 1—2. М., 1993;
Смелзер Н. Социология: Пер. с англ.М., 1994;
Давидюк Г.П. Прикладная социология. Мн., 1979;
Бабосов Е.М. Социология. Ч. 1. Общая социол. теория. Мн., 1998;