пашыраная ў гіст. л-ры назва мерапрыемстваў урада О.Бісмарка супраць каталіцкай царквы і яе паліт. партыі Цэнтра, якая выражала сепаратысцкія антыпрускія тэндэнцыі (пераважна на З і ПдЗ Германіі) у 1870-я г. З ініцыятывы Бісмарка былі прыняты і дзейнічалі законы аб забароне святарам весці паліт. агітацыю (1871), пазбаўленні духавенства права нагляду за пач. школамі (1872), дзярж. кантролі за царк. справамі (1873), увядзенні грамадз. шлюбу (1875) і інш. У 1875 у Германіі распушчаны амаль усе каталіцкія ордэны. На польскіх землях імперыі ў ходзе «К.» была ўзмоцнена палітыка германізацыі. Пасля прымірэння Бісмарка з каталіцкім духавенствам у канцы 1870 — пач. 1880-х г. большасць законаў часоў «К.» адменена, акрамя законаў аб грамадз. шлюбе і выгнанні езуітаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРСІ́ЛІЙ ПАДУА́НСКІ [Marsilius Paduanis; сапр. Марсіліо дэі Майнардзіні (Mainardini); каля 1275, г. Падуя, Італія — 1342 ці 1343],
італьянскі паліт. філосаф. Вывучаў медыцыну, філасофію, тэалогію ва ун-тах Падуі і Парыжа. У 1313 рэктар Парыжскага ун-та. Аўтар трактата «Defensor pacis» («Абаронца міру», 1324, апубл. 1522), у якім адным з першых у сярэднявеччы прапанаваў ідэю ўзнікнення дзяржавы ў выніку грамадскага дагавора. За некаторыя тэзісы трактата абвешчаны ератыком і ў 1327 адлучаны ад царквы. Найлепшай формай дзяржавы лічыў саслоўную манархію з раздзелам заканад. і выканаўчай улад, аб чым пісаў у «Tractatus de iurisdictione imperatoris» («Трактат аб юрысдыкцыі імператара», 1342). Выступаў супраць дамаганняў папства на свецкую ўладу, падтрымліваў герм. імператара Людовіка IV Баварскага (быў яго саветнікам) у барацьбе з рым. папам Іаанам XXII.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІХАІ́Л (у свеце Галубовіч; 1800, Літоўская губ. — 18.3.1881),
уніяцкі, потым правасл.царк. дзеяч. Д-р багаслоўя і царк. права. Скончыў Віленскую гал. семінарыю. З 1828 выкладаў у Літ. духоўнай семінарыі ў Жыровічах, потым служыў у Літ. уніяцкай духоўнай кансісторыі, быў архімандрытам Быценскага кляштара базыльян. На Полацкім царкоўным саборы 1839 разам з інш. вышэйшым духавенствам падпісаў Саборны акт пра скасаванне Брэсцкай уніі 1596 і далучэнне уніяцкай царквы да праваслаўя. З 1839 вікарны епіскап пінскі (з 1840 наз. брэсцкі), з 1848 епіскап, у 1853—68 архіепіскап мінскі. Аўтар перакладу на польск. мову правасл. катэхізіса для б. уніяцкіх святароў, якія не ведалі або дрэнна ведалі рус. мову.
Літ.:
Кісялёў Г. Дыярыуш Міхала Галубовіча // Голас Радзімы. 1998. 29 кастр., 5 лістап.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУ́ЛЬЧЭР ((Multscher) Ганс) (каля 1400, г. Лойткірх, Германія — 1467),
нямецкі скульптар і жывапісец. З 1427 працаваў ва Ульме. Зазнаў уплывы Р.Кампена, нідэрл. і франц. скульптуры Ранняга Адраджэння. Адзін з першых у ням. мастацтве звярнуўся да вывучэння натуры, у рэліг. кампазіцыі ўводзіў быт. сюжэты, імкнуўся да перадачы індывід. характарыстыкі персанажаў праз гратэскава-выразную міміку і жэстыкуляцыю. Аўтар статуй Карла Вялікага, двух яго збраяносцаў, каралёў Чэхіі і Венгрыі (каля 1427—33), Хрыста-пакутніка на гал. партале (1429) і алтара (1433) у кафедральным саборы ва Ульме, Маці Божай для царквы ў Ландсбергу, св. Варвары і Магдаліны для капэлы св. Лаўрэнція ў Ротвайлі, мадэлі грабніцы Людвіга Барадатага (1435), алтара Марыі для Фраўэнкірхе ў Віпітэна (Італія, 1456—58), 8 карцін Ландсбергскага алтара (1437) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЗНЯК (Вячаслаў Аляксандравіч) (н. 30.4.1940, Мінск),
бел. мастак манум.-дэкар. мастацтва. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1967), выкладаў у ім у 1968—69. Сярод твораў вітражы: «Музы» для Дзярж.рус.драм.т-ра Беларусі (1976), «Помнікі старажытнага беларускага дойлідства» для Галоўпаштамта (1980), у вестыбюлі корпуса Мінскага лінгвістычнага ун-та (1982), чыг. вакзала (1983), вітраж з размалёўкай Дамавой царквы (1987, усе ў Мінску), «Нарачанскія матывы» для гасцініцы «Нарач» (1983), для Палаца піянераў у Брэсце (1990—91), санаторыя «Радон» Гродзенскай вобл. (1993—94). Выканаў Вянок Славы і дэкар. афармленне столі ў Зале цырыманіялаў плошчы Перамогі ў Мінску (1985). Творы П. вылучаюцца кампазіцыйнай завершанасцю, гарманічнасцю колеравых і пластычных суадносін.
Л.Ф.Салавей.
В.Позняк. Вітраж у будынку Галоўпаштамта ў Мінску. 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТРО́Ў (Мікалай Іванавіч) (12.4.1840, с. Вазнясенскае Макар’еўскага р-на Кастрамской вобл., Расія — 20.6.1921),
украінскі гісторык, літаратуразнавец. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1916), акад.АН УССР (1919). Скончыў Кіеўскую духоўную акадэмію (1865), з 1876 яе прафесар. Аўтар «Нарысаў гісторыі ўкраінскай літаратуры XIX ст.» (1884) і «Нарысаў з гісторыі ўкраінскай літаратуры XVII—XVIII стст.» (1911). Даследаваў праблемы слав. літаратур («Аб уплыве заходнееўрапейскай літаратуры на старажытнарускую», 1872, «Гістарычны погляд на ўзаемныя адносіны паміж сербамі і рускімі ў адукацыі і літаратуры», 1876, «Заходнярускія палемічныя сачыненні» 1894), гісторыі тэатра («Драматычныя сачыненні Георгія Каніскага», 1878, «Стары паўднёварускі тэатр і ў асаблівасці вертэп», 1882), гісторыі царквы («Нарыс гісторыі базыльянскага ордэна», 1870), гісторыі Беларусі («Беларусь і Літва», 1890). Яму належаць працы па археалогіі, этнаграфіі, музейнай справе і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЗЕЛЬ (Basel),
горад на Пн Швейцарыі. Адм. ц. паўкантона Базель-Штат. 175,6 тыс.ж. (1994). Трансп. вузел. Порт на Рэйне і канале Рэйн—Рона (грузаабарот больш за 10 млн.т, каля 20% знешнегандлёвых грузаў Швейцарыі). Міжнар. аэрапорт. Важны гандл.-фінансавы цэнтр міжнар. значэння (знаходзіцца Банк міжнар. разлікаў). Хіміка-фармацэўтычная, машынабуд., эл.-тэхн., швейная, шаўковая, дрэваапр., паліграф., харч.прам-сць. Штогадовыя прамысл. кірмашы. Ун-т. Музеі: гіст., нар. мастацтва і этнаграфіі, ант. мастацтва, Кунстгале і інш.
Упершыню ўпамінаецца як рым. ўмацаванне ў 374. Да 13 ст. стаў значным цэнтрам рамёстваў і гандлю. У 14 ст. дамогся правоў імперскага горада. У 1431—39 тут праходзіў Усяленскі сабор каталіцкай царквы. У 1460 засн. старэйшы ў Швейцарыі ун-т. У 15—16 ст. адзін з цэнтраў Адраджэння і Рэфармацыі. Месца заключэння Базельскіх мірных дагавораў 1795. У 1869 і 1912 тут праходзілі кангрэсы 1-га і 2-га Інтэрнацыяналаў.
Рэйн падзяляе Базель на Вялікі (на левым, узвышаным, беразе, дзе знаходзяцца гіст. цэнтр, асн. помнікі архітэктуры, захаваліся тыповыя рысы стараж. гандлёва-рамесніцкага горада) і Малы (Новы горад на правым, нізінным, беразе з прамысл. зонай). Яны звязаны 5 мастамі і 3 паромнымі пераправамі. На Пн ад Базеля гавань Хюнінген з партовымі пабудовамі. Сярод помнікаў архітэктуры: раманска-гатычны сабор (закладзены ў 1019, будаваўся да 15 ст.), цэрквы: гатычныя Санкт-Марцін (1356—98), Санкт-Петэр (14 ст.), дамініканская прапаведніцкая (1356); неараманскія Санкт-Паўль (1898—1901), Санкт-Антоніус (1925—27) і інш.; ратуша з фрэскамі 16 ст. У 1962—63 пабудаваны комплекс Школы мастацтва і рамёстваў (арх. Г.Баўр). На Саборнай пл. дамы ў стылі барока, готыкі і класіцызму, шматлікія стараж. фантаны, у т. л. Фішмарктбрунен (14 ст.).
Да арт.Базель. Інтэр’ер царквы Санкт-Антоніус. 1925—27. Арх. К.Мозер.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВІ́ЦЕБСКАЯ ДАЎНІНА́», «Витебская старина»,
зборнік дакументаў па гісторыі Віцебшчыны і Полаччыны 11—19 ст. Падрыхтаваў і выдаў у Віцебскай губ. друкарні бел. гісторык А.П.Сапуноў. З 6 запланаваных тамоў выдадзены 3. У 1-м т. (1883) матэрыялы пра Віцебск з 1021 па 1883: урыўкі з летапісаў, Віцебскі летапіс, інвентары горада, дагаворы, граматы віцебскіх і полацкіх князёў, стат. звесткі пра насельніцтва, законы рас. ўрада, якія датычылі горада і губерні, дакументы пра Траецкі манастыр, прывілеі Віцебску на магдэбургскае права 1597 і 1644, Віцебскае паўстанне 1623, вайну 1812 і інш. У 2-м і 3-м т. меркавалася змясціць дакументы па гісторыі Полацка і інш. гарадоў і мясцовасцей губерні. Ва ўступе да т. 4 (1885) змешчаны «Кароткі нарыс барацьбы Маскоўскай дзяржавы з Літвой і Польшчай у XIV—XVII ст.» Сапунова. У 1-й яго частцы — дакументы пра заняцце Полацка і наваколля ў 1563 войскамі рус. цара Івана IV; вызваленне Полацка і Полаччыны ў 1579 бел.-літ. і польскім войскамі на чале з каралём Стафанам Баторыем; у 2-й частцы — дакументы часоў вайны Расіі і Рэчы Паспалітай 1654—67. У т. 5 (1888) дакументы Полацкай епархіі ад яе ўзнікнення да 1772, матэрыялы пра далучэнне паўн.-ўсх. часткі Беларусі да Расіі. У пачатку тома змешчаны «Кароткі нарыс гістарычнага лёсу Полацкай епархіі ад старажытнага часу да паловы XIX ст.», дзе ёсць звесткі пра скасаванне уніяцкай царквы, далучэнне яе да рас.правасл.царквы і правядзенне Полацкага царкоўнага сабора 1839. У т. 6 меркавалася змясціць гіст. нарыс пра Віцебскую губ., дадаткі, паказальнікі. Выданне багата ілюстравана (карты, малюнкі помнікаў архітэктуры, факсіміле рэдкіх рукапісных кніг, партрэты гіст. асоб і інш.). Большасць дакументаў апублікавана ўпершыню, арыгіналы асобных з іх не зберагліся. Не ўсе дакументы надрукаваны цалкам, некаторыя дадзены ў перакладзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́НАК,
лёгкая прыбудова перад уваходам у будынак, звычайна слупавой канструкцыі. Здаўна пашыраны ў многіх народаў Еўропы ў жыллёвых, культавых (ганак базілікі Санта-Марыя Маджорэ ў Бергама, Італія; царквы ў в. Хабовічы Кобрынскага р-на Брэсцкай вобл.), сядзібна-палацавых (ганак гал. фасада сядзібнага дома ў г.п. Поразава Свіслацкага р-на Гродзенскай вобл.) пабудовах. На Беларусі найб. характэрны для сядзібна-палацавых пабудоў, а таксама для корчмаў, аўстэрый, ратушаў і інш. Пад уплывам стылю класіцызму ў 2-й пал. 18—19 ст. ганак афармлялі порцікамі, трохвугольнымі або ступеньчатымі франтонамі. У гандлёвых радах, гасціных дварах, лямусах, некаторых храмах (Віцебшчына) яны ператвараліся ў працяглыя па ўсім фасадзе ці навокал храма аркадныя галерэі. У вясковым буд-ве набылі пашырэнне ў 2-й пал. 19 ст.Традыц. ганак — адкрыты: памост з 1- ці 2-схільнай стрэшкай на 2—4 слупах. Як дамінанту, што акцэнтуе ўваход у жыллё, ганак аздабляюць разьбянымі закрылінамі па краях стрэшкі, ажурным карнізам, вільчыкам. У 20 ст. адкрытыя ганкі саступілі месца паўзакрытым, ва ўнутр. прасторы да сценак ставяць 2 лаўкі. Традыц. разьбяны дэкор часам дапаўняецца паліхромнай расфарбоўкай. Такія ганкі больш пашыраны ва ўсх. раёнах, на Гомельшчыне іх заглыбляюць у вуглы хаты (упоравень са сценамі). На астатняй тэр. Беларусі пераважаюць закрытыя ганкі — веранды або веранды ў спалучэнні з адкрытым ці паўзакрытым ганкам. Цяпер у мураваным індывід. і тыпавым буд-ве сценкі ганка ўтвораны нярэдка з фігурна выгнутых метал. элементаў. У шматпавярховых, секцыйных, блакіраваных дамах, дамах вежавага тыпу і інш. ганкі — уваходы ў пад’езды — афармляюць казыркамі, дэкар. кратамі, мазаічнымі пано і інш.
Літ.:
Беларускае народнае жыллё. Мн., 1973;
Сахута Я. Народная разьба па дрэву. Мн., 1978.
Я.М.Сахута.
Ганак сядзібнага дома ў г.п. Поразава Гродзенскай вобл.Ганак базілікі Санта-Марыя Маджорэ ў г. Бергама (Італія).Ганкіцарквы ў в. Хабовічы Кобрынскага раёна Брэсцкай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКАЯ ШКО́ЛА ДО́ЙЛІДСТВА,
самабытная арх. школа, якая склалася ў 11 ст. ў Полацкім княстве ў час яго эканам. і паліт. ўздыму. Сфарміравалася ў культавым буд-ве на аснове пераасэнсавання традыцый візант. архітэктуры пад уплывам першага манум. збудавання на тэр. Беларусі — Полацкага Сафійскага сабора. Найб. росквіту дасягнула ў 12 ст. Для П.ш.д. характэрна муроўка з плінфы «са схаваным радам», якая ўтварала двухколерную гаму паверхні сцяны, радзей — з чаргаваннем слаёў плінфы і вапняку (Віцебск). Школа творча развіла адзін з кірункаў візант.царк.-буд. традыцыі: план выцягнуты па падоўжнай восі, бакавыя нефы больш вузкія, дамінуе сярэдняя апсіда (бакавыя знадворку не выяўлены і часцей схаваны ў тоўшчы алтарных сцен). Асн. тып культавых збудаванняў: 1-нефавыя бесслуповыя з адной апсідай і бабінцам (Пятніцкая царква Бельчыцкага Барысаглебскага манастыра) 3-нефавыя 6-слуповыя з 3 апсідамі, выяўленымі знадворку (сабор Бельчыцкага Барысаглебскага манастыра); трохнефавыя 4- або 6-слуповыя са схаванымі бакавымі апсідамі (храм-пахавальня Полацкага Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра, Віцебская Благавешчанская царква, Барысаглебская царква Бельчыцкага Барысаглебскага манастыра). У шэрагу храмаў меліся абходныя галерэі. Для некат. помнікаў П.ш.д. характэрна размяшчэнне падкупальнага квадрата не над усх., а над зах. парамі слупоў, што надавала кампазіцыі будынкаў цэнтрычнасць. Гэтаму спрыяла і канструкцыйна-дэкар. сістэма перакрыцця падкупальнага квадрата ступеньчатымі аркамі і ўтварэнне кубічнага пастамента барабана гал. купала, аздобленага звонку 3-лопасцевымі аркамі. Прадстаўнік П.ш.д. дойлід Іаан — аўтар Спаса-Праабражэнскай царквы ў Полацку. Мяркуюць, што полацкія дойліды ўдзельнічалі ў буд-ве Навагрудскай Барысаглебскай царквы, будавалі ў Ноўгарадзе (царква на Сінічай гары) і Смаленску. П.ш.д. зрабіла вял. ўплыў на далейшае развіццё архітэктуры Беларусі, на Смаленскую школу дойлідства, а таксама Маскоўскую школу дойлідства і Пскоўскую школу дойлідства.
Ю.А.Якімовіч, Г.А.Лаўрэцкі.
Да арт.Полацкая школа дойлідства. Благавешчанская царква ў Віцебску. Здымак пасля рэстаўрацыі.