ГВІНЕ́Я НІ́ЖНЯЯ,

прыродная вобласць у Цэнтр. Афрыцы, уздоўж узбярэжжа Гвінейскага зал. і Атлантычнага ак., паміж зал. Біяфра на Пн і нізоўямі р. Кванза на Пд. Уключае вузкую (50 — 100 км) прыморскую нізіну і стромка ўзнятае над ёю Паўд.-Гвінейскае ўзвышша. Пераважныя выш. ад 700 да 2000 м, найб. — 4070 м (дзеючы вулкан Камерун). Клімат пераходны ад экватарыяльнага на Пн да трапічнага пасатнага на Пд. Вільготнасць памяншаецца з Пн на Пд пад уплывам халоднага Бенгальскага цячэння. Ападкаў на б. ч. тэр. 1000—1500 мм за год, на наветраных схілах гор 3000—4000 мм (на зах. схілах г. Камерун больш за 10 000 мм — самае вільготнае месца Афрыкі). На тэр. Гвінеі Ніжняй у акіян упадае р. Конга (Заір). На Пн — вечназялёныя экватарыяльныя лясы, на Пд ад вусця р. Конга пераважаюць саванны. На крайнім Пд знаходзяцца прыморскія нізіны — паўпустыні і пустыні. У межах Гвінеі Ніжняй поўнасцю або часткова размешчаны Камерун, Экватарыяльная Гвінея, Габон, Конга, Заір, Ангола.

т. 5, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЬМУХАВЕ́Ц, адуванчык (Tanaxacum),

род кветкавых раслін сям. астравых. Каля 2000 відаў. Пашыраны ў халодных, умераных і субтрапічных паясах, у высакагор’і тропікаў. На Беларусі больш за 10 відаў, з якіх найб. вядомы Дз. лекавы (T. officinale). Нар. назвы малачай, багатка, коцікі, папок, дмухель, зубнік, жоўтая цыкор’я. Расце каля жылля, уздоўж дарог, на агародах, палях, лугах і інш. У якасці тэхн. (для атрымання натуральнага каўчуку) расліны раней вырошчвалі Дз. кок-сагыз (T. kok-saghyz).

Шматгадовыя травяністыя расліны са стрыжнёвым коранем і бязлістымі, полымі ўнутры сцябламі (стрэлкамі) выш. 10—30 см. Лісце ў прыкаранёвай разетцы, ланцэтнае, зубчастае, паступова звужанае ў чаранок. Кветкі двухполыя, звычайна жоўтыя, радзей белыя і ружовыя, сабраны ў адзіночныя верхавінкавыя кошыкі. Плод — сямянка, з носікам і чубком. Лек., кармавыя, меданосныя, харч. і тэхн. расліны. Карані выкарыстоўваюцца для ўзбуджэння апетыту, як сурагат кавы, лісце на салату, кветкавыя кошыкі — для прыгатавання варэння, напіткаў і інш.

Г.​У.​Вынаеў.

Дзьмухавец лекавы.

т. 6, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНСТАНЦІ́НАЎСКАЯ ГРАДА́,

краявое ледавіковае ўтварэнне на ПнЗ Беларусі. Размешчана на З Мядзельскага р-на Мінскай вобл., у межах Нарачана-Вілейскай нізіны. Цягнецца з ПнЗ на ПдУ уздоўж паўн.-ўсх. берага воз. Свір. Выш. 190—200 м, найб. 232 м. Фарміраванне К.г. звязана з краявой зонай акумуляцыі паазерскага зледзянення. Складзена з антрапагенавых валунных супескаў і суглінкаў, пясчана-галечнага матэрыялу. Рэдкія камавыя ўзгоркі (выш. 5—15 м) складзены з тонкаслаістых пяскоў з уключэннем жвіру і галькі. Антрапагенавыя намнажэнні падсцілаюцца адкладамі сярэдняга дэвону (мергелі, даламіты, пясчанікі і інш). Рэльеф грады сярэдне- і буйнаўзгорысты з ваганнямі адносных вышынь 15—20 м, радзей 25—30 м, грэбень узгорыста-хвалісты, парэзаны седлавінамі, схілы асіметрычныя: паўд.-зах. стромкі (10—30°), паўд.-ўсх. спадзісты, паступова пераходзіць у водна-ледавіковую раўніну. У двух месцах града парэзана далінамі прарыву рэк Страча і Вял. Перакоп. Глебы дзярнова-падзолістыя сярэдне- і слабаападзоленыя, месцамі супясчана-сугліністыя. Лясы яловыя, радзей хваёвыя. Пад ворывам да 40% тэрыторыі.

т. 7, с. 594

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІНЕ́ЙНЫ ЭЛЕКТРАРУХАВІ́К,

разнавіднасць электрыннага рухавіка, у якім рухомая частка не верціцца, а лінейна перамяшчаецца ўздоўж нерухомай часткі — разамкнёнага магнітаправода адвольнай даўжыні. Бываюць пераменнага і пастаяннага току, развіваюць вял. сілу цягі і ў шэрагу выпадкаў працуюць без рэдуктара.

У адрозненне ад звычайнага электрарухавіка, статар якога — стальное кольца з абмоткай, у Л.э. кольца як бы разрэзана і выпрастана, а статарныя абмоткі ўкладзены на плоскасці ўздоўж усяго пуці; ротарам служыць алюмініевы брус (рэактыўная рэйка), укладзены пасярэдзіне паміж абмоткамі таксама ўздоўж пуці. Пры паступленні эл. току ў статар уздоўж праваднікоў ствараецца бягучае магн. поле, а ў ротары (рэйцы) наводзяцца віхравыя токі. Эл.-магн. сілы, што ўзнікаюць ад гэтых токаў, накіраваны ўздоўж пуці і прыводзяць у рух вагон, які скампанаваны з электрарухавіком. Перспектыўны ў электрапрыводзе трансп. машын у спалучэнні з магн. падвескамі і паветр. падушкамі. Дае магчымасць павысіць скорасць паяздоў да 500 км/гадз.

Лінейны электрарухавік: 1 — абмотка электрамагніта; 2 — рэактыўная рэйка (ротар); 3 — статарная абмотка; 4 — электрамагніт; 5 — накіравальная рэйка; 6 — каркас дарогі.

т. 9, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУЧА́Й, Лучайскае возера,

у Пастаўскім р-не Віцебскай вобл. ў бас. р. Мядзелка, правага прытока Дзісны. Пл. 2,51 км², даўж. 3,9 км, найб. шыр. 1,45 км, найб. глыб. 3,2 м. Даўж. берагавой лініі 12,1 км. Пл. вадазбору 19,1 км². Катлавіна тэрмакарставага тыпу, лопасцевай формы, выцягнута з ПнЗ на Пд. Схілы катлавіны выш. да 13 м, разараныя або пад лугам, на Пд і ПдЗ нізкія, забалочаныя, парослыя лесам, на Пн, З і ПнЗ невысокія ўчасткі (3—5 м) чаргуюцца з забалочанымі нізінамі. У паўн.-зах. і паўд. частках возера вял. залівы. Берагі нізкія, пераважна забалочаныя, на Пн і Пд месцамі тарфяністыя, участкамі сплавінныя. Вакол возера забалочаная пойма шыр. да 70 м, пад хмызняком. Дно плоскае, 6 астравоў агульнай пл. 0,09 км². Літараль пясчаная, найбольш глыбокая ч. выслана сапрапелем, уздоўж берагоў нешырокая перарывістая паласа пясчаных адкладаў. Моцна зарастае. Эўтрофнае, слаба праточнае; упадаюць пратокі з азёр Лісіцкае і Бабіна, выцякае р. Лучайка (правы прыток Мядзелкі).

т. 9, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́НСЕН ((Nansen) Фрыцьяф) (10.10. 1861, Осла — 13.5.1930),

нарвежскі акіянолаг, даследчык Арктыкі, грамадскі дзеяч. Ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1898). У 1880—82 вучыўся ва ун-це ў Осла, з 1897 праф. гэтага ун-та. У 1888 перасек Грэнландыю (на лыжах), вызначыў характар яе ледавіковага покрыва. У 1893—96 на судне «Фрам» дрэйфаваў ад Новасібірскіх а-воў да в-ва Шпіцберген. Даказаў наяўнасць вял. глыбінь у Арктыцы, даследаваў структуру і паходжанне яе водных мас, адкрыў уплыў вярчэння Зямлі на рух ільдоў. У 1900 вывучаў цячэнні ў Паўн. Ледавітым ак. У 1923 праплыў уздоўж берагоў Расіі да вусця р. Енісей, падарожнічаў на Пд Усх. Сібіры і Д. Усходу. Імем Н. названы падводны хрыбет, праліў, востраў, катлавіна ў Паўн. Ледавітым ак., гара на п-ве Таймыр. Нобелеўская прэмія міру 1922.

Тв.:

Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—5. Л., 1937-40.

Літ.:

Нансен-Хейер Л. Книга об отце: Пер. с норв. 2 изд. Л., 1986.

Ф.Нансен.

т. 11, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЗНА́НСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1918—19, Велікапольскае паўстанне,

польскае ўзбр. нац.-вызв. паўстанне на зах. ч. польскіх зямель, якія знаходзіліся пад уладай Германіі. Пачалося 27.12.1918 у Познані. У паўстанні, якое ўзначальваў Камісарыят Вярхоўнай нар. рады, удзельнічалі ўзброенае насельніцтва і польскія войскі. У першы дзень паўстання захоплены цэнтр горада, у наступныя дні — яго найважн. аб’екты, у т. л. аэрадром; да сярэдзіны студз. 1919 вызвалена амаль уся Велікапольшча (за выключэннем вузкіх прыгранічных тэрыторый). З 16.1.1919 польскія войскі ўзначальваў Ю.Доўбар-Мусніцкі, які рэарганізаваў армію, стварыўшы 4 баявыя групоўкі. У сярэдзіне студз. 1919 пачалося наступленне ням. войск. 16.2.1919 падпісана перамір’е ў г. Трыр. Уздоўж граніц вызваленых паўстанцамі тэр. праведзена часовая дэмаркацыйная лінія. Аднак Германія не выконвала ўмоў перамір’я, напружанае становішча на граніцы не зняў і Версальскі мірны дагавор 1919. Поспех паўстання забяспечыў уз’яднанне з Польскай дзяржавай ч. Пазнаншчыны, але Памор’е паводле Камп’ёнскага перамір’я 1918 заставалася ў Германіі.

Літ.:

Czubiński A. Powstanie wielkopolskie 1918—1919. Poznań, 1978.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 11, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНТЫ́ЙСКІЯ ГО́РЫ (ад грэч. Pontos Чорнае мора),

паўночныя ўскраінныя горы ў складзе Малаазіяцкага нагор’я ў Турцыі. Даўж. каля 1000 км (уздоўж узбярэжжа Чорнага мора). Выш. да 3937 м (г. Качкар). Падзяляюцца на Зах. П.г. (сярэдневышынныя з выраўнаванымі вяршынямі, паступова паніжаюцца пры набліжэнні да прал. Басфор), горы Джанік і Усх. П.г. (маюць альпійскія формы рэльефу), падзеленыя глыбокімі далінамі і міжгорнымі катлавінамі. Сфарміраваны ў альпійскую складкаватасць, складзены з парод меза-кайназою, месцамі перарваных гранітнымі інтрузіямі. На З складзены пераважна з пясчанікаў, вапнякоў, на У — з гранітаў, гнейсаў, крышт. сланцаў, вулканічных парод. Моцная сейсмічнасць. Прарэзаны скразнымі далінамі рэк Кызыл-Ірмак, Ешыль-Ірмак і інш. Паўн. схілы П.г. укрыты шыракалістымі лясамі з бука, граба, каштана, ліпы з вечназялёным падлескам на горных чырваназёмах і жаўтазёмах. На выш. 600—700 м мяшаныя і хваёвыя лясы на горных буразёмах, вышэй субальпійскія хмызнякі і горныя лугі. На паўд. схілах — стэпы, паўпустыні, хмызнякі. Вырошчваюць пшаніцу, кукурузу, тытунь, цукр. буракі, вінаград і садовыя культуры. Нац. паркі.

М.​В.​Лаўрыновіч.

т. 12, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКЛА́ДКАВАЯ ВО́БЛАСЦЬ ПАЎДНЁВА-АМЕРЫКА́НСКІХ КАРДЫЛЬЕ́Р, складкавая вобласць Андаў, Андыйскі складкавы пояс,

частка складанага рухомага Ціхаакіянскага геасінклінальнага пояса зямной кары, якая акаймоўвае Паўд. Амерыку на З і Пн. На Пн сучляняецца са складкавай вобласцю Паўночна-Амерыканскіх Кардыльераў, на Пд — з Заходне-Антарктычнай складкавай вобласцю. Складзена з сістэм мерыдыянальных (на Пн — шыротных) хрыбтоў: Усходніх, Цэнтральных, Заходніх, Карыбскіх і Патагонскіх Андаў, паміж якімі ляжаць унутр. плато або ўпадзіны.

Развіваецца з позняга пратэразою. Вял. значэнне ў фарміраванні вобласці мела эпоха герцынскай складкавасці. Моцныя арагенічныя працэсы адбываліся і ў мелавы перыяд. У эпоху альпійскай складкавасці (з канца мелу) уздоўж новаўтвораных антыклінорыяў ішло ўкараненне гранітных баталітаў. Найб. актыўны цыкл гораўтварэння адбываецца з канца палеагену (30 млн. г. назад) да нашага часу. У альпійскую эпоху ўтварыліся Карыбскія і Патагонскія Анды, інтэнсіўна праявіўся наземны вулканізм, які працягваецца. Буйныя радовішчы медзі (Чылі), волава, вальфраму і інш. рэдкіх і каляровых металаў (Перу, Балівія), нафты і газу (Венесуэла, Эквадор, Аргенціна і інш.).

В.​М.​Губін.

т. 14, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРАВІ́ЙСКІ ПАЎВО́СТРАЎ, Аравія (ад стараж.-яўр. араба пустыня),

на ПдЗ Азіі, самы вялікі на зямным шары. Пл. каля 2730 тыс. км². Працягласць з ПнЗ на ПдУ 2700 км. Абмываецца на З Чырвоным м., на Пд Адэнскім залівам і Аравійскім м., на У Аманскім і Персідскім залівамі. Мяжу на Пн звычайна праводзяць па 30° паўн. шыраты. Паверхня Аравійскага паўвострава — плато з узвышанымі зах. і паўд. ўскраінамі (пераважныя выш. 1000—2000 м), размешчанае на Аравійскім шчыце. Найб. высокія горныя вобласці на ПдЗ — горы Хіджаз і Йеменскія (выш. 3600 м, г. Эн-Набі-Шаіб) і на ПдУ Асманскія горы (выш. 3353 м, г. Шаме). Уздоўж зах. берага нізіна Тыхама, уздоўж усх. — Эль-Хаса. На Пн пясчаныя пустыні Вял. Нефуд, М. Нефуд, на Пд пустыня Руб-Эль-Халі. Фундамент Аравійскага паўвострава складзены са стараж. крышт. парод (архейскія сланцы і граніты) і ўкрыты на Пн і У мезазойскімі, палеагенавымі і неагенавымі вапнякамі і пясчанікамі. Карысныя выкапні: буйныя радовішчы нафты (гл. Персідскага заліва нафтагазаносны басейн), золата, жал. і поліметалічныя руды, кухонная соль, буд. матэрыялы. Клімат на Пн субтрапічны, на Пд трапічны, сухі. Сярэднія т-ры студз. ад 7 °C на Пн да 24 °C на Пд, ліп. адпаведна 25 і 30 °C (самы цёплы — чэрв., максімум да 55 °C). Ападкаў на раўнінах каля 100 мм, у гарах Йемена 500 мм за год (індыйскі мусон). Малы сцёк, рэдкая сетка рэк і азёраў, сухія рэчышчы — вадзі. Вял. роля належыць падземным водам і карставым крыніцам. Пастаянныя вадасцёкі на Пд і ПдЗ — рэкі Масіла, Тыбан і інш. Большая ч. тэрыторыі — зона пустыняў і паўпустыняў. На прымітыўных шэразёмах жорсткая падушкападобная паўхмызняковая расліннасць (вярблюджая калючка, палын, салянкі, ахіла), шматгадовыя травы (арыстыда, астрагал), пашыраны перакаці-поле, іерыхонская ружа, лішайнік манна; па схілах гор лістападобныя лясы з дробным лісцем (акацыі, мімозы, друр-джуп, трапляюцца кактусападобныя малачаі); на ПдУ — саванны. У рэдкіх аазісах — фінікавая пальма, садавіна, бавоўнік. Жывёльны свет: антылопы, газелі, дзікі кот, шакалы, гіены, ліс фянёк, бабуіны, гамадрылы, сабакападобныя малпы; з птушак — арлы, ястрабы, сокалы, на ўзбярэжжах — фламінга, пеліканы, чаплі; паўзуны — рагатая гадзюка, гюрза, кобра, хамелеоны. На тэр. Аравійскага паўвострава дзяржавы Саудаўская Аравія, Йемен, Аман, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Кувейт, частка Ірака і Іарданіі.

М.​В.​Лаўрыновіч.

Аравійскі паўвостраў. Падушкавыя формы раслін у камяністай пустыні.

т. 1, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)