СЛАНЦАВА́ТАСЦЬ,
уласцівасць горнай пароды расшчапляцца на тонкія пласціны, абумоўлена плоскапаралельным размяшчэннем пародаўтваральных мінералаў. Паводле генезісу адрозніваюць першасную С. (узнікае ў пародах адначасова з асадканамнажэннем або дыягенезам) і другасную С. (пры метамарфізме парод). Другасная С. бывае мех. (у выніку мех. ўздзеяння на сфарміраваную пароду), дыяфтарычнай (пры рэгрэсіўным мінер. ператварэнні магматычных і метамарфічных парод) і крышталізацыйнай (у выніку лакальнай перакрышталізацыі зыходнай пароды ў новую метамарфічную пароду). Паводле маштабаў праяўлення вылучаюць С. рэгіянальную (на вял. плошчах, напр., пры складкаўтварэнні) і С. мясцовую (напр., пры перамяшчэнні парод уздоўж тэктанічных парушэнняў). С., якая ўзнікла пад мех. уздзеяннем без перакрышталізацыі і пераарыентацыі мінералаў, з утварэннем трэшчын, перпендыкулярных ціску, наз. кліваж (характэрна для гнейсаў, сланцаў і інш.).
В.І.Ярцаў.
т. 14, с. 507
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)