МА́РКІНА (Галіна Пятроўна) (23.11.1931, г. Варонеж, Расія — 27.10.1985),
бел. актрыса. Дачка П.А.Маркіна. Нар. арт.
Беларусі (1976). Скончыла Бел.тэатр.-маст.ін-т (1956, педагог Дз.Арлоў) і адначасова Варонежскі ун-т. З 1956 працавала ў Брэсцкім абл.драм. т-ры, з 1959 у Бел. т-ры імя Я.Купалы, з 1961 у Бел. т-ры імя Я.Коласа. Актрыса шырокага творчага дыяпазону. Яе майстэрству былі ўласцівы высокая акцёрская тэхніка, глыбокае спасціжэнне аўтарскай задумы, выразны пластычны малюнак. Сярод роляў: Маці («Зацюканы апостал» А.Макаёнка), Зубрыч («Трывога» А.Петрашкевіча), Зося Савіч, Яўгенія, Марозава («Сэрца на далоні», «Выгнанне блудніцы», «Крыніцы» паводле І.Шамякіна), Корзун («Вайна пад стрэхамі» паводле А.Адамовіча), Кручыніна («Без віны вінаватыя» А.Астроўскага), Ранеўская («Вішнёвы сад» А.Чэхава), Соф’я, Варвара («Зыкавы», «Дачнікі» М.Горкага), Анісся («Улада цемры» Л.Талстога), Зана («Ветрык, вей!» Я.Райніса), Кузькіна («Энергічныя людзі» В.Шукшына), Беатрычэ, Ганерылья («Многа шуму з нічога», «Кароль Лір» У.Шэкспіра), Марыя Сцюарт («Марыя Сцюарт» Ф.Шылера), матухна Кураж («Матухна Кураж і яе дзеці» Б.Брэхта). Выступала ў друку з артыкуламі пра акцёрскае майстэрства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРФАНАЛО́ГІЯ,
раздзел мовазнаўства, які вывучае фаналагічную структуру марфем рознага тыпу і выкарыстанне фаналагічных адрозненняў у марфал. мэтах. Займае прамежкавае становішча паміж фаналогіяй і марфалогіяй. Даследуе фанемную структуру марфем, напр., каранёвыя марфемы назоўнікаў пераважна закрытыя («дом» — ∅, «сад» — ∅, «вад-а» і інш.), у той час як каранёвыя марфемы дзеясловаў могуць быць і закрытымі («слух-а-ць») і адкрытымі («лі-ць»); чаргаванне гукаў у розных морфах адной і той жа марфемы, напр., марфанемы ц’ — ч у морфах «кац’-» — «кач-» («каціць» — «качу»); правілы і заканамернасці спалучэння марфем у слове. На месцы спалучэння марфем узнікаюць марфемныя стыкі («марфемнае шво»), на якіх часта наглядаюцца гукавыя спалучэнні, якія не могуць сустракацца ўнутры марфемы. Напр., у бел. мове звычайна не бывае ў складзе марфемы спалучэнняў аднолькавых гукаў, аднак на марфемным стыку такія спалучэнні лёгка ўтвараюцца («па-абед-а-ць», «ад-да-ць»). На стыку марфем часцей за ўсё наглядаюцца і разнастайныя чаргаванні. Тэрмін «М.» ўвёў рас. вучоны М.С.Трубяцкой (1931).
Літ.:
Трубецкой Н.С. Некоторые соображения относительно морфонологии: Пер. с нем. // Пражский лингвистический кружок. М., 1967;
Шуба П.П. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЕ ЛІТАРАТУ́РНА-АРТЫСТЫ́ЧНАЕ ТАВАРЫ́СТВА,
грамадская літ.-маст. і асветніцкая арг-цыя ліберальна-дэмакр. кірунку. Існавала ў Мінску ў 1906—09. Створана членамі забароненага Мінскага таварыства аматараў прыгожых мастацтваў. Кіраўнікі: В.Чавусаў, К.Фальковіч, В.Аляксандрава, А.Аляксандраў, Д.Мейчык, В.Сушчынскі, К.Урсыновіч і інш. Мела драм., літ., маст. і муз. секцыі. Аматары паставілі больш за 60 спектакляў, у т. л.: «Гора ад розуму» А.Грыбаедава, «Вішнёвы сад», «Дзядзька Ваня» і «Іванаў» А.Чэхава, «Плады асветы» Л.Талстога і «Ганна Карэніна» паводле яго аднайм. рамана, «Ідыёт» паводле Ф.Дастаеўскага, «Мар’я Іванаўна» і «Яўрэі» Я.Чырыкава, «Рэвізор» М.Гогаля і інш.Літ. секцыя т-ва арганізавала шэраг лекцый і літ. чытанняў: «Драматургія Ібсена» і «Морыс Метэрлінк» Ю.Айхенвальда, «Маладая руская паэзія» і «Апошнія парасткі рускай паэзіі» Я.Анічкава, «Талстой і Андрэеў: паралельная характарыстыка» У.Самойлы, «Паходжанне права і яго сутнасць» Мейчыка, «Санін» М.Арцыбашава» У.Майстраха і інш.Маст. секцыя наладзіла 4-ю выстаўку жывапісу і графікі ў Мінску (1908). Муз. секцыя аб’ядноўвала каля 400 прафес. музыкантаў і аматараў, наладжвала лекцыі і канцэрты. Спыніла дзейнасць у выніку фін. банкруцтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЦКЕ́ВІЧ (Мікалай Антонавіч) (16.1. 1901, г.п. Парычы Светлагорскага р-на Гомельскай вобл. — 23.2.1954),
бел. рэжысёр і акцёр. Засл. дз. маст. Беларусі (1949). Скончыў Бел.драм. студыю ў Маскве (1926). У 1918—20 акцёр Першага т-вабел. драмы і камедыі. З 1926 у Бел. т-ры імя Я.Коласа (у 1931—33 маст. кіраўнік студыі пры т-ры), у 1934—41 рэжысёр т-раў на Украіне. Сярод роляў у т-ры Я.Коласа: Адольф, («Цар Максімілян»), Галадуха («Сон у летнюю ноч» У.Шэкспіра), фон Штубе («Разлом» Б.Лаўранёва), Гадзіншчык («Крамлёўскія куранты» М.Пагодзіна). Стварыў яркія спектаклі па п’есах бел. аўтараў: «Качагары» І.Гурскага (1931), «Заложнікі» А.Кучара (1944), «Пяюць жаваранкі» К.Крапівы (1950). Пастаноўкі вызначаліся яскравай сцэн. формай, індывідуалізацыяй вобраза ў масавых сцэнах, лаканізмам выразных сродкаў: «Жаніцьба Фігаро» П.Бамаршэ (сурэжысёр, 1933), «Нашэсце» Л.Лявонава (1943), «Тэатр Клары Гасуль» П.Мерымэ (1944), «Праўда добра, а шчасце лепш» А.Астроўскага (1950), «Васа Жалязнова» М.Горкага (1953), «Гаіці» У.Дзюбуа (1954). У БДТ-3 паставіў спектакль «Дыктатура» І.Мікітэнкі (1930), у т-ры імя Я.Купалы — «Вішнёвы сад» А.Чэхава (1951).
Літ.:
Скібнеўскі А. Мікола Міцкевіч // Слова пра майстроў сцэны. Мн., 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАНКІ́Н, Наньцзін,
горад на У Кітая. Адм. ц.прав. Цзянсу. Больш за 2 млн.ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт на р. Янцзы, даступны для марскіх суднаў. Міжнар. аэрапорт. Буйны прамысл., навук. і культ.цэнтр.Прам-сць: металургічная, шматгаліновае машынабудаванне; хім. (хім. ўгнаенні, штучныя валокны), цэм., тэкст., харчовая. Філіял АН. Ун-т. Музеі гіст. і гарадскі. Абсерваторыя. Бат.сад. Арх. помнікі: «Імператарскі горад» (14—15 ст.) з рэгулярнай планіроўкай (у 1400 абнесены крапасной сцяной), каменная пагада Шэліта манастыра Цысясы (10 ст.), частка гар. сцен эпохі дынастыі Мін (14—17 ст.), пахаванні імператараў дынастыі Лян (502—557) і інш. Маўзалей Сунь Ятсена.
Засн. ў 472 да н.э. пад назвай Цзіньлін. Пазней шмат разоў быў перайменаваны: Малін, Цзянье, Цзянькан і інш. Сталіца шэрагу буйных царстваў: Чу (3 ст.), Усх. Цзінь, Сун, Цы, Лян, Чэнь (4—6 ст.) і інш., у 1368—1421 — усяго Кітая. У 1421—1911 цэнтр намесніцтва Цзянань. У Н. надпісаны Нанкінскі дагавор 1842 У 1853—64 пад назвай Цяньцзін («нябесная сталіца») быў сталіцай тайпінскай дзяржавы. У 1927—37 і 1946—49 месцазнаходжанне ўрада Кіт. рэспублікі. У 1937—45 акупіраваны яп. войскамі.
Да арт.Нанкін. У Заходнім садзе былога імператарскага палаца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕТРАДВАРЭ́Ц,
палацава-паркавы ансамбль 18—19 ст. у г. Петрадварэц (да 1944 Пецяргоф) у Ленінградскай вобл.Пл. каля 1000 га. Ідэя кампазіцыі належала Пятру I, які вырашыў стварыць летнюю рэзідэнцыю з палацам, паркам і фантанамі накшталт Версаля. Пры ім разбіты Верхні сад (пл. 15 га) з рэгулярнай сістэмай алей і 5 фантанамі, Ніжні парк (пл. 102,5 га), пабудаваны палацы Вялікі (1714—25, перабудаваны ў 1745—55 арх. В.Растрэлі), Монплезір (1714—25, арх. І.Браўнштэйн, Ж.Б.А.Леблон, М.Зямцоў і інш.), Марлі (1720—23), павільёны Эрмітаж (1721—24, абодва арх. Браўнштэйн; усе барока), створана буйнейшая ў свеце сістэма фантанаў і водных каскадаў, аздобленая скульптурай (першапачаткова свінцовай, пазней бронзавай; скульпт. І.Мартас, І.Пракоф’еў, Ж.Д.Рашэт, Ф.Шчадрын). З 1770-х г. вакол ядра П. пачаў складвацца комплекс пейзажных паркаў: Англійскі (1779—94, арх. Дж.Кварэнгі), Александрыя (1826—29, арх. А.Менелас), Аляксандраўскі (1830-я г.) і інш. з палацамі і павільёнамі ў стылях класіцызму і псеўдаготыкі. У Вял.Айч. вайну ансамбль моцна пашкоджаны, адноўлены (праект 1945, арх. А.Гесен, А.Оль і інш.). З 1983 музей-запаведнік.
Фантан «Адам» у Петрадварцы.Петрадварэц. Вялікі палац. 1714—25.Панарама рэгулярнага парку ў Петрадварцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТРО́Ў (Мікалай Васілевіч) (3.7.1890, г. Екацярынбург, Расія — 29.9.1964),
расійскі рэжысёр, педагог. Нар.арт. Расіі (1945). Д-р мастацтвазнаўства. Вучыўся ў рэжысёрскім класе Маскоўскага маст.т-ра (1908—10, кіраўнік У.Неміровіч-Данчанка). Працаваў у Александрыйскім т-ры (з 1920 Петраградскі т-р драмы, з 1928 яго дырэктар і маст. кіраўнік), з 1933 маст. кіраўнік Харкаўскага т-рарус. драмы. З 1939 у Маскве, гал. рэжысёр т-ра транспарту, з 1948 рэжысёр т-ра сатыры (да 1953 гал. рэжысёр), з 1956 т-ра імя А.Пушкіна. Адначасова з 1910 выкладчык, у т. л. ва Усесаюзным ін-це тэатр. мастацтва (з 1946 праф.). Сярод лепшых пастановак: «Штыль» У.Біль-Белацаркоўскага (1927), «Лютасць» Ю.Яноўскага (1930), «Страх» (1931) і «Машачка» (1941) А.Афінагенава, «Вішнёвы сад» А.Чэхава (1934), «З кожным можа здарыцца» (1940) і «Вялікая сіла» (1948) Б.Рамашова (апошні з К.Зубавым, Малы т-р), «Хаціна дзядзькі Тома» паводле Г.Бічэр-Стоу (1948), «Лазня» У.Маякоўскага (1953, з В.Плучакам і С.Юткевічам), «Гулец» паводле Ф.Дастаеўскага (1956) і інш. Аўтар кніг па рэжысуры, у т. л. «Рэжысёр у тэатры» (1961), «Шляхі да творчасці» (1963). Дзярж. прэмія СССР 1948.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАНЕ́ЎСКАЯ (Фаіна Рыгораўна) (27.8.1896, г. Таганрог, Расія — 19.7.1984),
расійская актрыса. Нар.арт.СССР (1961). З 1915 працавала ў правінцыяльных т-рах. З 1931 у маскоўскіх т-рах — Камерным, Цэнтр. т-ры Чырв. Арміі, імя Маякоўскага, імя Пушкіна і інш., у 1949—55 і з 1963 у т-ры імя Массавета. Характарная актрыса. У яе творчасці спалучаліся эксцэнтрыка і гратэск з мудрай іроніяй, лірыка і камедыйнасць з драм. глыбінёй. Сярод роляў: Змяюкіна («Вяселле»), Мярчуткіна («Юбілей»), Шарлота («Вішнёвы сад»), Наташа («Тры сястры»; усе А.Чэхава), Васа Жалязнова (аднайм. п’еса М.Горкага). Лепшыя ролі: Бэрдзі («Лісічкі» Л.Хэлман, 1945), Спекулянтка («Шторм» У.Біль-Белацаркоўскага, 1951), Эўхенія («Дрэвы паміраюць стоячы» А.Касоны, 1958), місіс Сэвідж («Дзіўная місіс Сэвідж» Дж.Патрыка, 1966), Люсі Купер («Далей цішыня» паводле п’есы В.Дэльмар, 1969), Феліцата («Праўда — добра, а шчасце лепш» А.Астроўскага, 1980). Здымалася ў кіно: «Пышка» (1934), «Падкідыш» (1940), «Мара» (1943), «Вясна» (1947), «Папялушка» (1947), «У іх ёсць Радзіма» (1950), «Дзяўчына з гітарай» (1958), «Лёгкае жыццё» (1964) і інш.Дзярж. прэміі СССР 1949, 1951 (двойчы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,
найстарэйшая навуч. ўстанова Беларусі і Літвы. Засн. ў Вільні ў 1570 езуітамі як калегіум, які на падставе прывілея караля Стафана Баторыя ў 1579 пераўтвораны ў акадэмію. Першы рэктар П.Скарга. Меў ф-ты філасофскі і тэалагічны, у 1641 адкрыты юрыд.ф-т. Студэнты ўсіх ф-таў вывучалі бел. мову. Пры акадэміі існавалі б-ка, друкарня, астр. лабараторыя. Апрача служыцеляў культу акадэмія рыхтавала выкладчыкаў для езуіцкіх калегіумаў. Сярод яе выпускнікоў М.Сматрыцкі, Сімяон Полацкі, А.Каяловіч і інш. У сувязі са спыненнем дзейнасці ордэна езуітаў (1773) акадэмія перайшла пад апеку Адукацыйнай камісіі, у 1781 пераўтворана ў Гал. школу Вял.кн. Літоўскага. Яе рэктар М.Пачобут-Адляніцкі рэфармаваў Гал. школу і надаў адукацыі амаль свецкі характар. Гал. школа мела ф-ты: маральны, фізічны, а пасля далучэння да яе Гродзенскай мед. школы — медыцынскі. У 1781 пры Гал. школе Ж.Жыліберзасн. батанічны сад. У 1803 Гал. школа рэарганізавана ва ун-т з 4 ф-тамі (маральных і паліт.Навук. фізіка-матэм., мед., літ. і вольных мастацтваў). Быў адм. цэнтрам Віленскай навучальнай акругі. Пры ун-це дзейнічалі мед., вет., агранамічны ін-ты, абсерваторыя, адна з найбагацейшых у Еўропе б-ка і бат.сад. Сярод выкладчыкаў І.Анацэвіч, М.Баброўскі, І.Лялевель, А.Снядэцкі і інш. З яго сцен выйшлі вядомыя паэты і пісьменнікі А.Міцкевіч, Ю.Славацкі, Ю.Крашэўскі, гісторык І.Даніловіч, геолаг І.Дамейка і інш. У апошнія гады існавання Віленскага універсітэта з 47 прафесараў 36 былі ўраджэнцамі Беларусі і Літвы. Ун-т быў цэнтрам перадавой навук. і грамадскай думкі. У 1817—23 ва ун-це існавалі тайныя т-вы філаматаў, філарэтаў. Сярод студэнтаў распаўсюджваліся антысамадзяржаўныя і патрыятычныя ідэі. Трэцяя частка студэнтаў удзельнічала ў паўстанні 1830—31, за што рас. імператар Мікалай I у 1832 закрыў Віленскі універсітэт. На яго базе былі створаны Віленская медыка-хірургічная акадэмія і Духоўная рымска-каталіцкая акадэмія (у 1842 пераведзена ў Пецярбург). У сценах б. ун-та засталася толькі абсерваторыя (закрыта ў 1883). У 1919 дзейнасць Віленскага універсітэта была адноўлена, яму прысвоена імя Стафана Баторыя. Меў 5 ф-таў: тэалагічны, права і грамадскіх Навук.мед., гуманітарны, матэм.-прыродазнаўчы, мастацтва. Працавалі прафесары Ю.Дэмбоўскі, Л.Калянкоўскі, В.Камарніцкі, Г.Лаўмянскі, В.Урублеўскі і інш. Пасля перадачы Віленскага краю Літве літ. ўлады закрылі Віленскі універсітэт (15.12.1939), у 1940 у яго будынак перавялі некаторыя ф-ты Каўнаскага ун-та. 19.3.1943 і гэтыя ф-ты зачынены ням.акупац. ўладамі. У 1945 у будынку Віленскага універсітэта аднавіў дзейнасць пераведзены з Каўнаса ун-т (цяпер Вільнюскі ун-т, у 1955—89 імя В.Капсукаса; у 1995/96 навуч г. на яго 13 ф-тах і ў 2 ін-тах вучылася 9709 студэнтаў).
В.Ф.Шалькевіч.
Вялікі двор Віленскага універсітэта. Літаграфія. 1850.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРАЗВЕ́ЦКІ КЛЯШТА́Р БАЗЫЛЬЯ́Н,
архітэктурны комплекс 18 ст. Драўляны кляштар базыльян пабудаваны ў 1643 на паўн. беразе воз. Глыбокае каля в.Беразвечча (цяпер у межах г. Глыбокае Віцебскай вобл.) паводле фундацыі старосты мсціслаўскага Я.Корсака. Пры кляштары дзейнічала школа, у якой выкладаліся прыродазнаўчыя навукі і замежныя мовы. У 1756—63 на месцы старых будынкаў узведзены новы мураваны кляштар з царквой — адзін з лепшых узораў віленскага барока. Гал. 2-вежавы фасад царквы вылучаўся пластычнай формай, дынамічнай святлоценявой кампазіцыяй. Аўтарам праекта царквы лічаць віленскага дойліда І.К.Глаўбіца, над дэкорам з 1753 працаваў архітэктар і лепшчык Ян Табіяш Дыдрыштэн (Дыдрыхштэн). У канцы 18 ст. комплекс уключаў царкву з араторыумам (зімовая капліца, прыбудаваная ў 1766—76), жылыя і гасп. карпусы, школу і сад, абнесеныя мураванай агароджай з брамай. Пасля скасавання ў 1839 Брэсцкай уніі кляштар перададзены правасл. мужчынскаму манастыру (1847—74), пазней — жаночаму. У 1919 царква перайшла да католікаў, у манастырскіх будынках размяшчаўся польскі корпус аховы сумежжа. У 1930-я г. комплекс рэстаўрыраваны (з удзелам Ф.Рушчыца, Я.Булгака, Ю.Клоса, Я.Ромера і інш.). У Вял.Айч. вайну на тэр. манастыра ням. фашысты стварылі Беразвецкі лагер смерці. У 1960-я г. царква разбурана.
В.В.Гліннік.
Беразвецкі кляштар базыльян. Галоўны фасад царквы. Здымак 1930-х г.