ПАЛЯВО́Й (Мікалай Аляксеевіч) (3.7.1796, г. Іркуцк, Расія — 6.3.1846),
рускі пісьменнік, крытык, журналіст, гісторык. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1831). Выдаваў час. «Московский телеграф» (1825—34, забаронены), у якім выступаў у абарону правоў купецтва, асуджаў дваранскую арыстакратыю за адсутнасць нац. пачуцця, асн. умовай прагрэсу краіны лічыў пашырэнне асветы. Аповесць «Сімяон Кірдзяпа. Руская быль XIV ст.» (1828, апубл. 1832), раман «Клятва каля труны Гасподняй» (1832), п’есы «Дзядуля рускага флоту» (1838), «Кастрамскія лясы» (1841, пра Івана Сусаніна) і інш. на гіст. тэматыку. У аснове аповесцей «Жывапісец», «Асалода вар’яцтва» (абедзве 1833), «Эма» (1834) і інш. канфлікт «мары» і «рэальнага жыцця» ў духу рамантызму. «Гісторыя рускага народа» (т. 1—6, 1829—33, незавершана) палемічна скіравана супраць «Гісторыі дзяржавы Расійскай» М.Карамзіна. Аўтар вершаў, рамана «Абаддона» (1834), празаічнага перакладу «Гамлета» У.Шэкспіра (1837), артыкулаў пра рус. і замежную л-ру, на сац.-эканам. тэмы і інш.
Тв.:
Избр. произв. и письма. Л., 1986;
Избр. историческая проза. М., 1990;
Клятва при Гробе Господнем. М., 1994;
История русского народа. Т. 1—3. М., 1997.
Літ.:
Шикло А.Е. Исторические взгляды Н.А.Полевого. М., 1981.
т. 12, с. 23
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНФЁРАЎ (Фёдар Іванавіч) (2.10.1896, с. Паўлаўка Ульянаўскай вобл., Расія — 10.9.1960),
рускі пісьменнік. Вучыўся ў Саратаўскім ун-це (1923—25). З 1931 (з перапынкамі) гал. рэдактар час. «Октябрь». Друкаваўся з 1918. Раман «Брускі» (т. 1—4, 1928—37; па матывах рамана нап. п’есу «Жыццё», 1939; кінасцэнарый «У пошуках радасці», 1940) пра калектывізацыю ў прыволжскай вёсцы. Тэме Вял. Айч. вайны прысвечаны аповесці «Сваімі вачамі» (1941), «Рука пацяжэла» (1942), трылогія: раманы «Барацьба за мір» (1945—47, Дзярж. прэмія СССР 1948), «У краіне пераможаных» (1948, Дзярж. прэмія СССР 1949), «Вялікае мастацтва» (2-і варыянт 1954). Аўтар трылогіі «Волга-матухна рака» (1953—60), аповесцей «Роднае мінулае» (1956), «Сказанне пра Паволжа» (1957), п’ес «Мужыкі» (1924), «Бунт зямлі» (1926), кн. нарысаў «Берагавая быль» (1926), апавяданняў, літ.-крытычных артыкулаў і інш. На бел. мову асобныя яго творы пераклалі М.Багун, Т.Кляшторны.
Тв.:
Собр. соч. Т. 1—6. М., 1986;
Бел. пер. — Брускі. Ч. 1—2. Мн., 1932;
Цвёрдым поступам. Мн., 1932.
Літ.:
Стогнут А.С. Ф.И.Панферов. 2 изд. Киев, 1969;
Федор Панферов: Воспоминания друзей. 2 изд. М., 1977;
Панферов А.И. Мой старший брат. Саратов, 1986.
т. 12, с. 53
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПО́ВА (Алена Георгіеўна) (н. 12.10.1947, г. Лягніца, Польшча),
бел. драматург. Дачка Г.Л.Папова. Скончыла Літ. ін-т імя М.Горкага (1973). У 1973—77 працавала на кінастудыі «Беларусьфільм», у Бел. т-ры імя Я.Купалы. Друкуецца з 1967. Піша на рус. мове. У п’есах «Скорыя цягнікі» (паст. Бел. т-рам імя Я.Коласа, 1978), «Ціхі прыстанак» (паст. 1979), «Аб’ява ў вячэрняй газеце» (паст. Рус. драм. т-рам імя М.Горкага, 1982), «Жыццё Карыцына» (паст. т-рам імя Я.Купалы, 1988), «Маленькія радасці жывых» (паст. 1990), «Улюбёнцы лёсу» (паст. Рус. драм. т-рам, 1997; 1-я прэмія на Еўрап. конкурсе п’ес у Германіі, 1994; уключана ў анталогію «Жанчыны-пісьменніцы Цэнтральнай і Усходняй Еўропы». Лондан, 1999), «Дзень Карабля» (паст. т-рам імя Я.Коласа, 1998), «Развітанне з Радзімай» (паст. Рэсп. т-рам бел. драматургіі, 1998), «Вандроўнікі» (паст. Нац. т-рам імя Я.Купалы, 2000) і інш. роздум пра сэнс чалавечага існавання, вострыя маральныя праблемы сучаснасці. Аўтар рамана «Узыходжанне Зенты» (2000), апавяданняў, артыкулаў і інш.
Тв.:
Объявление в вечерней газете. Мн., 1989;
Прощание с Родиной: Пьесы. Мн., 1999.
т. 12, с. 67
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАНДО́ЎСКІ ((Parandowski) Ян) (11.5.1895, г. Львоў, Украіна — 26.9.1978),
польскі пісьменнік, гісторык культуры. Скончыў Львоўскі ун-т (1923). У 1945—48 праф. Люблінскага ун-та. Друкаваўся з 1913. Аўтар кніг і эсэ пра антычнасць («Міфалогія» і «Эрас на Алімпе», абодва 1924; «Алімпійскі дыск», 1933), белетрызаваных біяграфій «Кароль жыцця» (1930, пра О.Уайльда), «Петрарка» (1956), аўтабіягр. рамана «Неба ў агні» (1936), цыклаў лірычных («Сонечны гадзіннік», 1953) і гіст. («Успаміны і сілуэты», 1960) апавяданняў. Праблемы псіхалогіі творчасці ў кн. эсэ «Алхімія слова» (1951). Яго творчай манеры ўласціва спалучэнне асаблівасцей маст. прозы, стылявой вытанчанасці з дакладнасцю гіст., культуралагічнага, філал. даследавання. Пераклаў прозай «Адысею» Гамера (1953) і інш. Выдаў анталогію «Пісьменнікі свету Міцкевічу» (1962). Дзярж. прэмія Польшчы 1964.
Тв.:
Dzieła wybrane. Т. 1—3. Warszawa, 1957;
Рус. пер. — Избранное. М., 1981;
Мифология: Верования и легенды греков и римлян. М., 1971;
Алхимия слова. Петрарка. Король жизни. М., 1990;
Эрос на Олимпе. М., 1991.
Літ.:
Studenski W. Alchemik słowa: Rzecz o Janie Parandowskim. Г. 1—2. Opole, 1972—74.
С.Дз.Малюковіч.
т. 12, с. 89
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРО́КША (Леанід Януаравіч) (19.4.1912, г. Полацк Віцебскай вобл. — 9.12.1994),
бел. пісьменнік. Скончыў Ваенна-паліт. акадэмію імя Леніна (1955). Настаўнічаў, працаваў у рэдакцыях газет, з 1956 у час. «Коммунист Белоруссии», рэдактар газ. «Голас Радзімы», у 1969—72 гал. рэдактар штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва». Друкаваўся з 1937. Пісаў на рус., бел., польскай мовах. Аўтар зб. апавяданняў і нарысаў «Крыніца прыгажосці» (1960), кніг памфлетаў «Камедыянты» (1961), «След вядзе за мяжу» (1965), «Інтрыгі прэзідэнцкага двара» (1967), «Візітная картка народа» (1972), дакумент. аповесці «За Добрыцай рэчкай» (1975), рамана «Пакуль жывеш на свеце» (1980) пра першыя пасляваен. гады ў зах. абласцях Беларусі, Украіны, у Польшчы, зб-каў гумарыст. апавяданняў «Каб жылося-вялося» (1961), «Кантроль сумлення» (1963), «Не ў тым поездзе» (1971), «Самадзейнасць у ліфце» (1972). Пісаў для дзяцей (кн. «Хлопчык у вялікіх чаравіках», 1963; «Незвычайныя прыгоды хлопчыка Бульбінкі», 1973) і інш.
Тв.:
Праз туманы. Мн., 1964;
По обе стороны океана. Мн., 1968;
Туман развеецца. Мн., 1970;
Стрэлы над ярам. Мн., 1979;
Зося смяецца. Мн., 1982;
Туника Несса. Мн., 1986;
Призраки и президенты. Мн., 1988;
Урок любві і нянавісці. Мн., 1990.
Л.С.Савік.
т. 13, с. 39
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭВО́ д’Экзіль
(Prévost d’Exiles) Антуан Франсуа (1.4.1697, г. Эдэн, Францыя — 25.11.1763),
французскі пісьменнік-асветнік, прадстаўнік ранняга сентыменталізму і ракако. Скончыў езуіцкі калеж (1713), стаў абатам. Аўтар сац.-псіхал. раманаў «Мемуары і прыгоды знатнага чалавека, які аддаліўся ад свету» (т. 1—7, 1728—31), «Англійскі філосаф, або Гісторыя Кліўленда, незаконнага сына Кромвеля, напісаная ім самім» (т. 1—8, 1731—39), «Кілерынскі ігумен» (1735), «Гісторыя адной грачанкі» (1740), «Мемуары добра выхаванага чалавека» (1745), у якіх паўстае шырокая панарама жыцця тагачаснай Францыі і Еўропы, ставяцца вострыя сац. праблемы. Вяршыня яго творчасці — раман «Гісторыя кавалера Дэ Грыё і Манон Леско» (1731, неаднаразова экранізаваны). Вобраз Манон — сімвал складанасці і таямнічасці чалавечай натуры, увасабленне горкага лёсу прыгажосці ў свеце саслоўнай няроўнасці і пагоні за багаццем. На сюжэт рамана напісаны балет Ф.Галеві, оперы Ф.Абера, Ж.Маснэ, Дж.Пучыні.
Тв.:
Рус. пер. — История кавалера де Грие и Манон Леско;
История одной гречанки;
Новеллы. М., 1989.
Літ.:
Пахсарьян Н.Т. Генезис, поэтика и жанровая система французского романа 1690—1760-х гг. Днепропетровск, 1996.
Г.В.Сініла.
т. 13, с. 90
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАВЕ́НСКІХ (Барыс Іванавіч) (27.6.1914, Масква — 10.1.1980),
расійскі рэжысёр. Нар. арт. СССР (1968). Скончыў Ленінградскі тэатр. тэхнікум (1935). З 1935 у т-ры У.Меерхольда, з 1940 у Маскоўскім маст. акад. т-ры, з 1941 рэжысёр Драм. студыі (пазней Маскоўскі драм. т-р імя К.Станіслаўскага), з 1951 — Малога т-ра, з 1960 гал. рэжысёр Маскоўскага драм. т-ра А.Пушкіна, у 1970—80 рэжысёр, гал. рэжысёр Малога т-ра. Творчасць адметная публіцыстычнасцю, псіхал. вастрынёй распрацаваных характараў, выразнай формай, эмацыянальнасцю. У сваіх пастаноўках удала выкарыстоўваў музыку, пластычную выразнасць для раскрыцця філас. зместу твора: «З каханнем не жартуюць» П.Кальдэрона (1949), «Вяселле з пасагам» М.Дзьяканава (1950), «Шакалы» А.Якабсана (1953), «Улада цемры» Л.Талстога (1956), «Чаму ўсміхаліся зоркі» А.Карнейчука, «Дзень нараджэння Тэрэзы» Г.Мдывані (1961), «Раманьёла» Л.Скуарцыны (1963), «Узнятая цаліна» паводле М.Шолахава (1964), «Драматычная песня» (кампазіцыя Р. і Анчарава паводле рамана М.Астроўскага «Як гартавалася сталь», 1971), «Цар Фёдар Іаанавіч» А.К.Талстога (1973). Дзярж. прэміі СССР 1951, 1972. Дзярж. прэмія Расіі 1967.
Р.І.Баравік.
т. 13, с. 192
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́ЖСКІ ДО́МСКІ САБО́Р, сабор Марас,
помнік сярэдневяковага дойлідства ў Рызе. Закладзены ў 1211 — каля 1215 як 3-нефавая раманская базіліка з манастыром для капітула (вышэйшага духавенства Лівоніі). Завершаны каля 1270 невядомым майстрам з г. Кёльн (Германія) па тыпу зальнага храма з вежай на зах. фасадзе. Каля 1300 сабор дабудаваны як базіліка, перакрыты гатычнымі скляпеннямі (выш. сярэдняга нефа 26 м). Часткова перабудоўваўся да канца 19 ст. Бакавыя капэлы — 13 (?) і 15 ст.; клуатр і зала капітула з разьбой на капітэлях — 1-я пал. 13 ст. У 1776 завяршэнне сабора набыло рысы барока. У інтэр’еры захаваліся скульпт. надмагіллі 14—17 ст., разны амбон 1641, жывапіс 18 ст., вітражы 19 ст. Буд-ва сабора паспрыяла пашырэнню ў архітэктуры Прыбалтыкі пераходных рамана-гатычных форм. Разам з манастыром і інш. пабудовамі 13—19 ст. сабор уяўляе сабой цэласны арх. комплекс; адна з асн. горадабуд. дамінантаў Старога горада. Пасля рэстаўрацыі 1959—60 сабор ператвораны ў канцэртную залу, дзе ўстаноўлены вял. арган, і музей. З 1989 дзеючы храм. Іл. гл. да арт. Латвія.
т. 13, с. 493
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САНТАЯ́НА ((Santayana) Джордж) (16.12.1863, Мадрыд — 26.9.1952),
амерыканскі філосаф, пісьменнік, прадстаўнік крытычнага рэалізму ў філасофіі. Праф. Гарвардскага ун-та (1907—12). Філас. погляды С. спалучаюць рысы ідэалізму і матэрыялізму. Стваральнік канцэпцыі метафізічнай сістэмы быцця, якое разглядаў як сукупнасць 4 царстваў: матэрыі, сутнасці, ісціны і духа. У трактоўцы сутнасці рэчаў набліжаўся да платанізму. прызнаваў аб’ектыўнае існаванне матэрыяльнага свету, але даступнай пазнанню лічыў выключна сутнасць. На думку С., абсалютная верагоднасць уласціва толькі феноменам свядомасці і духоўных утварэнняў, таму што яны надаюць быццю якасную акрэсленасць. Паводле С., пазнанне не адлюстроўвае рэчаіснасці; веды аб знешнім свеце адрозніваюцца суб’ектыўным, сімвалічным характарам, а найвышэйшай формай светаразумення з’яўляецца міф. У этыцы падтрымліваў канцэпцыю эскапізму, паводле якой шляхам да шчасця з’яўляецца вызваленне духу ад плоці, свету і пазнання. У сац. тэорыі прытрымліваўся прынцыпу біялагізму: развіццё грамадства звязваў з імкненнем да самазахавання. Для паліт. поглядаў С. характэрны крытыка дэмакратыі і падтрымка ідэі панавання «эліты». Аўтар прац «Жыццё розуму» (т. 1—5, 1905—06), «Царствы быцця» (т. 1—4, 1927—40), рамана «Апошні пурытанін» (1935) і інш.
В.І.Боўш.
т. 14, с. 162
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕЙФУ́ЛІН (Сакен) (Садвакас; 12.6.1894, качавы аул у Джэзказганскай вобл., Казахстан — 25.2.1939),
казахскі пісьменнік, грамадскі дзеяч; пачынальнік новай каз. л-ры. Скончыў Омскую настаўніцкую семінарыю (1916). Настаўнічаў, у 1925—37 працаваў у перыяд. друку. Рэпрэсіраваны, рэабілітаваны пасмяротна. Друкаваўся з 1910. Асн. ў яго творчасці — тэма рэвалюцыі і буд-ва новага жыцця (паэт. зб-кі «Неўтаймаваны конь», 1922; «Домбра», 1924; «Экспрэс», 1926; «На хвалях жыцця», 1928; п’есы «Шлях да шчасця», нап. 1917; «Чырвоныя сокалы», нап. 1920). Лепшыя традыцыі нар. паэзіі развіваў у паэмах «Разлучаныя лебедзі» (1925), «Саветстан» (1926), «Какчэтаў» (1929), «Альбатрос» (1933). Аўтар гісторыка-мемуарнага рамана «Цяжкі шлях, нялёгкі пераход» (1927), аповесцей «Айша» (1922, перапрацавана ў 1935), «Землякопы» (1928), «Здабыткі» (1935) і інш. На бел. мову яго асобныя апавяданні пераклаў П.Місько.
Тв.:
Рус. пер. — Тернистый путь. Алма-Ата, 1964;
Хамит в погоне за бандитом: Рассказы. Алма-Ата, 1971;
Стихотворения и поэмы. Л., 1973 (разам з І.Джансугуравым).
Літ.:
Какишев Т. Сакен Сейфуллин. М., 1972;
Кирабаев С. Сакен Сейфуллин: Критико-биогр. очерк. М., 1973.
Ж.Сахіеў.
т. 14, с. 299
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)