Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖУ́ЛІО РАМА́НА [Giulio Romano; сапр.Піпі, Ріррі; 1492 або 1499, Рым — 1.11.1546],
італьянскі архітэктар і жывапісец. У 1515—24 працаваў у Рыме. Вучань Рафаэля, разам з якім размалёўваў Станцы і Лоджыі Ватыкана, пасля смерці настаўніка завяршыў размалёўку вілы Мадама (1521). З 1524 працаваў у Мантуі пры двары герцагаў Ганзага. Паступова адышоў ад класічных прынцыпаў мастацтва Высокага Адраджэння да маньерызму. Яго жывапісным творам уласцівы кампазіцыйная перагружанасць, ускладненасць ракурсаў і поз. У арх. пабудовах падкрэсленая пластыка і кантрастнасць формаў, мудрагелістая фактура руставаных паверхняў (асабісты дом у Мантуі, 1544) часта спалучаюцца з нечаканымі вонкавымі эфектамі, якія парушаюць строгую тэктоніку ордэрнай сістэмы (Палацца Дукале ў Мантуі, 1538—39). У сваім гал. творы — Палацца дэль Тэ ў Мантуі (1525—34) прадвызначыў далейшыя шляхі архітэктуры, стварыў адзін з ранніх прыкладаў восевай кампазіцыі.
Джуліо Рамана. Размалёўка «Залы гігантаў» Палацца дэль Тэ ў Мантуі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́РСА-РАМА́НА (Ала Аляксандраўна) (н. ў 1936, г. Навагрудак Гродзенскай вобл.),
грамадскі і культ. дзеяч бел. дыяспары ў ЗША, амер. вучоны-хімік. Д-рхім.н. (1967). З 1944 у Германіі, дзе вучылася ў Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы (1945—49). У 1949 разам з бацькамі пераехала ў ЗША. Скончыла гарадскі (1957) і політэхнічны ун-ты ў Нью-Йорку. З 1971 выкладчык, потым праф. кафедры біяхіміі Нью-Йоркскага гар. ун-та. Старшыня Бруклінскага аддзела Амер.хім.т-ва, чл.Амер. крышталеграфічнай асацыяцыі і Амер.к-та па хіміі. У 1956—92 кіраўнік бел.танц. ансамбля «Васілёк» (Нью-Йорк). Прапагандуе ў ЗША бел. культуру і гісторыю. Актывістка Бел. аўтакефальнай правасл. царквы за мяжой. Чл.Беларуска-амерыканскага задзіночання, Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Йорку і інш. грамадскіх арг-цый беларусаў у ЗША. Аказвае дапамогу пацярпелым ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Аўтар навук. прац па даследаванні крышт. структуры арган. злучэнняў у нізкіх тэмпературах.