БРАДЗО́Т (нарв. bradsot ад brad раптоўны + sott хвароба),
вострае інфекц. захворванне авечак, якое выклікаецца бактэрыямі з роду Clostridium. Суправаджаецца гемарагічным запаленнем слізістай абалонкі сычуга і 12-перснай кішкі і перараджэннем парэнхіматозных органаў. Часцей хварэе маладняк ва ўзросце да 2 гадоў, больш вясной і восенню.
Крыніца інфекцыі — хворыя або перахварэлыя авечкі; перадаецца праз глебу, ваду, траву на пашы, кармы і інш. Захваральнасць дасягае 30—35%, лятальнасць — 90—100%. Інкубацыйны перыяд хваробы вельмі кароткі, цячэнне яе маланкападобнае і вострае. Адзначаюцца тэмпература 40,5—41 °C, агульная прыгнечанасць, адмаўленне ад корму, кан’юнктывіт, пачашчэнне пульсу і дыхання, тымпанія, выцяканне пены з рота і носа, ацёк галавы, моцныя сутаргі. Супраць брадзоту прапанавана полівалентная вакцына.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДО́РАНАСЦЬ,
індывідуальная своеасаблівасць задаткаў чалавека, якая забяспечвае патэнцыяльныя магчымасці і дазваляе дасягнуць значных поспехаў у пэўнай галіне дзейнасці. Залежыць ад біялагічна вызначаных прычын (уласцівасцяў мозга, нервовай сістэмы і інш.). Высокая ступень спецыяльнай адоранасці — талент. Тэрмінам «агульная адоранасць» вызначаюць адоранасць інтэлектуальную — праяўленне здольнасцей у рознай сферы дзейнасці. Звычайна адоранасць праяўляецца на ранніх этапах узроставага развіцця, у т. л. і праз якасці характару, асаблівасці сну, актыўнасці. Рэалізацыя адоранасці залежыць: ад адпаведных абставін жыцця, спец. навучання і выхавання; запатрабавання з боку грамадства; самарэалізацыі (самавыхавання) асобы.
Літ.:
Лейтес Е.С. Способности и одарённость в детские годы. М., 1984;
Одарённые дети: Пер. с англ.М., 1991;
Леви В. Нестандартный ребёнок. 3 изд. Хабаровск, 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛЬСКАЕ ГАРАДЗІ́ШЧА,
гарадзішча скіфскай культуры канца 8 — пач. 3 ст. да н.э. каля в. Бельск Палтаўскай вобл.; самае вялікае ва Усх. Еўропе (4021 га). Складаецца з 4 дрэваземляных умацаванняў з валамі і равамі. Агульнаядаўж. сцен 33 833 м. Раскопкамі выяўлены рэшткі наземных зрубных жытлаў і зямлянак, бронзаліцейных і жалезаздабыўных майстэрняў, кузняў, свяцілішча, драўлянага храма з калонамі. Сярод знаходак антрапа- і зааморфныя гліняныя статуэткі, міжземнаморскія амфары, шкляныя пацеркі і інш. Бельскае гарадзішча атаясамліваецца даследчыкамі з г. Гелон, які ўпамінаецца Герадотам, лічыцца адм., рамесным, гандл. і рэліг. цэнтрам паліт. аб’яднання гелонаў, неўраў і будзінаў.
А.В.Іоў.
Гліняная мадэль валовай вупражы (ярмо і дышаль) з крывадышлевым ралам з Бельскага гарадзішча. Рубеж 6—5 ст. да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭ́КАЎ (Барыс Дзмітрыевіч) (21.4.1882, г. Міргарад, Украіна — 9.9.1953),
расійскі гісторык. Акад.АНСССР (1935). Д-ргіст.н. (1934). Ганаровы чл.АНБССР (1947). Скончыў Маскоўскі ун-т (1907). З 1910 выкладаў у ВНУ Пецярбурга, Пярмі, Сімферопаля, Масквы. Дырэктар Ін-та гісторыі (з 1937), Ін-та гісторыі матэрыяльнай культуры (1944—46), Ін-та славяназнаўства (1947—51) АНСССР. Акад.-сакратар Аддзялення гісторыі і філасофіі АНСССР (1946—53). Аўтар падручнікаў для ВНУ, прац па гісторыі Ноўгарада, Кіеўскай Русі (стваральнік яе сав. канцэпцыі—феад. дзяржава, агульная радзіма рускіх, украінцаў, беларусаў і інш.), рас. сялянства, паўд. і зах. славян, крыніцазнаўстве і гістарыяграфіі Расіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫТВО́РЧЫ ЦЫКЛ,
час, неабходны для вырабу пэўнай прадукцыі на прамысл. прадпрыемстве. Уключае тэхнал. перыяд і перапынкі ў вытв-сці. Тэхнал. перыяд складае асн. частку вытворчага цыклу і ўключае час, неабходны для выканання аперацый па вырабе прадукцыі і ажыццяўлення натуральных працэсаў. Перапынкі падзяляюцца на міжаперацыйныя (сушка дрэва, браджэнне піва і г.д.) і абумоўленыя рэжымам работы прадпрыемства і патрэбамі вытворцаў (перапынкі паміж рабочымі зменамі і інш.). Агульная працягласць вытворчага цыклу характарызуе ўзровень арганізацыі вытв. працэсу па часе і залежыць ад прадукцыі, што вырабляецца, узроўню механізацыі і аўтаматызацыі вытв-сці, тэхнікі і тэхналогіі, відаў руху прадметаў працы ад адной аперацыі да другой і інш. Скарачэнне вытворчага цыклу павышае эфектыўнасць вытв-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗАНАПАЎНЯ́ЛЬНАЯ СТА́НЦЫЯ (ГНС),
прызначана для прыёму, захоўвання і пастаўкі спажыўцам звадкаванага газу (ЗГ). Газ захоўваецца ў наземных, падземных і ізатэрмічных рэзервуарах, балонах. Яго разліваюць у балоны і аўтацыстэрны і дастаўляюць спажыўцам, часам запраўляюць аўтамабілі, якія працуюць на ЗГ.
На ГНС робяцца таксама рэгазіфікацыя газу, змешванне пары ЗГ з паветрам або нізкакаларыйнымі газамі і падача сумесі ў гар. размеркавальныя сістэмы. ГНС мае зліўную эстакаду (ад чыг. веткі), базу захоўвання ЗГ (агульная ўмяшчальнасць рэзервуараў да 8000 м³), помпава-кампрэсарны цэх для зліву газу з чыг. цыстэрнаў і падачы яго ў цэх для разліву, камунікацыі вадкай і паравой фаз і інш. ГНС будуюць за межамі горада з падветранага боку пануючых вятроў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ТЧЫНСКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ АНСА́МБЛЬ,
помнік архітэктуры 18 ст. ў г. Гатчына Ленінградскай вобл.Гал. збудаванне — палац у стылі ранняга класіцызму (1766—81, арх. А.Рынальдзі; расшыраны ў 1793—97, арх. В.Брэна; перабудаваны ў 1845—51, арх. Р.І.Кузьмін). Трохпавярховы прамавугольны ў плане будынак з 2 пяціграннымі вежамі па баках і 2 бакавымі карпусамі. Маляўнічыя паркі горада (Палацавы, «Звярынец» і інш.; агульнаяпл. 617 га) са шматлікімі мастамі, тэрасамі, павільёнамі, варотамі і інш. збудаваннямі належаць да лепшых узораў ландшафтнай архітэктуры. Унікальны па тэхніцы выканання землябітны Прыярацкі палац (1798—99, арх. М.А.Львоў), які нагадвае сярэдневяковы замак.
Літ.:
Гатчина. Л., 1980;
Памятники архитектуры пригородов Ленинграда. Л., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІРКА́НСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК,
на Пд Азербайджана, у Ленкаранскім р-не. Складаецца з 2 участкаў — асноўнага ў горна-лясным поясе Талыша на хрыбце Улясы (выш. да 1000 м) і раўніннага на Ленкаранскай нізіне. Засн. ў 1936. Агульнаяпл. Каля 3 тыс.га. Ахоўваецца рэліктавы лес трацічнага перыяду, да 30% відаў раслін у запаведных гаях эндэмікі і рэлікты, генетычна звязаныя з расліннасцю Гімалаяў: жалезнае дрэва, дуб каштаналісты, граб, бук і інш. У фауне каля 50 наземных відаў малюскаў, буйны рэліктавы матыль брамея; шматлікія рэптыліі і амфібіі; з птушак — падвіды, спецыфічныя для Талыша: стракаты дзяцел, сойка, попаўзень, малінаўка і інш., з млекакормячых — каўказская рысь, дзікабраз, дзік, казуля, каменная куніца, буры мядзведзь, вельмі рэдка леапард.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛАСЕМА́ТЫКА (ад грэч. glōssa мова + sēma знак),
лінгвістычная тэорыя, адна з плыней структуралізму. Заснавана на вучэнні Ф. дэ Сасюра. Распрацавана ў 1930—50-х г. дацкімі вучонымі Л.Ельмслевым і Х.Ё.Ульдалем як агульная дэдуктыўная тэорыя мовы. Стваралася як сродак апісання і тлумачэння любых канкрэтных моў і моўных фактаў. Гласематыка — адна з першых спроб злучыць мовазнаўства з фармальнай логікай і матэматыкай, што ўдасканальвала дакладныя метады даследавання мовы. Пашырэння не атрымала, але асобныя яе паняцці і тэрміны выкарыстоўваюцца ў некат. іншых лінгвістычных канцэпцыях.
Літ.:
Ельмслев Л. Пролегомены к теории языка: Пер. с англ. // Новое в лингвистике. М., 1960. Вып. 1;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАГРА́ФІЯ ТРА́НСПАРТУ,
навука, якая вывучае тэр. структуру транспарту, заканамернасці і спецыфічныя асаблівасці яго размяшчэння, ступень трансп. забяспечанасці тэрыторый. Падзяляецца на агульную, галіновую і рэгіянальную геаграфію транспарту. Агульная даследуе гіст. заканамернасці развіцця трансп. сістэм краін і раёнаў, уплыў на транспарт прыродных умоў (рэльеф, клімат, гідраграфія і інш.) і ландшафтных комплексаў, месца транспарту ў эканоміцы, трансп.-эканам. сувязі і грузапатокі, трансп. пункты і вузлы, геагр. праблемы пасаж. транспарту. Галіновая выяўляе спецыфіку тэр. арганізацыі кожнага віду транспарту (аўтамаб., чыг., рачнога, марскога, авіяц., трубаправоднага і інш.). Рэгіянальная вывучае арганізацыю сістэм узаемадзейных відаў транспарту на вызначанай тэр. (кантынент, краіна, адм.-тэр. адзінка і інш.). Выкарыстоўвае метады прасторавага аналізу, матэм. праграмаванне, а таксама параўнальны, картаграфічны і гіст.-геаграфічны.