САРАСА́ТЭ, Сарасатэ-і-Наваскуэс (Sarasate у Navascuéz) Пабла дэ (Пабла Марцін Мелітан; 10.3.1844, г. Памплона, Іспанія — 20.9.1908), іспанскі скрыпач, кампазітар; адзін з найбуйнейшых скрыпачоў-віртуозаў. Скончыў Парыжскую кансерваторыю (1857). З 1859 вёў гастрольную дзейнасць. У канцы 1860-х г. арганізаваў стр. квартэт у Парыжы, з якім канцэртаваў у многіх краінах, у т. л. ў Расіі (з 1869). Іграў у ансамблях з піяністамі А.Р. і М.Р. Рубінштэйнамі, скрыпачамі Г.​Вяняўскім і Л.​Аўэрам, віяланчэлістамі К.​Давыдавым і А.​Вержбіловічам. У Парыжы быў пастаянным удзельнікам т.зв. чацвяргоў у І.​Тургенева. З вял. поспехам выконваў асабістыя творы, у якіх яскрава праявіўся нац. стыль. Аўтар твораў для скрыпкі з фп., у т. л. «Арагонская хота», канцэртнай фантазіі на тэмы класічных опер і інш. Каралевай Ізабелай быў узнагароджаны адной з лепшых скрыпак А.​Страдывары.

т. 14, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САРКСЯ́Н (Ара Мігранавіч) (7.4.1902, г. Стамбул, Турцыя — 14.6.1969),

армянскі скульптар. Нар. маст. СССР 1963. Правадз. чл. АМ СССР (1958). Скончыў маст. школу ў Канстанцінопалі (1921) і АМ у Вене (1924). З 1945 выкладаў у Ерэванскім маст.-тэатр. ін-це (з 1947 праф.). Адзін з заснавальнікаў армянскага філіяла Асацыяцыі мастакоў рэв. Расіі. Творы вызначаюцца яркасцю псіхал. характарыстык, строгім лаканізмам форм: помнікі С.​Спандарану (1927), Н.​Сцепаняну (1950) і А.​Туманяну (1957) у Ерэване, С.​М.​Кіраву ў Ванадзоры (1942), У.​І.​Леніну ў г. Камо (1959), партрэты хлопчыка (1922), А.​Мелік-Пашаева (1934), А.​Джывелегава (1942), Спандарана (1947), Т.​Тараманяна (1950), С.​Шаўмяна (1952) і інш. Аўтар рэльефу для помніка героям майскага паўстання ў г. Ленінакан (цяпер г. Гюмры, 1930—31).

А.Сарксян. Рэльеф помніка героям майскага паўстання ў Ленінакане. 1930—31.

т. 14, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́ГЕРСТАМ ((Segerstam) Лейф Селім) (н. 2.3.1944, г. Васа, Фінляндыя),

фінскі дырыжор, кампазітар. Скончыў Акадэмію музыкі імя Я.​Сібеліуса (1963), Джульярдскую муз. школу ў Нью-Йорку (1965). З 1966 гал. дырыжор Фін. нац. оперы. З 1968 дырыжор Швед. каралеўскай оперы ў Стакгольме (з 1970 гал. дырыжор, з 1971 яе музік-дырэктар). З 1971 у т-рах «Ковент-Гардэн», «Метраполітэн-опера», выступаў з рознымі еўрап. аркестрамі, у т. л. на Зальцбургскіх фестывалях. З сярэдзіны 1970-х г. пастаянны дырыжор сімф. аркестра Фін. радыё ў Хельсінкі, Аўстр. радыё ў Вене, кіраўнік «Сегерстам-квартэта». Аўтар 4 балетаў, п’есы для сімф. і стр. арк., канцэрта для скрыпкі з арк. (1967), 12 стр. квартэтаў (1962—77), тв. для голасу з арк. і з фп. і інш. Яго мастацтва адметнае эмацыянальнасцю, навізной інтэрпрэтацый.

т. 14, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕГО́ВІЯ ((Segovia) Андрэс) (21.2.1893, г. Лінарэс, Іспанія — 2.6.1987),

іспанскі гітарыст-віртуоз, педагог. Вучыўся ігры на гітары самастойна. З 1955 працаваў у Акадэміі Кіджана ў Італіі, з 1958 — у Сант’яга-дэ-Кампастэла ў Іспаніі. Адрадзіў цікавасць да гітары як да сольнага інструмента, пашырыў яе тэхн. і выразныя магчымасці, увёў у рэпертуар гітарыстаў класічную і сучасную музыку. Аўтар канцэрта для гітары з арк., п’ес «Танадзілью», «Арасьён» і інш. Узбагаціў рэпертуар гітарыстаў апрацоўкамі твораў І.​С.​Баха, І.​Гайдна, Л.​Бетховена, П.​Чайкоўскага, М.​Мусаргскага і інш. У іх выявілася тонкае пачуццё стылю, майстэрскае выкарыстанне поліфанічнай і каларыстычнай магчымасцей інструмента. Яго мастацтва натхніла многіх кампазітараў на стварэнне твораў для гітары, некат. напісаны для С. і прысвечаны яму. Гастраліраваў у многіх краінах, у т. л. ў СССР у 1926, 1927, 1936.

т. 14, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕМАШКЕ́ВІЧ (Раман Мацвеевіч) (1904, в. Лебедзева Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. — 1937),

бел. жывапісец, графік, скульптар. Скончыў бел. гімназію і маст. студыю ў Вільні, Віцебскі маст. тэхнікум па класе скульптуры і жывапісны ф-т Вышэйшых маст.-тэхн. майстэрняў у Маскве. Удзельнік 3-й Усебел. маст. выстаўкі (1930). У графічных і жывапісных работах адлюстроўваў побыт сялян, родную прыроду, а таксама сац.-рэв. тэматыку: «Даліна ракі Граматухі. Алтай», «Коннік на белым кані», «Белыя кветкі», «Галадоўка палітзняволеных у Лукішскай турме», «На этапе», «Паны забіраюць апошнюю карову», «Бойка з секвестратарамі», «Здзек паліцыі». Аўтар групавога партрэта М.​Галадзеда, М.​Гікалы і А.​Александровіча, партрэтаў А.​Грыневіча, В.​Таўлая, Я.​Купалы, Я.​Коласа і інш. Выканаў скульпт. кампазіцыю «Юны змаганец».

Літ.:

Ліс А Пякучай маланкі след. Мн., 1981.

А.​С.​Ліс.

т. 14, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕРАБРАКО́ВА (Зінаіда Яўгенаўна) (12.12.1884, с. Няскучнае Курскай вобл., Расія — 19.9.1967),

рускі жывапісец. Дачка Я.​А.​Лансерэ. Вучылася ў Пецярбургу ў школе-майстэрні кн. М.​К.​Ценішавай (з 1902) і ў майстэрні В.​Э.​Браза (1903—05). Чл. аб’яднання «Свет мастацтва». З 1924 жыла ў Парыжы. Аўтар партрэтаў ню, кампазіцый, прысвечаных жыццю рус. вёскі, у якіх імкнулася да стварэння ідэальна прыгожых, гарманічных жаночых вобразаў. Жывапіснай манеры ўласцівы дэкаратыўнасць, ураўнаважанасць кампазіцыі, дакладнасць малюнка, лаканічны характар пісьма: «За туалетам. Аўтапартрэт» (1909), «У лазні» (1913), «За сняданкам» (1914), «Жніво» (1915), «Бяленне палатна» (1917), аўтапартрэт (1922), «Калівур. Каця на тэрасе» (1930) і інш.

Літ.:

Лапшин В. З.​Серебрякова: [Альбом]. М., 1969;

Савинов А.Н. З.​Е.​Серебрякова. Л., 1973;

Князева В.П. З.​Е.​Серебрякова. М., 1979.

З.Серабракова. За туалетам. Аўтапартрэт. 1909.

т. 14, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕРГАЧО́Ў (Сяргей Аляксеевіч) (н. 20.12.1946, Мінск),

бел. архітэктар. Канд. архітэктуры (1984). Ган. праф. Паўн.-зах. буд. ін-та КНР (1999). Скончыў БПІ (1969). Працаваў у ін-це «Мінскпраект», БелНДІдзіпрасельбудзе, Мін-ве культуры Беларусі. З 1972 і з 1993 выкладчык БПА (з 1997 заг. кафедры). З 1977 кіраўнік рабочай групы па стварэнні Бел. дзярж. музея нар. архітэктуры і побыту. Адзін са стваральнікаў Дудзіцкага музея матэрыяльнай культуры («Дудуткі»). Найб. значныя праектныя работы — жылыя дамы па праспекце Ракасоўскага і вул. М.​Танка ў Мінску (1971—72, у сааўт.). Даследуе гісторыю нар. дойлідства Беларусі, праблемы захавання гіст.-культ. спадчыны, развіцця традыцый у сучаснай архітэктуры. Аўтар шэрагу праектаў рэстаўрацыі помнікаў.

Тв.:

Летопись деревянного зодчества Белоруссии. Мн., 1975;

Деревянная архитектура Белоруссии XVI—XIX вв. Мн., 1984;

Белорусское народное зодчество. Мн., 1992.

т. 14, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕРДЗЮКО́Ў (Мікалай Мікалаевіч) (н. 1.10.1948, в. Харошаўка Чачэрскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў Бел. ін-т інжынераў чыг. транспарту (1971), Выш. партыйную школу пры ЦК КПБ (1985). Працаваў інжынерам-канструктарам, у газ. «Гомельская праўда», час. «Нёман» (1985—95). Друкуецца з 1976. Піша на бел. і рус. мовах. Аповесці «Пачынаецца з мяне» (1976) і «Жыццё залатое» (1988) пра складаныя маральныя пытанні жыцця рабочага асяроддзя. Вострасюжэтная аповесць «Страчаны рай» (1992) закранае праблемы рэпрэсій, аповесць «Радыяцыя» (1993) — пра чарнобыльскую трагедыю і яе наступствы для бел. народа. Аўтар фантастычных аповесцей «Два бяссмерці» (1977), «Узыход агнёў, або Вярба ў хату» (1995), кнігі публіцыст. нарысаў «Пры сканчэнні лаяльнасці» (1990). На рус. мову пераклаў раман Г.​Далідовіча «Заходнікі», нарысы І.​Дуброўскага і інш.

Тв.:

Страчаны рай: Аповесці. Мн., 1993.

І.​У.​Саламевіч.

т. 14, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІЕ́С, Сіеес,

Сьеес (Sieyès) Эмануэль Жазеф (3.5.1748, г. Фрэжус, Францыя — 20.6.1836), дзеяч Французскай рэвалюцыі 1789—99. Да рэвалюцыі абат. Аўтар брашуры «Што такое трэцяе саслоўе?» (1789). Ад трэцяга саслоўя Парыжа выбраны дэпутатам у Ген. штаты 1789. Па прапанове С. сход прадстаўнікоў трэцяга саслоўя абвясціў сябе Нац. сходам. С. удзельнічаў у выпрацоўцы Дэкларацыі правоў чалавека і грамадзяніна. Адзін з заснавальнікаў Якабінскага клуба. У наступныя гады ўхіляўся ад вызначэння сваёй пазіцыі. Будучы чл. Канвента, галасаваў за смяротнае пакаранне Людовіка XIV. Пасля контррэв. тэрмідарыянскага перавароту (1794) разгарнуў актыўную паліт. дзейнасць. Адзін са складальнікаў канстытуцыі 1795, якая ўстанавіла рэжым Дырэкторыі. Актыўна рыхтаваў дзярж. пераварот 18 брумера 1799; стаў адным з трох часовых консулаў, з 1800 чл. Сената. З 1803 чл. Франц. акадэміі. У 1816—30 у выгнанні як «царазабойца».

т. 14, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІЗКО́ (Вера Аляксандраўна) (2.3.1916, г. Верхнядзвінск Віцебскай вобл. — 25.3.1999),

бел. музыказнавец, педагог. Скончыла Ленінградскую кансерваторыю (1948). У 1948—74 выкладчык Мінскага муз. вучылішча імя М.​І.​Глінкі (з перапынкам), адначасова ў 1948—68 — Бел. кансерваторыі (з перапынкам), у 1959—64 на Рэсп. радыё (маст. кіраўнік, гал. рэдактар муз. вяшчання, старшыня муз.-рэпертуарнай камісіі). У 1974—89 выкладчык Бел. тэатр.-маст. ін-та. Даследавала бел. опернае мастацтва, творчасць бел. кампазітараў. Складальнік зб-каў арт. пра Р.​Шырму «Песня на ўсё жыццё», песень «Спадчына» на вершы Я.​Купалы і Я.​Коласа (абодва 1983), аўтар муз. радыё- і тэлеперадач.

Тв.:

Белорусская советская опера. Мн., 1959;

И.​М.​Лученок // Они пишут для детей. М., 1980. Вып. 3;

Творчае гарэнне // Мастацтва Беларусі. 1989. №11;

Све. духоўнай музыкі // Там жа. 1999. №10.

І.​М.​Шмелькіна.

т. 14, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)