тэатр оперы і балета ў С.-Пецярбургу; адзін са старэйшых і буйнейшых муз. т-раў Расіі. Вядзе гісторыю з 1783 ад Каменнага (Вялікага) т-ра, дзе разам з камедыямі і трагедыямі ставіліся оперы і балеты. У 1803 оперная і балетная трупы аддзяліліся ад драматычнай. У 1836 т-р адкрыўся ў новым будынку (арх. А.Кавас) операй «Жыццё за цара» («Іван Сусанін») М.Глінкі. З 1860 наз. Марыінскі т-р (у гонар імператрыцы Марыі Аляксандраўны). З 1919 Дзярж.акад.т-р оперы і балета, з 1935 — імя С.М.Кірава, з 1991 зноў М.т. На сцэне т-ра традыцыйна ставяцца оперы і балеты рус. і зах.-еўрап. класікаў, з 1960-х г. рэпертуар узбагаціўся многімі творамі сучасных кампазітараў. У розны час у т-ры працавалі: дырыжоры А.Лядаў, Э.Напраўнік, М.Малько; спевакі Л.Собінаў, Ф.Шаляпін, В.Пятроў, Б.Штокалаў, Г.Кавалёва; танцоўшчыкі Т.Карсавіна, М.Кшасінская, В.Ніжынскі, Г.Паўлава, Г.Уланава, М.Барышнікаў, І.Бельскі, Г.Комлева, Н.Кургапкіна, Н.Макарава, Р.Нурыеў; балетмайстры М.Петыпа, М.Фокін, Ф.Лапухоў; мастак А.Бенуа і інш. У трупе (1999): спевакі У.Агнавенка, М.Ахотнікаў, І.Багачова, Я.Гарахоўская, Ю.Марусін, К.Плужнікаў, Л.Філатава; артысты балета А.Асылмуратава, К.Заклінскі, А.Куркоў, В.Ліхоўская, Ю.Махаліна, Ф.Рузіматаў і інш.Гал. дырыжор і маст. кіраўнік В.Гергіеў (з 1988), гал. балетмайстар А.Вінаградаў (1977—99).
Літ.:
Конков А., Ступников И. Театр оперы и балета им. С.М.Кирова. Л., 1976;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНІСТЭ́РСТВА (ад лац. ministro служу, кірую),
родавая назва найб. важных цэнтр. органаў дзярж. кіравання, якія ўваходзяць у структуру ўрада. Упершыню створаны ў Зах. Еўропе ў 16—17 ст. У Расіі ўведзены ў 1802, у СССР — у 1946 (адпаведна і ў Беларусі), да гэтага — наркаматы. Кіраўнік М. (міністр) — звычайна дзеяч, што ўваходзіць у склад урада. У некат. краінах М. ствараюцца на аснове актаў вышэйшых заканад. органаў (напр., ЗША) ці кіраўніка дзяржавы (напр., у Францыі) або на аснове законаў (актаў) урада. Колькасць М., іх структура і размеркаванне кампетэнцыі паміж імі вызначаюцца кіраўніком урада або выканаўчай улады (прэм’ер-міністрам, у Рэспубліцы Беларусь — прэзідэнтам). Для выканання ўскладзеных на іх задач М. надзяляюцца паўнамоцтвамі дзярж.-ўладнага характару і маюць права выдаваць юрыд. акты, абавязковыя для выканання падведамнымі арг-цыямі. Унутраная структура М. разнастайная (нават у межах адной краіны) і залежыць ад памераў М., аб’ёму і характару яго дзейнасці. М. маюць цэнтр. апарат, часам таксама рэгіянальныя і мясц. органы. Пры М. існуюць розныя дапаможныя органы. У М. Рэспублікі Беларусь утвараецца калегія ў складзе міністра (старшыні, які назначаецца Прэзідэнтам), яго намеснікаў, інш. кіраўнікоў. Члены калегіі зацвярджаюцца ўрадам. У 1999 у Рэспубліцы Беларусь існавалі М.: архітэктуры і будаўніцтва; унутраных спраў; жыллёва-камунальнай гаспадаркі; аховы здароўя; замежных спраў; культуры; лясной гаспадаркі; абароны; адукацыі; па кіраванні дзярж. маёмасцю і прыватызацыі; па надзвычайных сітуацыях; прадпрымальніцтва і інвестыцый; прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя; прамысловасці; сувязі; сельскай гаспадаркі і харчавання; сац. абароны, спорту і турызму; статыстыкі і аналізу; паліва і энергетыкі; гандлю; транспарту і камунікацый; працы; фінансаў; эканомікі; юстыцыі. Гл. таксама Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІФАЛАГІ́ЧНАЯ ШКО́ЛА,
кірунак у фалькларыстыцы і этнаграфіі 19 ст., прыхільнікі якога надавалі міфалогіі універсальнае значэнне як крыніцы культуры і прыцягвалі яе да тлумачэння паходжання і сэнсу фальклорных і этнагр. з’яў. Асн. палажэнні М.ш. распрацавалі браты Я. і В. Грым, А.Кун (Германія), М.Мюлер (Вялікабрытанія). Яны разглядалі вераванні, паданні, песні, казкі, легенды і інш. як рэшткі стараж., т.зв. міфалагічнага светапогляду, які нібыта быў заснаваны на ўвасабленні нябесных з’яў — Сонца, Месяца, хмар, грому і інш. На іх погляд, гэтыя ўвасабленні былі багамі, якім пакланяліся. Меркавалі, што з цягам часу такая рэлігійна-міфалаг. сістэма разбурылася і ранейшыя багі ператварыліся ў казачных персанажаў. На думку вучоных, рэшткі міфалаг. светапогляду захаваліся ў нар. звычаях і абрадах, сутнасць іх часта тлумачылі памылкова. Асновай нар. светапогляду М.ш. лічыла міф. Прыхільнікамі М.ш. ў Расіі былі А.М.Афанасьеў, Ф.І.Буслаеў, А.Ф.Мілер, А.А.Патабня і інш. На Беларусі М.ш. была пануючым кірункам 1-й пал. 19 ст. і ў 1860—70-я г. З яе пазіцый напісаны этнагр. працы П.М.Шпілеўскага, які адмаўляў эвалюцыю бел.нар. культуры. Падобныя погляды падзяляў і А.Кіркор. П.В.Шэйн на аснове прынцыпаў М.ш. склаў «Праграму для збірання помнікаў народнай творчасці» (выд. 1867), зб. «Беларускія народныя песні» (1874). П.А.Бяссонаў у зб. «Беларускія песні» (1871) частку стараж.бел. звычаяў і абрадаў выводзіў з хрысціянскай міфалогіі і тлумачыў іх яе матывамі. Метадалогія і высновы М.ш., заснаваныя на ідэалізацыі міфалогіі, перабольшванні яе ролі ў гісторыі мастацтва, падвяргаліся крытыцы. М.ш. адыграла важную ролю ў актывізацыі збірання і вывучэння фальклору, этнагр. матэрыялаў, росце цікавасці да нар. культуры, абуджэнні нац. свядомасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ АРХІ́Ў РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ (НАРБ). Засн. ў 1927 у Мінску як архіў Кастр. рэвалюцыі, з ліп. 1938 наз. архіў Кастр. рэвалюцыі і сацыяліст. будаўніцтва БССР, з мая 1993 — Бел.дзярж. архіў, з чэрв. 1995 сучасная назва. З 1930 знаходзіўся ў Магілёве, з 1944 у Мінску. Захоўваюцца дакументы органаў дзярж. улады і кіравання Беларусі, рэсп., парт., камсам., прафс., грамадскіх і каап. арг-цый, ВНУ, устаноў і арг-цый Часовага ўрада Расіі на тэр. Беларусі, бел.нац. і ням.акупац. устаноў перыядаў акупацыі рэспублікі Германіяй і Польшчай, асабістыя фонды дзярж. і грамадскіх дзеячаў Беларусі з сак. 1917 да нашых дзён. Мае 200 фондаў, 916,5 тыс. спраў (2000). Дакументы адлюстроўваюць падзеі Лютаўскай і Кастр. рэвалюцый, устанаўлення сав. улады на Беларусі, утварэння БНР і БССР, дзейнасць КПБ і ЛК.СМБ, аднаўленне нар. гаспадаркі і развіццё культуры ў 1920-я г., сацыяліст.буд-ва, нац.-вызв. рух у Зах. Беларусі, ням.акупац. рэжым, барацьбу бел. народа супраць акупантаў, развіццё партыз. руху і патрыят. падполля ў гады Вял.Айч. вайны, аднаўленне і развіццё эканомікі і культуры ў пасляваенны час, станаўленне суверэннай Рэспублікі Беларусь. Архіў вядзе н.-д. дзейнасць, распрацоўвае пытанні дакументазнаўства, тэорыі і методыкі архівазнаўства. Разам з інш.навук. ўстановамі рыхтуе дакумент. выданні. Працуюць аддзелы: забеспячэння захавання дакументаў і фондаў, інфарм.-пошукавых сістэм; справаводства, камплектавання і ведамасных архіваў, навук. выкарыстання, дакументаў і інфармацыі; асабістых фондаў; дакументаў Вял.Айч. вайны; навук.-тэхн. апрацоўкі дакументаў; публікацыі дакументаў; бібліятэка (8,2 тыс.экз. кніг, 1,7 тыс. гадавых камплектаў часопісаў, 1,5 тыс. гадавых камплектаў газет).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́НЕЦКАЯ АЎТАНО́МНАЯ АКРУ́ГА.
У складзе Архангельскай вобл.Рас. Федэрацыі. Утворана 15.7.1929 як Ненецкая нац. акруга, з 1977 сучасная назва. Размешчана на крайнім ПнУеўрап.ч.Расіі. Большая ч. тэрыторыі знаходзіцца за Паўн. палярным кругам. Абмываецца водамі Белага, Баранцава і Карскага мораў. Уключае а-вы Калгуеў і Вайгач. Пл. 176,7 тыс.км². Нас. 46 тыс.чал. (1997), гарадскога 61%. Цэнтр — г.Нар’ян-Мар. Гар. пасёлкі: Амдэрма, Іскацеляў (гл. карту да арт.Архангельская вобласць).
Паверхня нізінная з невял. павышэннямі. На Пн Малазямельская тундра, з Пн на Пд цягнецца Ціманскі краж, на У Вяліказямельская тундра і хр. Пай-Хой (выш. да 467 м). Карысныя выкапні: нафта, газ, торф, флюарыт, буд. матэрыялы; крыніцы мінер. вод. Клімат субарктычны з доўгай халоднай зімой і кароткім летам. Сярэднія т-ры студз. ад -12 °C на ПдЗ да -22 °C на ПнУ, ліп. ад 6 °C на Пн да 13 °C на Пд. Ападкаў 250—400 мм за год. Пашырана шматгадовая мерзлата. Асн. рака — Пячора. Шмат невял. рэк і азёр. Глебы тундрава-глеевыя і тарфяна-глеевыя. Пераважае расліннасць хмызнякова-мохавай і травяна-мохавай тундры. На Пд і ПдЗ — лесатундра з ялова-бярозавымі рэдкалессямі.
Асн. галіны — аленегадоўля, рыбалоўства, паляванне; клетачная зверагадоўля (блакітны пясец, серабрыста-чорны ліс, норка). Мяса-малочная жывёлагадоўля. Вырошчваюць бульбу, агародніну, турнэпс. Вядучыя галіны прам-сці — лесапілаванне (драўніна з леспрамгасаў Рэспублікі Комі) і харч. (рыбакансервавая, мясная, масларобная). Здабыча нафты. Вытв-сць сувеніраў з футра, скуры і сукна. Суднаходства па р. Пячора. Важнае значэнне мае Паўночны марскі шлях. Марскія парты: Нар’ян-Мар і Амдэрма. Аэрапорт у г. Нар’ян-Мар. Газаправод Васілкава—Нар’ян-Мар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́КАН (свецкае Мікіта Мінаў; 24.5.1605, с. Вельдэманава Перавозскага р-на Ніжагародскай вобл., Расія — 27.8.1681),
царкоўна-палітычны дзеяч Расіі. У 1635 пастрыгся ў манахі ў Салавецкім манастыры, прыняў імя Н. З 1643 ігумен Кожазерскага манастыра. З 1646 архімандрыт Наваспаскага манастыра ў Маскве. У 1649 узначаліў Наўгародскую мітраполію. У час Наўгародскага паўстання 1650 падтрымаў цара. У 1652 абраны патрыярхам маскоўскім і ўсяе Русі. З 1653 пачаў царк. рэформу па выпраўленні богаслужэбных кніг на грэчаскі ўзор і ўстанаўленне аднастайнасці царк. службы. Змены тычыліся неістотных дэталяў богаслужэбнай практыкі: замест «Ісус» пачалі пісаць «Іісус», крыж клалі не 2, а 3 пальцамі, разам з 8-канцовым крыжам быў прызнаны і 4-канцовы і г.д. Рэформа выклікала абурэнне часткі духавенства на чале з Авакумам, Іванам Няронавым і інш., у царкве ўзнік раскол. Праціўнікі рэформы падлягалі жорсткім ганенням. Н. актыўна ўдзельнічаў у вырашэнні паліт. пытанняў: настойваў на прыняцці ў падданства Ўкраіны і вайне з Польшчай; дамогся, каб цар асабіста ўзначаліў армію, пачаў вайну супраць Швецыі. Ён імкнуўся выкарыстаць рэформу для ўзмацнення царк. арг-цыі і ўлады патрыярха, вызваліць царкву з-пад апекі свецкай улады. Гэта выклікала незадаволенасць цара Аляксея Міхайлавіча, і ў 1658 Н. выехаў у заснаваны ім Новаіерусалімскі Васкрасенскі манастыр у Падмаскоўі. Вял.царк. сабор 1666 пазбавіў Н. патрыяршай улады і саслаў у Ферапонтаў Белазерскі манастыр. У 1681 цар Фёдар Аляксеевіч дазволіў Н. вярнуцца ў Новаіерусалімскі манастыр, па дарозе Н. памёр і быў пахаваны як патрыярх.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВЕ́Т,
1) адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ. Тэрмін «П.» ужываецца на Беларусі з 15 ст., напачатку як сінонім стараж.-рус. тэрміна воласць; з 1-й пал. 16 ст. пад. П. звычайна разумелі буйную воласць, цэнтрам якой быў горад або замак, што належаў дзяржаве, у т. л. скасаванае ўдзельнае княства. Часам пад П. разумелі толькі тэрыторыю, падкантрольную намесніку; у гэтым сэнсе П. быў сінонімам намесніцтва. Афіцыйна статус П. акрэслены ў выніку адм.-тэр. рэформы 1565—66 (гл.Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел). П. ўваходзілі ў склад ваяводстваў. Усе намесніцтвы і воласці, якія не атрымалі статус П., увайшлі ў іх склад як звычайныя маёнткі. З таго часу ўсе землеўладальнікі на тэр. П. падлягалі юрысдыкцыі пав. органаў улады. Структура пав. кіравання замацавана Статутамі ВКЛ 1566 і 1588. Зрэдку тэрмін «П.» ўжываўся для вызначэння гіст. воласці з цэнтрам у горадзе, які неабавязкова меў пав. ўстановы (у такім сэнсе ў крыніцах сустракаюцца назвы «Магілёўскі павет», «Крычаўскі павет» і інш.).
2) Адм.-тэр. адзінка Расійскай імперыі як эквівалент рус. тэрміна «уезд». Пасля далучэння да Расіі П. ўваходзілі ў склад губерняў. Пасля рэформы 1861 падзяляліся на воласці. Падзел на П. ў БССР скасаваны 20.6.1924.
3) Адм.-тэр. адзінка ў Зах. Беларусі ў 1919—39. Пасля заняцця часткі тэр. Беларусі ў 1919 польск. ўлады захавалі падзел на П., якія былі ўключаны ў склад акруг. П. падзяляліся на гміны. На працягу 1919—20 утвораны шэраг новых П., 4.2.1921 яны ўвайшлі ў склад новаўтвораных Навагрудскага і Палескага ваяв. Пазней межы і колькасць П. у Польшчы мянялася. Падзел на П. ў Зах. Беларусі скасаваны 15.1.1940.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАГО́ДЗІН (сапр.Стукалаў) Мікалай Фёдаравіч
(16.11.1900, станіца Гундараўская Данецкай вобл., Украіна — 19.9.1962),
рускі драматург.Засл. дз. маст.Расіі (1949). У 1922—32 карэспандэнт газ. «Правда», у 1951—60 гал. рэдактар час. «Театр». Друкаваўся з 1920. Першыя зб-кі нарысаў «Кумачовая раніца» і «Чырвоныя парасткі» (абодва 1926), п’есы «Тэмп» (паст. 1930), «Паэма пра сякеру» (паст. 1931), «Мой сябра» (1932), «Арыстакраты» (паст. 1934) і інш. пра сацыяліст. будаўніцтва. У трылогіі «Чалавек з ружжом» (1937, Дзярж. прэмія СССР 1941; аднайм. фільм 1938), «Крамлёўскія куранты» (1940, паст. 1942; новая рэд. 1955), «Трэцяя патэтычная» (1958, паст. 1959) стварыў вобраз У.І.Леніна. Праблемам духоўнага фарміравання моладзі прысвечаны п’есы «Санет Петраркі» (паст. 1957), «Маленькая студэнтка» (паст. 1959), раман «Бурштынавыя каралі» (1960, фільм «Каханая» 1965) і інш. Аўтар кінасцэнарыяў «Кубанскія казакі», 1950; Дзярж. прэмія СССР 1951), артыкулаў пра драматургію і т-р.Бел.т-р імя Я.Коласа паставіў п’есы «Чалавек з ружжом» (1938), «Крамлёўскія куранты» (1940, 1945), «Аксамітны сезон» (1948), «Трэцяя патэтычная» (1970), Бел.т-р імя Я.Купалы — «Падзь Сярэбраная» (1939), «Крамлёўскія куранты» (1956), «Трэцяя патэтычная» (1959), Рус.драм.т-р імя М.Горкага — «Мой сябар» (1933), «Арыстакраты» (1935), «Крамлёўскія куранты» (1940), Брэсцкі абл.драм.т-р — «Місурыйскі вальс» (1950), «Крамлёўскія куранты» (1957, 1967), Гомельскі абл.драм.т-р — «Кветкі жывыя» (1961), Гродзенскі абл.драм.т-р — «Тэмп — 1929» (1974), Магілёўскі абл.драм.т-р — «Крамлёўскія куранты» (1957). Ленінская прэмія 1959.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—4. М., 1972—73.
Літ.:
Холодов Е. Пьесы и годы: Драматургия Николая Погодина. М., 1967;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАШУ́Т (франц. parachute ад parer папярэджваць + chute падзенне),
апарат для запавольвання скорасці падзення ў паветры чалавека ці грузаў. Выкарыстоўваецца ў авіяцыі, касманаўтыцы, парашутным спорце і інш.
Ідэю П. падаў і навук. абгрунтаваў Леанарда да Вінчы (1495). У 1617 першы спуск на П. з высокай вежы здзейсніў венецыянскі інж.-механік Ф.Веранцыо. У 1783 француз С.Ленарман стварыў і выпрабаваў П. з жорсткім каркасам (у выглядзе вял. парасона), на якім франц. паветраплавальнік А.Ж.Гарнерэн у 1797 спусціўся з паветр. шара. Ранцавы П. створаны ў Расіі Г.Я.Кацельнікавым (1911). У СССР першы скачок з П. здзейсніў у 1927 М.М.Громаў; вучэбна-трэніровачныя П. з’явіліся ў 1930.
Складаецца з купала са стропамі, падвясной падвеснай сістэмы, выцяжнога П., ранца, чахла, выцяжных фала, кальца і аварыйнага кальца. Адрозніваюць П. па форме купала (напр., круглы, прамавугольны, па плошчы 0,1—1000 м² і больш) і асаблівасцях канструкцый (напр., са шчылінамі і клапанамі, якія дапамагаюць кіраваць П.). Ёсць П., купал якіх у час спуску набывае форму крыла лятальнага апарата. Паводле прызначэння П. падзяляюць на людскія, грузавыя і спецыяльныя. Людскія бываюць выратавальныя, трэніровачныя, спарт., дэсантныя. Для спуску цяжкіх грузаў ужываюць шматкупальныя сістэмы (3 і больш). Спец. П. служаць для тармажэння самалёта (пры пасадцы), гоначнага аўтамабіля, спуску на зямлю касм. спускальных апаратаў, радыёзондаў і інш., а таксама спуску касм. апаратаў на тыя планеты, якія маюць атмасферу і інш.
Схема раскрыцця парашута: 1 — выкід выцяжнога парашута з парашутнага кантэйнера; 2 — выцягванне купала са стропаў асноўнага парашута раскрытым выцяжным парашутам; 3, 4, 5 — напаўненне купала паветрам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАКА́ТНЫ СТАН,
агрэгат (комплекс машын і механізмаў) для апрацоўкі металаў ціскам спосабам пракаткі з дапамогай вярчальных валкоў пракатных; адзін з асн. відаў абсталявання металургічнай прамысловасці. Акрамя пракаткі П.с. транспартуюць зліткі ці загатоўкі да награвальных печаў і валкоў стана, перадаюць пракат ад адной рабочай клеці да другой, робяць кантоўку загатовак, ахаладжэнне і інш.
Прамысл. пракатка жалеза пачалася з 18 ст. У Расіі асабліва шырока развівалася на Урале. З 1960-х г. у СССР, ЗША, ФРГ і Італіі ствараюць ліцейна-пракатныя агрэгаты, у якіх сумяшчаюцца працэсы бесперапыннага ліцця і пракаткі ў адзіным непарыўным патоку. П.с. падзяляюць на 5 асн. відаў, сярод якіх вызначаецца некалькі тыпаў: абціскальныя і загатовачныя (блюмінгі, слябінгі, загатовачныя сартавыя, трубазагатовачныя); сартавыя (рэйкабэлечныя, буйна-, сярэдне- і дробнасартавыя, драцяныя; ліставыя — гарачай і халоднай пракаткі; трубапракатныя; спецыяльныя для асаблівых відаў пракату (колапракатныя, шарапракатныя, для зубчастых колаў і інш.) Паводле колькасці валкоў П.с. дзеляць на 2-валковыя (стан-дуа), З-(стан-трыо), 4-(стан-кварта) і шматвалковыя, у т. л. планетарныя; паводле колькасці рабочых клецей — на 1-, 2-, 3-, 4-, 5-, 6-, шматклецевыя. П.с. для вытв-сці сартавога пракату характарызуецца дыяметрам валкоў, для вырабу ліставога пракату — даўжынёй бочкі валкоў, для вытв-сці труб — вонкавым дыяметрам валкоў. Прадукцыйнасць бесперапыннага загатовачнага П.с. складае каля 4—6 млн.т загатовак за год, аўтам. трубапракатнага 50—70 т бясшвовых труб за гадзіну.