СЯЎКО́ Баляслаў Іванавіч (15.5.1940, в. Межырэчы Зэльвенскага р-на Гродзенскай вобл. —2.6.2002),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1976). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1965). З 1965 акцёр Нац. акад. т-ра імя Я.​Коласа. Выканаўца драм. і характарных роляў, якія вылучаліся псіхал. дакладнасцю, эмацыянальнай насычанасцю вобразаў, пластычнасцю і экспрэсіяй: Юрка, Валодзька, Сын («Таблетку пад язык» А.​Макаёнка), Сярожа, дзядзька Шура [«Скорыя цягнікі», «Таму што люблю» («Дзень карабля») А.​Паповай], Чорт («Блудны муж і яго жонка Варвара» паводле Г.​Марчука), Фатограф («Шагал... Шагал...» У.​Драздова), Алёша («Прыніжаныя і зняважаныя» паводле Ф.​Дастаеўскага), Аўгуст Фіш («Аз і Ферт» П.​Фёдарава), Колесаў («Развітанне ў чэрвені» А.​Вампілава), граф фон Моар («Я, ты, ён, яна, яны... яно» («Разбойнікі») Ф.​Шылера], Сільвіо («Слуга двух гаспадароў» К.​Гальдоні), Фрыц, Наведвальнік («Пісьменныя» паводле М.​Чокэ) і інш. Здымаўся ў кіно. Арганізатар і кіраўнік (з 1969) Віцебскага нар. т-ра пантамімы «Мім».

т. 15, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАМКО́Ў Леў Мікалаевіч (2.8.1937, г. Жлобін Гомельскай вобл. — 31.3.1997),

бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1976). Скончыў БПІ (1960). З 1969 гал. архітэктар ін-та «Гомельграмадзянпраект», з 1984 — Гомельскай вобл. Асн. работы: у Гомелі — праекты планіроўкі і забудовы мікрараёнаў і жылых раёнаў №1, Фестывальны і інш. (1960—70-я г., у сааўт.), рэстаран «Беларусь», аэравакзал (1969), Ін-т механікі металапалімерных сістэм АН Беларусі (1972), жылыя дамы па вуліцах Савецкай і Кожара (1979) і інш., мемар. комплекс на брацкіх магілах байцоў нар. апалчэння ў парку культуры і адпачынку імя Луначарскага (1975, у сааўт.); у г. Хойнікі — помнік Смутку да 10-годдзя катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (1996), скульпт. Л.​Заграбаева). Сярод інш. работ: мемар. дошкі акадэміку С.​А.​Чуніхіну (1995), псіхолагу Л.​С.​Выгоцкаму (1997, абедзве са скульпт. Дз.​Паповым).

Л.Тамкоў, Л.​Заграбаева. Помнік Смутку ў г. Хойнікі Гомельскай вобл.

т. 15, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРАЦЦЯ́К Іван Майсеевіч (н. 20.2.1923, с. Малая Папоўка Харольскага р-на Палтаўскай вобл., Украіна),

савецкі ваен. дзеяч. Ген. арміі (1976). Герой Сав. Саюза (1945), Герой Сац. Працы (1982). Скончыў Астраханскае стралкова-кулямётнае вучылішча (1941). Ваен. акадэміі імя Фрунзе (1949) і Генштаба (1959), Вышэйшыя акад. курсы (1970). У Чырв. Арміі з 1939. У Вял. Айч. вайну на Зах. і 2-м Прыбалт. франтах: камандзір роты, батальёна, палка. Пасля вайны на штабных і камандных пасадах. У 1967—76 камандуючы Беларускай ваеннай акругай, з 1976 — Далёкаўсх. ваен. акругай. У 1987—91 галоўнакаманд. войскамі ППА — нам. міністра абароны СССР. Канд. у чл. ЦК КПСС з 1971, чл. ЦК КПСС у 1976—91. Чл. ЦК КПБ у 1971—76, Бюро ЦК КПБ у лют.—жн. 1976. Дэп. Вярх. Савета СССР у 1966—89. Аўтар кнігі «Храбрыя сэрцы аднапалчан» (1977).

Б.​Дз.​Далгатовіч.

т. 15, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УХСА́Й Якаў Гаўрылавіч (26.11.1911, с. Слакбаш, Башкортастан — 6.7.1986),

чувашскі паэт. Нар. паэт Чувашыі (1950). Вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1930—33). Друкаваўся з 1928. Аўтар зб-каў «Вершы» (1934), «Кніга радасці» (1936), «Сельская хроніка» (1937), «Навіна» (1963), паэм «Залатая кніга народаў» (1937), «Казка пра шчасце» (1940), «Слова пра адзін полк» (1943—47), «Ў рускім полі» (1944—46), «На беразе Влтавы» (1945—47), «Дзед Кельбук» (1951), «Перавал» (1952), «Зямля» (1957—60); рамана ў вершах «Лебядзінае возера» (1950—54) і інш. У зб. «Салдацкія паэмы» (1982), паэме «Зорка майго дзяцінства» (1967) працягваў традыцыі нац. фальклору. Дзярж. прэмія Расіі імя М.​Горкага 1972. На бел. мову асобныя яго творы пераклалі Р.​Барадулін, Ю.​Свірка, М.​Чарняўскі.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Песні волжскага краю. Мн., 1988;

Рус. пер. — Избр. произв. Т. 1—2. М., 1983.

Літ.:

Власенко А.Н. Я.​Ухсай. М., 1976.

т. 16, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕ́РСМАН Аляксандр Яўгенавіч (8.11.1883, С.-Пецярбург — 20.5.1945),

расійскі мінералог і геахімік, адзін з заснавальнікаў геахіміі. Акад. Рас. АН (1919). Скончыў Маскоўскі ун-т (1907). Вучань У.І.Вярнадскага. З 1919 дырэктар Мінералагічнага музея ў Пецярбургу, у 1930—39 — Ін-та крышталяграфіі, мінералогіі і геахіміі, з 1942 Ін-та геал. навук. АН СССР. У 1927—29 віцэ-прэзідэнт АН СССР. Арганізатар і кіраўнік навук. экспедыцый па вывучэнні радовішчаў карысных выкапняў на Кольскім п-ве, у Карэліі, на Урале, Алтаі, у Сярэдняй Азіі, Крыме і краінах Зах. Еўропы. Аўтар фундаментальнай працы «Геахімія» (т. 1—4, 1933—39), навук. і навукова-папулярных кніг. Прэмія імя У.​І.​Леніна 1929. Дзярж. прэмія СССР 1942. Яго імем названы Мінералагічны музей у С.-Пецярбургу, мінералы ферсміт і ферсманіт.

Тв.:

Избр. труды. Т. 1—7. М., 1952—62.

А.​Я.​Ферсман.

т. 16, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧУРА́БА Мікалай Дзмітрыевіч (24.12.1913, Мінск — 29.1.1998),

бел. мастак. Скончыў Маскоўскі маст. ін-т імя В.​Сурыкава (1940). У 1966—82 выкладаў у Брэсцкім інж.-буд. ін-це. Працаваў у кніжнай і станковай графіцы, жывапісе. Творы адметныя грамадзянскасцю і патрыятызмам, дакладнасцю малюнка, гарманічным каларытам, выразнасцю пластычнай формы. Сярод графічных твораў: «Док рыбкалгаса. Ейск» (1937), трыпціх «Абарона Брэсцкай крэпасці» (1949), цыкл «Мой родны Брэст» (1958), «Я.​Колас у дзяцінстве» (1959), партрэты герояў Брэсцкай крэпасці (1965). Аўтар жывапісных работ «Цаною жыцця» (1961), «У Брэсцкай крэпасці» (1964), «Руіны парахавога склада» (1969), трыпціха «На парозе бессмяротнасці» (1971), «Смага» (1979), «Зноў згушчаюцца хмары» (1983). Пісаў таксама партрэты («У сваёй майстэрні»), нацюрморты. Аформіў кнігі «Вершы для дзяцей» М.​Лужаніна (1948), «Залаты карп» А.​Стаховіча (1951), «Новая зямля» Я.​Коласа (1958) і інш.

Л.​Ф.​Салавей.

М.Чураба. У сваёй майстэрні.

т. 17, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАШКО́Ў Алесь (Аляксандр Андрэевіч; н. 3.1.1923, в. Раманаўшчына Чашніцкага р-на Віцебскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў Рэсп. парт. школу пры ЦК КП(б)Б (1950), Вышэйшыя літ. курсы (1959) і Літ. ін-т імя М.​Горкага (1961) у Маскве. З 1947 працаваў у чашніцкай раённай газеце, з 1954 у час. «Калгаснік Беларусі», газ. «Літаратура і мастацтва», «Звязда», на Бел. радыё, у Мін-ве культуры Беларусі, у выд-ве «Народная асвета». Друкуецца з 1947. Аўтар зб-каў апавяд. «Змена» (1951), «Абуджэнне» (1955), «На рачных плёсах» (1956), «Ранняй вясною» (1957), «Сонца тушыць зоркі» (1959), «На вадзе і такое здараецца» (1966), зб. аповесцей «Лань — рака лясная» (1979), раманаў «Спытай сваё сэрца...» (1971), «Навальніца спее ў цішыні» (1995). У іх тэмы перажытага на вайне, пасляваен. жыцця вёскі, складанасць і непаўторнасць чалавечых характараў.

Тв.:

Выбранае: Раманы. Мн., 1995.

т. 17, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШПА́АР (Spaar) Дзітар (н. 21.9.1933, в. Зальца каля г. Нордгаўзен, Германія),

нямецкі вучоны ў галіне с.-г. навук. Д-р с.-г. н. (1964), праф. (1968). Правадз. чл. Акадэміі с.-г. навук ГДР (1972), замежны чл. УАСГНІЛ (1982), Польскай АН (1988), Рас. акадэміі с.-г. навук (1990), Агр. АН Беларусі (1996). Скончыў Маскоўскую с.-г. акадэмію імя К.​А.​Ціміразева (1958). З 1970 дырэктар Ін-та фітапаталогіі (г. Ашэрслебен). З 1977 віцэ-прэзідэнт, з 1987 прэзідэнт Акадэміі с.-г. навук ГДР. З 1991 дырэктар Берлінскай арг-цыі па сельскай гаспадарцы. Навук. працы па вірусных і бактэрыяльных хваробах раслін Еўропы, раслінаводстве асн. с.-г. культур.

Тв.:

Рус. пер. — Бактериозы культурных растений: Справ. кн. М., 1980 (у сааўт.);

Картофель. 2 изд. Мн., 1999 (у сааўт.);

Яровые масличные культуры. Мн., 1999 (у сааўт.);

Зерновые культуры. 2 изд. Мн., 2000 (у сааўт).

т. 17, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШТЭЙН Аляксандр Пятровіч (28.9.1906, г. Самарканд, Узбекістан — 5.10.1993),

рускі драматург. Пісаў на марскую тэматыку. З 1923 выступаў у друку як журналіст. П’есы «Вясна дваццаць першага» (1939), «Флаг адмірала» (паст. 1950; Дзярж. прэмія СССР 1951) на ваен.-гіст. і рэв. тэмы. П’есы «Персанальная справа» (паст. 1954), «Акіян» (паст. 1961), «Апладысменты» (паст. 1967), «Жыў-быў Я» (1977) і інш. пра сучаснасць. Аўтар літ.-біягр. драм «У палоне часу» (1970), «Версія» (1976), кінасцэнарыяў «Суд гонару» (1948; Дзярж. прэмія СССР 1949), кн. «Аповесць пра тое, як узнікаюць сюжэты» (кн. 1—2, 1965—76), дакумент. кн. «Неба ў дыяментах» (1976), апавяданняў, успамінаў і інш. П’есы Ш. ставіліся ў т-рах Беларусі: «Персанальная справа» ў Дзярж. рус. драм. т-ры і Бел. т-ры імя Я.​Коласа (абедзве 1955), «Акіян» у рус. т-ры (1961) і інш.

Тв.:

Пьесы. Т. 1—2. М., 1978.

т. 17, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Э́СКАЛА (Eskola) Антс (17.2.1908, Талін — 14.12.1989),

эстонскі акцёр. Нар. арт. СССР (1964). У 1925—49 (з перапынкам) працаваў у т-ры «Эстонія», з 1949 у Эстонскім драм. т-ры (з 1952 т-р драмы імя В.​Кінгісепа), у 1966—83 у Эстонскім маладзёжным т-ры (усе ў Таліне). Сярод роляў: Маўрус («Чалавек і бог» паводле А.​Тамсаарэ), Лео Саалеп («Няўлоўны цуд» Э.​Вільдэ), Гамлет, Яга («Гамлет», «Атэла» У.​Шэкспіра), Пер Гюнт («Пер Гюнт» Г.​Ібсена), Шоу («Мілы лгун» Дж.​Кілці), Крачынскі («Вяселле Крачынскага» А.​Сухаво-Кабыліна) і інш. З 1947 здымаўся ў фільмах: «Святло ў Каордзі», «Справа Румянцава», «Новы Нячысты з пекла», «Мёртвы сезон», «Маленькі рэквіем для губнога гармоніка», «Школа пана Маўруса», «Суровае мора» і інш. Яго творчасць адметная жанравай разнастайнасцю, дакладнасцю і лаканічнасцю характарыстык герояў, псіхал. глыбінёй, прастатой сродкаў выразнасці. Дзярж. прэмія Эстоніі 1965.

т. 18, кн. 1, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)