ЧУРА́БА Мікалай Дзмітрыевіч (24.12.1913, Мінск — 29.1.1998),

бел. мастак. Скончыў Маскоўскі маст. ін-т імя В.​Сурыкава (1940). У 1966—82 выкладаў у Брэсцкім інж.-буд. ін-це. Працаваў у кніжнай і станковай графіцы, жывапісе. Творы адметныя грамадзянскасцю і патрыятызмам, дакладнасцю малюнка, гарманічным каларытам, выразнасцю пластычнай формы. Сярод графічных твораў: «Док рыбкалгаса. Ейск» (1937), трыпціх «Абарона Брэсцкай крэпасці» (1949), цыкл «Мой родны Брэст» (1958), «Я.​Колас у дзяцінстве» (1959), партрэты герояў Брэсцкай крэпасці (1965). Аўтар жывапісных работ «Цаною жыцця» (1961), «У Брэсцкай крэпасці» (1964), «Руіны парахавога склада» (1969), трыпціха «На парозе бессмяротнасці» (1971), «Смага» (1979), «Зноў згушчаюцца хмары» (1983). Пісаў таксама партрэты («У сваёй майстэрні»), нацюрморты. Аформіў кнігі «Вершы для дзяцей» М.​Лужаніна (1948), «Залаты карп» А.​Стаховіча (1951), «Новая зямля» Я.​Коласа (1958) і інш.

Л.​Ф.​Салавей.

М.Чураба. У сваёй майстэрні.

т. 17, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)