ВАЛГАГРА́ДСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ (да 1961 Сталінградская вобласць),
у Расійскай Федэрацыі. Утворана 5.12.1936. Пл. 113,9 тыс.км². Нас. 2673,2 тыс.чал. (1994), гарадскога 74%. Цэнтр — г.Валгаград. Найб. гарады: Волжскі, Камышын, Міхайлаўка, Урупінск, Фралова.
Прырода. Валгаградская вобласць размешчана на ПдУУсх.-Еўрап. раўніны. Падзяляецца Волгай на 2 часткі: заходнюю — правабярэжную і ўсходнюю — Заволжа. Паверхня правабярэжжа ўзвышаная, моцна расчлянёная ярамі і лагчынамі; у межах яго — паўд.ч. Прыволжскага узв. (выш. да 358 м), паўн.ч. Ергені, паўд.-ўсх.ч. Данской грады, а таксама Хапёрска-Бузулукская і Сарпінская нізіны. Заволжа — нізінная раўніна. Паміж Волгай і яе левым рукавом Ахтубай ляжыць Волга-Ахтубінская пойма. Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, вапнякі, мел, гліны, фасфарыты, кухонная соль. Клімат кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. вагаецца ад -12 °C на Пн да -8 °C на ПдУ, ліп. адпаведна ад 21,5 °C да 24,5 °C. Ападкаў каля 440 мм на З і да 270 мм на ПдУ. Гал. рэкі Волга (з Ахтубай) і Дон з прытокамі Хапёр, Мядзведзіца, Ілаўля. У вобласці Валгаградскае і Цымлянскае вадасховішчы. Салёныя азёры (Эльтон і інш.); ліманы. Мінер. крыніцы (Смарогдзінская, Ергенінская і інш.). Разнатраўна-злакавы стэп на чарназёмных і цёмна-каштанавых глебах (б.ч. узараны) зменьваецца палынова-злакавымі паўпустынямі на светла-каштанавых глебах.
Гаспадарка. Валгаградская вобласць — буйны прамысл. і с.-г. раён Расіі. Гал. галіны прам-сці: машынабудаванне і металаапрацоўка (трактары, судны, рухавікі, падшыпнікі, вымяральная апаратура; абсталяванне для нафтавай, электратэхн., лёгкай, харч. прам-сці і фермерскіх гаспадарак; буравое, трансп., мед., гандл. абсталяванне і інш.), паліўная (здабыча нафты і газу), нафтаперапр., хім. (шыны, лакі і фарбы, у т. л. і вытв-сць каўстычнай соды), нафтахім. (гумава-тэхн. вырабы, тэхн. валокны) прам-сць, чорная і каляровая (алюміній) металургія. Развіта буд. матэрыялаў (цэгла, керамічная плітка, жалезабетонныя вырабы), дрэваапр., лёгкая і харч. (масларобная, кансервавая, мукамольная і інш.) прам-сць. Волжская ГЭС. Пасевы збожжавых (пшаніца, ячмень, кукуруза, проса) і тэхн. (сланечнік, гарчыца) культур. Вырошчваюць бахчавыя (кавуны) і агародніну. Развіта жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла, коза-, авечка- і свінагадоўля). Рыбалоўства. Па тэр. вобласці праходзяць чыгункі Масква—Валгаград—Астрахань, Саратаў—Ілаўля і інш., аўтадарогі Масква—Астрахань, Саратаў—Валгаград і інш. Суднаходства па Волзе, Доне і Волга-Данскім канале. Важнейшыя парты і прыстані: Валгаград, Волжскі, Дубоўка, Калач-на-Доне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАЎНІ́НА, ксілема,
тканка раслін, складзеная з клетак з адраўнелымі абалонкамі. Надае расліне трываласць, праводзіць ваду з растворанымі ў ёй рэчывамі, з’яўляецца месцам назапашвання пажыўных рэчываў. Складае асн. масу ствала, каранёў і галін дрэвавых раслін, размешчана паміж стрыжнем і камбіем.
Гал. анат. элементы Д. — сасуды (трахеі), трахеіды, драўняныя валокны (лібрыформ) і драўняная асн. тканка (парэнхіма). Адрозніваюць Д. першасную, якая ўтварае клеткі пракамбію, і другасную (уласна Д., што ўтвараецца камбіем). Штогадовыя прыросты Д. характарызуюцца ўтварэннем гадавых слаёў (гл. таксама Гадавыя кальцы). У ядравых парод (хвоя, лістоўніца, дуб і інш.) адрозніваюць перыферычную светлую зону (абалону — фізіялагічна актыўную частку, якая праводзіць ваду і мінер. рэчывы) і цэнтр. цёмную зону (ядро, якое ўдзельнічае ў водазабеспячэнні; у клетках некат. парод назапашваюцца смолы, дубільныя рэчывы, алеі, камедзі, пігменты). У бяз’ядравых парод цэнтр. зона такога ж колеру, як абалона (елка, піхта, бяроза, клён і інш.). Элементны хім. састаў сухой Д. розных парод падобны, у ім 49—50% вугляроду, 6—7% вадароду, 43—46% кіслароду, 0,1—0,3% азоту; попелу да 1%, у яго ўваходзяць кальцый, калій, натрый, магній і інш. элементы. Д. розных парод складаецца пераважна з цэлюлозы (у хвойных 41—58%, у лісцевых 39—47%), геміцэлюлозы (адпаведна 15—23% і 20—38%), лігніну (28—34% і 17—27%). Шчыльнасць Д. мяняецца ў шырокіх межах у залежнасці ад віду раслін і ўмоў яе росту. Мікраструктура Д., якая дазваляе вызначыць яе якасць, характарызуецца шырынёй гадавых слаёў, наяўнасцю позняй Д., раўнаслойнасцю, велічынёй і размеркаваннем натуральных няроўнасцей. Д. шырока выкарыстоўваецца ў многіх галінах нар. гаспадаркі на вытв-сць цэлюлозы, кардону, паперы, буд. матэрыялаў (гл.Драўляныя канструкцыі, Драўняныя матэрыялы, Драўнянавалакністыя пліты, Драўнянаслаістыя пластыкі) і інш., а таксама на паліва. Хім. перапрацоўкай з Д. атрымліваюць дубільныя рэчывы, каніфоль, шкіпінар, флатамасла, харч. глюкозу, драўняны і вінны спірт і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛІЯ (літ.Нярыс),
рака на тэр. Беларусі і Літвы, правы прыток р. Нёман. Даўж. 498 км, у Беларусі 264 км. Пл. вадазбору 25,1 тыс.км², на тэр. Беларусі 11 тыс.км². Пачынаецца з невял. балота за 1 км на ПнУ ад в.Вял. Поле Докшыцкага р-на Віцебскай вобл., перасякае мяжу з Літвой за 2 км на ПнЗ ад в. Жарнэлі Астравецкага р-на Гродзенскай вобл., упадае ў Нёман на тэр. Літвы каля г. Каўнас. Асн. прытокі: Сэрвач, Нарач, Страча, Жэймяна, Швянтоі (справа), Дзвінаса, Ілія, Уша, Ашмянка (злева). У бас. Віліі больш за 1,5 тыс. азёр агульнай пл. 598 км². На рацэ створана Вілейскае вадасховішча, частка вады якога па Вілейска-Мінскай воднай сістэме перапампоўваецца ў Свіслач. Даліна звілістая, добра распрацаваная, у верхнім цячэнні шыр. 1—3 км, бліжэй да вусця звужаецца да 200—400 м. Амаль на ўсім працягу назіраюцца тэрасы. Пойма ў верхнім цячэнні ў асноўным забалочаная, шыр. 200—400 м, ніжэй перарывістая, шыр. 50—70 м, месцамі да 600 м; на ўчастку паміжв. Стахі і в. Раздоры Вілейскага р-на шмат старыц. Рэчышча ў вярхоўі моцназвілістае, шыр. 1—2 м, каля вусця р. Уша 40—60 м (месцамі да 100 м), шмат астравоў, водмелей, асяродкаў, трапляюцца парожыстыя ўчасткі. Берагі стромкія, у вярхоўі тарфяністыя. Сярэднегадавы расход вады пры выхадзе за межы Беларусі 80 м³/с, у вусці каля 186 м³/с. Веснавое разводдзе пачынаецца ў канцы сак. і доўжыцца каля 50 сут. Рэжым вызначаецца інтэнсіўным веснавым разводдзем (каля 45% гадавога сцёку) і нізкім стаяннем вады ў летнюю межань. Пасля пабудовы Вілейскага вадасх. ўзроўневы і сцёкавы рэжым плаціны ў межах Беларусі зарэгуляваны. Замярзае ў верхнім цячэнні ў пачатку снеж., у сярэднім і ніжнім — у канцы снеж.—пач.студз., крыгалом у 2-й палавіне сак. ад вусця да вярхоўя. Сярэдняя т-ра вады летам 18—20 °C, найб. ў ліп. (27,9 °C, 1956). Водзяцца шчупак, акунь, плотка, лешч, лінь, карась, верхаводка, гусцяра, каштоўныя — судак, мінога ручаёвая, галавень, стронга ручаёвая, падуст, сом, мянтуз, вугор. На рацэ гарады Вілейка, Вільнюс і Каўнас (у вусці). На берагах у маляўнічых мясцінах створаны зоны адпачынку Вілейка, Плёсы; у вытоку Віліі помнік прыроды — Бярозаўскі дуб-велікан. Амаль усе прытокі Віліі каналізаваныя. Усяго ў бас. ракі больш за 40 каналаў агульнай даўж. каля 300 км.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВАРЧА́НІН (Ігнат Сымонавіч) (8.6.1895, в. Погіры Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл. — 8.12.1937),
бел.літ.-знавец, паэт, публіцыст, грамадскі дзеяч. Скончыў Пражскі ун-т (1925) са ступенню д-ра філасофіі. З 1912 настаўнік. У 1915—17 на вайсковай службе. У 1918 сакратар культ.-асв. аддзела Бел.нац. камісарыята ў Маскве. У 1919—20 вёў культ.-асв. работу ў Дзятлаўскім пав., за што зняволены ўладамі Польшчы ў Беластоцкі канцлагер. У 1921 арганізаваў у Даўгаўпілсе бел. настаўніцкія курсы, дзе чытаў лекцыі па бел. мове і л-ры, стварыў бел. тэатр, калектыў і хор. З 1926 у Вільні. Выкладаў бел. л-ру ў бел. гімназіі. Выконваў даручэнні Цэнтр. сакратарыята Бел. сялянска-рабочай грамады. Уваходзіў у Гал. ўправу ТБШ (1926—30). У 1928 выбраны паслом у польскі сейм па спісе рабоча-сялянскага блока. У выступленнях на сейме, мітынгах абараняў сац. і нац. правы народа Зах. Беларусі. Адзін з арганізатараў, нам. старшыні рэв.-дэмакр. і нац.-вызв. арг-цыі «Змаганне» (1928—30). За рэв. дзейнасць неаднаразова быў арыштаваны, у 1930 засуджаны на 8 гадоў турмы. У выніку абмену палітвязнямі паміжСССР і Польшчай з 1932 у Мінску Працаваў у АНБССР (у камісіі па вывучэнні Зах. Беларусі). У 1933 рэпрэсіраваны, расстраляны. Рэабілітаваны ў 1956. Дэбютаваў вершамі ў 1917. Вершы Д. публікаваліся ў час. «Наш шлях», «Прамень», «Студэнцкая думка» і інш. У іх балючы драматызм, горкая развага пра нягоды і страты свайго народа, рамантычная вера ў светлы дзень. Публіцыстыка Д. — яркая старонка барацьбы за адраджэнне нац. культуры, сац. і нац. правоў роднага народа. У 1927 выдаў у Вільні «Хрэстаматыю новай беларускай літаратуры (ад 1905 г.)», якая адыграла вял. ролю ў школьным навучанні і патрыят. выхаванні. Пад псеўд. І.Гудок пераклаў на бел. мову паэму А.Блока «Дванаццаць» (Вільня, 1926).
Тв.:
[Вершы] // Ростані волі. Мн., 1990;
Бел.пер. — Францішак Скарына як культурны дзеяч і гуманіст на беларускай ніве. Мн., 1991.
Літ.:
Бергман А. Ігнат Дварчанін // Беларускі каляндар 1978. Беласток, 1978;
Крывіцкі Л. (Л.А.Луцкевіч) Адкапаў праўду Беларусі // Беларускі каляндар, 1982. Беласток, 1982;
Міско Я. «Ласкі панскай не трэба...» // Міско Я. Маё маўклівае сэрца. Мн., 1983;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМУНІСТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ КІТА́Я (КПК),
палітычная партыя левага кірунку ў Кітаі, найбуйнейшая ў свеце. Засн. ў ліп. 1921 на 1-м устаноўчым з’ездзе ў Шанхаі пры садзеянні Камуністычнага Інтэрнацыянала ва ўмовах уздыму нац.-рэв. руху і пашырэння ідэй марксізму-ленінізму ў Кітаі. Склалася на аснове марксісцкіх гурткоў Пекіна, Шанхая, Гуанчжоў і інш. (60 чал.) і эмігранцкай групы з Токіо. Заснавальнікі — Лі Дачжао, Мао Цзэдун і інш. 1-ы з’езд абвясціў канчатковай мэтай партыі пабудову ў Кітаі сацыялізму. 2-і з’езд (1922) вызначыў найбліжэйшай задачай партыі ажыццявіць дэмакр. рэвалюцыю. У 1923—27 супрацоўнічала з партыяй Гаміньдан, удзельнічала ў рэвалюцыі 1925—27. Пасля захопу ўлады Чан Кайшы і інш. правымі лідэрамі Гаміньдана (крас.—ліп. 1927) КПК, якой з 1935 кіраваў Мао Цзэдун, абапіраючыся на свае ўзбр. сілы (Чырв. армію, з 1946 Нар.-вызв. армію Кітая), вяла вайну з гаміньданаўскім рэжымам і адначасова ў 1937—45 сумесную з Гаміньданам вайну супраць яп. войск, якія акупіравалі ч. краіны. У выніку перамогі над Гаміньданам у грамадз. вайне 1946—49 прыйшла да ўлады (1949) і стала кіруючай партыяй. З сярэдзіны 1950-х г. у КПК сапернічалі радыкальная (лідэр Мао Цзэдун) і прагматычная (лідэр Дэн Сяапін) фракцыі, выявіліся рознагалоссі з КПСС. Мао Цзэдун ініцыіраваў у 1958 «вял. скачок», у 1966 — «культ. рэвалюцыю», якія прывялі краіну да стану цяжкага крызісу. Пасля яго смерці (1976) у кіраўніцтва КПК прыйшлі прагматыкі на чале з Дэн Сяапінам, якія правялі шэраг рэформ, скіраваных на рынкавыя пераўтварэнні ў эканоміцы краіны. Пасля распаду сусв.сацыяліст. сістэмы (канец 1980-х — пач. 1990-х г.) КПК не адмовілася ад манаполіі на паліт. ўладу, але абмежавала свой удзел у кіраванні эканомікай. Яна працягвае прытрымлівацца асн. ідэй марксізму-ленінізму і Мао Цзэдуна (гл.Мааізм). Налічвае больш за 58 млн.чл. (1997). Вышэйшы орган — з’езд (15-ы з’езд адбыўся ў вер. 1997), паміж з’ездамі партыяй кіруюць ЦК, яго Палітбюро, Пастаянны к-т, Сакратарыят, Цэнтр. камісія па праверцы дысцыпліны і Ваен. савет ЦК. Ген. сакратар ЦК з чэрв. 1989 Цзян Цзэмінь. Друкаваныя органы ЦК — газ. «Жэньмінь жыбао» («Народная газета») і час. «Хунцы» («Чырвоны сцяг»), Разам з дэмакр. партыямі і грамадскімі арг-цыямі КПК утварае Нар.паліт. кансультатыўны савет Кітая.
міжнароднае аб’яднанне камуніст. партый і блізкіх да іх арг-цый розных краін у 1919—43. Засн. ў сак. 1919 у Маскве па ініцыятыве рас. камуністаў (бальшавікоў) на чале з У.І.Леніным ва ўмовах уздыму рэв. руху ў свеце пасля 1-й сусв. вайны. Аб’ядноўваў леварадыкальнае крыло міжнар. рабочага руху (на час правядзення апошняга VII кангрэса ў 1935 уваходзіла 76 камуніст. партый і 4 групы — усяго 3 млн. 141 тыс.чл.), а таксама міжнар. арг-цыі Камуністычны інтэрнацыянал моладзі, Міжнар.арг-цыя дапамогі барацьбітам рэвалюцыі, Чырв. Інтэрнацыянал прафсаюзаў і інш. Паводле статута 1920 лічыўся адзінай цэнтралізаванай сусв.камуніст. партыяй, а партыі і арг-цыі, што дзейнічалі ў розных краінах, — яе секцыямі [бел. камуністаў прадстаўлялі секцыі ВКП(б) і КПЗБ]. Запазычыўшы паліт. платформу ў бальшавікоў, К.І. прызнаваў рэв. шлях барацьбы працоўных за свае правы, бачыў сваю задачу ў падрыхтоўцы і ажыццяўленні сусв.сацыяліст. рэвалюцыі і ўстанаўленні сусв. дыктатуры пралетарыяту. Гэта абумовіла адмоўнае стаўленне кіраўніцтва К.І. да сацыял-рэфармісцкіх партый і рухаў, вяло да самаізаляцыі камуніст. руху. Намагаючыся выправіць гэта становішча, VII кангрэс К.І. (1935) заклікаў да аб’яднання ўсіх антыфаш. сіл (найперш камуністаў з сацыял-дэмакратамі), здзяйснення тактыкі адзінага рабочага фронту на антыфаш. аснове і надання большай самастойнасці партыям. Аднак у 1936—39 зноў узмацніліся тэндэнцыі дагматызму і сектанцтва ў кіруючых органах К.І. У 1938 Выканком К.І. неабгрунтавана распусціў камуніст. партыі Польшчы, Зах. Беларусі, Зах. Украіны. Ва ўмовах 2-й сусветнай і Вял.Айч. вайны СССР супраць фаш. Германіі па ініцыятыве Сталіна Прэзідыум Выканкома К.І. 15.5.1943 прыняў рашэнне аб роспуску К.І. За гады яго актыўнай дзейнасці (1919—39) колькасць камуністаў у свеце вырасла з 340—360 тыс. да 4202 тыс.чал. Вышэйшы орган К.І. — кангрэс (усе адбыліся ў Маскве ў 1919, 1920, 1921, 1922, 1924, 1928, 1935), паміж кангрэсамі — Выканаўчы к-т, а з 1921 і яго Прэзідыум (знаходзіліся ў Маскве); на VII кангрэсе (1935) уведзена пасада ген. сакратара Выканкома К.І., якую займаў Г.Дзімітроў. Лідэрамі К.І. былі таксама Р.Я.Зіноўеў, Дз.З.Мануільскі, П.Тальяці і інш.Гал. друкаваны орган -т час. «Коммунистический Интернационал» (выдаваўся ў 1919—43 на рус., англ., ням., франц., ісп. і кіт. мовах).
Літ.:
Коминтерн и вторая мировая война. Ч. 1. До 22 июня 1941 г.М., 1994.
нелегальная камуніст.арг-цыя моладзі Зах. Беларусі ў 1924—38. Існаваў як тэр. аўтаномная частка Камуністычнага саюза моладзі Польшчы (КСМП). Яго дзейнасць накіроўвалі КСМП і Камуністычная партыя Заходняй Беларусі (КПЗБ). Вышэйшы орган — з’езд, паміж з’ездамі — ЦК. Пасля адыходу ў 1921 Зах. Беларусі да Польшчы разрозненыя камсамольскія арг-цыі пачалі адраджаць сваю дзейнасць. Скліканая ЦККПЗБ у студз. 1924 камсамольская канферэнцыя Зах. Беларусі прыняла рашэнне пра стварэнне адзінага саюза — КСМЗБ. У яго аснову быў пакладзены прынцып дэмакр. цэнтралізму, а ўся структура і дзейнасць рэгламентаваліся ў адпаведнасці са Статутам камсамола Польшчы. Нізавым звяном КСМЗБ былі ячэйкі (ад 3 да 7 чл.), якія аб’ядноўваліся ў раённыя (гарадскія), а тыя — у акр. арг-цыі. У розныя гады КСМЗБ падзяляўся на 6—10 акруг, аб’ядноўваў ад 1200 (1925) да 3500-4000 (1932) членаў; у іх ліку было 80% сялян, 83% беларусаў, каля 15% яўрэяў. КСМЗБ дапамагалі КП(б)Б і камсамол БССР. У Мінску з 1925 дзейнічала школа для парт. і камс. функцыянераў Зах. Беларусі; на тэр.БССР КСМЗБ правёў свой адзіны з’езд (сак. 1931, в. Сляпянка пад Мінскам) і III канферэнцыю (1932). КСМЗБ накіроўваў барацьбу сялянскай, рабочай, вучнёўскай моладзі за сац. і нац. вызваленне, за дэмакр. свабоды, за ўз’яднанне Зах. Беларусі з БССР. супраць пагрозы вайны і інш. У сярэдзіне 1930-х г., ён дапамагаў КПЗБ праводзіць лінію па стварэнні адзінага антыфаш. фронту. Выдаваў свае газ. і час.: «Малады камуніст», «Малады змагар», «Пад сцягам камсамола», «Камсамолец» (на бел., польск., рус. і яўр. мовах) і інш. На працягу ўсёй сваёй гісторыі КСМЗБ праследаваўся ўладамі, да 73 яго членаў знаходзілася ў турмах. Кіруючымі дзеячамі КСМЗБ у розныя часы былі: В.З.Харужая, М.М.Дворнікаў, В.П.Ласковіч, Я.І.Скурко (М.Танк), П.Пестрак, І.Я.Дабрыян, С.В.Прытыцкі, Л.Р.Шайкоўскі і інш. КСМЗБ спыніў дзейнасць у 1938 у сувязі з беспадстаўным роспускам Камінтэрнам Кампартыі Польшчы, у т. л.КПЗБ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫДА́КТЫКА (ад грэч. didaktikos павучальны, які датычыць вучобы),
галіна педагогікі, якая распрацоўвае тэорыю адукацыі і выхавання ў працэсе навучання. Адным з першых тэрмін «Д.» ўжыў Я.А.Каменскі ў працы «Вялікая дыдактыка» (1657). Прадмет даследавання Д. — мэты, змест, заканамернасці, формы і прынцыпы навучання. Вырашэнне гэтых агульнатэарэтычных пытанняў дае падставу для распрацоўкі канкрэтных навуч. праграм, арганізац. формаў і сродкаў навучання. Д. арганічна звязана з філасофіяй, фізіялогіяй, сацыялогіяй і інш. Тэорыя і практыка выкладання асобных дысцыплін вывучаецца прыватнымі Д. (Д. матэматыкі, Д. фізікі, Д. бел. мовы і інш.). Усе яны абапіраюцца на здабыткі асобных навук і грунтуюцца на іх дасягненнях. Мэта адукацыі накіравана на ўсебаковае развіццё асобы, забеспячэнне свядомага і трывалага засваення ведаў асноў навук, авалодання ўменнем карыстацца гэтымі ведамі на практыцы, творча выкарыстоўваць іх для вырашэння новых праблем. Яна разглядаецца ў адзінстве з мэтамі выхавання, накіраванага на фарміраванне асобы вучня, далучэнне школьнікаў да самаадукацыі і самавыхавання. Мэты адукацыі вызначаюць яе змест. У сучаснай школе ён уключае сістэму ведаў аб прыродзе, грамадстве, тэхніцы, чалавеку; сістэму спосабаў дзейнасці, што ў выніку засваення становяцца ўменнямі і навыкамі; вопыт творчай дзейнасці, які забяспечвае развіццё творчых здольнасцей вучняў; сістэму нормаў адносін да сусвету і паміж сабой, што ў сукупнасці забяспечвае накіраванасць асобы, яе маральную, эстэт., эмацыянальную культуру, каштоўнасці і ідэалы. Дасягненне мэт магчыма пры выкананні пэўных дыдактычных прынцыпаў. Асн. прынцыпы Д.: прынцып навуковасці прадугледжвае, што змест адукацыі павінен уяўляць сабой сістэму ведаў і ісцін, выяўленых навукай; прынцып даступнасці прадугледжвае такі ўзровень цяжкасці вучэбнага матэрыялу, які адпавядаў бы магчымасцям вучня; прынцып нагляднасці прадугледжвае, абапіраючыся на дапаможныя сродкі, дамагчыся яснага разумення і засваення вучнямі вучэбнага матэрыялу; прынцып сістэматычнасці патрабуе паслядоўнасці ў вывучэнні і пераемнасці, што забяспечвае трываласць ведаў; прынцып свядомасці і актыўнасцізасн. на ўсведамленні вучнем, што набыццё ведаў цалкам залежыць ад яго асабістай пазнавальнай актыўнасці, бачання мэты і перспектыў навучання; прынцып спалучэння тэорыі з практыкай азначае, што веды павінны мець рэальную жыццёвую аснову, стварацца на падставе вопыту і замацоўвацца ў ім; прынцып аптымізацыі патрабуе найлепшага выкарыстання ўсіх звёнаў вучэбнага працэсу з абавязковым улікам індывід. асаблівасцей кожнага вучня. У Беларусі даследаванні ў галіне Д. праводзяцца ў Нац. ін-це адукацыі і ВНУ.
Літ.:
Оконь В. Введение в общую дидактику: Пер. с пол. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫСЛАКА́ЦЫІў крышталях,
трансляцыйныя лінейныя дэфекты ў крышталях; лініі, уздоўж і паблізу якіх парушана рэгулярнае размяшчэнне атамных плоскасцей. Могуць выходзіць на паверхню, замыкацца (утвараць дыслакацыйную пятлю), разгаліноўвацца, не абрываюцца ўнутры крышталя. Сярэдняя колькасць ліній Д., што праходзяць праз сячэнне адзінкавай плошчы, вызначае дыслакацыйную шчыльнасць.
У простай кубічнай рашотцы бываюць 2 тыпы Д. — краявая і вінтавая; у больш складаных структурах паміж гэтымі гранічнымі тыпамі могуць існаваць прамежкавыя (напр., у рашотцы алмазу бывае 10 тыпаў Д.). Краявыя Д. — лініі, уздоўж якіх унутры крышталя абрываецца край лішняй атамнай паўплоскасці. Вінтавыя Д. ўтвараюцца ў выніку зруху на перыяд рашоткі адной часткі крышталя адносна другой уздоўж некаторай атамнай паўплоскасці паралельна яе краю. Пры абходзе вакол лініі Д. па вузлах рашоткі ўзнікае незамкнёнасць контуру, якая характарызуецца вектарам Бюргерса . Даўжыня вектара роўная аднаму з трансляцыйных перыядаў рашоткі, а напрамак залежыць ад напрамку абходу контуру. Для краявой Д. вектар датычнай L да яе лініі і вектар перпендыкулярныя, для вінтавой — паралельныя. Існуюць 2 спосабы перамяшчэння Д. па крышталі: слізганне (абумоўлена разрывам і перазлучэннем міжатамных сувязей уздоўж лініі Д.) і перапаўзанне (атамная рэканструкцыя краю лішняй паўплоскасці). У рэальных крышталях Д. — ломаныя лініі, якія складаюцца з участкаў (сегментаў) розных тыпаў. Пры збліжэнні двух Д. аднатыпныя сегменты 3 паралельнымі вектарамі Бюргерса адштурхоўваюцца, а з антыпаралельнымі — прыцягваюцца, і адбываецца «анігіляцыя» сегментаў. Узнікненне Д. абумоўлена пластычнай дэфармацыяй крышталя ў працэсе яго росту або далейшых тэрмаапрацовак. Д. ў крышталі знаходзіцца ў полі пругкіх напружанняў. Пры павелічэнні пластычнай дэфармацыі расце колькасць Д., іх палі перакрываюцца і слізганне ўскладняецца (дэфармацыйнае ўмацаванне). Рух і ўзаемадзеянне Д. вызначаюць змяненне формы крышталя і яго ўласцівасцей. У кавалентных крышталях (германій, крэмній, алмаз) Д. маюць абарваныя хім. сувязі; кожная разарваная (ненасычаная) сувязь можа выступаць як цэнтр захопу электрона. У кавалентных і іонных крышталях Д. праяўляюць сябе ў фотапругкасці, люмінесцэнцыі, анізатрапіі электраправоднасці і інш. Акрамя Д. у крышталях бываюць ратацыйныя лінейныя дэфекты — дысклінацыі (парушэнні сіметрыі напрамкаў).
Літ.:
Судзуки Т., Ёсинага Х., Такеути С. Динамика дислокаций и пластичность: Пер. с яп.М., 1989;
Дроздов Н.А., Патрин А.А., Ткачев В.Д. Рекомбинационное излучение на дислокациях в кремнии // Письма в Журн. экспер. и теорет. физики. 1976. Т. 23, № 11.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЛІЧЭ́ННЕ,
сістэма правіл аперыравання са знакамі пэўнага віду, якая дазваляе даць дакладнае апісанне некаторага класа задач і алгарытмы іх рашэння; спосаб утварэння якой-н. сукупнасці (мноства) элементаў на аснове правіл атрымання новых элементаў з зададзеных зыходных. Мае фундаментальны характар, як і паняцце алгарытму. Узнікла і развівалася ў рамках матэматыкі (гл.Аперацыйнае злічэнне, Варыяцыйнае злічэнне, Дыферэнцыяльнае злічэнне, Інтэгральнае злічэнне). Пазней метады пабудовы З. пачалі выкарыстоўвацца ў логіцы (гл.Алгебра логікі, Матэматычная лінгвістыка). Агульная тэорыя З. выкарыстоўваецца ў алгарытмаў тэорыі.
У матэматычнай логіцы любое З. адназначна задаецца зыходнымі элементамі (алфавітам З.), правіламі ўтварэння формул дадзенага З. (слоў ці выразаў), сукупнасцю аксіём і правіл пераўтварэння (вывядзення) яго фразеалогіі. Прыпісванне элементам З. пэўных значэнняў (гл.Семантыка лагічная) пераўтварае З. ў фармалізаваную мову. Напр., у З. выказванняў шляхам пэўнай канечнай працэдуры (доказу; улічваецца толькі праўдзівасць ці непраўдзівасць выказвання) атрымліваюць выказванні-тэарэмы (гл.Логіка выказванняў). У выніку атрымліваюць лагічную сістэму, якая фармалізуе разважанне, заснаванае на структуры складаных выказванняў у адрозненне ад унутранай структуры элементарных выказванняў. Пры З. прэдыкатаў атрымліваюць сцвярджэнні (формулы, тэарэмы) з улікам суб’ектна-прэдыкатыўнай структуры выказванняў (напр., «элемент X мае ўласцівасць P), што дае магчымасць выяўляць сувязь аб’ектаў з іх уласцівасцямі і суадносіны паміж імі, колькасна характарызаваць сувязь рэчаў, уласцівасцей і адносін з дапамогай лагічных эквівалентаў выразаў «усе», «некаторыя», «кожны» і інш. (гл.Квантары). Такое З. адпавядае логіцы прэдыкатаў, калі яно мае ўласцівасці несупярэчлівасці (кожная тэарэма агульназначная) і паўнаты (кожная агульназначная формула даказальная). З. прэдыкатаў уключае З. выказванняў і разглядаецца звычайна як яго пашырэнне шляхам фармалізацыі вывадаў, заснаваных на ўнутранай структуры выказванняў. Тэорыю З. прэдыкатаў распрацаваў ням. логік, матэматык і філосаф Г.Фрэге, чым істотна ўзбагаціў сілагістыку Арыстоцеля і традыц.сілагістыку. Абагульненне З. выказванняў — З. класаў, дзе дадаткова разглядаецца суб’ектна-прэдыкатная структура выказванняў і пры гэтым з кожным прэдыкатам (уласцівасцю) звязваецца ўся сукупнасць элементаў (клас) з разгляданай вобласці, якія маюць гэтую ўласцівасць (гл.Логіка класаў). З. класаў часам разглядаюць як фармалізаваную тэорыю мностваў, выкарыстоўваюць як дапаможны этап пры пераходзе ад З. выказванняў да З. прэдыкатаў і будуюць на базе З. выказванняў з дапамогай адпаведнай інтэрпрэтацыі яго формул.
Літ.:
Гильберт Д., Аккерман В. Основы теоретической логики: Пер. с нем. М., 1947;
Методологические проблемы развития и применения математики. М., 1985;
Жуков Н.И. Философские основания математики. 2 изд. Мн., 1990.