КАСЦЮКО́ЎКА,

рабочы пасёлак у Гомельскім р-не. Падпарадкоўваецца Чыгуначнаму раённаму Савету г. Гомеля. За 12 км ад Гомеля, чыг. станцыя на лініі Гомель—Жлобін, на аўтадарозе Гомель—Магілёў. 11,1 тыс. ж. (1998).

Вядома з 1873 як ст. Лібава-Роменскай чыгункі. З 1929 пасёлак рабочых Гомельскага шклозавода, з 1935 рабочы пасёлак. У Вял. Айч. вайну ў ноч на 18.8.1941 каля К. адбыўся бой паміж батальёнамі Гомельскага нар апалчэння і ням. танкавай часцю. З 18.8.1941 па 26.11.1943 акупіравана ням.-фаш. захопнікамі. Абсталяванне завода і частка рабочых эвакуіраваны ў Башкірыю, заводскія карпусы і пасёлак у час акупацыі зруйнаваны, у 1943—45 адноўлены.

Шклозавод, прадпрыемствы тарфяной (з-д «Імпульс»), швейнай прам-сці. 2 сярэднія школы, школа-інтэрнат, школа мастацтваў, Палац культуры шклозавода, б-ка, бальніца, аптэка, паліклініка, спарткомплекс, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік работнікам шклозавода.

т. 8, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)