род кветкавых раслін сям. першакветных. Каля 100 відаў. Пашыраны пераважна ў Еўразіі. На Беларусі П. ніткападобны (A. filiformis) і паўночны (A. septentrionalis). Трапляюцца каля лясных дарог, на чыг. насыпах, сухіх адхонах.
Адна- або шматгадовыя травы, часам паўкусты, утвараюць шчыльныя дзярніны ці падушкі, часта ксерафіты. Лісце яйцападобнае або лінейнае, у разетцы. Кветкі дробныя, у парасонападобных суквеццях, рэдка адзіночныя. Плод — каробачка. Лек. і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫРЭ́ЧЫШЧАВЫ ВАЛ,
спадзісты вал, які ўтвараецца ў выніку акумуляцыі рачных наносаў (пераважна пяску і гліны) у поймах рэк. Большая ч. матэрыялу адкладваецца ў час разводдзя, калі рака выходзіць з рэчышча на пойму і губляе на мелкаводдзі скорасць цячэння. Выш. П.в. 1—2 м (у вял. раўнінных рэк да 5—6 м і больш), часам яны ўтвараюць прыродныя дамбы шыр. да некалькіх дзесяткаў метраў. Найб. уласцівы сярэдняму і ніжняму цячэнню рэк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БОЙН (Boyne),
комплекс рытуальных археал. помнікаў эпохі неаліту (магчыма, 2500—2000 да н.э.) у лукавіне р. Бойн, за 40 км на Пн ад г. Дублін (Ірландыя). Складаецца з некалькіх курганоў, 5 хенджаў і 3 вял. калідорных грабніц: Нью-Грэйндж, Даўт і Наўт. Часам тэрмінам «Культура Бойн» наз.археал. матэрыялы з калідорных грабніц усёй Ірландыі. Характэрныя рысы — своеасабліва арнаментаваная кераміка (стыль Кэраўкіл) і касцяныя шпількі з макападобнымі і грыбападобнымі навершамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ЖНІЦА,
тып старадаўняга збудавання ў гарадах і мястэчках ВКЛ, дзе ўзважвалі і вымяралі прывезеныя купцамі на продаж збожжа і інш. тавары. Найчасцей важніца — 1-павярховы мураваны ці драўляны будынак, унутры якога былі 2 памяшканні: уласна важніца, дзе захоўвалі гарадскія вагі і меры, і «мерніца», дзе ўзважвалі і вымяралі тавары. На Беларусі ў 16—18 ст. важніцы існавалі ва ўсіх значных гарадах; звычайна на гандл. плошчах, часам іх блакіравалі з ратушамі і гандлёвымі радамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕТРАЭНЕРГЕТЫ́ЧНАЯ ЎСТАНО́ЎКА,
комплекс тэхн. прыстасаванняў для пераўтварэння энергіі ветру ў іншыя віды энергіі. Складаецца з ветраагрэгата, прыстасавання, якое акумулюе энергію або рэзервуе магутнасць, часам рэзервовага (пераважна цеплавога) рухавіка, сістэм аўтам. рэгулявання работы ўстаноўкі. Бываюць спец. прызначэння (помпавыя, эл. зарадныя, млынавыя, апрасняльныя і інш.) і комплекснага выкарыстання (напр., ветраэлектрычныя станцыі). Магутнасць ветраэнергетычнай устаноўкі да некалькіх мегават.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЛІ́ГА,
павышэнне т-ры паветра да 0 °C і вышэй зімой ва ўстойлівы марозны перыяд. Узнікае ад прытоку паветра з больш цёплых раёнаў (гл.Адвекцыя, Цыклон) або выклікаецца мясц. награваннем паветра сонечнай радыяцыяй. Найб. характэрна для тэрыторый з кліматам, пераходным ад марскога да кантынентальнага. На Беларусі за снеж.—люты на крайнім ПдЗ бывае больш за 50 дзён з А., на ПнУ — 26—30. Працяглыя адлігі часам выклікаюць сярод зімы паводкі на рэках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДСТРА́Т (ад лац. ad пры, каля + stratum слой),
сляды ўзаемадзеяння мовы прышэльцаў і тубыльцаў на фанетычным, лексічным, граматычным узроўні. Пры гэтым не адбываецца асіміляцыі, а абедзве моўныя сістэмы працягваюць суіснаванне (скандынаўскі ўплыў на англ. мову 9—11 ст., цюркскі адстрат у бел. мове, напр.: кіндзюк — зельц). Часам тэрмін «адстрат» ужываецца для абазначэння ўзаемапранікнення тэрытарыяльна сумежных, але не блізкародных моў (бел. і літоўскай; напр., валандацца, клыпаць). Паняцце «адстрат» уведзена М.Барталі ў 1936.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ААЛІ́ТЫ [ад аа... + літ(ы)],
шара- або эліпсападобныя мінер. ўтварэнні з вуглякіслага кальцыю, вокіслаў і сілікатаў жалеза і марганцу, кальцыту, даламіту і інш. Памер ад 0,05 да 25 мм, канцэнтрычна-шкарлупінападобнай, часам радыяльна-прамяністай і складанай будовы. Ядром аалітаў могуць быць абломкі ракавін, пясчынкі і інш. Утвараюцца ў морах, цёплых крыніцах у выніку калоідна-хім. і біяхім. працэсаў. Трапляюцца ў вапняках і як разнавіднасць жалезных рудаў. На Беларусі ёсць у адкладах кембрыю, ардовіку, дэвону, юры і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРТАЛІНІ́Т,
запаленне барталінавых залоз пераддзвер’я похвы ў жанчын. Узбуджальнікі барталініта — ганакокі і стафілакокі, часам стрэптакокі, кішачная палачка, трыхаманады і інш. Пачынаецца з запалення вывадной пратокі залозы (ацёк, гіперэмія, інфільтрацыя). Калі захворванне не лечаць, утвараецца абсцэс, які можа самаадвольна прарваць. Пры ўтварэнні новых абсцэсаў хвароба пераходзіць у хранічную форму. Найчасцей барталініт развіваецца з аднаго боку, бывае двухбаковы. Лячэнне: антыбактэрыяльная тэрапія, мясцова холад; пры нагнаенні і абсцэсах — разразанне, пры частых абвастрэннях — хірург. выдаленне залозы.