ЯДЛО́ВЕЦ (Juniperus),

род хвойных раслін сям. кіпарысавых. Каля 70 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. Аказваюць аздараўляльны ўплыў на лес — выдзяляюць фітанцыдаў больш за інш. хвойныя. На Беларусі 1 від — Я. звычайны (J. communis). Утварае падлесак у хвойных і мяшаных лясах. Інтрадукаваны віды Я.: віргінскі (J. virginiana). казацкі (J. sabina). кітайскі (J. chinensis), Саржэнта (J. sargentii).

Вечназялёныя дрэвы выш. 10—12. радзей да 30 м, ці кусты, часам сцелістыя. Каранёвая сістэма моцная і глыбокая. Растуць марудна, жывуць да 500—1000 гадоў. Большасць відаў — двухдомныя. Лісце іголка- або лускападобнае. Мікрастробілы (гл. Стробіл) дробныя. авальныя. Пасля апладнення мегастробілы зрастаюцца паміж сабой і ўтвараюць сакаўныя шышкі, сіне-чорныя ці цёмна-бардовыя, якія выспяваюць на 2—3-і год (часам іх наз. шышкаягадамі або ядлоўцавымі ягадамі). Драўніна трывалая, устойлівая супраць насякомых і гніення. Салодкія пахучыя шышкі Я. выкарыстоўваюць у харч. і парфумернай прам-сці; лісце і маладыя парасткі. багатыя эфірнымі алеямі. што ачышчаюць паветра ад мікробаў — у медыцыне. ветэрынарыі і парфумерыі. Тэхн., лек., дэкар. расліны.

І.​М.​Гарановіч.

Ядловец звычайны.

т. 18, кн. 1, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)