КО́БРЫНСКАЕ КНЯ́СТВА феадальнае княства ў бас. рэк Мухавец і Кобрынка. Цэнтр — г.Кобрын. Узнікла каля 1404 пасля падзелу ўладанняў кн. Фёдара Ратненскага (сына вял.кн.ВКЛАльгерда) паміж яго сынамі Сангушкам (родапачынальнік кн. роду Сангушкаў) і Раманам (родапачынальнік кн. роду Кобрынскіх). На працягу 15 ст. самастойная адм.-тэр. і судовая акруга ў складзе ВКЛ. Падзялялася на Кобрынскую і Прушанскую (Пружанскую) воласці. У пач. 16 ст. ў сувязі са згасаннем роду Кобрынскіх княства скасавана, а яго тэрыторыю Жыгімонт I Стары ў 1519 у якасці староства перадаў у пажыццёвае валоданне маршалку ВКЛ В.Косцевічу (мужу Г.С.Кобрынскай). Пасля яго смерці ў 1532 староства ў якасці павета далучана да Падляшскага ваяв., у 1566 увайшло ў Берасцейскі павет.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЛЬВІЦ ((Kollwitz) Кетэ) (8.7.1867, г. Кёнігсберг, цяпер Калінінград, Расія — 22.4.1945),
нямецкі графік і скульптар. Вучылася ў маст. школах у Берліне (1885—86) і Мюнхене (1888—89). У 1919—33 праф.АМ у Берліне. У ранні перыяд творчасці зазнала ўплыў М.Клінгера. У малюнках, афортах, літаграфіях адлюстроўвала трагізм сваёй эпохі, выказвала сац. пратэст, увасабляла гуманіст. ідэалы. Графічная манера вызначалася дынамікай кампазіцыі, кантрастамі тонаў і штрыха: цыклы «Паўстанне ткачоў» (1897—98), «Растаптаныя» (1900), «Вайна» (1920—24), «Голад» (1924)», «Маці» (1922—23), «Марыя і Лізавета» (1928), «Покліч смерці» (1934—35) і інш. Экспрэсіўная пластычнасць уласціва скульпт. творам К.: кампазіцыя «Маці і Бацька» (1932) на ваен. могілках каля г. Дыксмёйдэ (Бельгія), «Мацярынская вежа» (1937—38), рэльеф «Жальба» (1938), станковая скульптура «П’ета» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́ЙБЫШАЎ (Валяр’ян Уладзіміравіч) (6.6.1888, г. Омск, Расія — 25.1.1935),
савецкі парт. і дзярж. дзеяч. З 1904 у рэв. руху бальшавікоў. За ўдзел у рэвалюцыі 1905—07 выключаны з Ваен мед. акадэміі ў Пецярбургу (1906). Неаднаразова быў арыштаваны і ў ссылцы. Адзін з кіраўнікоў Кастр. рэвалюцыі 1917 у г. Самара, удзельнік грамадз. вайны (пераважна як паліт. камісар). З 1921 чл. Прэзідыума, з 1926 старшыня Вышэйшага савета народнай гаспадаркі; кіраваў ажыццяўленнем плана ГОЭЛРО. Чл.ЦК (з 1922) і Палітбюро (з 1927) ЦКВКП(б), Прэзідыума ЦКК (1923—26). У 1930—34 старшыня Дзярж. планавай камісіі. Паводле афіц. версіі, атручаны; у яго смерці абвінавачваліся падсудныя на т.зв. працэсе 21-го (працэс праватрацкісцкага блока). У 1935—91 яго імем наз.г. Самара.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЧУ́КІ,
дзяржаўныя дзеячы, шляхецкі род герба «Сястрэнец» у ВКЛ. Родапачынальнік Кучук у 1382 быў каморнікам вял.кн. Ягайлы, удзельнічаў у забойстве Кейстута. Яго сын Конрад (? — пасля 1437) валодаў Дакудавам і Жырмунамі ў Лідскім пав., атрымаў ад вял. князя маёнтак Шчучын. Меў сына Яна (каля 1410 — каля 1478), маршалка гаспадарскага ў 1469—78 і намесніка лідскага ў 1473. Сынамі апошняга былі Юрый (Ежы; каля 1435 — пасля 1482), маршалак гаспадарскі ў 1482, і Войцех (каля 1440 — пач. 1506), маршалак гаспадарскі ў 1492—1505, намеснік уладзімірскі ў 1494 і ваўкавыскі ў 1496. Пасля смерці Войцеха радавыя маёнткі ў Лідскім пав. і выслужанае ім Палонна ў Луцкім пав. праз шлюб яго дачкі перайшлі да С.П.Кішкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЗАВЕ́ТА I (Elizabeth),
Цюдар (7.9.1533, Грынвіч, цяпер у складзе Лондана — 24.3.1603), англійская каралева [1558—1603], апошняя з дынастыі Цюдараў. Дачка Генрыха VIII. На троне пасля смерціМарыі Цюдар. Пры ёй у краіне канчаткова ўсталяваўся пратэстантызм (англіканская царква), заключаны мір з Францыяй (1559), упарадкавана фін. сістэма, створаны шэраг гандл. кампаній (у т. л.Ост-Індская кампанія), вялася барацьба з каталіцкай апазіцыяй на чале з Марыяй Сцюарт. У знешняй палітыцы ўзмацніліся гандл. і калан. экспансія Англіі (у т. л. ў Ірландыю), саперніцтва за панаванне на моры з Іспаніяй (разгром ісп.«Непераможнай армады» ў 1588). Асабіста падтрымлівала Ф.Дрэйка. Перыяд яе праўлення характарызуецца росквітам навукі, л-ры і мастацтва.
Літ.:
Гусакова Н., Новик В. Две королевы // Женщины-легенды. Мн., 1993.
Лізавета I. Маст. Н.Хіліярд. 1585.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСІМА́Х (грэч. Lysimachos; 361, г. Пела, Македонія — 281 да н.э.),
палкаводзец Аляксандра Македонскага, пасля смерці якога (323 да н.э.) правіў Фракіяй. У перыяд барацьбы дыядохаў за ўладу Л. у 315 да н.э. ваяваў у кааліцыі супраць Антыгона. Пасля паўторнага перадзелу спадчыны Аляксандра Македонскага Л. пашырыў тэрыторыю за кошт далучэння да сваіх уладанняў узбярэжжа праліва Гелеспонт (цяпер Дарданелы). У 306 да н.э. абвясціў сябе царом. У 303—301 да н.э. далучыў да сваёй дзяржавы частку М. Азіі. У 287—286 да н.э. ў саюзе з царом Эпіра Пірам падпарадкаваў сабе Македонію. Вёў безвыніковыя войны на Пн з гетамі і баспорскім царствам. Загінуў у барацьбе з б. дыядохам Селеўкам I Нікатарам, войска Л. было разбіта, а дзяржава распалася.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЦВЕ́ЕЎ (Артамон Сяргеевіч) (1625—25.5.1682),
расійскі дзярж. дзеяч, дыпламат, баярын. Удзельнік рас. дэлегацыі на Пераяслаўскай радзе 1654, пасольства ў Рэч Паспалітую ў 1656—57. З 1669 узначальваў Маларасійскі прыказ, з 1671 адначасова Пасольскі прыказ і інш. У 1672 на перагаворах з Рэччу Паспалітай дамогся замацавання за Расіяй Кіева. Быў адукаваным чалавекам, адным з першых прадстаўнікоў рас.заходніцтва. Ініцыятар стварэння ў 1672—73 прыдворнага тэатра, дзе акцёрамі былі выхадцы з Беларусі. Пасля смерці цара Аляксея Міхайлавіча (1676), другая жонка якога Н.К.Нарышкіна была выхаванкай М., сасланы на Поўнач. У 1682 вернуты ў Маскву Пятром I. Забіты ў час Маскоўскага паўстання 1682.
Літ.:
«Око всей великой России»: Об истории рус. дипломат. службы XVI—XVII вв. М., 1989. С. 146—179.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЛА́НХТАН (Melanchthon; сапр.Шварцэрд; Schwarzerd) Філіп
(16.2.1497, г. Брэтэн, Германія — 19.4.1560),
нямецкі гуманіст, пратэстанцкі тэолаг, рэарганізатар школьніцтва ў Германіі. Вучыўся ў Гайдэльбергу і Цюбінгене. З 1518 праф. Вітэнбергскага ун-та. Яго лекцыі далі пачатак рэформе школьніцтва, заснаванай на гуманістычных ідэалах выхавання чалавека, за што ён празваны «настаўнікам Германіі». З 1519 прыхільнік М.Лютэра, адзін з тэарэтыкаў лютэранства, асн. палажэнні якога выклаў у працах «Агульныя прынцыпы тэалогіі» (1521, першы пратэстанцкі катэхізіс), «Кароткі выклад хрысціянскага вучэння» (1524), «Аўгсбургскае вызнанне» (1530). Пасля смерці Лютэра (1546) узначаліў лютэранскі рух, адзін з ініцыятараў Аўгсбургскага рэлігійнага міру 1555. У адрозненне ад Лютэра прызнаваў неабходнасць добрых учынкаў і ўзаемадзеяння свабоднай волі чалавека з Божай ласкай, што парадзіла супраць яго апазіцыю ў колах фанатычных прыхільнікаў Лютэра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІСЛА́Ў УЛАДЗІ́МІРАВІЧВялікі
(у хрышчэнні Фёдар; 1.6.1076—15.4.1132),
вялікі князь кіеўскі [1125—32]. Сын вял. кіеўскага князя Уладзіміра Усеваладавіча Манамаха. У 1088—93 і 1095—1117 правіў Наўгародскай зямлёй, у 1093—95 — Растоўскай і Смаленскай. У 1117—25 князь белгарадскі і суправіцель бацькі. Удзельнічаў у ваен. паходах на полаўцаў (1093, 1107, 1111), у 1129 адцясніў іх за Дон і Волгу. У 1111, 1113, 1130 арганізаваў паходы на чудзь, у 1127 і 1129 — на Полацкае княства; у 1129 захапіў і выслаў у Візантыю разам з сем’ямі полацкіх князёў за адмову ад удзелу ў паходзе на полаўцаў. У 1131 зрабіў паход на Літву. Пасля смерці М.У. Кіеўская Русь канчаткова распалася на самастойныя княствы.
Літ.:
Ермаловіч М. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. Мн., 1990. С. 172—189.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУ́НКАЧЫ [Munkácsy; сапр. Ліб
(Lieb)] Міхай (20.2.1844, г. Мукачава Закарпацкай вобл., Украіна — 1.5.1900),
венгерскі жывапісец; прадстаўнік дэмакр. рэалізму. Вучыўся ў Э.Самашы (1862—63), з 1865 у Венскай і Мюнхенскай АМ, у 1868—69 у Дзюсельдорфе ў Л.Кнаўса. Зазнаў уплыў майстроў дзюсельдорфскай школы жывапісу, барбізонскай школы і Г.Курбэ. Пад уздзеяннем рэв.-дэмакр. ідэй напаўняў свае шматфігурныя карціны драматызмам і сац.-крытычным пафасам: «Камера смяротніка» (1870), «Шчыпальніцы корпіі» (1871), «Начныя валацугі» (1873) і інш. Творы вызначаліся псіхал. пераканаўчасцю, напружаным кантрастам каларыту, пастознасцю жывапіснай манеры. З канца 1870-х г. пісаў пераважна рэліг. кампазіцыі, адметныя рысамі акадэмізму і салоннасці: «Хрыстос перад Пілатам» (1881), «Се чалавек» (1896) і інш.
Літ.:
Алешина Л.С. М.Мункачи. М., 1960.
М.Мункачы. Камера смяротніка. Апошні дзень прыгаворанага да смерці. Фрагмент.