ЛІСІМА́Х (грэч. Lysimachos; 361, г. Пела, Македонія — 281 да н.э.),
палкаводзец Аляксандра Македонскага, пасля смерці якога (323 да н.э.) правіў Фракіяй. У перыяд барацьбы дыядохаў за ўладу Л. у 315 да н.э. ваяваў у кааліцыі супраць Антыгона. Пасля паўторнага перадзелу спадчыны Аляксандра Македонскага Л. пашырыў тэрыторыю за кошт далучэння да сваіх уладанняў узбярэжжа праліва Гелеспонт (цяпер Дарданелы). У 306 да н.э. абвясціў сябе царом. У 303—301 да н.э. далучыў да сваёй дзяржавы частку М. Азіі. У 287—286 да н.э. ў саюзе з царом Эпіра Пірам падпарадкаваў сабе Македонію. Вёў безвыніковыя войны на Пн з гетамі і баспорскім царствам. Загінуў у барацьбе з б. дыядохам Селеўкам I Нікатарам, войска Л. было разбіта, а дзяржава распалася.
т. 9, с. 282
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)