МУ́САРГСКІ (Мадэст Пятровіч) (21.3.1839, с. Карава Куньінскага р-на Пскоўскай вобл., Расія — 28.3.1881),
рускі кампазітар. Ігры на фп. вучыўся ў маці, потым у А.Герке, кампазіцыі — у М.Балакірава. Скончыў школу гвардз. падпрапаршчыкаў (1856), служыў афіцэрам Праабражэнскага палка ў Пецярбургу. З 1858 у адстаўцы. Удзельнік «Магутнай кучкі». У ранніх творах 1-й пал. 1860-х г. (музыка да трагедыі Сафокла «Цар Эдып», опера «Саламба» паводле Г.Флабера) выявілася імкненне дынамізаваць масавыя сцэны. Камічная опера «Жаніцьба» паводле М.Гогаля (1868, няскончана; дапісана і аркестравана М.Іпалітавым-Іванавым, 1931) — спроба ўвасобіць драм. прозу ў музыцы. У наватарскіх рамансах — сцэнках з нар. жыцця («Калыханка Яромачкі», «Сіротка», «Гарэза», «Свецік Савішна») выявіў майстэрства псіхалагічна трапных сац.-партрэтных характарыстык. Вяршыня яго творчасці — нар.-гіст.муз.драмы «Барыс Гадуноў» паводле А.Пушкіна і М.Карамзіна (1869, 2-я рэд. 1872, паст. 1874; у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі ў 1954 і 1974, у канцэртным выкананні ў 1998) і «Хаваншчына» (няскончана, завершана М.Рымскім-Корсакавым, паст. 1886; у Дзярж т-ры оперы і балета Беларусі ў 1970). У лік лепшых узораў сусв. опернай музыкі іх вылучаюць надзвычайная сіла і жыццёвая праўдзівасць, глыбіня ўвасаблення індывід. вобразаў і нар. мас, своеасаблівасць драматургіі (М. пісаў музыку на ўласныя лібрэта), яскравасць нац. каларыту, хвалюючы драматызм, навізна муз.-выразных сродкаў. Нац. самабытнасць муз. мовы асабліва выявілася ў тонкай перадачы інтанац. і рытмічнай своеасаблівасці нар. гаворкі і спеваў. Багацце жыццёвых назіранняў — у вак. зборніку «Дзіцячая» (1868—70), муз. памфлеце «Раёк» (1870), фп. цыкле «Карцінкі з выстаўкі» (1874). Глыбокая незадаволенасць рэчаіснасцю спарадзіла суб’ектыўна-лірычныя настроі, трагіка-філас. матывы вак. цыклаў «Без сонца» (1874) і «Песні і танцы смерці» (1875—77) на словы А.Галянішчава-Кутузава. З інш. твораў: арк. п’есы «Скерца», «Інтэрмецца», сімф. карціна «Іванава ноч на Лысай гары» (1867), няскончаная опера «Сарочынскі кірмаш» паводле Гогаля, хары «Ісус Навін» і «Паражэнне Сенахерыба», рамансы, фп. п’есы і інш. Творчасць М. зрабіла вял. ўплыў на музыку 20 ст.
Літ.:
тв.: Письма и документы. М.; Л., 1932;
Лит. наследие. Кн. 1—2. М., 1971—72;
Письма. 2 изд. М., 1984.
Літ.:
Орлова А.А. Труды и дни М.П.Мусоргского: Летопись жизни и творчества. М., 1963;
Хубов Г.Н. Мусоргский. М., 1969;
Щербакова Т.А. Споры и искания: Из истории «Бориса Годунова» М.Мусоргского. Мн., 1971;
Шлифштейн С. Мусоргский: Художник. Время. Судьба. М., 1975;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЛА́Н ((Rolland) Рамэн) (29.1.1866, г. Кламсі, Францыя — 30.12.1944),
французскі пісьменнік, музыказнавец. Ганаровы чл.АНСССР (з 1932). Вучыўся ў Вышэйшай нармальнай школе ў Парыжы (1886—89), з 1897 праф. гэтай школы. У 1895 абараніў доктарскія дысертацыі па музыцы і жывапісе. У 1903—12 праф. Сарбоны. Знаходзіўся пад уплывам Л.Талстога і перапісваўся з ім. У творчасці аддаваў перавагу маштабным гіст. падзеям і гіст. асобам. Першыя драмы «Святы Людовік» (1897), «Аэрт» (1898) разам з п’есай «Надыдзе час» (1903) склалі цыкл «Трагедыі веры». Стварыў драм. цыкл «Тэатр рэвалюцыі» пра франц. рэвалюцыю канца 18 ст.: «Ваўкі» (1898), «Трыумф розуму» (1899), «Дантон» (1900), «14 ліпеня» (1902), «Гульня кахання і смерці» (1925), «Вербная нядзеля» (1926), «Леаніды» (1927), «Рабесп’ер» (1939). Свае погляды на мастацтва і яго ролю ў грамадскім жыцці выклаў у тэарэт. даследаванні «Народны тэатр» (1903) і цыкле «Гераічныя жыцці» («Жыццё Бетховена», 1903; «Жыццё Мікеланджэла», 1906; «Жыццё Талстога», 1911). Ідэйна-эстэт. погляды Р.-рэаліста найб. ярка адлюстраваны ў рамане-эпапеі «Жан-Крыстоф» (т. 1—10, 1904—12), у якім шырокая панарама жыцця Францыі і Германіі ў канцы 19 — пач. 20 ст., лёс мастака ў тагачасным грамадстве. Узаемаадносіны мастака і народа ў цэнтры аповесці «Кала Бруньён» (1914, апубл. 1919). Антываен. матывы характэрны для драм. сатыры «Лілюлі» (1919), рамана «Клерамбо», лірычнай аповесці «П’ер і Люс» (абодва 1920). Раман «Зачараваная душа» (т. 1—4, 1922—33) пра лёс еўрап. інтэлігенцыі. Аўтар шматлікіх кніг пра л-ру і мастацтва, зб-каў публіцыстыкі, мемуараў. Яго творы адметныя вастрынёй маральна-этычных і сац.-паліт. канфліктаў, манументальнасцю вобразаў, дынамізмам сюжэтаў. Да традыцыі Р. звярталіся Р.Мартэн дзю Гар, Ж.Р.Блок, Л.Арагон і інш. На сюжэт аповесці «Кала Бруньён» Дз.Кабалеўскі напісаў оперу «Майстар з Кламсі» (1938). У Бел.дзярж. т-ры пастаўлены спектакль «Ваўкі» (1923). На бел. мове надрук. ўрыўкі з аповесці «Кала Бруньён» (1936, пер. Я.Скрыгана), з рамана «Жан-Крыстоф» (1938), арт. «Застольныя гутаркі з Бетховенам» (1937). Нобелеўская прэмія 1915.
Тв.:
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—14. М., 1954—58;
Соч.Т. 1—9. М. 1974.
Літ.:
Балахонов В.Е. Ромен Роллан и его время: Ранние годы. Л., 1972;
Ромен Роллан, 1866—1966: По материалам юбилейной сессии. М., 1968;
Мотылева Т.Л. Ромен Роллан. М., 1969;
Урицкая Б.С. Ромен Роллан — музыкант. 2 изд. Л.;
М., 1974;
Анисимов И.И. Французская классика со времен Рабле до Ромена Роллана. М., 1977;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛОК (Аляксандр Аляксандравіч) (28.11.1880, г. С.-Пецярбург — 7.8.1921),
рускі паэт. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1906). Эстэт. погляды Блока фарміраваліся пад уплывам ідэалістычнай філасофіі (Платон), рамантычнай (В.Лаўкоўскі) і філас.-містычнай лірыкі (У.Салаўёў, А.Белы). У першым зб. «Вершы аб Прыгожай Даме» (1904) спалучаны складаная вобразнасць і містычна-сімвалісцкае ўспрыманне свету. Адыход ад ідэй сімвалізму абвешчаны ў драме «Балаганчык» (1906). Узмацненне сац. тэндэнцый звязана з рэв. 1905—07 (цыкл «Горад», 1904—08). Творчасць паэта гэтага перыяду складаная і супярэчлівая, прасякнута пачуццямі адзіноты і расчаравання, пошукамі ідэалу хараства, роздумам над гісторыяй і сучаснасцю (драма «Незнаёмка», 1906; зб. «Нечаканая радасць», 1907; цыклы «Снежная маска», 1907; «Фаіна», 1908; арт. «Пра рэалістаў», 1907). Пакутліва Блок шукаў шляхі збліжэння інтэлігенцыі і народа (драмы «Песня Лёсу», 1909), асуджаў бездухоўнасць мяшчанства, буржуазіі (цыклы «Скокі смерці», 1912—14; «Страшэнны свет», 1909—16), паэтызаваў гіст. мінулае Расіі. Ён адчуваў трагічны адрыў сучаснай культуры ад нар.-нац. вытокаў і непазбежнасць вялікіх гіст. перамен. Пастаяннымі ў яго творчасці становяцца тэма радзімы, прадчуванне рэв. буры (цыклы «Радзіма», 1907—16; «Ямбы», 1907—14, і інш.). Пафасам барацьбы, патрыятызму і грамадзянскасці прасякнуты цыклы «Вольныя думкі» (1907), «На полі Куліковым» (1909). Асэнсаванне «страшнага свету» бурж. адносін, усведамленне трагедыі сучаснага чалавека ў п’есе «Ружа і крыж» (1912—13). Тэма асобы і гісторыі — цэнтральная ў незакончанай аўтабіяграфічнай паэме «Адплата» (1910—21). Падзеі Кастр. рэвалюцыі асэнсоўваў у рамант. паэмах «Дванаццаць» і «Скіфы», публіцыст. артыкуле «Інтэлігенцыя і рэвалюцыя» (усе 1918). Са снеж. 1918 Блок перажываў своеасаблівы разлад з рэчаіснасцю і творчы крызіс.
Жыццёвыя і творчыя шляхі звязвалі Блока з Беларуссю. У 1-ю сусв. вайну (з пач.жн. 1916 да сярэдзіны сак. 1917) ён праходзіў вайсковую службу на Палессі на буд-ве дарог і ваен. умацаванняў. У сваіх палескіх малюнках адлюстраваў наваколлі бел. вёсак Піншчыны (захоўваюцца ў Рас.дзярж. архіве л-ры і мастацтва). Зберагліся таксама фотаздымкі і партрэты паэта палескага перыяду. Матэрыялы, звязаныя з жыццём і дзейнасцю Блока на Беларусі, захоўваюцца ў музеі Блока. У 1908 у Віцебску і Мінску тэатр. трупай У.Меерхольда была пастаўлена п’еса «Балаганчык». На бел. мову творы Блока перакладалі А.Дудар (паэма «Дванаццаць», 1926), С.Грахоўскі («Выбраныя вершы і паэмы», 1980), а таксама С.Дзяргай, М.Дукса, С.Законнікаў, М.Калачынскі, Р.Лынькоў, Я.Сіпакоў, М.Федзюковіч і інш.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—8. М.; Л., 1960—63.
Літ.:
Долгополов Л.К. Александр Блок. 3 изд. Л., 1984;
Максимов Д.Е. Поэзия и проза Александра Блока. 2 изд. Л., 1981;
Бекетова М.А. Воспоминания об Александре Блоке. М., 1990;
Калінковіч М. Палескія дні Аляксандра Блока // Маладосць. 1980. № 11;
Гапава В. «Світання радасныя гукі»: Купала і Блок // Дзень паэзіі, 1981. Мн., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІЯ НАРО́ДНЫЯ ГУ́ЛЬНІ,
адна са стараж. формаў нар. творчасці беларусаў. Узніклі з язычніцкіх уяўленняў чалавека пра навакольны свет і звязаны з яго імкненнем паўплываць на незразумелыя прыродныя сілы. Пазней нар. гульні сталі забавай, сродкам маральнага, эстэт. і фіз. выхавання. Вядома больш за 400 беларускіх народных гульняў, якія не маюць строгіх правілаў, у розных месцах адну і тую ж гульню называюць і ладзяць па-рознаму. Гульні сінтэзуюць элементы песеннага і славеснага фальклору, танца, нар. тэатра, прац., ваен. і спарт. майстэрства. Найбольш стараж. з іх звязаны з паляваннем і паходзяць ад рытуальных скокаў, у якіх чалавек, імітуючы паводзіны жывёл і птушак, імкнуўся з магічнымі мэтамі ўвасобіцца ў інш. істоту (гульні «Каршун», «Мядзведзь», «Пастух і воўк», «Гусі», «Каза», «Журавель»). Многія гульні заснаваны на імітацыі прац. працэсаў («Проса», «Лён», «Канапелькі», «Рэдзька», «Млынок» і інш.), большасць з іх трансфармавалася ў гульнёвыя карагоды. Вытокі вял. колькасці традыц. гульняў ляжаць у абрадавай паэзіі. Асабліва многа іх звязана з нар. календаром. Гэта і веснавыя гульні — гуканне вясны, валачобніцтва (гл.Валачобнікі), Юр’е, ваджэнне і пахаванне «стралы», провады русалкі, траецкія гульні і інш. Шмат гульнёвых забаў адбывалася на Купалле — скокі праз вогнішча, качанне па жыце, пошукі папараць-кветкі. У час іх правядзення выбіралі арганізатара — Купаліша. Гульнёвы характар у час жніва набылі цырымоніі першага і апошняга снапа, «завіванне барады». Зімой у доўгія калядныя вечары наладжвалі шматлікія забавы, гульні з выкананнем песень, пераапрананнем у «цыгана», вадзілі «Казу», «Каня», «Кабылу», «Жураўля», «жанілі Цярэшку» (гл.«Жаніцьба Цярэшкі»), гулялі ў «Яшчура» і шчадравалі. Багаццем гульнёвых рытуалаў вылучаецца вяселле, магчыма, таму ў народзе кажуць «гуляюць вяселле». Сватанне, выкуп месца для маладой, падзел каравая і інш. дзеянні, страціўшы свой стараж. сэнс, сталі вясельнымі гульнямі. На вяселлі адбываюцца тэатралізаваныя жартоўныя паказы, у час якіх госці «жэняць» падстаўных маладых, і гульня ператвараецца ў звычайную пацеху. Гульні далі жыццё многім бел. танцам («Бычок», «Качан», «Падушачка» і інш.). Нар. гульні вызначаліся свабоднай імправізацыяй, лёгкасцю пераходу ад сур’ёзнага да жартоўнага, вясёлага, што стала асновай мастацтва вандроўных прафес. акцёраў — скамарохаў. Многія гульні дарослых перайшлі ў дзіцячую аўдыторыю і сталі дзейсным сродкам нар. педагогікі, развіваюць здольнасць да творчай імправізацыі, узаемавыручку, калектывізм і інш. лепшыя якасці («У гусі», «Жмуркі», «У жорава», «Вецер», «Лось», «Пячэнне хлеба», «Грушка» і інш.). У аснове спарт. гульняў ляжаць разнастайныя спаборніцтвы, яны развіваюць спрыт, звычку да псіхічных і фіз. намаганняў (гл.Азярод, Апука, Бабкі, Гула, «Гуські», «Калаўрот», Барацьба «да крыжа», Барацьба «на крыжы» і інш.). Многія традыц. гульні захаваліся ў сучаснай культуры, асабліва ў разнастайных формах нар. тэатра, з часам яны ўвабралі ў сябе элементы сучаснасці, многія з іх сталі асновай для развіцця бел. харэаграфічнага мастацтва, драмы і тэатра.
Да арт.Беларускія народныя гульні. Медалі з выявамі гульняў «Барацьба «да крыжа», «Апука», «Гула». Мастак А.Зіменка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАТЛЕ́ЙКА, бетлейка (ад Betleem — польская назва г. Віфлеем, дзе нарадзіўся Хрыстос),
бел.нар. тэатр лялек. Вядома з 16 ст. Узнікненне батлейкі звязана са святам Каляд. Т-ры падобнага тыпу вядомы ў Польшчы (шопка) і на Украіне (вяртэп).
Вытокі батлейкі ў сярэдневяковым містэрыяльным т-ры Зах. Еўропы, адкуль праз Польшчу прынесены езуітамі на Беларусь. Развіваўся ў цеснай сувязі са школьным тэатрам. Фактычна батлейка — «народная асіміляцыя школьнай драмы з яе інтэрмедыямі» (Ф.Аляхновіч). На працягу ўсяго існавання батлейкі разыгрывалася п’еса «Цар Ірад». Паказ складаўся з 2 частак: сур’ёзнай, якая апавядала пра нараджэнне Хрыста і ганенне яго царом Ірадам (т.зв.асн. сюжэт), і камедыйнай — інтэрмедый звычайна вясёлага зместу, з жартаўлівымі дыялогамі ці маналогамі, песнямі, танцамі. Часткі не мелі агульнага сюжэта, паміж сабой спалучаліся механічна, фармальна, фактычна іх аб’ядноўваў своеасаблівы карнавальны настрой, уласцівы Калядам. Біблейскія падзеі ў батлейцы набывалі адвольную нар. трактоўку. Пры адным традыцыйным асн. сюжэце паказы батлейкі ў розных рэгіёнах яе бытавання адрозніваліся менавіта інтэрмедыямі, сярод якіх «Мужык (Мацей) і доктар», «Антон з казой і Антоніха», «Скамарох з мядзведзем», «Вольскі — купец польскі», «Цыган і цыганка» і інш. Папулярныя персанажы інтэрмедый — Мужык, Доктар, Яўрэй, Франт (чужаземец), Цыган, Казак і інш. Для паказаў батлейкі рабілі 2-павярховую скрынку накшталт царквы або хаткі. Батлеечнікі (або «ралёшнікі») вадзілі драўляныя лялькі на шпянях па проразях у падлозе паверхаў. Сцэна кожнага паверха мела 3 аддзелы: вял. цэнтральны, дзе адбывалася дзеянне, і меншыя бакавыя (для ўваходаў і выхадаў).
Батлейка шырока бытавала па ўсёй Беларусі. Разнавіднасцямі яе былі жлоб і яселка. Паказы адбываліся па хатах, у корчмах, на вуліцах гарадоў, мястэчак, вёсак, суправаджаліся музыкай (найчасцей скрыпка і бубен). Асаблівае месца займалі батлейкі, зробленыя па прынцыпе ценявога т-ра (Віцебск, Веліж). У канцы 19 — пач. 20 ст. жанравыя сцэны батлейкі выконваліся не толькі лялькамі, а непасрэдна акцёрамі (жывая батлейка ці батлея). На пач. 20 ст. своеасаблівай з’явай стала батлейка Патупчыка (Докшыцы), дзе апрача традыцыйнага паказу дэманстраваліся і бытавыя сцэны з тагачаснага жыцця. Гэты ж прынцып пакладзены ў аснову дзейнасці Залескага нар.т-ра «Батлейка» (арганізаваны Я.Ліс і А.Лосем у 1983). З канца 1980-х г. робяцца спробы адрадзіць традыц. паказы батлейкі на Каляды. З 1991 яны адбываюцца ў філіяле музея М.Багдановіча «Беларуская хатка» ў Мінску (батлейка з’яўляецца фрагментам экспазіцыі), а прафесійныя т-ры — Дзярж.т-р лялек і Тэатр-студыя кінаакцёра — паставілі батлеечную п’есу «Цар Ірад» (у сваёй інтэрпрэтацыі).
Літ.:
Барышаў Г.І., Саннікаў А.К. Беларускі народны тэатр батлейка. Мн., 1962;
Народны тэатр.Мн., 1983.
Дз.У.Стэльмах.
Да арт.Батлейка. Ельнінскі вяртэп і яго лялькі. 18 — пач. 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ́ЛІ,
горад, сталіца Індыі і адм. ц. саюзнай тэр. Дэлі. Знаходзіцца на Пн краіны на р. Джамна (прыток р. Ганг), каля паўн.-ўсх. падножжа ўзгорыстай грады Аравалі. 7,2 млн.ж., з прыгарадамі 8,4 млн.ж. (1991). Складаецца са Старога Д. (Шахджаханабада, гіст. ядро горада), тэр.ваен. пасялення і Новага Д. (Нью-Дэлі з нас. 301,3 тыс.ж., 1993), які лічыцца афіц. сталіцай. Вузел 5 чыгунак і 11 аўтадарог. Міжнар. аэрапорт (Палам). Буйны прамысл., фін. і культ. цэнтр краіны. Развіты галіны прам-сці, што абслугоўваюць патрэбы сталіцы: тэкст. (баваўняныя і шарсцяныя тканіны), швейная, трыкат., хім., фармацэўтычная, гарбарна-абутковая, шклокерамічная, металаапр., паліграф., буд., некат. галіны машынабудавання (станкабудаванне, радыёэлектронная прам-сць). Маст. рамёствы (філігранныя сярэбраныя і залатыя ювелірныя вырабы, кераміка, разьбярства па слановай косці і камені, вырабы з пап’е-машэ), саматужнае ткацтва. Цэнтр турызму. 4 ун-ты. Акадэмія музыкі, танца і драмы.
Паводле «Махабхараты» ў 1-м тыс. да н.э. горад быў рэзідэнцыяй царскай дынастыі Пандаваў і меў назву Індрапрастха. Сучасная назва з 736 пасля буд-ва на месцы стараж. гарадзішча г. Дхіліка (Дэлі). У 1206—1526 сталіца мусульман Дэлійскага султаната, з 1658 — імперыі Вялікіх Маголаў. У 1803 захоплены англічанамі, якія ў 1858 перанеслі сталіцу ў Калькуту. Адзін з цэнтраў Індыйскага народнага паўстання 1857—59. З 1911 сталіца Брыт. Індыі, з 1947 — дамініёна, з 1950 — Рэспублікі Індыя.
У Старым горадзе захаваліся гар. муры з брамамі (часткова), Саборная мячэць (1644—58), крэпасць Лал-Кіла (Чырвоны форт, 1639—48, з палацамі Ранг-Махал, Дывані-Ам, Дывані-Кхас, усе 1639—48, і Жамчужнай мячэццю, каля 1660). На Пд ад Старога горада — руіны г. Фіразабад (1351—88), палацава-крапасны ансамбль Пурана-Кіла (закладзены ў 1540; мячэці Кулан, 1380, і Кілаі-Кухна, 1545), маўзалей Хумаюна (2-я пал. 16 ст.). Прыкладна за 20 км на Пд ад Старога горада — 4 гарады-крэпасці: Сіры (будаваўся з 1303), Джаханпанах (14 ст.), Туглакабад (1325; маўзалей Гіяс-ад-дзіна) і Лал-Кот (канец 12 ст.; жал. калона, 415; руіны мячэці Куват-уль-Іслам, пачата ў 1193; мінарэт Кутб-Мінар, каля 1200—20; маўзалей Ільтутмыша, пасля 1235). Новы Д. — буйны раён з шэрагам плошчаў, паркаў і вуліц, якія радыяльна ад іх разыходзяцца. Уключае ансамбль урадавых будынкаў 1912—30-х г., «Браму Індыі» (помнік салдатам, якія загінулі ў сусв. войнах), нац. стадыён, абсерваторыю Джантар Мантар (1725), храм багіні Лакшмі Нараян (1938—39), мемар. музей М.Гандзі (канец 1960-х г., арх. А.Канвіндэ). Музеі: Нац. музей Індыі, нац. галерэя сучаснага мастацтва, Міжнар. музей лялек, мемар. музеі М.Гандзі, Дж.Нэру і інш.
Літ.:
Короцкая А.А., Сапожников Б.Н. Дели. Л., 1983.
Да арт.Дэлі. Брама ў Чырвоным форце.Да арт.Дэлі. Храм багіні Лакшмі. Нараян. 1938—39.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́САРАЎ (Дзмітрый Іванавіч) (14.10.1840, с. Знаменскае Леў-Талстоўскага р-на Ліпецкай вобл., Расія — 16.7.1868),
рускі публіцыст, літ. крытык. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1861). За публікацыю памфлета супраць самадзяржаўя і падтрымку А.Герцэна зняволены ў Петрапаўлаўскай крэпасці (1862—66). Асн. даследаванні, літ.-крытычныя, сацыялагічныя, гіст. і палемічныя артыкулы, нарысы і рэцэнзіі апублікаваў у час. «Русское слово», «Дело», «Отечественные записки» («Ідэалізм Платона», «Схаластыка XIX ст.», абодва 1861; «Базараў», «Бедная руская думка», абодва 1862; «Рэалісты», «Матывы рускай драмы», абодва 1864; «Пушкін і Бялінскі», «Разбурэнне эстэтыкі», «Мыслячы пралетарыят», усе 1865; «Барацьба за жыццё», ч. 1—2,1867—68; і інш.). У яркай і дасціпнай публіцыстыцы прааналізаваў творчасць І.Тургенева, А.Ганчарова, А.Пісемскага, Г.Гейнэ, раннія творы Л.Талстога, Ф.Дастаеўскага, вітаў літ. і паліт. кірунак М.Чарнышэўскага, М.Дабралюбава, інш.рэв. дэмакратаў. Адкрыта выступаў супраць самадзяржаўя, царскай бюракратыі, за інтэлектуальную і сац. свабоду, за гарантыю правоў народа і кожнага чалавека. П. — радыкальны крытык схаластычнай навукі, філас. ідэалізму, бурж. лібералізму, містыкі, фарысейскай маралі. У эстэтыцы развіваў традыцыі рэв. дэмакратызму і крытычнага рэалізму, аналіз маст. творчасці супастаўляў з глыбокім даследаваннем сац. рэчаіснасці, класава-саслоўнай структуры грамадства. Высока цаніў прыродазнаўчыя і фізіка-матэм. веды, эвалюцыйную тэорыю развіцця грамадства, навукова-тэхн. прагрэс, сацыялогію А.Конта, сац.-паліт. тэорыю Ж.Ж.Русо. Дасціпна высмейваў арыстакратычнае эстэцтва, ізаляваную ад жыцця народа навуку і л-ру. Але ў палемічных перабольшаннях наўмысна дапускаў нігілістычныя выпады супраць «чыстага мастацтва», класічнай л-ры, творчасці А.Пушкіна, прапаведаваў утылітарызм і «разбурэнне эстэтыкі».
Літ.-крытычная і сац.-філас. спадчына П. станоўча паўплывала на развіццё бел. эстэтыкі, крытыкі і публіцыстыкі. Бацька паэта М.Багдановіча народнік А.Багдановіч успамінаў, як у Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі студэнты патаемна чыталі забароненыя для іх творы П. Газ. «Минский листок» станоўча ацаніла перавыданні яго твораў, ставіла П. ў шэрагу выдатных і самаахвярных пісьменнікаў. Газ. «Минский курьер» крытыкавала яго антыэстэтызм, але высока ацаніла яго глыбокі аналітычны розум, палемічны талент, ушаноўвала яго поруч з інш. «пакутнікамі слова». Спадчына П. прапагандавалася ў бел. друку 1920—80-х г. Яго выбр. творы перакладзеныя на бел. мову.
Тв.:
Соч.Т. 1—4. М., 1955—56;
Исторические эскизы: Избр. ст.М., 1989;
Литературно-критические статьи. Мн., 1976;
Литературная критика. Т. 1—3. Л., 1981;
Бел.пер. — Выбр. творы. Мн., 1939.
Літ.:
Гошевский В.О. Проблема личности в философском наследии Д.И.Писарева. Л., 1987;
Искра Л.М. Д.И.Писарев и его роль в истории русской общественно-политической мысли. Воронеж, 1988;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́НДЭЛЬ ((Händel) Георг Фрыдрых) (23.2.1685, г. Гале, Германія — 14.4.1759),
ням. і англ. кампазітар, арганіст, дырыжор. Музыку вывучаў у Гале. У 1702 вучыўся ў ун-це і працаваў арганістам у гальскім саборы. З 1703 скрыпач, клавесініст і кампазітар Гамбургскай оперы. У 1706—10 удасканальваўся ў Італіі, выступаў як віртуоз-арганіст, клавесініст. У 1710—16 прыдворны капельмайстар у Гановеры (Германія). З 1712 жыў пераважна ў Лондане, з 1720 узначальваў Каралеўскую акадэмію музыкі. Пастаноўкі опер «Агрыпіна» (1709, Венецыя) і «Рынальда» (1711, Лондан) замацавалі за ім славу аднаго з буйнейшых оперных кампазітараў Еўропы. З канца 1730-х г. пісаў пераважна араторыі (найб. вядомыя «Ізраіль у Егіпце», 1739; «Месія», 1742; «Іуда Макавей», 1747). Працуючы над апошняй араторыяй «Іеўфай» (1752), страціў зрок, аднак да апошніх дзён рыхтаваў свае творы да друку. Гендэль стварыў новы тып вак.-інстр. твораў, якія спалучаюць у сабе маштабнасць (магутныя хары) і строгую архітэктанічнасць. Яго творам уласцівы манум.-гераічны стыль, аптымістычны, жыццесцвярджальны пачатак, які гарманічна аб’ядноўвае ў адно цэлае героіку, эпіку, лірыку, трагедыйнасць, пастаральнасць. Як драматург ён імкнуўся да стварэння муз.драмы ў рамках оперы і араторыі, шляхам кантрастнага супастаўлення драматургічных пластоў дасягаў напружанага развіцця дзеяння. Мастак эпохі Асветніцтва, Гендэль абагульніў дасягненні муз. барока, прадвызначыў шляхі да муз. класіцызму. Яго творчасць значна паўплывала на І.Гайдна, В.А.Моцарта, Л.Бетховена, М.Глінку, а араторыі паслужылі ўзорамі для рэфарматарскіх опер К.В.Глюка. У розных краінах засн. Гендэлеўскія т-вы. У 1986 у г. Карлсруэ створана Міжнар. Гендэлеўская акадэмія. Сярод твораў: 46 опер, у т. л. «Зменлівасць царскага лёсу, або Альміра, каралева Кастыльская» (1705), «Амадыс» (1715), «Радаміст» (1720), «Юлій Цэзар», «Тамерлан» (абедзве 1724), «Радэлінда» (1725), «Адмет» (1727), «Партэнопа» (1730), «Пор» (1731), «Аэцый» (1732), «Раланд» (1733), «Арыядант», «Альцына» (абедзве 1735), «Ксеркс» (1738), «Дэідамія» (1741); 32 араторыі, у т. л. «Трыумф Часу і Праўды» (1707), «Ацыс і Галатэя» (1732), «Эсфір» (1720), «Гафалія» («Аталія», 1733), «Саул» (1739), «Самсон» (1743), «Тэадора» (1750); каля 100 кантат (1707—09, 1740—59); царкоўная музыка, у т. л. Te Deum (5), антэмы, псалмы; аркестравая музыка: 18 Concerti grossi; для інструментаў з арк., у т. л. 20 арганных, 3 для габоя, для валторны; уверцюры, сюіты для выканання на вольным паветры («Музыка феерверка», 1749, і інш.); трыо-санаты, санаты для клавіра; вак. дуэты і тэрцэты; песні, арыі; музыка да драм. спектакляў і інш.
Літ.тв.: Werke. Bd. 1—100. Leipzig, 1858—94.
Літ.:
Роллан Р. Гендель // Роллан Р. Музыкально-историческое наследие: Пер. с фр.М., 1987. Вып. 2;
Проблемы музыкального стиля И.С.Баха, Г.Ф.Генделя. М., 1985;
Chrysander F. G.F.Händel. Bd. 1—3. 2. Aufl. Leipzig, 1919;
Lang P.H. G.F.Handel. New York, 1966;
Siegmund-Schultze W. G.F.Händel. 4. Aufl. Leipzig, 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́ЖНІ НО́ЎГАРАД,
горад, цэнтр Ніжагародскай вобл., у Расіі. Размешчаны каля ўпадзення р. Ака ў Волгу. 1385,9 тыс.ж. (1996). Буйны рачны порт, чыг. вузел. Аэрапорт. Метрапалітэн (з 1985). Буйны цэнтр машынабудавання, у т. л. аўта-, авія-, суднабудавання і металаапрацоўкі (акц.т-ва «ГАЗ», ВА «Ніжагародскі машзавод»; ВА «Завод «Чырвонае Сормава» — гал. суднабудаўная база Волжскага флоту; з-ды: спецыялізаваных машын, каробак скарасцей, штампаў і прэс-форм, дызелебудавання, авіябудаўнічы, апаратуры сувязі, тэлевізійны). Прадпрыемствы перапрацоўчай чорнай і каляровай металургіі, хім., нафтахім., хім.-фармацэўтычнай, дрэваапр., буд. матэрыялаў, харчасмакавай, лёгкай прам-сці. 9 ВНУ. У т. л.ун-т.
Засн. як каменная крэпасць у 1221 уладзімірскім кн. Юрыем Усеваладавічам. З 1350 сталіца Ніжагародска-Суздальскага княства, гандл. і культ. цэнтр (у Пячорскім манастыры ў 1377 створаны Лаўрэнцьеўскі летапіс). У 1392 далучаны да Маскоўскага вял. княства і стаў апорным пунктам у барацьбе з Казанскім ханствам. У 1520 і 1536 на горад нападалі татары. З 2-й пал. 16 ст. адзін з буйнейшых гандл.-рамесніцкіх цэнтраў Маскоўскага княства. У канцы 1611 у Н.Н. пачалося фарміраванне нар. апалчэння К.Мініна і Дз.Пажарскага. З 1719 цэнтр Ніжагародскай губ. У 1817—1917 у горадзе дзейнічаў Ніжагародскі кірмаш (адноўлены з 1990). У 1862 злучаны чыгункай з Масквой. У 1932—91 наз. Горкі.
З 2-й пал. 16 ст. складваюцца 2 часткі горада — Нагорная (цэнтр) і Зарэчная (слабоды, пазней прамысл. раён). Помнікі архітэктуры 16 — пач. 18 ст.: крэмль (крапасныя сцены з вежамі, 1500, 1508—11) з Архангельскім саборам (1624—31, арх. Л. і А.Вазауліны, на месцы сабора 13 ст.); манастыры Пячорскі з Узнясенскім саборам (1632, арх. А.Вазаулін) і 2 шатровымі цэрквамі (1642—45 і 1648), Дабравешчанскі з саборам (1649) і Успенскай царквой (1678); Успенская царква на Ільінскай гары (1672—1715); цэрквы т.зв. строганаўскага стылю (пры сядзібе Строганавых) — Смаленская (1694—97) і Раства (1719). Паводле плана 1824 у межы горада на левым беразе Акі ўвайшла Канавінская слабада з тэр. Ніжагародскага кірмашу; захаваліся саборы Спаскі старакірмашовы (1817—22, арх. А.Манферан) і Кірмашовы Аляксандра Неўскага (1881, арх. Р.Кілевейн і Л.Даль, аднаўляецца), Гал. дом кірмашу (1890, з пач. 1990-х г. цэнтр адноўленай біржавай і кірмашовай дзейнасці). У Нагорнай частцы захаваліся будынкі б. Шляхетнага сходу (1826, арх. І.Яфімаў, класіцызм). т-радрамы (1896, арх. В.Шротэр, эклектыка), дзяржбанка (арх. В.Пакроўскі, неарускі стыль), дом Сіроткіна (абодва 1913, арх. браты Весніны, неакласіцызм; цяпер маст. музей) і інш. Помнікі: абеліск у гонар К.Мініна і Дз.Пажарскага (1826), М.Горкаму (1952), М.А.Дабралюбаву (1986) і інш.
Літ.:
Бубнов Ю.Н., Орельская О.В. Архитектура города Горького: Очерки истории, 1917—1985. Горький, 1986;
Бубнов Ю.Н. Архитектура Нижнего Новгорода середины XIX — начала XX в. Нижний Новгород, 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ЦАРТ ((Mozart) Вольфганг Амадэй) (27.1.1756, г. Зальцбург, Аўстрыя — 5.12.1791),
аўстрыйскі кампазітар; прадстаўнік венскай класічнай школы. Вучыўся ў бацькі — скрыпача і кампазітара Л.Моцарта. Выключныя муз. здольнасці выявіў у раннім дзяцінстве, меў фенаменальныя муз. слых і памяць. З 1762 прафес. музыкант, віртуозна валодаў клавесінам, арганам, скрыпкай, з трыумфам гастраліраваў па краінах Еўропы. У 1769—81 (з перапынкамі) канцэртмайстар, з 1779 арганіст архіепіскапа ў Зальцбургу. З 1781 у Вене, з 1787 «імператарскі і каралеўскі камерны музыкант» пры двары Іосіфа II. Адзін з заснавальнікаў (з І.Гайднам і Л.Бетховенам) класічнага стылю ў музыцы, звязанага з распрацоўкай сімфанізму як вышэйшага тыпу муз. мыслення, закончанай сістэмы класічных інстр. жанраў (сімфонія, канцэрт, саната, квартэт) і норм муз. мовы, яе функцыянальнай арганізацыі. У яго творчасці гарманічная цэласнасць быцця, яснасць, светланоснасць і прыгажосць спалучаюцца з глыбокім драматызмам. У цэнтры маст. свету М. — асоба чалавека, якую ён раскрывае як лірык і драматург. Творчасць М. ўвабрала і геніяльна абагульніла маст. вопыт розных эпох, нац. школ, традыцый нар. мастацтва. Найб. выразна яго наватарства выявілася ў муз.-сцэн. творах. Лепшым операм уласцівы арганічнае адзінства драм. і муз.-сімф. заканамернасцей, індывідуальнасць драматургічных вырашэнняў. М. стварыў уласны тып оперы-драмы («Ідаменей»; паст. 1781), оперы-буфа («Вяселле Фігара»; паст. 1786). Зінгшпіль ён ператварыў у філас. казку-прытчу, прасякнутую асветніцкімі ідэямі («Чароўная флейта», паст. 1791). Драматургія оперы «Дон Жуан» (паст. 1787) вылучаецца шматпланавасцю кантрастаў, незвычайным сінтэзам оперна-жанравых форм (оперы «Вяселле Фігара», «Чароўная флейта» і «Дон Жуан» у розныя гады паст. ў Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі). Вядучыя жанры яго інстр. музыкі — сімфонія, камерныя ансамблі, канцэрты. Найб. значныя з інстр. твораў — 3 сімфоніі — Es-dur, g-moll, C-dur (усе 1788), у якіх па-рознаму вырашаны пытанні тэматыкі, трактоўкі цыкла і самога жанру на аснове бездакорнай аркестравай тэхнікі і поліфанічнага майстэрства. Распрацаваў тып камерна-інстр. ансамбля з вытанчанай лірыка-філас. эмацыянальнасцю, развітым гамафонна-поліфанічным складам, складанай гарманічнай мовай. Заснавальнік новага піяністычнага стылю і класічнага тыпу канцэрта. Яго незакончаны трагедыйны Рэквіем (1791, завершаны Ф.К.Зюсмайрам) адлюстроўвае непрымірымыя супярэчнасці рэчаіснасці і філас. роздум пра сэнс жыцця. Гарманічная, меладычна шчодрая, аптымістычная па духу і дэмакратычная па накіраванасці творчасць М. ахоплівае ўсе муз. жанры. Ён аўтар 17 опер, 2 араторый, 4 кантат, царк. твораў (месы, літаніі, вячэрні, араторыі, матэты), больш як 70 вак.-сімф. твораў (арыі, ансамблі, хары з арк.), каля 50 сімфоній, каля 40 ансамблева-арк. сюіт (дывертысменты, серэнады, накцюрны, касацыі), 40 інстр. канцэртаў, у т. л. каля 30 для фп. з арк., 5 для скрыпкі з арк., 4 для валторны з арк., больш як 50 камерных ансамбляў, санат для фп., для скрыпкі і фп., песень і інш. Існуе цэнтр моцартазнаўства Моцартэум.
Літ.:
Черная Е.С. Моцарт: Жизнь и творчество. 2 изд. М., 1966;
Яе ж. Моцарт и австрийский музыкальный театр. М., 1963;
Эйнштейн А. Моцарт: Личность. Творчество: Пер. с нем. М., 1977;
Аберт Г. В.А.Моцарт: Пер. с нем. Ч. 1—2. 2 изд. М., 1987—90;