навука аб агульных законах і формах адлюстравання ў мысленні аб’ектыўнага свету, аб шляхах развіцця, метадалогіі і метадах пазнання, аб узаемасувязі філас. катэгорый у адзінай сістэме. Разам з тэорыяй пазнання Л.д. ўваходзіць у склад дыялектыкі. У адрозненне ад фармальнай логікі, якая даследуе мысленне ў яго адносна ўстойлівых, інварыянтных структурах, фармулюе пэўныя пачаткі і правілы адносна забеспячэння неабходных навук. падстаў і культуры мыслення, Л.д. разглядае спецыфічныя пазнавальныя катэгорыі, прынцыпы і працэдуры (пераходы ад аднаго ўзроўню пазнання або сістэмы ведаў да іншых, больш высокіх, спосабы абагульнення, аналіз і сінтэз, індукцыя і дэдукцыя). У якасці логікі мыслення Л.д. можна разглядаць як дыялектыку форм мыслення (паняццяў і г.д.), або суб’ектыўную дыялектыку.
Л.д. ўзнікла разам з дыялектыкай і распрацоўвалася філосафамі Стараж. Грэцыі Платонам, Гераклітам, Арыстоцелем і інш. У новыя часы значны ўклад у яе развіццё зрабілі Г.Гегель, К.Маркс і Ф.Энгельс, якія ўзнялі Л.д. на ўзровень асобнай філас. навукі. Паводле Гегеля, Л.д. разглядае лагічныя формы не ў застылым стане, а ва ўзаемнай сувязі і развіцці, напаўняе іх пэўным зместам, які вызначаецца істотнымі адносінамі паміж самімі рэчамі як канчатковымі вынікамі творчага мыслення. У разуменні сэнсу і характару Л.д. важная роля належыць пытанню пра адносіны паміж законамі развіцця з’яў аб’ектыўнай рэчаіснасці і законамі чалавечага мыслення, якія з’яўляюцца аб’ектам вывучэння з боку Л.д. і выкладаюцца ў лагічных катэгорыях. Адны філосафы лічаць, што мысленне, яго законы і логіка маюць цалкам самаст. значэнне і не залежаць ад уплыву якіх-н. фактараў, што існуюць па-за межамі самога мысліцельнага працэсу. Прадстаўнікі марксісцкай філас. думкі сцвярджаюць, што законы і катэгорыі Л.д. не зводзяцца да суб’ектыўных рыс, а паводле свайго гал. зместу з’яўляюцца адлюстраваннем законаў развіцця аб’ектыўнай рэчаіснасці і, т.ч., супадаюць з гэтымі законамі. Згодна з такой канцэпцыяй Л.д. як суб’ектыўная дыялектыка выражае аб’ектыўную дыялектыку, яе законы і прынцыпы.
Літ.:
Малинин В.А. Диалектика Гегеля и антигегельянство. М., 1983;
Ильенков Э.В. Диалектическая логика: Очерки истории и теории. 2 изд. М., 1984;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́НТЫЯ ЗЯМЛІ́,
сілікатная абалонка «цвёрдай» Зямлі паміж зямной карой і ядром Зямлі; адна з геасфер. Складае 83% аб’ёму і 67% масы Зямлі. Звесткі пра будову і стан рэчыва М.З. атрымліваюць шляхам сейсмалагічных назіранняў. Верхняя мяжа праходзіць на глыб. ад некалькіх кіламетраў (пад акіянамі) да 75 км (пад кантынентамі) па Махаровічыча паверхні і характарызуецца перападам скорасці сейсмічных хваль ад 6,4—7 км/с у зямной кары да 8—8,4 км/с у падкоравым слоі мантыі; ніжняя — на глыб. каля 2,9 тыс.км на мяжы з ядром Зямлі, з перападам скорасці хваль ад 13,25 км/с у мантыі да 8,5 км/с у верхняй частцы ядра. Мантыя падзяляецца на верхнюю (слой B) да глыб. 400 км, сярэднюю (слой C, слой Б.Б.Галіцына) да глыб. 950—1 тыс.км (паводлеінш. меркаванняў да 900 км), дзе назіраецца рэзкае нарастанне хуткасцей сейсмічных хваль з глыбінёй, і ніжнюю (слой Д), дзе скорасці манатонна павялічваюцца да падэшвы. Т-ра М.З. 2000—2500 °C. Шчыльн. рэчыва М.З. з глыбінёй нарастае ад 3,3—3,4 г/см³ у падкоравым слоі да 3,65—3,7 г/см³ на глыб. 400 км, у слоі C — рэзка нарастае да 4,55—4,65 г/см³ на глыб. 950—1 тыс.км, потым павольна павялічваецца да 5,55—5,65 г/см³ каля падэшвы М.З. Ціск у нізе М.З. (1,35—1,40)∙1011 Па, мяркуецца, што пры высокіх цісках рэчыва мантыі знаходзіцца ў цвёрдым крышталічным стане, акрамя астэнасферы, дзе яно, магчыма, аморфнае. Сярэдняя вязкасць рэчыва М.З. каля 1023—1025 П, у астэнасферы пад акіянамі 1019—1020, пад кантынентамі 1021—1022 П. У версе М.З. складзена з лерцалітаў, перыдатытаў, эклагітаў, ніжэй — з піралітаў. Па супастаўленні геафіз. і мінер. даных мяркуецца, што паводле мінералаг. складу М.З. падзяляецца на верхнюю — алівінавую, сярэднюю — шпінеле-пераўскіта-ільменітавую. дзе вылучаюць 2 зоны на глыб.,420 км і 670 км, і ніжнюю — пераўскітавую. У М.З. існуюць канвектыўныя патокі рэчыва, аб чым, магчыма, сведчыць дрэйф літасферных пліт, якія неаднаразова перамешвалі састаў верхняй і ніжняй мантыі. З працэсамі ў М.З. звязаны тэктанічныя рухі, магматызм, вулканізм і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЮ́НХЕНСКАЕ ПАГАДНЕ́ННЕ 1938па Чэхаславакіі.
Заключана 29 вер., падпісана 30 вер. ў г.Мюнхен (Германія) на канферэнцыі кіраўнікоў урадаў фаш. Германіі (А.Гітлер) і Італіі (Б.Мусаліні), Вялікабрытаніі (Н.Чэмберлен), Францыі (Э.Даладзье). Было вынікам прэтэнзій Германіі на Судэцкую вобл. Чэхаславакіі (яе ўрад не быў запрошаны на канферэнцыю), населеную пераважна немцамі, і палітыкі «прымірэння» з Германіяй Вялікабрытаніі і Францыі перад 2-й сусв. вайной. Пасля аншлюсу Аўстрыі (сак. 1938) урад Гітлера пачаў рыхтаваць захоп Чэхаславакіі. Ён падштурхнуў сваіх прыхільнікаў генлейнаўцаў (судэтанямецкую партыю, лідэры К.Генлейн і інш.) высунуць патрабаванні поўнай аўтаноміі Судэцкай вобл. і правядзення там плебісцыту па яе самавызначэнні. Гэта абвастрыла адносіны судэцкіх немцаў з урадам Чэхаславакіі (Судэцкі крызіс). У сярэдзіне мая пачалося перамяшчэнне герм. войск да мяжы з Чэхаславакіяй. Урад апошняй 20 мая абвясціў частковую мабілізацыю. Зах. саюзнікі Чэхаславакіі Вялікабрытанія і Францыя, імкнучыся ўрэгуляваць свае адносіны з Германіяй, настойвалі на прыняцці патрабаванняў генлейнаўцаў. Пасля некалькіх дыпламат. місій, у т. л. сустрэч Чэмберлена з Гітлерам 15 і 22 вер., і па просьбе Мусаліні Гітлер пагадзіўся абмеркаваць чэхаславацкае пытанне на канферэнцыі ў Мюнхене. Паводле М.п. Чэхаславакія пад націскам Вялікабрытаніі і Францыі на працягу 10 дзён (1—10 кастр.) мусіла перадаць Германіі Судэцкую вобл. з усімі наяўнымі там збудаваннямі (каля ¼ насельніцтва, амаль ⅕ тэрыторыі, палавіна цяжкай прам-сці, значныя ваен. ўмацаванні). М.п. наблізіла акупацыю герм. войскамі ўсёй Чэхаславакіі (сак. 1939) і развязванне 2-й сусв. вайны Германіяй. 30 вер. падпісана таксама англа-германская дэкларацыя 1938 аб ненападзенні. Пасля вайны Судэцкая вобл. вернута Чэхаславакіі. Канчаткова юрыд. нязначнасць М.п. замацавана паводле дагавора паміж Чэхаславакіяй і ФРГ ад 11.12.1973.
Літ.:
Документы по истории мюнхенского сговора, 1937—1939. М., 1979;
Мюнхен — преддверие войны: (Ист. очерки). М., 1988;
Борисов А.Ю. Мюнхенская трагедия: (Размышления спустя полвека). М., 1988;
Тейлор Т. На пути к Мюнхену: Пер. с англ. // От Мюнхена до Токийского залива: Взгляд с Запада на трагич. страницы истории второй мировой войны. М., 1992;
Ширер У. Капитуляция в Мюнхене: Пер. с англ. // Там жа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМЫСЛО́ВЫ РО́БАТ,
стацыянарны або перасоўны робат для выканання рухальных і кіроўных функцый у вытв. працэсах. Мае выканаўчае прыстасаванне ў выглядзе маніпулятара і перапраграмавальнае прыстасаванне праграмнага кіравання. Выкарыстоўваюцца пры перамяшчэнні і ўтрыманні прадметаў працы, замене інструментаў і тэхнал. аснасткі, перамяшчэнні грузаў і інш. Працуе самастойна або ў складзе рабатызаваных тэхналагічных комплексаў.
Характэрныя адзнакі П.р.: аўтам. кіраванне і перапраграмавальнасць (здольнасць да хуткай аўтам. або з дапамогай чалавека-аператара замене кіроўнай праграмы); наяўнасць некалькіх ступеняў рухомасці і гібкай сістэмы кіравання, многафункцыянальнасць (перастройка на розныя тэхнал. працэсы). Гэта дае магчымасць спалучаць П.р. з тэхнал. абсталяваннем, якое мае лікавае праграмнае кіраванне і лёгка пераналаджваецца. Паводле тыпу сістэм кіравання адрозніваюць 3 пакаленні П.р.; праграмныя (перапраграмаванне робіцца чалавекам, пасля чаго робат дзейнічае аўтаматычна), адаптыўныя (могуць у пэўнай ступені аўтаматычна перапраграмавацца — адаптавацца да навакольных абставін, якія загадзя вызначаны недакладна), інтэлектныя (заданне ўводзіцца чалавекам, а робаты маюць магчымасць прымаць рашэнні і планаваць свае дзеянні ў абставінах, якія не вызначаны або мяняюцца). Кожнае пакаленне П.р. мае самаст. значэнне і ўдасканальваецца па сваіх тэхн. даных. Паводле характару выконваемых аперацый П.р. падзяляюцца на групы: тэхнал., спец. і універсальныя. П.р. з’явіліся ў 1930-я г. ў сувязі з аўтаматызацыяй вытворчасці. Гл. таксама Робататэхніка, Рабатызацыя.
Літ.:
Козырев Ю.Г. Промышленные роботы: Справ. 2 изд. М., 1988;
Механика промышленных роботов. (Кн.) 1—3. М., 1988—89;
Борисенко Л.А., Самойленко А.В. Механика промышленных роботов и манипуляторов с электроприводом. Мн., 1992;
Гибкие производственные системы... Кн. 5. Промышленные роботы. М., 1990;
Проектирование и разработка промышленных роботов. М., 1989;
Белянин П.Н. Кинематические схемы, системы и элементы промышленных роботов. М., 1992.
А.В.Самойленка.
Прамысловыя робаты: а — падлогавы з шматзвёнавай рукой (1 — паваротны корпус; 2, 6 — электрарухавікі; 3 — вінтавая пара; 4, 5 — звёны рукі; 7 — крывашып); б — падлогавы з лікавым праграмным кіраваннем (1 — аснова; 2, 3 — прыводы гарызантальнага і вертыкальнага перамяшчэнняў; 4, 5 — прыводы перамяшчэнняў па каардынатах θ і α; 6 — захопнае прыстасаванне); в — падвесны (θ, Z, X, R, α — каардынаты перамяшчэнняў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́СКА-ІРА́НСКІЯ ВО́ЙНЫ 18—19 ст.,
войны паміж Расіяй і Іранам за панаванне ў Закаўказзі і Прыкаспіі. У 18 ст. грузіны, армяне і азербайджанцы імкнуліся знайсці саюзнікаў, каб пазбавіцца ад іранскіх і тур. заваёўнікаў і вярнуць захопленыя імі землі. Рас. войскі ажыццяўлялі перс. паходы ў 1722—23 і 1796, аднак адчувальных поспехаў яны не мелі.
У 1801—04 да Расіі добраахвотна далучаны асн.ч.груз. і ч.азерб. зямель. З мэтай замацавання сваіх пазіцый у Закаўказзі рас. войскі ў 1804 сталі прасоўвацца на У; пачалася вайна 1804—13. У адказ іранскія войскі пачалі ваен. дзеянні на двух напрамках — Ерэванскім і Гянджынскім. У сувязі з пачаткам рус.-тур. вайны 1806—12 (гл.Руска-турэцкія войны 17—19 ст.) рас. камандаванне вымушана было зімою 1806 заключыць перамір’е з Іранам. Аднак перагаворы аб міры ішлі марудна. У 1808 ваен. дзеянні аднавіліся, у ходзе якіх рас. войскі занялі Паўн. Азербайджан. І толькі пагроза вайны з напалеонаўскай Францыяй прымусіла рас. камандаванне ў 1812 пачаць зноў перагаворы аб міры, якія былі перарваны іранскім бокам пасля таго, як войскі Напалеона І уступілі ў Маскву. Аднак паспяховыя дзеянні рас. войск у Закаўказзі прыпынілі наступленне іранскай арміі і прымусілі Іран у кастр. 1813 заключыць Гюлістанскі мірны дагавор 1813, паводле якога было прызнана далучэнне да Рас. імперыі Дагестана, Грузіі і Паўн. Азербайджана. Іран сістэматычна парушаў умовы Гюлістанскага дагавора і патрабаваў ад Расіі вярнуць страчаныя ім тэрыторыі. Іран, падбухтораны Англіяй і Турцыяй, у ліп. 1926 пачаў ваен. дзеянні супраць Расіі; пачалася вайна 1826—28. Рас. армія пад камандаваннем А.П.Ярмолава, а з сак. 1827 — І.Ф.Паскевіча атрымала шэраг перамог, заняла Нахічэвань, Ерэван, Тэбрыз. Гэта прымусіла кіраўніцтва Ірана заключыць Туркманчайскі дагавор 1828, паводле якога да Расіі далучана Усх. Арменія. У выніку Р.-і.в. за Рас. імперыяй было замацавана Закаўказзе і Дагестан.
Літ.:
Очерки новой истории Ирана (XIX — нач. XX в.). М., 1978;
Фадеев А.В. Россия и Восточный кризис 20-х гг. XIX в. М., 1958.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛІДА́РНАСЦЬ,
сацыяльна-філасофскае паняцце, якое азначае агульнасць інтарэсаў, адзінае разуменне асн. прынцыпаў светапогляду, сумесныя практычныя дзеянні дзеля станоўчага вырашэння важных грамадскіх праблем, сумесную адказнасць за стан дзяржавы і грамадства. Канцэпцыі С. займаюць цэнтр. месца ў сістэме сацыяліст. ідэй, нац. і нацыяналіст. ідэалогіях, ідэйна-паліт. праграмах сац., нац.-вызв., рэфарматарскіх і інш. масавых рухаў, што імкнуцца мабілізаваць энергію людзей і накіраваць яе на дасягненне агульных праграмных ідэй. Паводлефранц. філосафа А.Конта, С. з’яўляецца вынікам падзелу працы. Франц. сацыёлаг Э.Дзюркгейм адрозніваў механічную С., характэрную для неразвітых архаічных грамадстваў, і арганічную, характэрную для развітога грамадства з дасканалай сістэмай падзелу працы. С. — цэнтр. катэгорыя рус. філасофіі народніцтва, прадстаўнікі якога лічылі С. найважнейшым крытэрыем развіцця грамадства: яе нарастанне прыводзіць да прагрэсу і ўсеагульнага дабрабыту, а зніжэнне выклікае барацьбу за існаванне, беднасць і абвастрэнне сац. канфліктаў (М.А.Бакунін, П.А.Крапоткін, П.Л.Лаўроў, Л.І.Мечнікаў, М.К.Міхайлоўскі і інш). Вышэйшы сэнс С. народнікі бачылі ва ўзгадненні матэрыяльных і нематэрыяльных інтарэсаў кожнай асобы з яе грамадскімі абавязкамі. Лаўроў, Мечнікаў экстрапаліравалі паняцце С. па-за межы чалавечага грамадства, лічылі яе якасцю ўсяго арган. свету, у якім узаемная падтрымка забяспечвае выжыванне пэўнага віду ў барацьбе з інш. і служыць фактарам яго развіцця. На іх думку, С. у грамадстве разбураецца пад уплывам рыначных адносін, індывідуалізму. Паводле Лаўрова, перадумовай С. з’яўляецца ліквідацыя эканам. канкурэнцыі. Мечнікаў разглядаў С. як гал. фактар гіст. працэсу, а прагрэс у грамадстве звязваў з узроўнем развіцця кааперацыі і паслядоўнай зменай яе форм: паднявольныя саюзы, якія трымаюцца на знешнім прымусе, саступаюць месца падпарадкаваным саюзам, якія залежаць ад падзелу працы; канчатковай і вышэйшай формай кааперацыі з’яўляецца свабодны саюз індывідаў, у якім С. усталёўваецца ў выніку свабоднага волевыяўлення.
Літ.:
Лавров П.Л. Философия и социология: Избр. произв.Т. 2. М., 1965;
Дюркгейм Э. О разделении общественного труда: Метод социологии: Пер. с фр.М., 1996;
Мечников Л.И. Цивилизация и великие исторические реки. Статьи. М., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САНКТ-ПЕЦЯРБУ́РГСКІ ВЯЛІ́КІ ДРАМАТЫ́ЧНЫ ТЭА́ТРакадэмічны імя Г.А.Таўстаногава.
Адкрыты ў 1919, з 1932 імя М.Горкага, з 1964 акадэмічны, з 1992 сучасная назва. Створаны пры ўдзеле М.Горкага, М.Андрэевай і А.Блока як т-р гераічнага рэпертуару, класічнай трагедыі і высокай камедыі. Гал. рэжысёры А.Лаўрэнцьеў (1919—22 і 1923—29), К.Твярской (1929—34), В.Фёдараў (1934—36), А.Дзікі (1936—37), Б.Бабачкін (1938-40), Л.Руднік (1940—46), Н.Рашэўская (1946—49), І.Яфрэмаў (1950—52), К.Хахлоў (1922—23 і 1954—55), Таўстаногаў (1956—89); з 1989 маст. кіраўнік К.Лаўроў. Адкрыўся спектаклем «Дон Карлас» Ф.Шылера. Першапачаткова ставіліся спектаклі У.Шэкспіра, Шылера, В.Гюго, Мальера і інш., з сярэдзіны 1920-х г. таксама творы тагачаснай драматургіі, у якіх сцвярджалася рэаліст. скіраванасць: «Мяцеж» (1925), «Разлом» (1927) Б.Лаўранёва, «Клоп» (1929), «Баня» (1930) У.Маякоўскага. У 1930—40-я г.т-р ставіў творы М.Горкага («Мяшчане», «Дачнікі»), А.Чэхава («Вішнёвы сад») і інш. Спектаклям 1950—70-х г. уласцівы ўвага да сцэн. ўвасаблення вострых і напружаных жыццёвых калізій, яркая рэаліст. форма, сац.-гіст. і псіхал. абагульненні: «Ідыёт» паводле Ф.Дастаеўскага, «Ліса і вінаград» Г.Фігейрэду, «Варвары» і «Мяшчане» (Дзярж. прэмія СССР 1970) М.Горкага, «Кароль Генрых IV» Шэкспіра, «Гісторыя каня» паводле Л.Талстога. Пастаноўкі 1990-х г. вызначаліся глыбокай распрацоўкай псіхал. малюнка роляў, пошукам сучасных выразных магчымасцей у традыц. драматургіі: «Каварства і каханне» Шылера, «Макбет» Шэкспіра, «Бацька» А.Стрындберга, «Таленты і паклоннікі» А.Астроўскага і інш. У т-ры ў розныя гады працавалі і працуюць акцёры А.Абрамаў, А.Андрэеў, Г.Багачоў, А.Басілашвілі, Т.Дароніна, В.Дзягцяр, В.Іўчанка, Я.Капелян, У.Кузняцоў, Лаўроў, А.Лаўрэнцьеў, Я.Лебедзеў, П.Луспякаеў, Л.Макарава, М.Манахаў, В.Сафронаў, В.Паліцаймака, І.Смактуноўскі, У.Стржэльчык, А.Талубееў, М.Трафімаў, А.Фрэйндліх, З.Шарко, Ю.Юр’еў і інш.; рэжысёры Р.Дзіцяткоўскі, Р.Казлоў, Э.Нюганен, М.Пінігін, А.Сяроў, Т.Чхеідзе, А.Шапіра і інш.
С.У.Пешын.
Санкт-Пецярбургскі вялікі драматычны тэатр імя Г.Таўстаногава.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСНА́СТКА ТЭХНАЛАГІ́ЧНАЯў машына- і прыладабудаванні,
інструменты, прыстасаванні і інш. сродкі для механізацыі і аўтаматызацыі тэхнал. працэсаў.
Аснастка тэхналагічная ўключае ўстановачныя, заціскныя і накіравальныя элементы, дзялільныя і паваротныя прыстасаванні, механізаваныя прыводы (электрычны, мех., гідраўл., пнеўматычны і інш.). Паводле ступені спецыялізацыі бывае універсальная, спецыялізаваная і спецыяльная, па прызначэнні — станочная, зборачная, кантрольная і інш. Універсальная аснастка тэхналагічная выкарыстоўваецца ў адзінкавай і дробнасерыйнай вытв-сці розных па форме, памерах і матэрыяле дэталяў. Спецыялізаваная ўжываецца ў серыйнай вытв-сці для апрацоўкі дэталяў падобных формаў з пераналадкай. Спецыяльнай аснасткай выконваюць адну канкрэтную аперацыю ў масавай вытв-сці вырабаў аднаго памеру і формы (напр., штампы для ліставой і аб’ёмнай штампоўкі, прэсформы для вырабу керамічных і пластмасавых дэталяў, прыстасаванні для вырабу і зборкі інтэгральных схем і інш.). На Беларусі па аснастцы тэхналагічнай спецыялізуюцца Гомельскі з-д радыётэхн. аснасткі, з-дспец. інструментаў і тэхнал. аснасткі ВА «Мінскі трактарны завод» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХЛО́ПКАЎ (Мікалай Пятровіч) (15.5.1900, г. Іркуцк — 8.1.1967),
рускі рэжысёр, акцёр. Нар.арт.СССР (1948). Сцэн. дзейнасць пачаў у 1918. З 1923 акцёр Т-ра імя У.Меерхольда. З 1930 узначальваў Рэалістычны т-р, з 1938 рэж. і акцёр т-ра імя Я.Вахтангава. У 1943—66 гал. рэжысёр Маскоўскага т-ра драмы (з 1954 т-р імя У.Маякоўскага). Яго спектаклі вызначаліся яскравай тэатральнасцю, публіцыстычнасцю, манументальнасцю, шырокім выкарыстаннем умоўнасці і сінт. сродкаў выразнасці, пошукамі новых тэатр. формаў. Сярод пастановак: «Арыстакраты» М.Пагодзіна (1935), «Маладая гвардыя» паводле А.Фадзеева (1947), «Гамлет» У.Шэкспіра (1954), «Іркуцкая гісторыя» А.Арбузава (1960), «Медэя» Эўрыпіда (1961). Акцёрскае мастацтва Ахлопкава адметнае спалучэннем арганічнасці пачуццяў з экспрэсіўнай выразнасцю вобраза. Здымаўся ў кіно: Васіль Буслаеў («Аляксандр Неўскі»), камісар Вараб’ёў («Аповесць пра сапраўднага чалавека»), Батманаў («Далёка ад Масквы») і інш.Дзярж. прэмія СССР 1941, 1947, 1949 (двойчы), 1951 (двойчы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БА́ЦЬКАЎШЧЫНА»,
культурна-асветнае таварыства бел.нац. меншасці ў Латвіі ў 1921—25. Створана ў Дзвінску (цяпер. г. Даўгаўпілс) групай інтэлігенцыі на чале з настаўнікам Я.В.Харлапам. Членамі кіраўніцтва т-ва ў розны час былі М.Гарэцкі, І.С.Дварчанін, К.Езавітаў, У.Жылка, І.І.Краскоўскі, П.В.Мядзёлка, У.В.Пігулеўскі, С.П.Сахараў, А.П.Якубецкі і інш. Дзейнасці т-ва спрыялі прадстаўнікі лат. інтэлігенцыі Б.Р.Брэжга, Я.Райніс. Пры падтрымцы Райніса пры Мін-ве асветы Латвіі ў 1921 створаны Бел. аддзел для кіраўніцтва навуч. ўстановамі (кіраўнік Сахараў), у Дзвінскім і Люцынскім пав. адкрыта каля 60 бел. школ, заснаваны Люцынская і Дзвінская бел. гімназіі, настаўніцкія курсы, с.-г. школа. Паводле сфабрыкаваных паліцыяй Латвіі матэрыялаў супраць членаў «Бацькаўшчыны» былі арыштаваны Езавітаў, Мядзёлка, Пігулеўскі, Краскоўскі, Якубецкі і інш. У крас. 1925 суд апраўдаў усіх абвінавачаных, але дзейнасць т-ва паступова спынілася.