ЯТРЫ́ШНІК (Orchis),

род кветкавых раслін сям. архідных. Больш за 100 (паводле інш. звестак каля 60) відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі 5 відаў Я., занесеных у Чырв. кнігу: абпалены (0. ustulata), дрэмлік (O. morio), клапаносны (O. coriophora), мужчынскі (O. mascula), шлеманосны (O. militaris). Трапляюцца ў вільготных лясах, на ўзлесках, палянах, вільготных лугах.

Шматгадовыя травяністыя расліны. Каранёвыя клубні суцэльныя. Сцёблы прамыя, звычайна аблісцелыя. Лісце сцябловае ці ў прыкаранёвай разетцы. Кветкі няправільныя, белыя, жоўтыя, бэзавыя, ружовыя, у коласападобных суквеццях. Плод — каробачка. Клубні некат. відаў ядомыя, з высушаных вырабляюць лек. сродак — салеп. Лек., дэкар. расліны.

Ятрышнік: 1 — мужчынскі; 2 — дрэмлік; 3 — пурпурны; 4 — шлеманосны; 5 — абпалены; 6 — клапаносны.

т. 18, кн. 1, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)