ЧАЛАВЕ́ЦТВА,

1) сукупнасць людзей, якія жывуць на Зямлі; тое, што народанасельніцтва.

2) Гіст. супольнасць людзей, якая склалася ў працэсе станаўлення і развіцця эканам., паліт., культ. і інш. сувязей паміж рознымі краінамі і народамі свету.

Паводле разлікаў дэмографаў, з часу з’яўлення краманьёнцаў (50—40 тыс. г. назад) на Зямлі змянілася каля 1600 пакаленняў «чалавека разумнага» (Homo sapiens) і пражывала прыкладна 60—70 млрд. людзей. Лічыцца, што папуляцыя людзей розных біял. відаў і іх падвідаў, якія адначасова пражывалі на Зямлі 1 млн. г. назад, налічвала каля 100 тыс. індывідаў, да моманту з’яўлення віду Homo sapiens больш за 50 тыс. г. назад — прыкладна 500 тыс., 40—30 тыс. г. назад — каля 5 млн. Да пач. 4-га тыс. да н.э. пасля пераходу людзей да земляробства і жывёлагадоўлі на Зямлі пражывала ўжо прыкладна 100 млн. чал. У наш час, паводле звестак ААН, на нашай планеце жыве каля 6 млрд. чалавек. Сучаснае Ч. разнастайнае ў расавых, этн. і культ. адносінах. У адрозненне ад рас шматлікія этнасы (плямёны і іх саюзы, народнасці, нацыі), з якіх складаецца Ч., уяўляюць сабой не біял., а сац.-гіст. супольнасці людзей, якія развіваюцца дзякуючы салідарнасці з сабе падобнымі паводле мовы, ладу жыцця, культ. і інш. прыкмет (гл. Антрапагенез, Антрапасацыягенез).

З моманту ўзнікнення розных лакальных і рэгіянальных цывілізацый эвалюцыя Ч. адбывалася на аснове ўласнага развіцця і запазычання народамі дасягненняў матэрыяльнай і духоўнай культуры інш. народаў. Гісторыя Ч. традыцыйна разглядаецца шляхам падзелу яе на Стараж. свет, сярэдневякоўе, новы час. У эвалюцыі Ч. вылучаюцца 4 тэхнал. эпохі: збіральніцтва і палявання, аграрная, індустрыяльнага грамадства, постіндустрыяльнага грамадства, інфармацыйнага грамадства. З сярэдзіны 20 ст. ўзмацнілася тэндэнцыя да інтэграцыі эканамічнай, навук.-тэхн., паліт. і культ. супрацоўніцтва. Узніклі новыя жыццёва важныя для Ч. глабальныя праблемы. З’явілася новая навука — глабалістыка, прадмет якой — агульныя заканамернасці развіцця сучаснага Ч. ва ўмовах антрапагенна перагружанай Зямлі, стварэнне мадэлей навукова і духоўна арганізаванага свету. Аб’ектыўны працэс больш цеснага яднання Ч. (глабалізацыі) стварае перадумовы для ўключэння многіх краін у агульнасусв. эканам. і навук.-тэхн. прагрэс, выкарыстання перадавых тэхналогій для ўласнага развіцця, стварэння агульнапланетарнай (глабальнай) цывілізацыі пры захаванні разнастайнасці нац. культур, умоў іх узаемнага ўзбагачэння. У 2002 Ген. Асамблея ААН прыняла спец. рэзалюцыю аб рэагаванні на глабальныя пагрозы і выклікі Ч. (тэхнагенныя катастрофы, рост злачыннасці і наркаманіі, міжнар. тэрарызм і інш.), якая прадугледжвае фарміраванне глабальнай сістэмы процідзеяння гэтым пагрозам і ажыццяўленне практычных мер, накіраваных на дынамічнае паступальнае развіццё ўсіх састаўных ч. сучаснага Ч.

Літ.:

Цивилизация: прошлое, настоящее и будущее человечества. М., 1988;

Моисеев Н.Н. Быть или не быть... человечеству? М., 1999;

Уткин А.И. Мировой порядок XXI в М., 2001;

Федотов А.П. Глобалистика: Начала науки о современном мире. 2 изд. М., 2002;

Тойнби А.Д. Цивилизация перед судом истории: Пер. с англ. М., 2002.

В.​Дз.​Марозаў.

т. 17, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)