горад, цэнтр Пружанскага р-на Брэсцкай вобл., на вытоку р. Мухавец. Вузел аўтадарог на Брэст, Высокае, Кобрын, Слонім, Бярозу, Поразава. За 13 км ад чыг. ст. Аранчыцы на лініі Баранавічы—Брэст, за 89 км ад Брэста. 20,2 тыс.ж. (2000).
Вядомы з 1487 пад назвай Дабучын. Да 1519 у Кобрынскім княстве, пасля ў Кобрынскім, з 1566 у Брэсцкім пав. У 16 ст. належалі каралеве Боне Сфорца, потым яе дачцэ Ганне, якая ў 1589 дала гораду магдэбургскае права і герб. У 1563—1250 ж., 278 гаспадарак. З канца 16 ст. замацоўваецца назва П. У час войнаў сярэдзіны 17—1-й пал. 18 ст. моцна разбураны, уцалела /. пабудоў. Да канца 18 ст. адбудаваны, у 1791—2094 ж. З 1795 у Рас. імперыі, цэнтр Пружанскага павета. У час паўстання 1863—64 заняты паўстанцамі 13.2.1863. У 1897—7634 ж., 14 дробных прадпрыемстваў, павятовае і прыходскае вучылішчы, 6 бальніц, 2 царквы, касцёл, сінагога. У 1919—39 у Польшчы, цэнтр павета Палескага ваяв. Дзейнічалі падп. арг-цыі КПЗБ і КСМЗБ, Беларускай сялянска-работніцкай грамады, Таварыства беларускай школы. З вер. 1939 у БССР, з 15.1.1940 цэнтр Пружанскага р-на. 23.6.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія ў створаным тут гета трымалі да 10 тыс.чал., загубілі больш за 4 тыс.чал. Вызвалены 17.7.1944 войскамі 1-га Бел. фронту ў ходзе наступлення на Брэсцкім напрамку.
Працуюць з-ды: кансервавы, радыёдэталей, ільнозавод, масласырзавод; камбінаты буд. матэрыялаў і плодакансервавы, друкарня, лясгас, Пружанскі аграрна-тэхнічны каледж і інш. У горадзе Дом культуры, 2 б-кі. Брацкія магілы чырвонаармейцаў, сав. воінаў і партызана. Помнік В.З.Харужай, сав. лётчыкам.
У 16 ст. ў П. існаваў палацавы комплекс, т.зв. Каралеўскі двор (вядомы паводле інвентара 1597), у 2-й пал. 18—19 ст. — барочны гар. асабняк. У 2-й пал. 19 ст. ў прадмесці П. Горкі пабудаваны капліца (1852), Пружанскі сабор Аляксандра Неўскага, Спаса-Праабражэнская царква (1875—78), касцёл Ушэсця св. Дзевы Марыі (1883), гандл. рады ў стылі барока і класіцызму (1896, арх. Міхайлоўскі і Савіч), комплекс гар. сядзібы (арх. Ланці). У сучасным горадзе 3 планіровачныя раёны: паўд., зах. і ўсходні. Арх.-планіровачная структура вызначаецца цэнтр. восевай магістраллю (вуліцы Савецкая, Кобрынская, Кастрычніцкая), перпендыкулярнымі да яе вуліцамі Леніна, Р.Шырмы, Чырвонаармейскай і звілістым абрысам поймы р. Мухавец. Горад забудоўваўся паводле схемы планіроўкі 1959, якая ўпарадкавала нерэгулярную сетку вуліц, генплана 1974 і праекта дэталёвай планіроўкі цэнтра 1977. Адм.-грамадскі цэнтр склаўся на вуліцах Савецкай і Шырмы. Цэнтр.ч. горада і цэнтр усх. раёна забудаваны 4—5-павярховымі дамамі. У паўн.ч. і па вул. Шырмы створаны новыя мікрараёны з 5—9-павярховых дамоў, узводзяцца будынкі сядзібнага тыпу. Паводле генплана 1998 здзяйсняецца пераход да катэджнага буд-ва на ўскраінах горада. Зона адпачынку — штучны вадаём у паўд.ч. горада, р. Мухавец і парк у паўн. частцы.