НЭ́НІ ((Nenni) П’етра) (9.2.1891, Фаэнца, Італія — 1.1.1980),

італьянскі паліт. і дзярж. дзеяч. Удзельнік 1-й сусв. вайны 1914—18. Чл. італьян. сацыяліст. партыі (ІСП) з 1921, яе ген. сакратар (1931—39, 1943—44, 1949—63), старшыня (з 1973). У 1922—23 рэдактар газ. «Avanti!» («Наперад!»). У 1926 эмігрыраваў у Францыю. Удзельнік грамадз. вайны ў Іспаніі 1936—39 (камісар інтэрнацыянальных брыгад). У 1942 арыштаваны ў Францыі і выдадзены фаш. уладам Італіі (вызвалены ў жн. 1943). У 1945—47 і 1963—68 чл. італьян. урадаў. Дэп. італьян. парламента (з 1946), сенатар (з 1970). Віцэ-прэзідэнт Сусветнага Савета Міру (1950—55). Старшыня Аб’яднанай сацыяліст. партыі (1966—69). Віцэ-старшыня Сацыялістычнага інтэрнацыянала (з 1969).

т. 11, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́АЛА УЧЭ́ЛА [Paolo Uccello; сапр. Паала ды Дона (Paolo di Dono); 1397, г. Фларэнцыя, Італія — 10.12.1475],

італьянскі жывапісец, прадстаўнік Адраджэння. Вучыўся ў Л.​Гіберці (1407—14). Працаваў у Фларэнцыі, Венецыі (1425—30), Падуі (каля 1447) і Урбіна (1465—68). У ранні перыяд працаваў у традыцыях готыкі, пазней зазнаў уплывы Данатэла, Ф.​Брунелескі і Мазачыо. Першы італьян. баталіст. Сярод твораў: фрэскі ў саборы (конны партрэт кандацьера Дж.​Акута, 1436) і ў К’ёстра Вердэ ў царкве Санта-Марыя Навела (сярэдзіна 1430-х г. каля 1450) у Фларэнцыі, 3 карціны з эпізодамі бітвы пры Сан-Рамана (сярэдзіна 1450-х г.), «Бітва св. Георгія з драконам», прыдзела са сцэнамі прычашчэння, «Паляванне» (абедзве канец 1460-х г.) і інш.

т. 11, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ВЕЛ VI [Paulus; у свеце Манціні (Montini) Джавані Батыста; 26.9.1897, Канцэзіо, каля г. Брэшыя, Італія — 6.8.1978],

папа рымскі з 1963. Скончыў папскі і дзярж. ун-ты ў Рыме. У 1923—54 на дыпламат. службе Ватыкана (з 1937 пам., з 1952 нам. дзярж. сакратара). З 1955 архіепіскап Мілана, з 1958 кардынал. П. VI — першы з рым. пап, які парушыў традыцыю затворніцтва рым. пап у Ватыкане, наведаў шэраг краін (Палесціна, ЗША, Калумбія, Уганда, Філіпіны, Аўстралія і інш.). Рэарганізаваў рым. курыю, скасаваў Кангрэгацыю свяшчэннай канцылярыі (б. інквізіцыю), у 1966 адмяніў «Індэкс забароненых кніг», што фактычна азначала скасаванне царк. цэнзуры. Увёў узроставы цэнз у калегіі кардыналаў. Выступаў за збліжэнне цэркваў і захаванне міру паміж народамі.

т. 11, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДАПЕ́ЧНЫЯ ТЭРЫТО́РЫІ,

тэрыторыі, якія пасля заканчэння 2-й сусв. вайны ўключаны ў Міжнар. сістэму апекі ААН, прадугледжаную Статутам ААН. Гэта пераважна былыя падмандатныя тэрыторыі Лігі Нацый або калоніі, найперш Германіі і яе саюзнікаў: у Афрыцы — Камерун, Руанда, Бурундзі, Самалі, Танзанія, Паўд.-Зах. Афрыка; а-вы у Ціхім Акіяне — Зах. Самоа, Науру, Новая Гвінея, Марыянскія, Маршалавы і Каралінскія; з насельніцтвам каля 20 млн. чалавек. Кіраванне імі, са згоды ААН і пад кантролем яе Савета па апецы, атрымалі б. каланіяльныя дзяржавы — Вялікабрытанія, Бельгія, Францыя, а таксама Італія (над Самалі). Апрача таго, Савет Бяспекі ААН у 1947 перадаў Каралінскія, Марыянскія і Маршалавы а-вы ў якасці «стратэгічнага раёна» пад кіраванне ЗША. Да 1997 усе П.т. атрымалі незалежнасць.

т. 11, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САНМІКЕ́ЛІ ((Sanmicheli) Мікеле) (1484, г. Верона, Італія — 1559),

італьянскі архітэктар; прадстаўнік Высокага Адраджэння. Зазнаў уплыў Д.​Брамантэ і Дж. да Сангала. У 1509—27 на папскай службе ў Рыме, з 1528 гал. архітэктар крэпасцей Венецыянскай рэспублікі. Будаваў гар. ўмацаванні ў Брэшыі, Бергама, на в-ве Керкіра і інш. Узбагаціў ордэрную сістэму складанымі дэкар. дэталямі, у т. л. матывамі рым. трыумфальнай аркі. Стваральнік новых тыпаў палацца, велічныя фасады якіх спалучалі строгую тэктоніку з выразнай пластыкай форм: палацца Бевілаква ў Вероне (1532), Грымані ў Венецыі (1556—72) і інш. Яго пабудовы ў Вероне ў многім вызначылі аблічча горада (вароты Порта Паліо, 1557; касцёл Мадонна ды Кампанья каля Вероны, з 1559).

М.Санмікелі. Порта Паліо. 1557.

т. 14, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САНСАВІ́НА [Sansovino; сапр. Таці

(Tatti)] Якапа (2.7.1486, г. Фларэнцыя, Італія — 27.11.1570),

італьянскі архітэктар і скульптар Высокага і Позняга Адраджэння. Вучыўся ў А.​Сансавіна (узяў яго прозвішча) у Фларэнцыі. Працаваў у Рыме (1503—10 і 1518—27), Фларэнцыі (1510—18), Венецыі і Падуі (з 1529 гал. архітэктар Венецыянскай рэспублікі). Яго арх. творы ў Венецыі (палацца Корнер, з 1532, б-ка Сан-Марка, 1536—54; манетны двор, з 1536) адметныя пластычнай выразнасцю строгіх класічных форм, багаццем скульпт., а часам і жывапіснага ўбрання, тонка падначаленага тэктоніцы будынка. У скульптуры жывапісная гульня святлаценю спалучаецца з вытанчанай экспрэсіяй вобразаў («Вакх», 1518; 4 статуі на фасадзе Ладжэты ў Венецыі, 1540—45).

Я.Сансавіна. Бібліятэка Сан-Марка ў г. Венецыя. 1536—54.

т. 14, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САНТ-Э́ЛІЯ ((Sant’ Elia) Антоніо) (30.4.1888, г. Кома, Італія — 10.10.1916),

італьянскі архітэктар. Вучыўся ў акадэміі Брэра і політэхн. ін-це ў Мілане, скончыў Школу прыгожых мастацтваў у Балонні (1912). Зазнаў уплыў О.​Вагнера і рацыяналістычнай архітэктуры ЗША. У сваіх поглядах блізкі да італьян. футурызму. На выстаўцы групы «Новыя традыцыі» прадставіў рамант. праект «горада будучага» (не ажыццёўлены), асновай формаўтварэння якога быў дынамічны рух: размяшчэнне трансп. магістралей на розных узроўнях, будынкі з вял. ліфтамі, эскалатарамі і г.д. У 1914 С.-Э. з арх. Ф.​Т.​Марынеці выдаў «Маніфест футурыстычнай архітэктуры». Праекты С.-Э. паўплывалі на горадабуд. канцэпцыі 20 ст. Загінуў на фронце ў 1 -ю сусв. вайну.

І.​М.​Скварцова.

А.Сант-Элія «Горад будучага». Малюнак. 1914.

т. 14, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕВЕРЫ́НІ ((Severini) Альда) (н. 20.11.1926, г. Анкона, Італія),

італьянскі паэт. У 2-ю сусв. вайну ўдзельнік Руху Супраціўлення. Аўтар зб-каў вершаў «Прыйдзе, як зара, твой час» (1955), «Мне не трэба віна, каб пець» (1962), «З берага на бераг» (1972), «Слова В’етнаму», «Вершы Іспаніі» (абодва 1974), «На арбіце Зямлі» (1979), «Элементы фантастычнай анатоміі» (1980), «Арыфметыка дыялога» (1983) і інш. Двойчы наведаў Беларусь. Пераклаў на італьян. мову паасобныя вершы Я.​Купалы, М.​Танка, Р.​Барадуліна, М.​Калачынскага. Сярод перакладчыкаў яго твораў на бел. мову М.​Танк, Барадулін, Я.​Семяжон, А.​Шаўня.

Тв.:

Бел. пер. — На арбіце Зямлі. Мн., 1980;

У кн.: Золата Фарчэлы. Мн., 1968;

У кн.: Ад вежаў Ферары. Мн., 1974.

А.​А.​Шаўня.

т. 14, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНЬЯРЭ́ЛІ ((Signorelli) Лука) (паміж 1445—50, г. Картона, Італія — 16.10.1523),

італьянскі мастак эпохі Адраджэння. Вучыўся ў П’ера дэла Франчэскі, зазнаў уплыў А. дэль Палаёлы і Перуджына. Працаваў у Картоне, Фларэнцыі, Ларэце, Рыме, Арвіета і інш. Творы вызначаюцца строгасцю, гераічнасцю вобразнага ладу; фрэскі ў Сіксцінскай капэле Ватыкана (1481—83), у клуатры манастыра Монтэалівета Маджорэ ў Таскане (1497), капэле Сан-Брыцыо сабора ў Арвіета (1499—1504); станковыя карціны «Мадонна на троне ў акружэнні святых» (1484), «Пан» (1488—90). Асаблівую ўвагу аддаваў выяўленню фігуры чалавека ў складаных ракурсах з падкрэсленай выразнасцю пластычнай мадэліроўкі, напружанасцю контурнага малюнка, якому ў позніх работах уласціва некат. застыласць.

Л.Сіньярэлі. Паўстанне з мёртвых. Фрэска капэлы Сан-Брыцыо сабора ў Арвіета. 1499—1504.

т. 14, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКО́РЫКАЎ (Мікалай Мікалаевіч) (н. 19.11.1957, г. Гомель),

бел. эстрадны спявак. Засл. арт. Беларусі (1992). Скончыў Гомельскае муз. вучылішча (1978), Бел. кансерваторыю (1983, кл. С.​Асколкава). З 1985 саліст Дзярж. акад. нар. хору Беларусі імя Г.​Цітовіча, з 1988 саліст-вакаліст Дзярж. аркестра сімф. і эстр. музыкі Беларусі. Валодае моцным прыгожым голасам, тэмбр якога пашыраецца ад мяккага лірычнага барытона да аксамітнага драм. баса. Яго выкананню характэрны тэмперамент, драм. майстэрства, глыбокае пранікненне ў муз. вобраз. У канцэртным рэпертуары значнае месца займаюць песні бел. кампазітараў, у т. л. І.​Лучанка, Э.​Зарыцкага, Л.​Захлеўнага, У.​Будніка. Лаўрэат 1-га Усесаюзнага радыёконкурсу «Новыя імёны» (1987), Гран-пры Міжнар. конкурсу «Музыка свету» (1998, Італія).

В.​З.​Анісовіч.

т. 14, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)