НАДЗЕ́ЖДЗІНА Надзея Сяргееўна (3.6.1908, Вільня — 11.10.1979),
расійская артыстка балета, балетмайстар. Нар.арт. Расіі (1959). Нар.арт.СССР (1966). Герой Сац. Працы (1978). Скончыла Дзярж. балетную школу ў Петраградзе (1924, педагогі М.Легат, А.Ваганава). У 1925—34 артыстка Вял.т-ра ў Маскве. З 1943 балетмайстар, у 1946—48 маст. кіраўнік балетнага аддзялення Масэстрады і адначасова (з 1945) Рус.нар. хору Калінінскай філармоніі. Выконвала сольныя партыі і характарныя танцы ў балетах «Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага, «Канёк-Гарбунок» Ц.Пуні, «Дон Кіхот» Л.Мінкуса, «Чырвоны мак» Р.Гліэра, «Раймонда» А.Глазунова і інш. Арганізатар (1948), маст. кіраўнік і пастаноўшчык праграм акад. харэаграфічнага ансамбля «Бярозка». Стварыла новы стыль у харэаграфіі, заснаваны на сінтэзе танц. фальклору і школы класічнага танца. Сярод пастановак, прасякнутых рамант. паэтычнасцю і высакароднасцю — «Лябёдачка», «Бярозка», «Карусель», «Пралля», «На восеньскім кірмашы», «Паўночнае ззянне», «Сібірская сюіта» і інш. Аўтар кн. «Рускія танцы» (1951), артыкулаў па праблемах танц. мастацтва. Дзярж. прэмія СССР 1950. Залаты медаль Міру імя Жаліо Кюры 1959.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́БЕЛІ (Nobel),
шведскія вынаходнікі, прадпрымальнікі і прамыслоўцы. Паходзілі са стараж.швед. роду Рудбекаў, адзін з прадстаўнікоў якога ў 1682 змяніў прозвішча на Нобеліус (пазней трансфарміравалася ў Нобель) па назве мяст. Нёбёлеў, дзе жыў род. Эмануэль (24.3.1801—3.9.1872), вынаходнік падводных мін. Бацька Людвіга, Роберта, Эміля і А.Б.Нобеля. У 1842—59 жыў з сям’ёй у С.-Пецярбургу, дзе заснаваў мех.з-д. У час Крымскай вайны 1853—56 пастаўляў рас. войскам узбраенне і міны. Людвіг (27.7.1831, Стакгольм — 12.4.1888), канструктар станкоў, нафтапрамысловец, інжынер-тэхнолаг. Ператварыў заснаваны бацькам з-д у буйны маш.-буд.з-д «Людвіг Н.» (цяпер «Рускі дызель» у С.-Пецярбургу). У 1876 разам з братамі Робертам і Альфрэдам заснаваў нафтапрамысловае прадпрыемства ў Баку (з 1879 «Т-ва братоў Нобель»), якое стала найбуйнейшай нафтафірмай у Рас. імперыі. Увёў транспарціроўку нафты па трубаправодах, упершыню ў свеце выкарыстаў марскія і рачныя нафтаналіўныя судны. Эмануэль (22.6.1859—31.5.1932), сын Людвіга. У 1888—1917 узначальваў прадпрыемствы сям’і Н. у Расіі. З 1918 у Швецыі.
метад вывучэння напружанняў у дэталях машын і буд. канструкцый на празрыстых мадэлях. Заснаваны на ўласцівасці большасці празрыстых ізатропных асяроддзяў станавіцца пры дэфармацыі аптычна анізатропнымі. Праводзіцца з дапамогай палярызацыйных прылад.
Пры праходжанні слоя анізатропнага рэчыва дзвюма светлавымі хвалямі, па-рознаму палярызаванымі і з рознымі скарасцямі распаўсюджання, паміж ваганнямі гэтых хваль узнікае рознасць фаз, значэнне якой залежыць ад анізатрапіі асяроддзя, таўшчыні слоя і даўжыні хвалі. Па рознасці фаз вызначаюць параметры асяроддзя, якія характарызуюць яго аптычную анізатрапію і звязаныя з ёю асаблівыя напрамкі. Метад пашыраны ў крышталяфізіцы, мінералогіі, пры вызначэнні размеркавання мех. напружанняў і дэфармацый у дэталях машын і элементах канструкцый, вывучэнні тканак жывых арганізмаў і інш.
На Беларусі П.-а.м.д. распрацоўваецца з 1950-х г. у Фіз.-тэхн. ін-це, з 1960-х г. у Ін-це фізікі Нац.АН пры вывучэнні размеркавання напружанняў у пругка дэфармаваных (фотапругкасць) і пластычна дэфармаваных (фотапластычнасць) асяроддзях (С.І.Губкін, Б.Б.Бойка і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗЕ́ВІЧ Міхаіл Васілевіч (26.1838, г. Мазыр Гомельскай вобл. — пасля 1917),
рускі і бел. публіцыст, крытык, педагог, этнограф. Скончыў духоўную семінарыю (1859), вучыўся ў духоўнай акадэміі і ун-це ў Пецярбургу. З 1863 хатні настаўнік у сям’і Ф.Дастаеўскага, выхавацель яго пасынка, з 1864 выкладчык і інспектар нар. вучылішчаў у Вільні. З 1873 у Мін-ве нар. асветы ў Пецярбургу, у 1889—94 узначальваў Варшаўскую навуч. дырэкцыю. У 1860-я г. выступаў як публіцыст і тэатр. крытык у час. «Время», «Искра», «Русская сцена». У педагогіцы прыхільнік ідэй К.Ушынскага. На бел. матэрыяле заснаваныпед. і этнагр. нарысы: «У народнай школе» і «Старамядзельскія паданні» (1870), «Беларускія народныя школы» (1871), «Халера» і «Хохлік» (1873, пад рубрыкай «З беларускага жыцця»). Аўтар камедыі «Мяшчанская нявеста» (1864). У канцы 19 — пач. 20 ст. жыў у маёнтку Міцькі на Мазыршчыне. У 1909 у сувязі з адлучэннем Л.Талстога ад царквы даслаў яму пісьмо і вершы, якія прыхільна сустрэў пісьменнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́БА,
гарадскі пасёлак у Віцебскім р-не, на р.Зах. Дзвіна, на аўтадарозе Віцебск—Сураж. За 15 км ад Віцебска. 7,7 тыс.ж. (2000).
Вядома з пач. 19 ст. як цэнтр фальварка, у які ў 1834 уваходзілі 4 вёскі Вярхоўскай вол. Віцебскага пав. 144 ж. У 1909 вёска (31 ж., 4 двары) і фальварак (уласнасць Піскунова). З 20.8.1924 вёска ў Бабінавіцкім с/с Віцебскага р-на. У 1926—57 ж., 10 двароў. У 1932 у Р. заснаваны вапнавы з-д, вакол якога вырас заводскі пасёлак. У Вял.Айч. вайну 13.6.1942 ням.-фаш. карны атрад расстраляў у Р. 75 жыхароў. З 31.7.1970 Р. — гар. пасёлак.
Працуюць акц.т-ва «Даламіт» (распрацоўвае радовішча даламітаў Руба), аўтатрансп. прадпрыемства, 2 сярэднія школы, 2 дашкольныя ўстановы, Палац культуры, б-ка, паліклініка, аддз. сувязі, дом быту, царква. Магіла ахвяр фашызму. Помнікі: невядомаму салдату, у гонар партыз. брыгад 1-й Віцебскай і імя ВЛКСМ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАХО́МЕТР (ад грэч. tachos хуткасць, скорасць + ...метр),
прылада для вымярэння частаты вярчэння (вуглавой скорасці) дэталей (пераважна валоў) машын і механізмаў. Адрозніваюць Т. магнітныя, вібрацыйныя, інтэгруючыя (гадзіннікавыя і электронныя), магнітна-індукцыйныя, магнітаэл., страбаскапічныя, частотна-імпульсныя, ферадынамічныя, электронна-лічыльныя (лічбавыя), мех., гідраўлічныя, пнеўматычныя і інш. Межы вымярэнняў ад 0 да 1 млн.аб/мін.
У магнітна-індукцыйных Т. адхіленне стрэлкі прапарцыянальнае рознасці вярчальных момантаў на восі ротара і спружыны. На гэтым прынцыпе працуюць авіяц. Т., аўтамаб. спідометры і інш. Сярод механічных найб. пашыраны цэнтрабежны Т., заснаваны на змене становішча рухомых мас (ураўнаважаных спружынай) пры вярчэнні. Перамяшчэнні іх прапарцыянальныя скорасці вярчэння. У гідраўлічных Т. змена становішча паказчыка залежыць ад ціску вадкасці, які зменьваецца прапарцыянальна скорасці вярчэння. Т. з аўтам. запісам паказанняў наз. тахографам.
Схемы тахометраў: а — механічнага цэнтрабежнага (1 — вал, 2 — слізгальная муфта, 3 — рычаг, 4 — груз, 5 — спружына); б — магнітна-індукцыйнага з дыскавым ротарам (1 — пастаянны магніт, 2 — медны або алюмініевы ротар, 3 — вось ротара са стрэлкай, 4 — спружына).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРАВЕСЦІ́Я, травесці,
камічны жанр, заснаваны на зніжэнні высокіх хрэстаматыйных узораў класічнай паэзіі, міфалагічных або біблейскіх сюжэтаў. Узнікла ў новы час як рэакцыя на класіцызм з яго культам антычнасці і пагардай да нар. культуры. Характэрныя рысы Т.: агрубленне класічнага сюжэта, напаўненне яго быт. рэаліямі свайго часу, выкарыстанне самых нізкіх моўных пластоў, у т. л. дыялектаў.
Асабліва часта травесціравалася «Энеіда» Вергілія: у Францыі — П.Скарон (17 ст.), у Аўстрыі — А.Блумаўэр (18 ст.), у Расіі — М.Осіпаў (канец 18 ст.), на Украіне — І.Катлярэўскі (канец 18 — пач. 19 ст.); у Расіі мела таксама поспех травесційная паэма В.Майкава «Елісей, або Раздражнёны Вакх» (18 ст.).
У бел. л-ры прыёмам зніжэння карысталіся аўтары сатыр. твораў 17—1-й пал. 18 ст. («Прамова Мялешкі», «Казане руске» і інш.). Лінію травесційных «Энеід» працягвае паэма «Энеіда навыварат». Рысы Т. мае таксама паэма «Тарас на Парнасе».
Літ.:
Лазарук М. Станаўленне беларускай паэмы. Мн., 1968;
Кісялёў Г. Загадка беларускай «Энеіды». Мн., 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭРМАЭЛЕМЕ́НТ,
прылада для непасрэднага пераўтварэння цеплавой энергіі ў электрычную ці электрычнай энергіі ў цеплавую, дзеянне якой грунтуецца на адной з тэрмаэлектрычных з’яў.
Складаецца з 2 разнародных эл. праваднікоў ці паўправаднікоў, злучаных (пайкай або зваркай) у адным месцы. Т., якія пераўтвараюць цеплавую энергію ў электрычную, заснаваны на Зеебека з’яве. Калі кантакты Т. падтрымліваюць пры розных т-рах, то ў ланцугу ўзнікае тэрмаэлектрарухальная сіла, а пры замыканні ланцуга — эл. ток. Такія Т. найб. пашыраны для вымярэння т-ры (гл.Тэрмапара) і інш.фіз. велічынь, вымярэнне якіх можна звесці да вымярэння т-ры: сілы пераменнага току, патоку праменнай энергіі, вільготнасці, ціску газу, скорасці патоку вадкасці ці газу і інш.; выкарыстоўваюцца таксама для стварэння тэрмаэлектрычных генератараў.
Дзеянне Т., якія пераўтвараюць эл. энергію ў цеплавую, заснавана на Пельцье з’яве. Пры прапусканні эл. току праз Т. на адным з яго кантактаў адбываецца паглынанне, на другім — вылучэнне цяпла. На такіх Т. заснавана работа халадзільнікаў, кандыцыянераў, тэрмастатаў тэрмаэл. тыпу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЭМЕНТА́ЦЫЯ,
1)у металаапрацоўцы — дыфузійнае насычэнне паверхневага слоя метал. (пераважна стальных) вырабаў вугляродам пры т-ры 900—950 °C; адзін з відаў хіміка-тэрмічнай апрацоўкі.
Павышае цвёрдасць, зносаўстойлівасць і стомленасную трываласць. Робіцца ў сумесях газаў (газавая Ц.), у ваннах з расплаўленых солей (вадкая Ц.). Глыбіня навугляроджанага пры Ц. слоя 0,5—3 мм, часам да 20 мм. Ц. выкарыстоўваюць у вытв-сці шасцерняў, восей, валоў і інш. 2) У каляровай металургіі — гідраметалургічны працэс, заснаваны на выцясненні (асаджэнні) больш электрададатных металаў з раствораў іх злучэнняў менш электрададатнымі, што знаходзяцца ў цвёрдым стане. Такім спосабам ачышчаюць растворы ад дамешкаў (напр., электраліты пры вытв-сці нікелю), здабываюць металы іх асаджэннем (напр., золата з яго цыяністых раствораў) і інш.Гл. таксама Гідраметалургія.
3) У будаўніцтве — спосаб замацавання грунтоў, каменных і бетонных муровак вадкім цэментным растворам або цэментнай суспензіяй, якія нагнятаюцца ў пустоты, шчыліны, поры, свідравіны і інш. 4) У горнай справе — замацаванне сыпкіх адкладаў і ператварэнне іх у цвёрдыя горныя пароды карбанатамі, вокісламі крэмнію і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЛЕКТРААКУСТЫ́ЧНЫ ПЕРАЎТВАРА́ЛЬНІК,
элемент акустаэлектронных прылад для пераўтварэння эл.-магн. энергіі ў акустычную (энергію пругкіх ваганняў) і наадварот. У залежнасці ад напрамку пераўтварэння адрозніваюць Э.п.-выпрамяняльнік і Э.п.-прыёмнік. Канструкцыі Э.п. істотна залежаць ад іх прызначэння.
З дапамогай Э.п.-выпрамяняльнікаў ажыццяўляецца ўзбуджэнне акустычных ваганняў у пругкіх асяроддзях, Э.п.-прыёмнікаў — прыём і вымярэнне іх параметраў. Большасць Э.п. лінейныя (г.зн. задавальняюць патрабаванням нескажонай перадачы сігналаў) і абарачальныя (могуць працаваць як выпрамяняльнікі і як прыёмнікі). Большасць Э.п. ажыццяўляе падвойнае пераўтварэнне энергіі: эл.-мех. (частка падведзенай эл. энергіі пераўтвараецца ў ваганні мех. сістэмы) і механаакустычнае (ваганні мех. сістэмы ствараюць у асяроддзі гукавое поле). Існуюць Э.п., якія не маюць мех. вагальнай сістэмы і ствараюць гукавыя ваганні непасрэдна ў асяроддзі, напр., электраіскравы выпрамяняльнік, які стварае магутныя гукавыя ваганні пры эл. разрадзе ў вадкасці. Да асобнага класа Э.п. адносяць прыёмнікі гуку, прынцып дзеяння якіх заснаваны на зменах эл. супраціўлення адчувальнага элемента, напр., вугальныя мікрафоны ці інш. прыёмнікі, у якіх выкарыстоўваецца тэнзарэзістыўны эфект.