ТАХО́МЕТР (ад грэч. tachos хуткасць, скорасць + ...метр),

прылада для вымярэння частаты вярчэння (вуглавой скорасці) дэталей (пераважна валоў) машын і механізмаў. Адрозніваюць Т. магнітныя, вібрацыйныя, інтэгруючыя (гадзіннікавыя і электронныя), магнітна-індукцыйныя, магнітаэл., страбаскапічныя, частотна-імпульсныя, ферадынамічныя, электронна-лічыльныя (лічбавыя), мех., гідраўлічныя, пнеўматычныя і інш. Межы вымярэнняў ад 0 да 1 млн. аб/мін.

У магнітна-індукцыйных Т. адхіленне стрэлкі прапарцыянальнае рознасці вярчальных момантаў на восі ротара і спружыны. На гэтым прынцыпе працуюць авіяц. Т., аўтамаб. спідометры і інш. Сярод механічных найб. пашыраны цэнтрабежны Т., заснаваны на змене становішча рухомых мас (ураўнаважаных спружынай) пры вярчэнні. Перамяшчэнні іх прапарцыянальныя скорасці вярчэння. У гідраўлічных Т. змена становішча паказчыка залежыць ад ціску вадкасці, які зменьваецца прапарцыянальна скорасці вярчэння. Т. з аўтам. запісам паказанняў наз. тахографам.

Схемы тахометраў: а — механічнага цэнтрабежнага (1 — вал, 2 — слізгальная муфта, 3 — рычаг, 4 — груз, 5 — спружына); б — магнітна-індукцыйнага з дыскавым ротарам (1 — пастаянны магніт, 2 — медны або алюмініевы ротар, 3 — вось ротара са стрэлкай, 4 — спружына).

т. 15, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)