СЯМЕ́ЎСКІ Міхаіл Іванавіч (16.1 1837, с. Фядорцава Пскоўскай вобл., Расія — 21.3.1892),
расійскі гісторык, публіцыст. Брат В.І.Сямеўскага. Тайны саветнік (1882). Скончыў Полацкі кадэцкі корпус (1852) і Дваранскі полк (Пецярбург, 1854). У 1857—61 на ваен. службе. У 1863—82 на службе ў Дзярж. канцылярыі. У канцы 1850 — пач. 60-х г. супрацоўнічаў у выданнях Вольнай рус. друкарні (Лондан), сабраў вакол сябе гурток апазіцыйна настроеных асоб, быў пад наглядам «Трэцяга аддзялення». У 1870—92 рэд.-выдавец час.«Русская старина». З 1856 друкаваў свае артыкулы і нарысы па рас. гісторыі. Асн. твор — «Нарысы і апавяданні з рускай гісторыі XVIII ст.» (т. 1—3, 2-е выд., 1883—84). Выяўляў і друкаваў дакументы з правінцыяльных і сямейных архіваў, у т. л. мемуары А.Ц.Болатава, Я.П.Шахаўскога, дзекабрыстаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УРО́ДНІЧ Уладзімір Васілевіч (н. 22.5.1942, в. Вялікія Арлы Столінскага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. мастак. Засл. дз. маст. Беларусі (1992). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1972). У 1972—2002 працаваў у Мін-ве культуры Беларусі. Аўтар сюжэтна-тэматычных карцін «Перад зменай» (1973), «Бацькоўскімі дарогамі» (1975), «Хлеб» (1979), «На хлебаробскім полі» (1984), «Сумны май» (1990), «І агні партызанскіх кастроў» (2000). Любоўю да радзімы, лірызмам прасякнуты творы «Людзі Століншчыны» (1977), «На берагах Гарыні» (1979), «Гоман Палесся» (1982), «Сустрэча» (1985), «Хмарная раніца» (1988), «Апошнія яблыкі бабкі Тэклі» (1989), «Смаловы пах» (1994), «Пах бэзу» (1996). Гісторыі Беларусі прысвечаны работы «Калі я на пошце служыў ямшчыком» (1999), «Раніца Гарыні», «Сказ аб Страціме» (абедзве 2001). Трагізм Чарнобыльскай трагедыі ўвасобіў у кампазіцыях «Трывожны крык» (1998), «Сад» (2001). Аўтар серыі «Хутарскія апавяданні» (1999—2002), у якой паэтызавана адлюстраваны штодзённы побыт Бел. Палесся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧО́РНЫ Саша (сапр.Глікберг Аляксандр Міхайлавіч; 13.10.1880, г. Адэса, Украіна — 5.8.1932),
рускі паэт. З 1905 супрацоўнічаў у пецярбургскіх сатыр. часопісах, у т. л. ў 1908—11 у час. «Сатирикон». З 1920 у эміграцыі. Друкаваўся з 1904. У сатыр. вершах (зб-кі «Сатыры», 1910; «Сатыры і лірыка», 1911) стварыў іранічную маску апалітычнага інтэлігентнага абывацеля, водгук на многія злабадзённыя тэмы. У кн. вершаў «Смага» (1923) пачуццё тугі па страчанай Радзіме. Кн. «Несур’ёзныя апавяданні» (1928) пра жыццё і побыт суайчыннікаў за мяжой. Аўтар кн. прозы «Салдацкія казкі» (апубл. 1933), твораў для дзяцей («Дзённік фокса Мікі», 1927; п’еса «Вяртанне Рабінзона», 1922), вершаў, апавяданняў. Творам уласцівы арганічны сінтэз сатыры і лірыкі, рэзкі стыль, наўмысны антыэстэтызм. Цыкл муз. твораў на яго словы стварыў Дз.Шастаковіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Я́КАЎЧЫК Клімент Марцінавіч (1898, в. Свіслач Гродзенскага р-на — 5.7.1941),
бел. і рускі паэт, перакладчык. Скончыў Вышэйшы літ.-маст.ін-т імя Брусава ў Маскве (1925). Адзін з ініцыятараў-заснавальнікаў асацыяцыі па вывучэнні бел.маст. л-ры пры Цэнтр.бел. клубе ў Маскве. Пісаў вершы (публ. ў газетах і часопісах Масквы і Ленінграда); часта пад псеўд. К.Кундзіш. Пераклаў на рус. мову аповесці Я.Коласа «У палескай глушы» (1929), «Аповесці і апавяданні» (1929), раман «Язэп Крушынскі» (1931) З.Бядулі, аповесць «Спалох на загонах» (1933) і раман «Праз гады» (1935) П.Галавача, зб. апавяданняў «На зломе» Я.Нёманскага (1930), асобныя творы Ц.Гартнага, М.Чарота, К.Чорнага. Аўтар крытычных артыкулаў пра паэзію Ц.Гартнага, А.Александровіча (1927), у якіх не пазбег памылковых ацэнак і перагібаў у характарыстыцы творчасці пісьменнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯНКО́ЎСКІ Плакід (20.9.1810, в. Войская Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. — 11.3.1872),
бел. і польскі пісьменнік. Вучыўся ў Свіслацкай гімназіі, Брэсцкай школе базыльян (1818—24), скончыў Віленскі ун-т (1830). Быў святаром. Выкладаў у Жыровіцкай духоўнай семінарыі. Пісаў на польскай і рус. мовах. Аўтар кніг прозы «Засценак» (1841), «Хвіля» (1842), «Апавяданні» (1843), «Універсітэцкія ўспаміны» (1849), «Адась» (1856), «Фанабэрыя пана старосты Канёўскага» (1873), камедыі «Прадчуванне» (1842), нататкаў «Пра Ігната Шыдлоўскага» (1898) і інш. У перыяд. друку надрукаваны яго працы «Пушкін на Елісейскіх палях», «Разалія Шэйнер» (абедзве 1844), «Мясцовыя забабоны і прымхі» (1863), «Сялянская праўда» (1865), «Карэспандэнцыі са Слоніма» (1867). Яго творчасць жанрава разнастайная, багатая эстэт. адценнямі гумару, ідэйна супярэчлівая. Перакладаў на польскую мову творы замежных аўтараў.
Тв.:
Записки сельского священника. Мн., 2004.
Літ.:
Charkiewicz W. Placyd Jankowski (John of Dycalp): Życie i twórczość. Wilno, 1928.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБАБУ́РКА Мікалай Васілевіч (н. 15.5.1941, в. Морач Клецкага р-на Мінскай вобл.),
бел. мовазнавец. Д-рфілал.н. (2002). Праф. (1993). Скончыў БДУ (1966). Настаўнічаў. З 1970 у Магілёўскім ун-це (у 1973—83 заг. кафедры). Даследуе мову маст. л-ры, лексіку бел.літ. і дыялектнай мовы, стылістыку, культуру мовы, пытанні параўнальнай граматыкі моў, тэрміналогію. Аўтар кн. «Дыялектызмы ў творах беларускіх савецкіх пісьменнікаў: Кароткі слоўнік-даведнік» (1979), «Стылістычна абмежаваныя словы ў мове беларускай мастацкай літаратуры» (1981), «Матэрыялы да абласнога слоўніка Магілёўшчыны» (1981, у сааўт.), «Беларускае слова і яго вывучэнне» (1986), «Развіццё мовы беларускай мастацкай літаратуры» (1987), «Параўнальная граматыка беларускай і рускай моў» (1992), «Культура беларускай мовы» (1994), «Слоўнік-даведнік асноўных лінгвістычных і тэксталагічных тэрмінаў» (1998), «Станаўленне і развіццё мовы беларускай мастацкай літаратуры» (2000), навуч. дапаможнікаў і інш. Піша апавяданні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДВА́ЖНЫ Вінцук (сапр.Германовіч Язэп Станіслававіч; 4.3.1890, в. Гальшаны Ашмянскага р-на Гродзенскай вобл. — 26.12.1978),
бел. пісьменнік. Скончыў Віленскую духоўную семінарыю (1913). Служыў ксяндзом. За казанні на бел. мове зазнаў ганенні польскіх улад. У 1924 у Друі ўступіў у ордэн марыянаў. У 1932 выехаў у Харбін (Кітай), у 1936 вярнуўся ў Вільню, адтуль выселены ў Польшчу, потым зноў выехаў у Харбін. У 1948 арыштаваны кіт. ўладамі і перададзены ў СССР, дзе беспадстаўна асуджаны на 25 гадоў. Вызвалены ў 1955, выехаў у Польшчу, потым у Італію, Англію, дзе рэдагаваў час. «Божым шляхам». Друкаваўся з 1917. Празаічная гутарка «Як Казюк сабраўся да споведзі» (1928) пра маральнае самаўдасканаленне зах.-бел. моладзі. Самадурства чыноўнікаў выкрыў у вершаваным апавяданні «Як Гануля збіралася ў Аргентыну» (1930). Аўтар зб-каў вершаў «Беларускія цымбалы» (Вільня, 1933), «Байкі і іншыя вершы» (Лондан, 1973) і інш., аповесці «Хлопец» (Вільня, 1935), успамінаў «Кітай—Сібір—Масква» (Мюнхен, 1962).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ФМАНСТАЛЬ (Hofmannsthal) Гуга фон (1.2.1874, Вена — 15.7.1929),
аўстрыйскі пісьменнік і драматург, прадстаўнік т.зв. венскай школы імпрэсіянізму. Вывучаў права і раманскія мовы і л-ры ў Вене. У 1906 пачаў супрацоўніцтва з кампазітарам Р.Штраусам, для якога напісаў п’есы-лібрэта «Электра» (1906, паводле аднайм. драмы 1904) і «Кавалер руж» (1911). У 1917 разам з М.Райнгартам заснаваў Зальцбургскі муз. фестываль. Аўтар аднаактовых вершаваных драм «Смерць Тыцыяна» (1892), «Дурань і смерць» (1894), п’ес «Эдып і сфінкс» (1906), «Вяртанне Крысціны дамоў» (1910), «Зальцбургскі вялікі тэатр жыцця» (1922), «Вежа» (1925), у якіх захапленне артыстычнай атмасферай і культурай вытанчаных формаў старой Вены спалучаецца з трывожным роздумам аб праблемах сучаснасці. У лірычных вершах (зб. «Вершы і маленькія драмы», 1907), апавяданнях (зб. «Казка 672 начы і іншыя апавяданні», 1895), кнізе эсэ «Паэт і наш час» (1907) па-імпрэсіянісцку тонка перадаў уражанні быцця, нюансы стану душы, непарыўнае адзінства чалавечай гісторыі і культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́КАЎ (Bukov) Эміліян Несцеравіч (8.8.1909, г. Кілія Адэскай вобл., Украіна — 20.10.1984),
малдаўскі пісьменнік і грамадскі дзеяч. Нар. пісьменнік Малдавіі (1982). Герой Сац. Працы (1979). Скончыў Бухарэсцкі ун-т (1936). Першы паэт. зборнік — «Праца кіпіць» (1932). Творы 1930—40-х г. (зб. «Мова сонца», 1937) накіраваны супраць каланіяльнага рэжыму баярскай Румыніі. У кнігах паэзіі «Я бачу цябе, Малдавія» (1942), «Дзень сённяшні — дзень заўтрашні» (1965, Дзярж. прэмія Малдавіі 1966), «Дрэва жыцця» (1974), раманах «Горад Рэут» (1956), «Магістраль» (1969) і інш. — узнёсласць чалавечых пачуццяў, патрабавальнасць да чалавека, адказнасць перад сабой і народам. Пераклаў на малд. мову асобныя вершы Я.Купалы. На бел. мову творы Букава пераклалі А.Астрэйка, Р.Барадулін, Х.Жычка, М.Калачынскі, Я.Семяжон і інш. (у кн. «Малдаўскія апавяданні», 1958; «Паэты сонечнай Малдовы», 1960).
Тв.:
Бел.пер. — Нараджэнне першай зоркі. Мн., 1980.
Літ.:
Чиботару С.С. Писатель и время: Исслед. творчества Е.Букова: Пер. с молд. Кишинев, 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАВУ́САЎ Уладзімір Пракопавіч (н. 1.1.1921, в. Слабодка Шумілінскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. мастак кіно. Засл. дз. маст. Беларусі (1973). Скончыў Усесаюзны ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1954). У 1954—83 працаваў на кінастудыі «Беларусьфільм». Аформіў мастацкія фільмы: «Палеская легенда» (1957), «Чырвонае лісце» (1958, абодва з А.Грыгар’янцам), «Строгая жанчына» (1959), «Першыя выпрабаванні» (1960, з Ю.Булычовым), «Апавяданні пра юнацтва» (1961), «Вуліца малодшага сына» (1962, з У.Дзяменцьевым), «Рагаты бастыён» (1965), «Чужое імя» (1966), «І ніхто іншы» (1968), «Таму што кахаю» (1974), «Шлюбная ноч» (1980), «Дачка камандзіра» (1981, з У.Чарнышовым), «Кантрольная па спецыяльнасці» (1982); тэлефільмы: «Побач з вамі» (1967), «Руіны страляюць...» (1973; Дзярж. прэмія Беларусі 1974), «Доўгія вёрсты вайны» (1975), «Лёгка быць добрым» (1976), «Антаніна Брагіна» (1978). Сярод жывапісных работ: «На рацэ» (1958), «На руінах» (1960), «Рэйкавая вайна» (1973), пейзажы «Апошнія дні зімы» (1988) і інш.