БУ́КАЎ
(Bukov) Эміліян Несцеравіч (8.8.1909, г. Кілія Адэскай вобл., Украіна — 20.10.1984),
малдаўскі пісьменнік і грамадскі дзеяч. Нар. пісьменнік Малдавіі (1982). Герой Сац. Працы (1979). Скончыў Бухарэсцкі ун-т (1936). Першы паэт. зборнік — «Праца кіпіць» (1932). Творы 1930—40-х г. (зб. «Мова сонца», 1937) накіраваны супраць каланіяльнага рэжыму баярскай Румыніі. У кнігах паэзіі «Я бачу цябе, Малдавія» (1942), «Дзень сённяшні — дзень заўтрашні» (1965, Дзярж. прэмія Малдавіі 1966), «Дрэва жыцця» (1974), раманах «Горад Рэут» (1956), «Магістраль» (1969) і інш. — узнёсласць чалавечых пачуццяў, патрабавальнасць да чалавека, адказнасць перад сабой і народам. Пераклаў на малд. мову асобныя вершы Я.Купалы. На бел. мову творы Букава пераклалі А.Астрэйка, Р.Барадулін, Х.Жычка, М.Калачынскі, Я.Семяжон і інш. (у кн. «Малдаўскія апавяданні», 1958; «Паэты сонечнай Малдовы», 1960).
Тв.:
Бел. пер. — Нараджэнне першай зоркі. Мн., 1980.
Літ.:
Чиботару С.С. Писатель и время: Исслед. творчества Е.Букова: Пер. с молд. Кишинев, 1986.
т. 3, с. 324
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)