ЧО́РНЫ Саша (сапр. Глікберг Аляксандр Міхайлавіч; 13.10.1880, г. Адэса, Украіна — 5.8.1932),
рускі паэт. З 1905 супрацоўнічаў у пецярбургскіх сатыр. часопісах, у т. л. ў 1908—11 у час. «Сатирикон». З 1920 у эміграцыі. Друкаваўся з 1904. У сатыр. вершах (зб-кі «Сатыры», 1910; «Сатыры і лірыка», 1911) стварыў іранічную маску апалітычнага інтэлігентнага абывацеля, водгук на многія злабадзённыя тэмы. У кн. вершаў «Смага» (1923) пачуццё тугі па страчанай Радзіме. Кн. «Несур’ёзныя апавяданні» (1928) пра жыццё і побыт суайчыннікаў за мяжой. Аўтар кн. прозы «Салдацкія казкі» (апубл. 1933), твораў для дзяцей («Дзённік фокса Мікі», 1927; п’еса «Вяртанне Рабінзона», 1922), вершаў, апавяданняў. Творам уласцівы арганічны сінтэз сатыры і лірыкі, рэзкі стыль, наўмысны антыэстэтызм. Цыкл муз. твораў на яго словы стварыў Дз.Шастаковіч.
Тв.:
Избр. проза. М., 1991;
Дневник фокса Микки. Мн., 1998;
Лирика. Мн., 2002.
т. 17, с. 279
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)