помнік архітэктуры барока. Пабудаваны ў в.Княжыцы Магілёўскага р-на. Касцёл узведзены ў 1681 як уніяцкая царква, у 1863 зачынены, у 1872 перароблены пад правасл. царкву. Аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя храма складаецца з прамавугольнага ў плане нефа з невял. трансептам у цэнтры і квадратнай апсіды з бакавымі нізкімі сакрысціямі. Гал. фасад расчлянёны магутнымі крапаванымі карнізамі, раскрапаваны пучкамі пілястраў і лучковымі нішамі, па баках яго — сцены-прапілеі, якія ўтвараюць парадны дворык-курданёр. Трохчасткавая з вертыкальна выцягнутымі прапорцыямі кампазіцыя гал. фасада завершана чацверыковымі вежамі з цыбулепадобнымі галоўкамі. Уваходны партал вылучаны нізкім рызалітам з трохвугольным завяршэннем і насычанай арх. пластыкай. Асаблівасць інтэр’ера — адсутнасць прамых вуглоў пры спалучэнні арх. плоскасцей. Фрагменты алтара сведчаць пра яго вырашэнне ў выглядзе каланад са стылізаванымі карынфскімі капітэлямі і выгнутымі антаблементамі. Кляштар існаваў у 1670—1832. Засн. надворным харунжым ВКЛ Канстанцінам Пацам, які перадаў ім 18 тыс. злотых і фальварак з с. Балочычы. У 18 ст. кляштару ахвяравалі сродкі Крыштоф Пац (15 тыс. злотых, 1724), Антон Міхал Пац (2 тыс. злотых, 1750), Андрэй і Соф’я Крукоўскія (2 тыс. злотых, 1739). Апошні драўляны корпус кляштара пабудаваны ў 1801 (мураваны быў толькі флігель).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ДЭКС ЗАКО́НАЎ АБ ПРАЦЫ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ (КЗаП),
адзіны заканадаўчы акт, у якім сістэматызаваны нормы працоўнага права, што дзейнічаюць на тэр. Рэспублікі Беларусь. Рэгулюе адносіны, заснаваныя на працоўным дагаворы і звязаныя з удзелам работнікаў і іх прадстаўнікоў у кіраванні прадпрыемствамі, установамі і арг-цыямі; у арганізацыі працы, у дзейнасці прафсаюзаў і вядзенні калект. перагавораў, у прафес. падрыхтоўцы работнікаў на вытв-сці, забеспячэнні занятасці насельніцтва; кантроль і нагляд за выкананнем прац. заканадаўства. Зацверджаны законам 23.6.1972 і дзейнічае са зменамі і дапаўненнямі ў рэдакцыі законаў ад 15.12.1992, 16.7.1993, 2.2.1994, 6.9.1995. Складаецца з 19 глаў і 257 артыкулаў. У Кодэксе выкладзены агульныя палажэнні, вызначана сфера дзейнасці заканадаўства аб працы, замацаваны асн. правы работнікаў; рэгламентуюцца пытанні заключэння і дзеяння калект. і прац. дагавораў, адпачынку, рабочага часу, зарплаты, яе форм, сістэм і памераў; вызначаюцца ўмовы прыцягнення работнікаў да матэрыяльнай адказнасці за прычыненую імі матэрыяльную шкоду наймальніку, прац. дысцыпліны, аховы працы; вызначаюцца абавязкі работнікаў і наймальніка, устанаўліваюцца віды ўзнагароджанняў і спагнанняў. Спец. главы прысвечаны працы жанчын і моладзі, працы асобных катэгорый работнікаў, у т. л. на сумесных і замежных прадпрыемствах, працы на кантрактнай аснове, правам прафес. саюзаў, дзярж.сац. страхаванню і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ДЭКС РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ АБ АДМІНІСТРАЦЫ́ЙНЫХ ПРАВАПАРУШЭ́ННЯХ,
адзіны сістэматызаваны заканад. акт, які рэгулюе адносіны, што ўзнікаюць у сувязі з адм. правапарушэннямі і прыцягненнем за іх да адказнасці. Прыняты Вярх. Саветам БССР 6.12.1984 і ўведзены ў дзеянне з 1.6.1985. Дзейнічае са зменамі і дапаўненнямі, унесенымі ў адм. заканадаўства Рэспублікі Беларусь. Складаецца з 5 раздзелаў (32 главы, больш за 300 артыкулаў). У Кодэксе выкладзены задачы заканадаўства аб адм. правапарушэннях і мерах па іх прадухіленні; сфармуляваны паняцці адм. правапарушэння і адм. спагнання, вызначаны ўмовы і акалічнасці, пры якіх настае адм. адказнасць; пералічаны канкрэтныя віды адм. правапарушэнняў і адм. спагнанняў за кожнае з іх у розных сферах дзярж., грамадскай і гасп. дзейнасці; вызначаны органы і службовыя асобы, правамоцныя разглядаць справы аб адм. правапарушэннях, іх падведамаснасць і кампетэнцыя; рэгулююцца пытанні вытворчасці па справах аб адм. правапарушэннях і выканаўчага вядзення іх; вызначаны парадак і формы фіксацыі фактаў адм. правапарушэнняў, службовых асоб, правамоцных гэтым займацца, і меры, з дапамогай якіх забяспечваецца вытворчасць па справах аб адм. правапарушэннях; рэгламентуюцца правы і абавязкі правапарушальнікаў і інш. асоб, якіх прыцягваюць да разгляду спраў, і парадак іх разгляду адпаведнымі органамі, замацоўваюць права на абскарджанне і апратэставанне іх рашэнняў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́НІ СВО́ЙСКІЯ,
няпарнакапытныя траваедныя жывёлы сям.коневых. Выведзены шляхам працяглай селекцыі ад дзікіх коней, пашыраных у Азіі і Афрыцы (у Еўропе вынішчаны). Прыручэнне пачалося ў 3-м тыс. да н. э. ў стэпах паміж р. Дон і Дняпро, у Паўд. Сібіры, Сярэдняй Азіі і інш. Існуе больш за 200 парод. Пашыраны ўсюды. Адрозніваюцца тыпам, экстэр’ерам, працаздольнасцю. Добра прыстасаваныя да бегу, маюць вял. сілу цягі, непераборлівыя, вынослівыя, даўгавечныя, з высокай малочнай і мясной прадукцыйнасцю. Лёгка паддаюцца дрэсіроўцы. Выкарыстоўваюць у сельскай гаспадарцы на палявых і трансп. работах, у спорце; ад іх атрымліваюць розную прадукцыю (кумыс, мяса, лек. сывараткі, вакцыны, вырабы са скуры і інш.). На Беларусі найб. пашырана пародная група беларускіх запражных коней. Гадуюць таксама арабскую пароду верхавых коней, арлоўскую рысістую пароду, латвійскіх запражных коней, рускую рысістую пароду, рускую цяжкавозную пароду, тракененскую пароду, чыстакроўную верхавую пароду.
У залежнасці ад пароды выш. ў карку ад 50 да 185 см, маса ад 60 да 1500 кг. У жарабцоў 40 зубоў (12 разцоў, 4 іклы, 24 карэнныя), у кабыл іклаў няма. Валасяное покрыва кароткае (1—4 см). Жывуць каля 25 гадоў (зрэдку 40 і болей). Гл. таксама Конегадоўля, Конны завод.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАНІЯЛО́ГІЯ (ад грэч. kranion чэрап + ...логія),
раздзел анатоміі чалавека і жывёл, які вывучае індывідуальныя і групавыя варыяцыі памераў, формы чэрапа і яго асобных частак. У антрапалагічных даследаваннях матэрыялы К. выкарыстоўваюць пры вывучэнні этапаў фіз. эвалюцыі, шляхоў фарміравання расавых тыпаў чалавека, высвятлення этнагенезу розных плямён і народаў. Краніялагічнымі даследаваннямі займаюцца краніяметрыя (метады вымярэнняў), краніяскапія (апісанне асаблівасцей і дэталей будовы чэрапа), краніяграфія (атрыманне замалёвак формы чэрапа ў розных праекцыях з дапамогай спец. прылад). Антраполагі рэканструююць твар па чэрапе паводле методыкі М.М.Герасімава. Краніялагічнае вывучэнне стараж.ўсх.-слав. насельніцтва пачаў А.П.Багданаў, працягвалі В.В.Бунак, Г.Ф.Дэбец, В.П.Аляксееў і інш. У Беларусі калекцыі краніялагічных матэрыялаў састараж. пахаванняў пачалі стварацца ў 2-й пал. 19 ст. Частка іх захоўваецца ў НДІ і Музеі антрапалогіі пры Маскоўскім ун-це (160 чарапоў), у Віленскім (67 экз.) і Кракаўскім (81 экз.) ун-тах. Матэрыялы з раскопак А.М.Ляўданскага і І.А.Сербава ў 1920-я г. стварылі першую краніялагічную калекцыю АНБССР (100 экз. знішчана ў Вял.Айч. вайну, адноўлена ў пасляваен. гады, у калекцыі больш за 300 экз.). Краніялаг. даследаванні ў сувязі з пытаннямі этнагенезу беларусаў праводзяць супрацоўнікі ІМЭФНац.АН Беларусі І.І.Салівон, А.І.Кушнір, І.У.Чаквін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЬТ ПРО́ДКАЎ,
шанаванне памерлых бацькоў і інш. родзічаў. Развіваўся як сямейны культ на стадыі распаду радавога ладу. Звязаны з анімістычнымі вераваннямі і ўяўленнямі аб продках як ахоўніках роду, іх нашчадкаў. У першабытныя часы ўшаноўваліся татэмныя першапродкі (гл.Татэмізм). У політэістычных рэлігіях стараж. грэкаў, рымлян, славян і некаторых інш. народаў вял. ролю меў сямейна-радавы К.п. У Кітаі ён быў пакладзены ў аснову канфуцыянства. Існавалі таксама агульнаплемянны і агульнанародны К.п. правадыроў і князёў, якія ў некаторых народаў абагаўляліся яшчэ пры жыцці і іх продкі лічыліся асабліва магутнымі (Палінэзія Палінезія*, Паўд. Азія, Цэнтр. Афрыка і інш.). У балцкіх плямён, што насялялі б.ч.тэр. Беларусі ў раннім жал. веку, татэмнымі першапродкамі былі, магчыма, мядзведзь і дзік. Паводле адной з легендаў, продкам беларусаў быў Бой (Бай), які пакінуў сыну Белаполю землі ў Падзвінні і Падняпроўі. Назву племяннога саюзу крывічоў часам выводзяць ад імя іх мяркуемага родапачынальніка Крыва. У «Аповесці мінулых гадоў» назва радзімічаў выводзіцца ад Радзіма, які са сваім родам прыйшоў у Пасожжа «з ляхаў». Сляды К.п. захаваліся ў бел. святкаваннях Дзядоў, Радаўніцы, у пахавальных абрадах і звычаях (памінкі), галашэннях. З К.п. звязаны і міфалагічны вобраз дамавіка як духа-ахоўніка хатняга ачага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́ПАЛ,
1) у геалогіі — акруглае ў плане падняцце слаёў зямной кары. Адрозніваюць вулканічныя, гранітагнейсавыя, тэктанічныя і саляныя. Вулканічны К. выш. да 800 м, са стромкімі схіламі, узнікае за кошт выціскання вязкай лавы з вулканічнага канала ў суправаджэнні моцнага выбуху. Граніта-гнейсавы К. — ізаметрычная структура ў дакембрыйскіх пародах крышт. фундамента (Балтыйскі і Алданскі шчыты, Бел. антэкліза і інш.), радзей трапляецца ў больш маладых складкавасцях. Тэктанічны К. — антыклінальная складка горных парод, даўж. і шыр. якой аднолькавыя або блізкія. Саляны К. фарміруецца ў вял. упадзінах платформ і краявых прагінаў у выніку праяўлення саляной тэктонікі. З К. звязаны радовішчы каменнай солі, нафты, прыродных газаў і інш. 2) У геамарфалогіі — абазначэнне любой купалападобнай формы рэльефу або масіву горных парод.
3) У акіяналогіі — раён пад’ёму тэрмакліна да паверхні; на картах тэмператур на розных гарызонтах вылучаецца ў выглядзе некалькіх замкнёных ізатэрмаў з мінім. т-рай у цэнтры.
Схемы канструкцый купалаў: а — рабрыстая; б — сеткавая, в — шматгранная; г — у выглядзе танкасценнай абалонкі; д — з некалькіх скляпенняў-абалонак.Купал царквы Сан-Ларэнца ў Турыне. Арх. Г.Гварыні. 1668—87.Купал з ліхтаром.Купал маўзалея Гур-Эмір у Самаркандзе. 1404.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́РНІК,
жабрак (старац), які здабываў сабе сродкі для існавання спевамі ў суправаджэнні ліры. На Беларусі (як у Расіі і на Украіне) Л. вандравалі па вёсках, у дні кірмашоў і фэстаў канцэнтраваліся ў мястэчках і гарадах. Выконвалі духоўныя вершы (найб. папулярныя «Лазар», «Прытча пра блуднага сына»), песні павучальна-быт. («Сіротка», «Пра Надзю») і гістарычныя («Паранены, замучаны крываваю вайной»), часам і танц. мелодыі, гарэзлівыя прыпеўкі. Сярод Л. трапляліся таленавітыя выканаўцы (Сымон-сляпак з Віцебшчыны, Флёрык з Ляхавіч). Народ лічыў іх носьбітамі дабра, справядлівасці, выразнікамі сваіх думак. Ігры на ліры навучаліся ў спрактыкаваных майстроў-«дзядоў» або непасрэдна ў час вандраванняў. Дакументы 2-й пал. 17 ст. сведчаць пра існаванне карпарацый Л. Са зменамі сац.-эканам. умоў жыцця Л. як асобная прафес. група вясковага насельніцтва паступова зніклі. Вобразы Л. адлюстраваны ў творах маст. л-ры, у т. л. ў рамане У.Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім».
Літ.:
Никифоровский Н.Я. Очерки Витебской Белоруссии. Т. 1. Старцы // Эгногр. обозрение. 1892. Кн. 12, № 1;
Грузинский А.Е. Из этнографических наблюдений в Речицком уезде Минской губернии // Там жа. 1891. Кв. 11. № 4;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУКО́МСКАЕ ВО́ЗЕРА, Лукамль. У Чашніцкім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Ула, за 18 км на Пд ад г. Чашнікі, каля зах. ускраіны г. Новалукомль.
Пл. 36,7 км², даўж. 10,4 км, найб.шыр. 6,5 км, найб.глыб. 11,5 м, даўж. берагавой лініі 36,4 км. Пл. вадазбору 179 км². Схілы катлавіны выш. 4—5 м (на Пн і ПнЗ да 15 м), разараныя, на Пд і З параслі лесам, месцамі хмызняком. У паўн.ч. возера 2 вял. залівы. Берагі нізкія, месцамі пад хмызняком, на З і ПдЗ абразійныя, выш. 1—2 м. На Пн 5 астравоў агульнай пл. 0,7 км². Дно са шматлікімі мелямі, да глыб. 5—6 м выслана пясчанымі адкладамі, ніжэй — сапрапелем.
З 1969 возера выкарыстоўваецца як ахаладжальнік Лукомскай ДРЭС. Вада вяртаецца падагрэтай на 8—12 °C, што значна ўплывае на прыродныя працэсы; бязлёдавы перыяд павялічыўся на 2 месяцы. Ледастаў з 2-й пал.снеж. да сярэдзіны сак.. да 30% паўн.-ўсх.ч. возера не замярзае. Скідванне вады і ветравое яе перамешванне ў возеры павялічваюць аэрацыю. Багаты раслінны і жывёльны свет. На зах. беразе дзіцячы аздараўленчы лагер і прафілакторый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮЙШУ́НЬ, Порт-Артур,
горад, порт і ваенна-марская база на ПнУ Кітая, у заліве Бахайвань Жоўтага м., у прав. Ляанін. Каля 1 млн.ж. (1997). Пачатковы пункт чыгункі і аўтадарогі. Цэнтр суднабудавання і суднарамонту. Могілкі рас. воінаў, якія загінулі ў час абароны Порт-Артура 1904—05 і сав. воінаў, што загінулі пры вызваленні Паўн.-Усх. Кітая ад японцаў у 1945.
Да 1880-х г. невял. рыбацкае паселішча са зручным для стаянкі караблёў рэйдам. З 1890-х г.кіт.ваен. крэпасць. У ходзе яп.-кіт. вайны 1894—95 узяты яп. войскамі, разам з Ляадунскім п-вам перададзены Японіі (крас. 1895). Пад націскам Расіі, Германіі і Францыі ў канцы 1895 вернуты Кітаю. Паводле канвенцыі 1898 Расія атрымала Л. у часовую арэнду ад Кітая. У канцы 19 — пач. 20 ст.рас. ваенна-марская база і г. Порт-Артур. У час рус.-яп. вайны 1904—05 горад гераічна абараняўся на працягу 329 дзён (гл.Порт-Артура абарона). У 1905—45 уладанне Японіі. 23.8.1945 вызвалены сав. войскамі (сумесная сав.-кіт. ваенна-марская база). У маі 1955 урад СССР вывеў з Л. свае войскі і перадаў збудаванні ў раёне базы ўраду Кітая.