ПЕРЫ́ЛА (Perilla),

род кветкавых раслін сям. губакветных. 5 відаў. Пашыраны ў Паўд., Усх. і Паўд.-Усх. Азіі. Як тэхн., алейная і дэкар. расліна культывуецца П. кустовая (P.frutescens); яе разнавіднасць — П. кустовую нанкінскую — у Кітаі і Японіі вырошчваюць як алейную, эфіраалейную і салатную культуру, а ў Зах. і Усх. Еўропе, ЗША — як дэкаратыўную.

П. кустовая — аднагадовая расліна са стрыжнёвым коранем, які паглыбляецца ў глебу да 1 м і болей. Прамастойнае. выш. да 1,5 м, сцябло галінастае, 4-граннае, густа апушанае. Лісце доўгачаранковае, шырокаяйцападобнае, пільчатазазубранае, апушанае, зялёнага або фіялетава-зялёнага колеру з-за антацыяну. Дробныя кветкі ў гронкападобных суквеццях, апушаныя. Плод — арэшак. Насенне мае 40—45% тэхн. алею, які пры высыханні ўтварае трывалую, бліскучую, антыкаразійную плёнку. Выкарыстоўваецца ў лакафарбавай, аўтамаб., суднабуд. і электратэхн. прам-сцях. Жмых Макуха ідзе на корм жывёле.

Перыла кустовая.

т. 12, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)