На ПнЗ Мінскай вобл., пераважна ў Маладзечанскім р-не; у складзе Мінскага ўзвышша; водападзел (у цэнтр.ч.) паміж рэкамі Балтыйскага і Чорнага мораў. Абмежавана верхнім участкам даліны р. Бярэзіна (прыток р.Нёман), ускраінай Нарачана-Вілейскай нізіны на Пн, плаўна пераходзіць да Валожынскага ўзв. на З і зліваецца з Лагойскім узв. на ПнУ. Найб.выш. 335 м (гара Маяк). Паводле В.А.Дзяменцьева паўн.-зах.ч. Р.ў. — Аляхновіцкае ўзвышша.
У тэктанічных адносінах Р.ў. прымеркавана да паўн.-ўсх.ч.Беларускай антэклізы. Асадкавы чахол складзены з сярэднедэвонскіх глін, мергеляў, даламітаў, пясчанікаў. Антрапагенавыя ўтварэнні ўключаюць адклады ўсіх ледавіковых (акрамя паазерскай) і міжледавіковых эпох. Пераважаюць дняпроўскія, сожскія марэнныя адклады, магутнасць якіх перавышае 250 м. На вяршынях узгоркаў і град марэна буравата-карычневая, лёгкасугліністая і супясчаная з вял. колькасцю валуноў.
У рэльефе ўзвышша сістэма градаваўзгорыста-ўвалістых утварэнняў спалучаецца з групамі і асобнымі купалападобнымі марэннымі і камавымі ўзгоркамі. Адносныя вышыні дасягаюць 35—50 м. На камавых участках, дзе захаваліся хвойныя лясы, а стромкасць схілаў 20—25°, рэльеф набывае гарысты характар. Паўн. схіл мае выгляд уступу выш. каля 50 м над Нарачана-Вілейскай нізінай. Вуглы нахілу 25—30°. Эразійная сетка ўключае даліны рэк, шматлікія лагчыны сцёку, кароткія яры. На спадзістых схілах сфарміраваліся дэлювіяльныя шлейфы. У межах узвышша знаходзяцца вярхоўі рэк Свіслач, Уша, Бярэзіна (прыток Нёмана). Даліны і вярхоўі рэк адрозніваюцца значнай глыбінёй і распрацаваны ў выніку рэгрэсіўнай эрозіі. Асн.ч. ўзвышша значна разарана, лясная і лугавая расліннасць трапляецца мясцінамі. З Пн на Пд Р.ў. перасякае Вілейска-Мінская водная сістэма.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУСА́К (Адам Герасімавіч) (24.5.1904, в. Пясочнае Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 21.3.1987),
бел.паэт.Засл. дз. культ. Беларусі (1964). Скончыў Бел.муз. тэхнікум (1930), Ленінградскую кансерваторыю (1934). Працаваў салістам аркестра Ленінградскага Малога опернага тэатра (1932—49), Бел. філармоніі (1949—59). Друкаваўся з 1927. Аўтар кніг паэзіі «На родных палетках» (1946), «Песні і вершы» (1951), «Песні» (1954), «Пад голас баяна» (1957), «Звонкія крыніцы» (1965), «Закрасуйся, Нёман» (1978), «Песні на словы А.Русака» (1980). У яго вершах услаўляюцца жыццё і праца свайго народа, яго гасціннасць і шчырасць, ім характэрны светлыя фарбы, мажорнае гучанне і лёгкі смутак, напеўнасць і прастата, гумар і вобразнасць, блізкія да фальклору. Песня на яго словы «Бывайце здаровы» (музыка У.Захарава і І.Любана) стала народнаю. Шырокую вядомасць і папулярнасць набылі інш. песні (каля 300) на тэксты вершаў Р.: «Толькі з табою» і «Не шукай» (муз. Любана), «Лясная песня» (муз. У.Алоўнікава), «Не за вочы чорныя» (муз. Ю.Семянякі), «Узнялося сонца яснае» (муз. Дз.Лукаса), «Дзе ты, зорка мая» (муз. І.Лучанка), «Сярожка» (муз. К.Паплаўскага), «Як той Зосі давялося» (муз. Г.Цітовіча), «Чырвоная вяргінечка» (муз. Н.Сакалоўскага), «Як правёў мяне Цімох» (муз. М.Ларкова) і інш. Для дзяцей выдаў зб-кі паэзіі «У Буслаўцы» (1967), «Добра ведаю ўрок» (1981), «Дружбакі» (1987).
Тв.:
Выбранае. Мн., 1972;
Толькі з табою. Мн., 1960. Засцілайце сталы. Мн., 1984.
Літ.:
Цішчанка І. Жыццё песні. Мн., 1984;
Бачыла А. Крыло неспакою. Мн., 1985;
Вайткевіч В. Выбіраць словы, як кветкі для букета // Мастацтва Беларусі. 1984. №6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́БЧА,
гарадскі пасёлак у Навагрудскім р-не Гродзенскай вобл., на левым беразе р.Нёман. За 26 км ад Навагрудка, 49 км ад чыг. ст. Наваельня на лініі Баранавічы—Ліда. 1498 ж. (1999).
Упершыню згадваецца ў 1401 у ням. хроніках як аб’ект ваен. паходаў крыжакоў. У 1428 вял.кн.ВКЛ Вітаўт перадаў сяло Л. сваёй жонцы Ульяне. У 1499 вял.кн.ВКЛ Аляксандр падараваў «двор Л.» свайму пісару Фёдару Рыгоравічу. 3 пач. 16 ст. мястэчка. У 1590 кароль Рэчы Паспалітай Жыгімонт III даў Л. магдэбургскае права і герб (у 1644 атрыманы новы). У канцы 16 — пач. 17 ст. пабудаваны Любчанскі замак. У 17 ст. дзейнічала Любчанская друкарня. У 1606—1832 Л. належала кн. Радзівілам. З 1795 у Рас. імперыі. У 19 — пач. 20 ст. мястэчка Навагрудскага пав. Гродзенскай губ., з 1842 — Мінскай губ. У 1897 — цэнтр воласці, 3239 ж., 444 двары, жаночая царк.-прыходская школа, аптэка, царква, сінагога, мясц. прамысловасць, 70 крам, корчмы, штогадовы кірмаш. У 1921—39 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Навагрудскага пав. і ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр Любчанскага раёна Баранавіцкай вобл., гар. пасёлак. У Вял.Айч. вайну з 26.6.1941 да 8.7.1944 акупіравана ням. фашыстамі, якія загубілі ў Л. і раёне 1825 чал. З 1954 у Гродзенскай вобл., з 1956 — у Навагрудскім р-не.
Прадпрыемствы харч. прам-сці. Сярэдняя, дзіцяча-юнацкая спарт. школы, школа мастацтваў, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка, амбулаторыя, спецыялізаваны дом дзіцяці, аддз. сувязі. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры: Ільінская царква (1910), рэшткі Любчанскага замка. Любчанскі парк. За 1,5 км на ПнУ ад Л. стаянка эпохі мезаліту і больш позняга часу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМО́ЙЛА (Уладзімір Іванавіч) (29.1.1878, Мінск — 1941),
бел. публіцыст, літ. крытык, філосаф. Скончыў Петраградскі ун-т (1916). Удзельнічаў у бел.літ.-грамадскім руху ў Мінску, адзін з заснавальнікаў кніжнага т-ва «Мінчук» (1906). Пры садзейнічанні С. ў газ. «Северо-Западный край» (28.5.1905) надрукаваны на бел. мове верш Я.Купалы «Мужык» — першае выступленне паэта ў друку. У газ. «Минский курьер» (1908) актуалізаваў пытанні асветы нар. мас, неабходнасць бел. школы. Выступаў з арт. пра творчасць Г.Ібсена, А.Блока, Л.Андрэева. З 1918 жыў у Вільні, працаваў выкладчыкам у гімназіях, актыўна супрацоўнічаў у віленскай прэсе. У 1923—27 адзін з вядучых публіцыстаў зах.-бел.перыяд. друку вызв. кірунку. Выступаў па пытаннях грамадска-паліт. жыцця і вызв. руху: філас. эсэ «Гэтым пераможаш!» (1923), «Які «самаўрад» гатуе беларускаму народу Польская рэспубліка?» (1924), «Новы» і «найноўшы» курс польскай палітыкі ў беларускай справе» (1932) і інш. У рэцэнзіях і артыкулах пра зах.-бел. л-ру вітаў ідэйныя, маст., жанравыя пошукі пісьменнікаў, разглядаў здабыткі л-ры ў святле росту гіст. і паліт. свядомасці народа. Асн. публікацыі 1930-х г. (пад псеўд. Ул.Чэмер, Ул.С., С.) датычылі помнікаў стараж. л-ры, пытанняў гісторыі бел. мастацтва, музыкі. Для лепшых публікацый С. характэрны шырокі праблемны падыход да з’яў, глыбокая, дасведчаная трактоўка пытання, ярка выражаны публіцыст. стыль.
Тв.:
У кн.: Александровіч С.Х., Александровіч В.С. Беларуская літаратура XIX — пачатку XX ст.: Хрэстаматыя крытыч. матэрыялаў. Мн., 1978;
У кн.: Беларуская думка XX ст. Варшава, 1998.
Літ.:
Александровіч С.Х. Уладзімір Самойла — даследчык паэзіі Янкі Купалы // Песні беларускай валадар. Мн., 1981;
Конон В.М. Проблемы искусства и эстетики в общественной мысли Белоруссии начала XX в. Мн., 1985;
Калинкович Н. Как дань глубокого уважения... // Нёман. 1979. № 11.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІ́СЛАЧ,
рака ў Гродзенскай вобл. і на мяжы з Польшчай, левы прыток р.Нёман. Даўж. 121 км, пл. вадазбору 1800 км², у т. л. ў межах Беларусі 1432 км. Пачынаецца каля в. Занкі 1-я Свіслацкага р-на, вусце за 1,2 км на Пн ад г.п. Свіслач. Цячэ па ўсх. схілах Гродзенскага і зах. схілах Ваўкавыскага ўзв., у ніжнім цячэнні — па Нёманскай нізіне. Асн. прытокі: Рудаўка, Куклянка, Бераставічанка, Верацейка, Пікелка (справа), Істачанка, Нятупа, Уснарка, Одла, Індурка, Лашанка (злева). Даліна ў верхнім і ніжнім цячэнні трапецападобная, шыр. 0,8—2 км, у сярэднім цячэнні невыразная. Схілы спадзістыя, умерана стромкія, выш. 10—25 м, парэзаныя далінамі прытокаў і ярамі. Пойма двухбаковая, шыр. 300—500 м, роўная, у сярэднім цячэнні невыразная, пераважна забалочаная. У разводдзе затапляецца на глыб. да 1,6 м на 10—12 сут (шыр. разліву да 5 км). Рэчышча на працягу 30,6 км каналізаванае, на астатнім працягу звілістае, неразгалінаванае, у верхнім цячэнні шыр. 3—6 м, ніжэй 10—35 м, месцамі да 60 м. Берагі ўмерана стромкія і стромкія, у ніжнім цячэнні абрывістыя.
Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое. Рака вызначаецца выразным веснавым разводдзем, адносна нізкай летне-асенняй і зімовай межанню, перыядычнымі летне-асеннімі паводкамі. На перыяд веснавога разводдзя прыпадае да 40% гадавога сцёку. Найвыш. ўзровень разводдзя ў сярэдзіне сак., сярэдняя выш. над межанным узроўнем у ніжнім цячэнні 2,9 м, найб. 5,8 м. Дажджавыя паводкі ў перыяд межані амаль штогод. Замярзае ў канцы снеж., крыгалом у сярэдзіне сакавіка. Веснавы крыгаход 8 сут Сярэднегадавы расход вады ў вусці 9 м³/c. Рака зарэгулявана плацінамі. У даліне р. Верацейка наліўное вадасх. Дублянскае. Каля вытоку С. — г.п. Свіслач.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛТЫ́ЙСКАЕ МО́РА (у стараж. славян Варажскае мора),
унутрымацерыковае мора Атлантычнага ак. каля берагоў Паўн. і Сярэдняй Еўропы. Абмывае берагі Швецыі, Фінляндыі, Расіі, Эстоніі, Латвіі, Літвы, Польшчы, Германіі, Даніі. Злучана з Паўночным м. Дацкімі пралівамі (Эрэсун, Вял. і Малы Бельт, Катэгат, Скагерак), Кільскім каналам. Пл. 419 тыс.км². Размешчана на мацерыковай водмелі. Рэльеф дна значна расчлянёны. Найб.глыб. 470 м, пераважаюць глыб. 40—100 м. Паўн. берагі моцна парэзаны, шхерныя і фіёрдавыя; паўд. — нізінныя, пясчаныя, з водмелямі і дзюнамі. Найбольшыя залівы: Батнічны, Фінскі, Рыжскі. Шмат астравоў: Борнхальм, Готланд, Эланд, Саарэмаа, Хійумаа, Руген, Аландскія і інш.
У Балтыйскае мора ўпадаюць: Нява, Зах. Дзвіна (Даўгава), Нёман, Вісла, Одра і інш. рэкі. Клімат пераходны ад акіянскага да мацерыковага. Сярэдняя т-ра вады зімой на паверхні 1—3 °C, каля берагоў — ніжэй за 0 °C, летам — да 18—20 °C. Салёнасць вады нізкая: на З 11‰, у цэнтр. частцы 6—8‰. Узбярэжная частка, залівы і бухты замярзаюць на 16—45 дзён, на Пн Батнічнага зал. да 210 дзён. У адкрытым моры лёд утвараецца толькі на Пн. Навігацыя магчыма 3—5 мес за год. Пастаянныя цячэнні супраць гадзіннікавай стрэлкі, слабыя. Пад уплывам ветру і рэзкай розніцы ціску ўзнікаюць згонна-нагонныя цячэнні, узровень вады можа падымацца да 1,5—3 м у вяршынях заліваў, выклікаючы паводкі (напр., у Неўскай губе). Прылівы паўсутачныя і сутачныя (0,04—0,1 м). Фауна бедная відамі, але багатая колькасцю. Рыбалоўства: пераважна балт. кілька, салака, балт. траска. Волга-Балтыйскім водным шляхам Балтыйскае мора злучана з Волгай, праз Беламорск-Балтыйскі канал — з Белым м.Гал. парты: Санкт-Пецярбург, Калінінград (Расія), Талін (Эстонія), Рыга (Латвія), Гданьск, Гдыня, Шчэцін (Польшча), Ростак, Варнемюндэ, Любек, Кіль (Германія), Капенгаген (Данія), Мальмё, Стакгольм, Лулео (Швецыя), Турку, Хельсінкі, Котка (Фінляндыя). На ўзбярэжжы курорты: Юрмала, Ліепая (Латвія), Калобжэг, Устка (Польшча), Герынгсдорф (Германія) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЛАСА ЯКУ́БА ЛІТАРАТУ́РНА-МЕМАРЫЯ́ЛЬНЫ МУЗЕ́Й Засн ў 1956 у Мінску як літ. музей, адкрыты ў 1959, з 1997 сучасная назва. Размешчаны ў доме, дзе жыў Я.Колас з канца 1944 да 1956. Пл. экспазіцыі 255 м², каля 30 тыс. экспанатаў асн. фонду (1998). Захаваны прыжыццёвы інтэр’ер кабінета і спальні, на сядзібе растуць дрэвы, пасаджаныя Я.Коласам. У фондзе рукапісаў (1597 адзінак) сшыткі з запісамі фальклору, зробленымі ў перыяд вучобы паэта ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі і настаўніцтва на Палессі (1899—1904), рукапісы твораў (вершы дакастр. часу, ташкенцкага перыяду, паэм «Сымон-музыка», «Рыбакова хата», «Суд у лесе» і інш.), перапіска з роднымі, знаёмымі, грамадскімі дзеячамі, пісьменнікамі, перакладчыкамі, вучонымі і інш.Фонд кінафотадакументаў налічвае 3436 адзінак. У фондзе выяўл. мастацтва (1037 адзінак) прыжыццёвыя партрэты Я.Коласа, напісаныя мастаком З.Паўлоўскім і графікам Т.Жырмунскай, карціны, падараваныя паэту ў 1952 («Зіма ў Беларусі» П.Радзімава, «Нёман у ваколіцах Мікалаеўшчыны» Г.Гарэлавай-Азгур), творы Л.Гумілеўскага, У.Сулкоўскага, Я.Драздовіча, С.Федарэнкі, графічныя работы Г.Паплаўскага, А.Кашкурэвіча, У. і М. Басалыгаў і інш., скульптараў З.Азгура, Гумілеўскага, С.Селіханава і інш.У кніжным фондзе больш за 10 тыс. адзінак. У музеі зберагаюцца таксама прадметна-рэчавыя помнікі (864 адзінкі), дакументы (830 адзінак), архіў (547 адзінак), асабісты архіў паэта (6500 адзінак) і інш. З 1985 музей штогод праводзіць літ. свята і навук. канферэнцыю «Каласавіны». Дзейнічаюць філіялы музея на радзіме Я.Коласа ў Стаўбцоўскім р-не Мінскай вобл.: мемарыяльныя сядзібы ў Смольні, Акінчыцах, Альбуці, Ластку (гл.Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльнага музея філіял, Коласаўскі заказнік).
Літ.:
Пратасевіч М.І. Літаратурны музей Якуба Коласа. Мн., 1981;
Камароўская З.М. Літаратурны музей Якуба Коласа. Мн., 1989.
З.М.Камароўская.
Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльны музей Рабочы кабінет Я.Коласа.Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльны музей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ДСКАЯ РАЎНІ́НА,
фізіка-геаграфічны раён Заходне-Беларускай правінцыі на Пн Гродзенскай вобл. Мяжуе на ПнУ з Ашмянскім узвышшам, на ПдУ, Пд і ПдЗ з Верхнянёманскай нізінай, на З з Сярэднянёманскай нізінай, на Пн заходзіць у межы Літвы. Выш. 150—200 м, пл. каля 4 тыс.км², працягнулася з ПдЗ на ПнУ на 125 км, з Пн на Пд на 50 км.
Прымеркавана да Беларускай антэклізы. Крышт. фундамент перакрыты пародамі верхняга пратэразою, мелу, участкамі палеагену, антрапагену. Для антрапагенавай тоўшчы (магутнасць каля 100 м) характэрны ледавіковыя і міжледавіковыя адклады беларускага (на Пн), бярэзінскага, дняпроўскага і сожскага зледзяненняў. Сучасны рэльеф створаны сожскім ледавіком, значна перапрацаваны і зменены эразійна-дэнудацыйнымі працэсамі ў пасляледавіковы час. Л.р. — спадзістахвалістая другасная марэнная раўніна, нахіленая на Пд, да даліны р.Нёман. Складзена з валунных супескаў і суглінкаў, месцамі з водналедавіковых пяскоў, у паўд.ч. трапляюцца адорвені мелавых, палеагенавых і неагенавых парод. Ваганні адносных вышынь да 5 м. Паверхня ўскладнена лагчынамі сцёку, далінамі дробных рэк і ручаёў, тэрмакарставымі западзінамі. На прыдалінных участках, дзе адносныя выш. 10—15 м, рэльеф дробнаўвалісты. На водападзелах адзіночныя марэнныя ўзгоркі, радзей камы і озы Ад г. Шчучын на ПнУ да Ашмянскага ўзв. цягнецца моцна дэнудаваная паласа асобных марэнных град і ўзгоркаў, выш. да 20 м. Карысныя выкапні: торф, гліны легкаплаўкія, мел і мергель, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пясок. Асн. рэкі: Гаўя, Жыжма, Дзітва, Лебяда. Глебы дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя, тарфяна-балотныя і інш. Пад лесам 30% тэрыторыі. Лясы хваёвыя лішайнікава-кусцікавыя і кусцікава-зеленамошныя, на ПнУ, З і Пд трапляюцца шыракаліста-хвойныя, з прымессю дуба, граба, клёна, ясеня. Каля Шчучына захаваўся значны масіў дубровы. На паніжэннях невял. ўчасткі бярозавых і чорнаальховых лясоў. Найбольшыя балоты: Дакудаўскае балота і Дзітвянскае балота. Пад ворывам 40% тэрыторыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЫ́ТНЫЯ КНІ́ГІ,
від актавых запісаў пра купцоў і іх тавары, правезеныя праз мытныя каморы ці прыкаморкі; каштоўная крыніца па сац.-эканам. гісторыі Беларусі 15—18 ст. У М.к. фіксаваліся прозвішчы і месца жыхарства купцоў, якія, адкуль і куды везлі тавары, іх кошт, сума мыта. Паводле М.к. (1-я пал. 17 ст.) з усяго купецтва Беларусі, якое займалася замежным гандлем, беларусаў было 80—85% (ім належала да 90% перавезеных тавараў), яўрэяў — 9—10%, палякаў, рускіх і інш. 4—6%. Асн. прадметы ўвозу: футра, тканіны, металы, рамесныя вырабы і інш. М.к. сведчаць, што асн. пунктамі гандлю бел. купцоў у Расіі былі Масква, Пскоў, Вял. Лукі, Таропец, Смаленск, Белы, Бранск, Вязьма; на Украіне — Кіеў, Чаркасы, Львоў, Луцк; у Прыбалтыцы — Рыга, Кралявец (Кёнігсберг); у Польшчы — Люблін, Гданьск, Торунь, Гнезна, Познань, Вроцлаў, Тыкоцін.
Асн. гандлёвыя шляхі 15—18 ст.: рэкі Зах. Дзвіна, Дняпро, Прыпяць, Нёман і іх прытокі; больш за 20 сухапутных дарог (гасцінцаў), найважнейшыя з іх: Орша—Мінск—Ваўкавыск—Шарашова—Брэст, т.зв. «вялікая дарога»; Полацк—Віцебск—Орша, т.зв. «гасцінец вялікі»; Пінск—Гарадзішча—Навагрудак—Іўе—Вільня; Пінск—Хомск, т.зв. «дарога вялікая»; Полацк—Невель, т.зв. «вялікая Маскоўская дарога»; Магілёў—Шклоў—Копысь—Орша; Гомель—Рэчыца—Бабруйск—Мінск; Мінск—Глуск—Слуцк. На Вільню было 9 дарог, на Смаленск і Маскву — 10, на Люблін — 6. Зберагліся М.к.: Брэста за 1583 (апублікавана) і 1605, Гродна за 1600 (апублікаваны фрагмент), 1605 і 1764, Магілёва за 1612, 1708, Полацка за 1616 і 1708, Віцебска за 1605 (апублікавана), Барысава за 1708, Камянца за 1708, Вержбалова за 1708 і 1709, Мінска за 1709, Рэчыцы за 1708 і 1709, Сталовічаў за 1708. М.к. пач. 17 ст. зберагаюцца ў рукапісным аддз. б-кі Вільнюскага ун-та, 18 ст. — у рукапісным аддзеле б-кі Нарадовай у Варшаве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАГРУ́ДСКІ ПАВЕ́Т,
адм.-тэр. адзінка ў 15—20 ст. у ВКЛ (называўся Новагародскім пав.), Рас. імперыі, Польскай Рэспубліцы. Цэнтр — г. Навагрудак (Новагародак). У 1-й пал. 16 ст.тэр. павета фактычна супадала з тэр.Навагрудскага ваяводства, у складзе якога павет знаходзіўся з 1507. Паводле прывілея вял.кн.ВКЛ Жыгімонта II Аўгуста ад 30.4.1565 упершыню вызначаны межы Н.п., які стаў адным з 3 паветаў ваяводства. У выніку 2-га і 3-га падзелаў Рэчы Паспалітай (1793, 1795) Н.п. уключаны ў склад Рас. імперыі; быў у Слонімскай, з 1797 у Літоўскай, з 1801 у Гродзенскай, з 1842 у Мінскай губ. У сярэдзіне 19 ст.пл. павета 976 кв. міль, або 457,7 тыс. дзесяцін. У 1861 складаўся з 24 валасцей, 111 сельскіх грамад; нас. 135 435 чал. (самы густанаселены павет Мінскай губ.). Паводле веравызнання правасл. 71%, католікаў 23,58, іудзеяў 4,98, мусульм. 0,43%. Паводле сац. складу сельскіх саслоўяў 83,7%, гараджан 7,3, ваенных 4,3, дваран 4,4, духоўных асоб 0,4%. У 1866 у Н.п. працавала 57 прамысл. прадпрыемстваў: 34 вінакурныя, 15 цагельных, 5 шкіпінарных, 3 піваварныя. У 1900 у павеце 19 ф-к і з-даў з агульнай колькасцю 276 рабочых. У 1891 у павеце 29 царк.-прыходскіх, 33 нар. вучылішчы. З лют. 1919 Н.п. у складзе Літ.-Бел. Рэспублікі. У крас. 1919 акупіраваны польскім войскам. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 у Польшчы, у Навагрудскім ваяв. У 1921 пл. 2930,2 км², 12 гмін, насельніцтва 109 820 чал., з іх беларусаў 58,8%, палякаў 35,4, яўрэяў 5,5%. 91,3% насельніцтва жыло ў вёсках. Налічвалася 846 гаспадарак асаднікаў (1933). Дзейнічалі прадпрыемствы па перапрацоўцы мясц. сыравіны і прадуктаў сельскай гаспадаркі, буйнейшае — шклозавод «Нёман». З 1939 павет у БССР, 2.12.1939 уключаны ў Баранавіцкую вобл. 15.1.1940 скасаваны, тэрыторыя падзелена на раёны.