САВІ́ЦКАЯ Святлана Яўгенаўна (н. 8.8.1948, Масква),

савецкі касманаўт. Двойчы Герой Сав. Саюза (1982, 1984). Лётчык-касманаўт СССР (1982). Канд. тэхн. н. (1987). Засл. майстар спорту СССР (1970). Чэмпіёнка свету па вышэйшым пілатажы (1970), устанавіла 18 сусветных рэкордаў. Дачка Я.​Я.​Савіцкага. Скончыла Маскоўскі авіяц. ін-т (1972). З 1976 лётчык-выпрабавальнік. У 1980—1993 у Цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў імя Ю.​А.​Гагарына. 19—27.8.1982 з Л.​І.​Паповым і А.​А.​Серабровым здзейсніла (як касманаўт-даследчык) палёт на касм. караблі (КК) «Саюз Т-7» і арбітальнай станцыі (АС) «Салют-7» (пасадка на КК «Саюз Т-5»); 17—29.7.1984 (як бортінжынер) з У.​А.​Джанібекавым і І.​П.​Воўкам — на КК «Саюз Т-12» і АС «Салют-7» (пасадка на КК «Саюз Т-11»), у час якога ўпершыню ў свеце здзейснены выхад жанчыны-касманаўта ў адкрыты космас. Правяла ў космасе 19,7 сут. Залаты медаль міжнар. авіяц. федэрацыі (ФАІ).

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 14, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІ́ГЕР БРАБА́НЦКІ (Siger de Brabant; каля 1235—82),

нідэрландскі філосаф, заснавальнік зах.-еўрап. авераізму. З 1266 праф. Парыжскага ун-та. Двойчы асуджаны інквізіцыяй (у 1270 і 1277). У час чарговага следства забіты сваім сакратаром. У трактатах «Аб разумнай душы», «Аб вечнасці свету», «Немагчымае», «Аб неабходнасці і ўзаемасувязі прычын» і ў каментарыях да «Фізікі», «Метафізікі» і інш. твораў Арыстоцеля сфармуляваў тэорыю дваістасці ісціны, паводле якой ісціны філасофіі і тэалогіі могуць супярэчыць адна адной. Адмаўляў ідэю стварэння Богам свету з нічога і божае наканаванне. Развіваў вучэнне аб усеагульным дэтэрмінізме і абвяргаў існаванне свабоды волі ў чалавека і Бога. Лічыў, што ўсе працэсы і падзеі на Зямлі залежаць ад руху нябесных цел і маюць цыклічны характар. Сцвярджаў, што чалавечы дух (інтэлект) уяўляе сабой вечную, нематэрыяльную субстанцыю, а душа смяротная. Погляды С.Б. абвяргалі Альберт Вялікі, Фама Аквінскі, Р.​Лулій. Вучэнне С.Б. паўплывала на светапогляд Дантэ, П.​Пампанацы, Дж.​Піка дэла Мірандалы, авераістаў падуанскай школы і інш.

т. 14, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРАКА́ЛАЎ Генадзь Міхайлавіч (н. 28.10.1940, г. Мыцішчы Маскоўскай вобл., Расія),

расійскі касманаўт. Двойчы Герой Сав. Саюза (1980, 1984). Лётчык-касманаўт СССР (1980). Канд. тэхн. н. (1985). Скончыў Маскоўскае вышэйшае тэхн. вучылішча імя Баўмана (1965). З 1973 у Цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў імя Гагарына. 27.11—10.12.1980 з Л.​Дз.​Кізімам і А.​Р.​Макаравым здзейсніў палёт на касм. караблі (КК) «Саюз Т-3» і арбітальнай станцыі (АС) «Салют-6»; 20—22.4.1983 з У.​Г.​Цітовым і А.​А.​Серабровым — на КК «Саюз Т-8»; 3—11.4.1984 з Ю.​В.​Малышавым і Р.​Шарма — на КК «Саюз Т-11» і АС «Салют-7»; 1.8—10.12.1990 з Г.​М.​Манаковым — на КК «Саюз ТМ-10» і АС «Мір»; 14.3—7.7.1995 з У.​М.​Дзяжуравым і Н.​Тагардам — на КК «Саюз ТМ-21» і АС «Мір» (пасадка на КК «Атлантыс», ЗША). Правёў у космасе 268,9 сут, у т. л. ў адкрытым космасе 21,5 гадз (6 выхадаў). З 1995 камандзір атрада касманаўтаў Ракетна-касм. карпарацыі «Энергія».

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 15, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАРА́САВА Ала Канстанцінаўна (6.2.1898, Кіеў — 5.4.1973),

расійская актрыса, педагог. Нар. арт. СССР (1937). Герой Сац. Працы (1973). З 1916 у 2-й студыі Маскоўскага Маст. т-ра, з 1924 у Маскоўскім Маст. акад. т-ры (МХАТ; у 1951—55 в.а. дырэктара). Вучаніца К.Станіслаўскага і У.Неміровіча-Данчанкі. З 1967 выкладала ў Школе-студыі МХАТ (з 1968 праф.). Валодала вял. сцэн. абаяльнасцю, тэмпераментам, выкананне вылучалася эмацыянальнасцю, лірызмам, рамант. рысамі. Актрыса пераважна рус. класічнага рэпертуару: Негіна, Юлія Тугіна («Таленты і паклоннікі» А.​Астроўскага), Таццяна («Ворагі». М.​Горкага), Ганна («Ганна Карэніна» Л.​Талстога), Маша, Ранеўская, Аркадзіна («Тры сястры», «Вішнёвы сад», «Чайка» А.​Чэхава). Сярод інш. роляў: Дэздэмона («Атэла» У.​Шэкспіра), Марыя Сцюарт («Марыя Сцюарт» Ф.​Шылера), Алена («Дні Турбіных» М.​Булгакава), Вольга («Хлеб» У.​Кіршона), Алена Макараўна («Страх» А.​Афінагенава) і інш. Здымалася ў кіно: «Навальніца», «Пётр I», «Без віны вінаватыя» і інш. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1946 (двойчы), 1947. 1949.

Літ.:

А.​К.​Тарасова: Док. и воспоминания. М., 1978.

А.Тарасава ў ролі Ганны Карэнінай.

т. 15, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАТА́ЛАЎ Уладзімір Аляксандравіч (н. 8.12.1927, г. Петрапаўлаўск, Казахстан),

савецкі касманаўт. Двойчы Герой Сав. Саюза (1969). Лётчык-касманаўт СССР (1969). Ген.-лейт. авіяцыі (1975). Канд. тэхн. н. (1972). Скончыў спец. школу ВПС (1945), Качынскае вышэйшае ваен. авіяц. вучылішча (1949), Ваенна-паветр. акадэмію (1956). У 1963—91 у Цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў імя Ю.​А.​Гагарына (з 1987 нач.). 14—17.1.1969 здзейсніў палёт на касм. караблі (КК) «Саюз-4» (стыкоўка з КК «Саюз-5»), 13—18.10.1969 з А.С.Елісеевым — палёт на КК «Саюз-8», 23—25.4.1971 з Елісеевым і М.М.Рукавішнікавым — палёт на КК «Саюз-10» (стыкоўка з арбітальнай станцыяй «Салют»), ва ўсіх палётах як камандзір. У космасе правёў 9,9 сут. Дзярж. прэмія СССР 1981. Залатыя медалі імя К.​Э.​Цыялкоўскага АН СССР і імя Гагарына (ФАІ). Яго імем названы кратэр на Месяцы.

Тв.:

Люди и космос. М., 1975 (разам з М.​Ф.​Рабровым);

Космос — Земле. М., 1981;

Трудные дороги космоса. 2 изд. М., 1981.

У.​С.​Ларыёнаў.

У.А.Шаталаў.

т. 17, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШУ́ТАЎ Сцяпан Фёдаравіч (30.1.1902, в. Дварэц Глускага р-на Магілёўскай вобл. — 17.4.1963),

двойчы Герой Сав.

Саюза (студз., вер. 1944). Палкоўнік (1944). Скончыў Аб’яднаную ваен. школу імя ВЦВК (1927), Бранятанк. курсы ўдасканалення камсаставу (1932 і 1933), Акад. курсы ўдасканалення камсаставу (1937 і 1943). Са снеж. 1917 у Гарадоцкім і Асіповіцкім атрадах Чырв. гвардыі, з мая 1918 партызан у Бабруйскім пав., з ліп. 1920 у Чырв. Арміі на Зах. фронце. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Зах., Волхаўскім, Варонежскім, 1-м і 2-м Укр. франтах: камандзір танк. батальёна, палка, брыгады, нам. камандзіра механіз. корпуса. Вызначыўся пры фарсіраванні Дняпра і вызваленні Кіева (1943), у Яска-Кішынёўскай аперацыі 1944. У вер. 1944 цяжка паранены. З 1945 у адстаўцы. Дэп. Вярх. Савета СССР у 1946—50, Вярх. Савета БССР у 1951—55. У г.п. Глуск пастаўлены бронзавы бюст. Яго імем назв. Гарадоцкая сярэдняя школа ў Глускім р-не. Аўтар кн. «Чырвоныя стрэлы» (1963).

Літ.:

Люди бессмертного подвига. Кн. 2. 4 изд. М., 1975.

С.Ф.Шутаў.

т. 17, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я́КАЎЛЕЎ Аляксандр Сяргеевіч (1.4.1906, Масква — 22.8.1989),

расійскі авіяканструктар. Акад. Рас. АН (1976; чл.-кар. 1943). Ген.-палкоўнік інж.-тэхн. службы (1946). Двойчы Герой Сац. Працы (1940, 1957). Скончыў Ваен.-паветр. інж. акадэмію імя Жукоўскага (1931). З 1934 галоўны, з 1957 ген. канструктар доследнага канструктарскага бюро. Адначасова ў 1940—46 нам. наркома авіяц. прам-сці. Стварыў шэраг канструкцый самалётаў і верталётаў (вучэбныя, баявыя поршневыя, рэактыўныя знішчальнікі, знішчальнікі-пераймальнікі, пасажырскія і інш.). Знішчальнікі Як-1, Як-3, Як-9 і інш. самалёты шырока выкарыстоўваліся на франтах Вял. Айч. вайны. Пад яго кіраўніцтвам створаны першы сав. рэактыўны знішчальнік Як-15, верталёт Як-24 («лятаючы вагон»), на якім устаноўлена некалькі міжнар. рэкордаў грузападымальнасці; рэактыўныя пасаж. самалёты Як-40, Як-42, вучэбна-трэніровачныя Як-18, Як-50 і інш. Ленінская прэмія 1972. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1942, 1943, 1946, 1947, 1948, 1977.

Тв.:

Рассказы авиаконструктора. М.,1974;

Советские самолеты. 2 изд. М.,1975;

Цель жизни. 5 изд. М.,1987.

т. 18, кн. 1, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я́НГЕЛЬ Міхаіл Кузьміч (7.11.1911, в Зыранава Ніжнеілімскага р-на Іркуцкай вобл., Расія — 25.10.1971),

расійскі вучоны і канструктар; стваральнік навук. школы ў галіне распрацоўкі касм. тэхнікі. Акад. АН Украіны (1961), АН СССР (1966). Двойчы Герой Сац. Працы (1959, 1961). Скончыў Маскоўскі авіяц. ін-т (1937), Акадэмію авіяц. прам-сці (1950). Працаваў у авіяц. КБ, удзельнічаў у стварэнні самалётаў-знішчальнікаў. З 1954 гал. канструктар КБ «Паўднёвае» (г. Днепрапятроўск, Украіна). Пад кіраўніцтвам Я. створана серыя балістычных і міжкантынентальных ракет, а таксама ракет-носьбітаў касм. апаратаў для вывучэння каляземнай прасторы па праграмах «Космас» і «Інтэркосмас». Імем Я. названы кратэр на Месяцы і малая планета. Ленінская прэмія 1960. Дзярж. прэмія СССР 1967. Залаты медаль АН СССР імя Каралёва (1970).

Літ.:

Губарев В.С. Конструктор: Несколько страниц из жизни М.​К.​Янгеля. М., 1977;

Стражева И.В. Тюльпаны и космодром. М., 1978;

Платонов В.П., Горбулин В.П. М.​К.​Янгель. Киев, 1979.

У.​С.​Ларыёнаў.

М.К.Янгель.

т. 18, кн. 1, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЛЬСАН, Уілсан (Wilson) Томас Вудраў (28.12.1856, г. Стантан, штат Віргінія, ЗША — 3.2.1924), дзяржаўны дзеяч ЗША. Скончыў Прынстанскі ун-т (1879), праф. права і паліт. эканоміі (1890—1902), рэктар (1902—10) у ім.

Губернатар штата Нью-Джэрсі (1910—12). Двойчы перамагаў на прэзідэнцкіх выбарах ад Дэмакр. партыі, 28-ы прэзідэнт ЗША (1913—21). Адміністрацыя Вільсана ў першыя гады яго прэзідэнцтва правяла шэраг прагрэс. рэформаў (прыняцце закону аб тарыфах і падаходным падатку, антытрэстаўскага закону, увядзенне 8-гадзіннага прац. дня на чыгунцы і інш.). У міжнар. палітыцы дэклараваў імкненне зрабіць ЗША вядучым абаронцам міру, аднак пры Вільсане ЗША ажыццявілі інтэрвенцыю ў Мексіку, акупіравалі Гаіці і Санта-Дамінга. У 1-ю сусв. вайну Вільсан, урад якога да 1917 прытрымліваўся нейтралітэту, спрабаваў ініцыіраваць мірныя перагаворы варагуючых бакоў, у пач. 1917 Вільсан прапанаваў кангрэсу ЗША план усталявання міру шляхам стварэння Лігі Нацый. Пры Вільсане ЗША аб’явілі вайну Германіі (крас. 1917), ажыццявілі інтэрвенцыю ў Сав. Расію. Вільсан — аўтар праграмы міру з 14 пунктаў (уключала і пункт аб стварэнні Лігі Нацый), актыўны ўдзельнік распрацоўкі і прыняцця Версальскага мірнага дагавора 1919. Нобелеўская прэмія міру 1919.

Т.В.Вільсан.

т. 4, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМЫ́КА Андрэй Андрэевіч (18.7.1909, в. Старыя Грамыкі Веткаўскага р-на Гомельскай вобл. — 2.7.1989),

савецкі парт. і дзярж. дзеяч, дыпламат. Двойчы Герой Сац. Працы (1969, 1979). Д-р эканам. н. (1956). Скончыў эканам. ін-т (1932). З 1939 на дыпламат. службе. Надзвычайны і паўнамоцны пасол СССР у ЗША (1943—46 і па сумяшчальніцтве пасланнік на Кубе) і Вялікабрытаніі (1952—53). Узначальваў сав. дэлегацыю на Думбартан-Окс канферэнцыі 1944 і Устаноўчай канферэнцыі ААН (1945), удзельнічаў у працы Крымскай і Патсдамскай канферэнцый кіраўнікоў урадаў СССР, ЗША і Вялікабрытаніі (1945). Пастаянны прадстаўнік СССР у Савеце Бяспекі ААН (1946—48). Міністр замежных спраў СССР у 1957—85. Чл. ЦК КПСС (з 1956) і Палітбюро ЦК КПСС (1973—88). 1-ы нам. старшыні СМ СССР (1983—85). Старшыня Прэзідыума Вярх. Савета СССР (1985—87). Дэп. Вярх. Савета СССР (1946—50, 1958—88). Аўтар працы «Знешняя экспансія капіталу: гісторыя і сучаснасць» (1982), успамінаў «Памятнае» (кн. 1—2, 2-е выд., 1990) і інш. Ленінская прэмія і Дзярж. прэмія СССР 1984. У Гомелі яму ўстаноўлены бюст.

А.А.Грамыка.

т. 5, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)