Я́КАЎЛЕЎ Аляксандр Сяргеевіч (1.4.1906, Масква — 22.8.1989),

расійскі авіяканструктар. Акад. Рас. АН (1976; чл.-кар. 1943). Ген.-палкоўнік інж.-тэхн. службы (1946). Двойчы Герой Сац. Працы (1940, 1957). Скончыў Ваен.-паветр. інж. акадэмію імя Жукоўскага (1931). З 1934 галоўны, з 1957 ген. канструктар доследнага канструктарскага бюро. Адначасова ў 1940—46 нам. наркома авіяц. прам-сці. Стварыў шэраг канструкцый самалётаў і верталётаў (вучэбныя, баявыя поршневыя, рэактыўныя знішчальнікі, знішчальнікі-пераймальнікі, пасажырскія і інш.). Знішчальнікі Як-1, Як-3, Як-9 і інш. самалёты шырока выкарыстоўваліся на франтах Вял. Айч. вайны. Пад яго кіраўніцтвам створаны першы сав. рэактыўны знішчальнік Як-15, верталёт Як-24 («лятаючы вагон»), на якім устаноўлена некалькі міжнар. рэкордаў грузападымальнасці; рэактыўныя пасаж. самалёты Як-40, Як-42, вучэбна-трэніровачныя Як-18, Як-50 і інш. Ленінская прэмія 1972. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1942, 1943, 1946, 1947, 1948, 1977.

Тв.:

Рассказы авиаконструктора. М.,1974;

Советские самолеты. 2 изд. М.,1975;

Цель жизни. 5 изд. М.,1987.

т. 18, кн. 1, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)