1) кароткая песенька простага зместу, якую спяваюць звычайна над калыскаю; адзін з жанраў дзіцячага фальклору. К. знаёмяць дзіця з роднай мовай, навакольным светам, расказваюць пра жывёл і птушак, пра іх учынкі і прыгоды, даюць быт. замалёўкі нар. жыцця. Грунтуецца на тых самых эстэт. прынцыпах, карыстаецца тымі ж маст. сродкамі, што і нар. песні наогул.
Вызначаюцца напеўнай мелодыкай у рытме калыхання, даступнасцю зместу, прастатой кампазіцыі, займальнасцю. Для іх характэрна фантастыка, якая, як і казачная, цесна звязана з жыццём, але адрозніваецца светлым, жыццесцвярджальным настроем. Змест і форма К. улічваюць патрабаванні нар. педагогікі. У К. захаваліся рэшткі міфалагічных уяўленняў продкаў (адухоўленыя вобразы Сну, Дрымоты і інш.) Вылучаюцца песні-імправізацыі і песні з устойлівым традыц. тэкстам. Апошнія распадаюцца на тэматычныя групы: «Кот носіць сон у хустцы, кашалі», «Няхай кату ўсё ліха», «Каток злізаў смятану, мядок», «Каток злавіў рыбку за хвасток», «Прыдзе шэранькі ваўчок» і інш. Паводле кампазіцыі К. вельмі разнастайныя: маналог-апавяданне маці, маналог-зварот да дзіцяці, дыялагічныя песні. Напеўнасць, пяшчотнасць дасягаюцца пры дапамозе алітэрацыі, асанансу, памяншальна-ласкальных суфіксаў, паўтораў асобных слоў і цэлых канструкцый, дзіцячай лексікі.
2) У прафесійнай музыцы — песня або інструментальная п’еса ў запаволеным тэмпе з характэрным рытмічным пагойдваннем у акампанеменце. Падобная да нар.-быт. песень для закалыхвання дзіцяці. З канца 18 ст. жанр К. вядомы ў вак. лірыцы (К. для голасу з фп. пісалі Ф.Шуберт, І.Брамс, А.Аляб’еў, М.Глінка, М.Мусаргскі, П.Чайкоўскі і інш.), у оперы («Садко», «Кашчэй Бессмяротны» М.Рымскага-Корсакава, «Мазепа» Чайкоўскага), араторыях («На варце міру» С.Пракоф’ева). З 19 ст. вядомы інстр. К. (для фп. Ф.Шапэна, Брамса, Ф.Ліста, Э.Грыга, М.Балакірава, А.Рубінштэйна, для скрыпкі і фп. М.Равеля, для сімф. аркестра А.Лядава, І.Стравінскага і інш.). Бел. кампазітары звярталіся да жанру К. ў камерна-вак., камерна-інстр., хар., песенных творах (Л.Абеліёвіч, С.Аксакаў, М.Аладаў, Я.Глебаў, Л.Захлеўны, В.Капыцько, Дз.Лукас, І.Любан, П.Падкавыраў, Ю.Семяняка, А.Туранкоў, Э.Тырманд, Я.Цікоцкі, М.Чуркін, Л.Шлег), у операх («Сцежкаю жыцця» Г.Вагнера, «Матухна Кураж» С.Картэса) і балетах. М.Літвін стварыў кантату «Беларуская калыханка» на словы В.Віткі (1979).
Публ.:
Дзіцячы фальклор. Мн., 1972.
Літ.:
Барташэвіч Г.А. Вершаваныя жанры беларускага дзіцячага фальклору. Мн., 1976;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕГЕ́НДА (лац. legenda літар. тое, што трэба прачытаць),
фальклорны і літаратурны жанр, у аснове якога фантаст. падзея або герой падаюцца як сапраўдныя. Рэальныя падзеі ў Л. пераплятаюцца з фантастычнымі. У параўнанні з паданнем, дзе расказваецца толькі пра мінулае, якое яшчэ помніцца, Л. менш ахоплівае гіст. і быт. абставіны дзеяння. Калі ў Л. свабодна развіваецца маст. выдумка, яна збліжаецца з казкаю. Падзяляюцца Л. на касмаганічныя, тапанімічныя, этыялагічныя, этнаганічныя, зааганічныя, рэлігійныя (апакрыфічныя), гіст., сац.-утапічныя і інш.
Спачатку Л. — жыціе святога. Першы зб.лац. хрысціянскіх Л. «Залатая легенда» (13 ст.) перакладзены потым на многія мовы. Паступова назва пашыралася на ўсе маральна-павучальныя рэліг. апавяданні, якія фантастычна тлумачаць падзеі на падставе нар. рэлігійных, гіст., сац.-утапічных, этычных і інш. поглядаў. Самыя стараж. Л. касмаганічныя — пра стварэнне сусвету, Зямлі, Сонца, зорак і інш. У іх усё стварае Бог, дзейнічае д’ябал (запісы Е.Раманава, У.Дабравольскага, М.Федароўскага, А.Сержпутоўскага і інш.). Этыялагічныя Л. фантастычна тлумачаць паходжанне жывёл; тапанімічныя — узнікненне гарадоў, вёсак, рэк, азёр, урочышчаў і іх назваў; этнаганічныя — паходжанне народаў, плямён і інш. Шмат Л. пра вандроўкі Хрыста, святых. Гіст. Л. — пра важныя гіст. падзеі, вядомых асоб (Пятра I, каралёў Саса, Панятоўскага, вайну 1812 і інш.). Выкрыццё сац. несправядлівасці — асн. змест сац.-утапічных і быт. Л. Самы пашыраны сюжэт Л. — «Мадэй» (апубл. 43 польскія, 8 рус., 6 бел тэкстаў) — дараванне грахоў вял. грэшніку за забойства жорсткага прыганятага.
Літ. Л. часта грунтуюцца на фалькл. сюжэтах. Сюжэты, матывы і вобразы Л. выкарыстоўвалі І.В.Гётэ, А.Пушкін, М.Някрасаў, Я.Купала, Я.Колас, М.Багдановіч, У.Караткевіч і інш.
Добровольский В.Н. Смоленский этнографический сборник. Ч. 1. СПб., 1891;
Шейн П.В. Материалы для изучения быта и языка русского населения Северо-Западного края. Т. 2. СПб., 1893;
Federowski M. Lud białoruski na Rusi Litewskiej. T. 1—2. Kraków, 1897—1902;
Сержпутовский А.К. Сказки и рассказы белорусов-полешуков. СПб., 1911;
Яго ж. Казкі і апавяданні беларусаў з Слуцкага павета. Мн., 1926; Яго ж. Прымхі і забабоны беларусаў-палешукоў. Мн., 1930; Легенды і паданні. Мн., 1983; Афанасьев А.Н. Народные русские легенды. Новосибирск, 1990; Легенди та перекази. Київ, 1985.
Літ.:
Карский Е.Ф. Белорусы. Т. 3, вып. 1. М., 1916;
Азбелев С.Н. Отношение предания, легенды и сказки к действительности // Славянский фольклор и историческая действительность. М., 1965;
Чистов К.В. Русские народные социально-утопические легенды XVII—XIX вв. М., 1967;
Беларуская народма-паэтычная творчасць. Мн., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАГРА́МНАЯ МУ́ЗЫКА,
род інструментальнай музыкі, якая ўвасабляе пэўную, абвешчаную кампазітарам тэму (сюжэт). Праграма выкладаецца ў выглядзе загалоўка твора ці яго частак, эпіграфа або ў разгорнутай літ. форме. Асн. віды праграмнасці: карцінная (развіццё аднаго ці некалькіх муз. вобразаў без істотных змен на працягу ўсяго ўспрыняцця) і сюжэтная, якая ўключае абагульнена-сюжэтную (у музыцы адлюстраваны асноўныя сюжэтныя вузлы літ. першакрыніцы) і паслядоўна-сюжэтную (музыка ідзе за ўсімі перыпетыямі сюжэта). Сродкамі вобразнай канкрэтызацыі музыкі выступаюць прыёмы гукапісу, муз. жанр, стыль, тып муз. драматургіі, характэрныя нац. рысы муз. мовы. Будову твораў вызначаюць агульныя прынцыпы муз. формаўтварэння (монатэматызм, варыяцыйнасць, свабодна трактаваная санатная форма).
Вядома са старажытнасці. Сярод твораў эпохі барока канцэрты «Поры года» А.Вівальдзі, «Капрычыо на ад’езд любага брата» І.С.Баха, у творчасці венскіх класікаў «Развітальная сімфонія» І.Гайдна, «Пастаральная», уверцюры «Эгмант» і «Карыялан» Л.Бетховена. Росквіту дасягнула ў эпоху рамантызму, калі склаліся многія яе жанры, якія атрымалі развіццё ў 20 ст. Сярод твораў: «Фантастычная сімфонія» Г.Берліёза, сімфоніі «Манфрэд» П.Чайкоўскага, «1905 год» Дз.Шастаковіча, сімф. паэмы «Прэлюды» Ф.Ліста, «Тыль Уленшпігель» Р.Штрауса, «Паэма экстазу» А.Скрабіна, «Пасіфік-231» А.Анегера, сімф. карціны «Ноч на Лысай гары» М.Мусаргскага і «Кікімара» А.Лядава, фп. «Эцюды-карціны» С.Рахманінава, сімф. сюіты «Шахеразада» М.Рымскага-Корсакава і «Скіфская сюіта» С.Пракоф’ева, сімф. цыклы «Накцюрны» і «Мора» К.Дэбюсі, цыклы фп. мініяцюр «Карнавал» Р.Шумана і «Каталог птушак» А.Месіяна.
У бел. музыцы ўвасоблены ўсе жанры і тыпы П.м. Трывалы кірунак яе развіцця — фальклорная лінія, дзе муз. праграма канкрэтызуецца праз змест тэкстаў бел.нар. песень, на напевах якіх грунтуецца інстр. тэматызм твору («Беларускае вяселле» А.Абрамовіча, «Родныя напевы» П.Падкавырава, «Забавы» В.Войціка, «Батлейка» В.Помазава). Поруч з карцінамі прыроды і нар. побыту асновай праграмы выступаюць рэальныя падзеі гісторыі і сучаснасці («У суровыя дні» М.Аладава, «Вечна жывыя» Г.Вагнера, «Фрэскі» Л.Абеліёвіча, «Мемарыял» У.Дарохіна, дзе ў розных жанрава-стылявых ракурсах адлюстравана тэма Вял.Айч. вайны). Невычарпальная крыніца П.м. — тэмы, сюжэты і вобразы літаратуры і выяўл. мастацтва («Альпійская сімфонія-балада» Я.Глебава паводле В.Быкава, 8-я сімфонія Дз.Смольскага з вершамі І.Бродскага, «Капрычас» С.Картэса, «Снетагорскія фрэскі» Г.Гарэлавай). У паэтыцы бел. П.м. канца 20 ст. ўзмацнілася роля сімвала, метафары, асацыятыўнага мыслення («Цэзій-137» В.Кузняцова, «Вір» А.Літвіноўскага, «Святло на шляху» Я.Паплаўскага).
Літ.:
Хохлов Ю.Н. О музыкальной программности. М., 1963.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛЬЗА́К ((Balzac) Анарэ дэ) (20.5.1799, г. Тур, Францыя — 18.8.1850),
французскі пісьменнік, пачынальнік рэалізму 19 ст. Вучыўся ў Вандомскім каледжы; у 1819 скончыў парыжскую Школу права, адначасова праслухаў курс л-ры ў Сарбоне. Першы твор — класіцыстычная трагедыя ў вершах «Кромвель» (1820). Поспех і прызнанне прыйшлі з выхадам гіст. рамана «Шуаны» (1829). Прыярытэтам эстэт. сістэмы пісьменніка стаў матэрыяльны свет і будзённае жыццё. Гэта выходзіла па-за межы рамантызму, які панаваў у л-ры да 1830-х г. Аднак традыцыі рамант. мастацтва заўсёды прысутнічалі ў творчасці Бальзака, выяўляліся пры адлюстраванні ўсёпаглынальнай страсці герояў. Назіральнасць і празорлівасць пісьменніка дазволілі зразумець гал. тэндэнцыю эпохі — эканам. пераразмеркаванне багацця, уласнасці і выхад на авансцэну новых уладароў жыцця — фінансістаў, спекулянтаў, ліхвяроў, дзялкоў, якія вырашалі лёс грамадства, стваралі жывую гісторыю. Так нарадзіліся вобразы Габсэка, Грандэ, Гарыо, Нусінгена. Адчуванне свету ў яго цэласнасці і ўнутранай узаемазвязанасці прывяло Бальзака ў 1834 да задумы стварыць «грандыёзны раман пра грамадства», людзей і падзеі 19 ст., якая рэалізавана ў вялізным цыкле раманаў і навел (каля 100) пад назвай «Чалавечая камедыя» пра Францыю перыяду Рэстаўрацыі і Ліпеньскай манархіі. Вылучаюцца 3 яго часткі (эцюды). «Эцюды звычаяў» падзяляліся на сцэны прыватнага («Габсэк», 1830; «Трыццацігадовая жанчына», 1831—34, канчатковая рэд. 1842; «Бацька Гарыо», 1834—35, і інш.), правінцыяльнага («Яўгенія Грандэ», 1833; «Музей старажытнасцяў», 1836—38; «Страчаныя ілюзіі», 1837—43, і інш.), парыжскага («Бляск і ўбоства куртызанак», 1838—47; «Кузіна Бэта», 1846; «Кузэн Понс», 1847, і інш.), ваеннага («Шуаны» і інш.), паліт. («Цёмная справа», 1841, і інш.) і вясковага («Вясковы лекар», 1833, і інш.) жыцця. «Філасофскія эцюды» склалі «Шчыгрынавая скура» (1830—31), «Элексір даўгалецця» (1830), «Пошукі абсалюту» (1834) і інш. У «аналітычныя эцюды» ўвайшлі «Фізіялогія шлюбу» (1829), «Дробныя нягоды сямейнага жыцця» (1845—46) і інш. Творы аб’ядноўваліся агульнымі героямі, якія ўяўлялі сабой розныя тыпы: узроставыя, прафесійныя, сацыяльныя, маральныя, псіхалагічныя і гэтак далей. Бальзак абараняў манархію, каталіцызм і адначасова захапляўся бурж. прагрэсам. Аднак ніхто лепш за яго не паказаў заганы грамадства, у якім грошы і асабісты інтарэс вынішчаюць усё лепшае, натуральнае з чалавечых адносін і здольныя ператварыць чалавека ў монстра. Творчая манера Бальзака вызначаецца апісальнасцю, стыль — дэталёвасцю, жывапіснасцю. Яму належаць таксама збор навел «Свавольныя апавяданні» (1832—37), п’есы («Мачаха», 1848, і інш.), крытычныя артыкулы («Эцюд пра Бейля», прадмова да «Чалавечай камедыі» і інш.). На бел. сцэне ставіліся спектаклі па п’есах Бальзака «Мачаха», «Драпежніца», раманах «Яўгенія Грандэ», «Баламутка» («Жыццё халасцяка»).
Тв.:
Бел.пер. — Габсэк. Мн., 1993;
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—24. М., 1960.
Літ.:
Реизов Б.Г. Бальзак: Сб. статей. Л., 1960;
Бальзак в воспоминаниях современников. М., 1986;
Моруа А. Прометей, или Жизнь Бальзака: Пер. с фр.М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАЗДО́ВІЧ (Язэп Нарцызавіч) (13.10.1888, б. засценак Пунькі, Глыбоцкі р-н Віцебскай вобл. — 15.8.1954),
бел. мастак, скульптар, этнограф, фалькларыст, археолаг, пісьменнік. Адзін з заснавальнікаў нац.гіст. жывапісу. Скончыў Віленскую школу рысавання (1908). Выкладаў маляванне ў бел. школах. Заснавальнік маст. студыі пры Віленскай бел. гімназіі (1927). Прадстаўнік рамант. кірунку ў бел. мастацтве. У пейзажах (графічная серыя «Старажытная будоўля на Беларусі», 1910 — пач. 20-х г.), «Вёска Стадолішча», 1919), тэматычных кампазіцыях «Усяслаў Чарадзей у парубе пад палатамі кіеўскага князя» (1923), «Усяслаў Чарадзей пад Гародняй», «Песня Баяна» (1940-я г.), партрэтах Ф.Багушэвіча, Я.Пачопкі, полацкіх і смаленскіх князёў асн. ўвагу аддае адлюстраванню праз паэтызаваныя, сімвалічныя вобразыстараж.бел. гісторыі. Шэраг работ прысвечаны Ф.Скарыне («Францыск Скарына. Развітанне з родным Полацкам, або У свет па навуку», «Са свету з навукай», «Друкарня Францішка Скарыны ў Вільні ў 1525 годзе» (1927—1-я пал. 40-х г.). У 2-й пал. 1920-х г. стварыў графічныя серыі, прысвечаныя стараж. замкавай архітэктуры Беларусі і Літвы («Мір», «Крэва», «Ліда» і інш.). Этнаграфічнае і гіст.-краязнаўчае значэнне маюць замалёўкі сял. тыпажоў, узораў нар. дойлідства, прылад працы і прадметаў побыту, адзення. Асобную групу складаюць творы з сімволіка-алегарычнымі вобразамі («Мужык з панам цягаецца», 1935, «Пагоня», 1927, «Дух цемры», 1932, і інш.). Касмічная тэма прадстаўлена серыямі «Жыццё на Марсе» (1931), «Жыццё на Сатурне» і «Жыццё на Месяцы» (абедзве 1932), творамі «Пейзаж» (1930-я, г.), «Трывень» (1932—33), «Космас» (1940), «Артаполіс» (1934—35) і інш., у якіх спалучаецца гуманіст. зямны пачатак з наіўным бачаннем ірэальнага. Прымаў удзел у афармленні час. «Саха» (1912—15), «Рунь» (1920) і інш., кніг «Беларускі каляндар на 1910 год», «Курганная кветка» К.Буйло (1914), «Школьны спеўнік» А.Грыневіча (1920), «Лемантар» (1919), уласнай кнігі «Вар’ят без вар’яцтва, або Вялікая шышка» (1923, псеўд. Я.Нарцызаў), брашуры «Нябесныя бегі» (1931). Маляваў насценныя дываны. У аснову іх кампазіцыі паклаў раслінныя, зааморфныя, арх.-сюжэтныя матывы. Стварыў партрэты-барэльефы А.Грыневіча, Я.Пачопкі, М.Машары, маці (пач. 1930-х г.), бюст Ф.Скарыны, «Плач Гарыславы» (1920-я г.). Працаваў у галіне плаката. Запісваў фальклор і апрацоўваў для слоўнікаў нар. лексіку Дзісеншчыны і Піншчыны. Праводзіў археал. даследаванні, вёў археал. дзённікі «Дзісенская дагістарычная старына». У Мінску помнік Д., яго імем названы Германовіцкі музей мастацтва і этнаграфіі (Шаркаўшчынскі р-н Віцебскай вобл.).
Тв.:
Дзённік // Маладосць. 1991. № 5—12.
Літ.:
Ліс А.С. Вечны вандроўнік. Мн., 1984;
Язэп Драздовіч: [Фотаальбом] // Аўтар тэксту Т.В.Габрусь. Мн., 1993;
Язэп Дроздович: «Меня еще поищут...» // Нёман. 1997. № 1.
М.Л.Цыбульскі.
Я.Н.Драздовіч.Я.Драздовіч. Пейзаж. 1930-я г.Я.Драздовіч. Космас. 1940.Я.Драздовіч. Вёска Стадолішча. 1919. Пяро, туш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАТА́ЛЬНЫ ЖАНР (ад франц. bataille бітва),
жанр выяўленчага мастацтва, які адлюстроўвае ваенныя сцэны і баявыя дзеянні. Яму ўласцівае імкненне паказаць найб. важныя ці характэрныя моманты бітваў, перадаць іх пафас, героіку, часам раскрыць і гіст. сэнс ваен. падзей. Батальныя сцэны могуць быць пабудаваны на гіст., дакументальна пацверджаных фактах, што збліжае батальны жанр з гістарычным жанрам, і на фалькл. матэрыяле (легенды, паданні, прытчы і гэтак далей). Батальны жанр уключае таксама паказ паўсядзённага жыцця арміі і флоту (у паходах, казармах, лагерах), што набліжае яго да бытавога жанру. Значная роля ў батальным жанры адводзіцца пейзажу. У працэсе развіцця ў станковых формах жывапісу і графікі батальны жанр наблізіўся да алегорыі, прытчы, набыў акцэнтаваны філас. падтэкст. Ён значна змяніўся, захаваўшы першапачатковую паэтыку і стылістыку ў панараме і дыяраме.
Батальныя сюжэты вядомыя з глыбокай старажытнасці: сцэны перамог над ворагам, алегарычныя і сімвалічныя вобразы ў рэльефах, размалёўках і дробнай пластыцы Стараж. Егіпта, Двухрэчча, Ірана; у расфарбоўцы вазаў, скульпт. кампазіцыях франтонаў храмаў, кампазіцыях рэльефаў і жывапісе Стараж. Грэцыі; у эліністычным мастацтве (рэльефы Пергамскага алтара); рэльефах і карцінах з адлюстраваннем бітваў і трыумфаў Стараж. Рыма; у мастацтве скіфаў, стараж. цывілізацый Амерыкі. У сярэднявеччы батальна-гіст. сюжэты пашыраны ў еўрап. і ўсх. кніжнай мініяцюры, у абразах (найб. выразна пасля 15 ст.), дэкар.-прыкладным мастацтве, рэльефах Кітая і Камбоджы, інд. размалёўках, японскім жывапісе. У эпоху Адраджэння мемар. кампазіцыі ў гонар ваен. перамог стваралі Джота, Паала Учэла, П’ера дэла Франчэска, Леанарда да Вінчы, Мікеланджэла, Тыцыян, Я.Тынтарэта. У 17 ст. значную ролю ў станаўленні батальнага жанру адыгралі творы Д.Веласкеса, П.П.Рубенса, графіка Ж.Кало. У гэты час сфарміраваліся асн. тыпы кампазіцыйнай будовы твораў батальнага жанру: умоўна-алегарычная кампазіцыя з выявай палкаводца на фоне бітвы (Ш.Лебрэн, Францыя), невял. батальная карціна з эфектнай дакументальна-хранікальнай выявай кавалерыйскага бою ці эпізодамі ваен. побыту (С.Роза, Італія; Ф.Ваўэрман, Галандыя), сцэны марскіх баёў (В. Ван дэ Велдэ, Галандыя). У 18 ст. батальны жанр пашыраны ў мастацтве Францыі (А.Вато), Расіі (І.Нікіцін, А.Зубаў, Р.Угрумаў), Амерыкі (Б.Уэст, Дж.С.Коплі, Дж.Трамбал). У 19 ст. ў батальным жанры працавалі А.Гро, Т.Шарле, А.Рафэ, А.Вернэ (Францыя), А.Адам (Германія), Ф.Гоя (Іспанія), П.Міхалоўскі, Я.Матэйка, А.Арлоўскі (Польшча), Г.Ваперс (Бельгія), М.Алеш, Я.Чэрмак (Чэхія), В.Машкоў, Б.Вілевальдэ, А.Кацэбу (Расія). З канца 19 ст. ў батальным жанры ўсё большая ўвага аддаецца адлюстраванню складаных псіхал. і філас. праблем: творы А.Менцэля (Германія), Дж.Фаторы (Італія), У.Хомера (ЗША), М.Герымскага (Польшча), М.Грыгарэску (Румынія), Я.Вешына (Балгарыя), Э.Дэтая, А.Нёвіля (Францыя), І.Айвазоўскага, А.Багалюбава, В.Паленава, В.Верашчагіна, А.Кіўшэнкі, В.Сурыкава (Расія). У 20 ст., насычаным войнамі і рэвалюцыямі, карэнныя змены адбываюцца і ў батальным жанры: пашыраюцца яго межы і тэматычны дыяпазон, узмацняецца гісторыка-філас. падтэкст. У батальным жанры працуюць О.Дзікс і К.Кольвіц (Германія), Ф.Мазерэль (Бельгія), М.Грамер і Т.Стэйнлен (Францыя), Ф.Ходлер (Швейцарыя), Л.Бабіч, І.Мештравіч (Харватыя), Н.Петравіч (Сербія), Ф.Брэнгвін (Англія), О.Какошка (Аўстрыя), Р.Гутуза (Італія), Марукі Іры, Марукі Тасіка (Японія), К.Пятроў-Водкін, М.Грэкаў, А.Дайнека, А.Бубнаў (Расія).
У бел. мастацтве батальныя кампазіцыі вядомыя ў творах дробнай пластыкі (пач. 12 ст.), мініяцюрах Радзівілаўскага летапісу (15 ст.), абразках (15—16 ст.), стылізаваных выявах бел. воінаў на кафлі 16 ст., гравюрах Ф.Скарыны, М.Цюнта (16 ст.), Л.Хршчановіча, Г.Келера, В.Хондыуса, ілюстрацыях М.Вашчанкі (17 ст.), манум. жывапісе 17—18 ст. У жывапісе найб. ранні з вядомых твораў батальнага жанру — «Бітва пад Оршай» (каля 1515), блізкі па стылістыцы да твораў еўрап. Адраджэння (дакладнасць у паказе адзення, панарамы бітвы, тыпажу). У 17 ст. серыю малюнкаў і карцін на тэмы ваен. паходаў кн. Я.Радзівіла стварыў А. ван Вестэрфельд. Батальныя сцэны адлюстраваны на шпалерах Карэліцкай мануфактуры (18 ст.). У 19 ст. батальныя кампазіцыі ў жывапісе стваралі В.Ваньковіч, Ф.Смуглевіч, Я.Сухадольскі, В.Дмахоўскі, у графіцы — М.Кулеша, К.Кукевіч, Я.Дамель, Э.Андрыёлі, Ю.Фалат, А.Гротгер. У жывапісе, графіцы і скульптуры 1-й трэці 20 ст. да батальнага жанру звярталіся В.Волкаў, Я.Зайцаў, П.Гаўрыленка, М.Манасзон, І.Гембіцкі, А.Жораў. Вобразы і падзеі нац. гісторыі адлюстраваны ў творах М.Філіповіча, П.Сергіевіча. Героіка-рамантычны апавядальны характар уласцівы кампазіцыям у жывапісе, графіцы і скульптуры 1940 — пач. 1960-х г. (творы І.Ахрэмчыка, Г.Бржазоўскага, М.Гуціева, І.Давідовіча, Я.Зайцава, С.Раманава, У.Сухаверхава, У.Хрусталёва, Я.Ціхановіча, А.Шыбнёва; скульптуры З.Азгура, А.Бембеля, А.Глебава, С.Селіханава). Пошукі новых стылістычных рашэнняў у 1970-я г. вылучаюць творы батальнага жанру М.Савіцкага, В.Грамыкі, Г.Вашчанкі, А.Анікейчыка. У 1980-я г. — пач. 1990-х г. у батальным жанры павялічваецца колькасць сімволіка-алегарычных элементаў, прытчавых вобразаў (жывапіс Б.Аракчэева, Ф.Бараноўскага, І.Белановіча, М.Глушко, А.Марачкіна, У.Мінейкі, П.Свентахоўскага, І.Стасевіча, І.Ціханава, Г.Ціхановіча, М.Якуніна; графіка Л.Асецкага, У.Басалыгі, С.Геруса, А.Дзямарына, А.Кашкурэвіча, Я.Куліка, М.Купавы, А.Паслядовіч, М.Селешчука; скульптурныя кампазіцыі А.Бацвінёнка, А.Заспіцкага, А.Курачкіна, В.Палійчука; манум. жывапіс Л.Асядоўскага, У.Крываблоцкага, Савіцкага).
Літ.:
Садовень В.В. Русские художники-баталисты XVIII—XIX веков. М., 1955;
Бродский В. Советская батальная живопись. М.; Л., 1950;
Орлова М. Искусство Советской Белоруссии. М., 1960;
Дробов Л.Н. Живопись Советской Белоруссии (1917—1975 гг.). Мн., 1979;
Шматаў В.Ф. Сучасная беларуская графіка Мн., 1979;
Беларуская савецкая скульптура. Мн., 1978.
М.Л.Цыбульскі.
Да арт.Батальны жанр. Б.Аракчэеў. Гродзенскія гусары. Атака ў Клясціцах. 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІДЭ́Я (ад грэч. idea паняцце, уяўленне),
філасофская катэгорыя, якая ў розных формах свядомасці набыла неадназначны змест; зыходнае паняцце, пакладзенае ў аснову тэорыі, гіпотэзы, светапогляду.
Раннеант. філасофія (Парменід, Анаксагор, Дэмакрыт, Платон) тлумачыла І. як першааснову быцця, яго вобразы (эйдас) і ўзоры. Пазней Арыстоцель разглядаў іх як фарматворныя сутнасці ў іерархіі быцця, на вяршыні якой — форма форм, або Бог. Ант. канцэпцыі І. ў іх хрысц. інтэрпрэтацыі далі пачатак сярэдневяковым і неасхаластычным плыням філасофіі — рэалізму (традыцыя платанізму) і наміналізму (традыцыя арыстоцелізму). У кантэксце пантэістычнага светапогляду эпохі Адраджэння І. — духоўны, або боскі сэнс прыроды, грамадскага быцця і космасу ў цэлым. Філасофія новага часу (2-я пал. 17—19 ст.) усебакова развіла 2 канцэпцыі — рацыяналістычную (Р.Дэкарт, Г.Лейбніц, І.Кант), паводле якой І. ёсць прыроджаныя або апрыёрныя формы пазнання, і эмпірычную (Ф.Бэкан, Т.Гобс, Дж.Лок, Дж.Берклі, Д.Юм, П.Лафарг, К.Маркс, Ф.Энгельс), паводле якой І. — толькі адноснае, няпоўнае адлюстраванне матэрыяльнага быцця. У ням. класічнай філасофіі паняцце І. наблізілася да гнасеалагічнага і сацыяльнага ідэалу (Кант., І.Фіхтэ, Ф.Шэлінг), набыло значэнне боскай субстанцыі быцця (абсалютная ідэя Г.Гегеля). Рус. філасофія ўсеадзінства (У.Салаўёў, М.Лоскі, М.Бярдзяеў) імкнулася пераадолець апазіцыі тыпу ідэальнае-матэрыяльнае, рэлігія — навука, разумела І. як сэнс быцця і шлях яго адухаўлення.
Філас., тэалагічная, грамадска-паліт. і эстэт. думка ў Беларусі адлюстроўвала асн. трактоўкі І., характэрныя для агульнаеўрап. філасофіі. Раннехрысц. (Кірыла Тураўскі, Клімент Смаляціч) і рэнесансавыя (Ф.Скарына, Сімяон Полацкі), правасл. і уніяцкія палемісты (Мялецій Сматрыцкі, Хрыстафор Філалет, І.Пацей, І.Руцкі), не аналізуючы паняцця І., падразумявалі пад ім боска-ідэальны пачатак быцця. Філосафы-неасхаластыкі (17—1-я пал. 18 ст.) прытрымліваліся тамізму (арыстоцелізм у інтэрпрэтацыі Фамы Аквінскага) або неаплатанісцкай традыцыі айцоў царквы (А.Бандзевіч, А.Белабоцкі, Ф.Богуш, Б.Дабшэвіч і інш.). У эпоху Асветніцтва (канец 18—1-я чвэрць 19 ст.) І. разглядалася ў традыцыі Гобса і Лока як адлюстраванне рэчаў і падзей у працэсе пазнання (матэрыялістычная і натурфілас. плыні, М.Пачобут-Адляніцкі, Я.Снядэцкі) або як спалучэнне эмпірычнага адлюстраваная і здольнасці нематэрыяльнай субстанцыі — душы (А.Доўгірд). У кантэксце бел. л-ры і грамадскай думкі эпохі нацыянальнага адраджэння (пачынальнікі новай бел. л-ры В.Дунін-Марцінкевіч, К.Каліноўскі, Ф.Багушэвіч, Я.Купала, Я.Колас, М.Багдановіч), творчасці філосафаў і публіцыстаў (А.Луцкевіч, І.Канчэўскі, У.Самойла), гісторыкаў і тэолагаў (А.Станкевіч) паняцце І. набыло значэнне нацыянальнай ідэі. У рамках асветніцкіх традыцый і ўдасканалення грамадскіх адносін, духоўнай свабоды чалавека разглядаюцца тэарэт. аспекты І. у працах М.А.Алексютовіча, А.А.Біралы, К.П.Буслава, Э.К.Дарашэвіча, У.М.Конана, С.А.Падокшына і інш. З ідэалогіяй рэвалюцыйнага Дэмакратызму, нац. вызваленчага руху звязвалі ажыццяўленне І. даследчыкі І.М.Лушчыцкі, Н.М.Махнач, А.С.Майхровіч, В.І.Яфрэмава і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ЗКІ ПРА ЖЫВЁЛ,
адзін з найб. старажытных відаў казачнага эпасу, у сістэме маст. вобразаў якога цэнтр. месца займаюць персанажы жывёльнага свету. У бел. казачным эпасе складаюць 12—14% вядомых запісаў. Прайшлі складаны шлях развіцця ад паляўнічых апавяданняў продкаў, дзе прац. вопыт і трапныя назіранні за прыродай і жывёльным светам спалучаліся з анімізмам і татэмізмам, да сатыр. твораў, у якіх у алегарычнай форме адлюстраваны сац. канфлікты класавага грамадства. Ім уласцівы кампазіцыйная завершанасць, рыфмаваная ці рытмізаваная мова, асабліва ў прыказках-зачынах і канцоўках, шырокае ўжыванне прыказак і прымавак, песень. Характэрныя рысы гэтых казак — займальная ўмоўнасць, лаканічная форма, якая часам набліжае іх да байкі. Разгорнуты дыялог казак стварае магчымасці для імправізацыі. Часта дзеянне будуецца на нарошчванні падзей накшталт славутай казкі пра рэпку (гл.Кумулятыўныя казкі).
Тыповыя персанажы — ліса, воўк, мядзведзь, заяц, сабака, кот, баран, конь, певень і інш. — надзелены рысамі, якія адлюстроўваюць пануючыя ў народзе вобразныя ўяўленні пра гэтых жывёл. ліса заўсёды хітрая, кот мудры, воўк дурны і прагны. Праз гэтыя вобразы раскрываюцца тыповыя характары і якасці людзей, іх сац. і маральна-этычныя адносіны. У казках услаўляюцца тыя, хто стаіць за праўду і справядлівасць, высока ставіць шчырасць і ўзаемадапамогу, асуджае няўдзячнасць, гультайства, прагнасць, выказваюцца крытычныя адносіны народа да служак культу. З тонкім гумарам народ высмейвае фанабэрыстасць, зайздрасць, баязлівасць і інш. недахопы людзей. Мэта такіх казак, спецыяльна разлічаных на дзіцячую аўдыторыю, — пазнаёміць малых з навакольным светам, паказаць прасцейшыя ўзаемаадносіны паміж дзеяннем і яго вынікам.
Бел. казкі — неад’емная частка казачнага эпасу ўсх. славян, яны маюць нямала агульных рысаў з казкамі інш. народаў. Сюжэты такіх казак, як «Пра мужыка і лісу», «Лісічка-сястрычка і воўк», «Каток, пеўнік і ліска», «Дурны воўк», «Каза Дарота», цікава распрацаваны і ў бел., і ў рус., і ўкр. фальклоры. Яны вядомы і ў творчасці інш. народаў свету. Але бел. казкі маюць адметныя рысы, захоўваюць нац. каларыт і непаўторнасць: напр., «Чаму ваўкі званка баяцца», «Бык і ваўкі», «Чалавек і мядзведзь», «Сава і дзяцел», «Музыка і яшчарка», «Варона і рак». Даследчык усх.-слав. казак С.У.Саўчанка называў іх перламі бел. казачнага эпасу і вылучаў іх як адметную з’яву ў фальклоры ўсх. славян. Іх адметнасць падкрэслівалі Я.Ф.Карскі, чэш. фалькларыст І.Поліўка. Найбольш К. пра ж. апублікавана ў зб-ках Е.Р.Раманава, П.В.Шэйна, М.Федароўскага, яны ўвайшлі ў асобную кн. шматтомнага выдання «Беларуская народная творчасць» «Казкі пра жывёл і чарадзейныя казкі» (1971), дзе змешчаны 145 варыянтаў розных сюжэтных тыпаў. У архіве Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац.АН Беларусі захоўваецца больш за 100 тэкстаў, сярод якіх творы на невядомыя раней у бел. фальклоры сюжэты. У наш час гэтыя казкі сталі здабыткам пераважна дзіцячай аўдыторыі.
Літ.:
Карский Е.Ф. Белорусы. Т. 3, ч. 1. М., 1916;
Костюхин Е.А. Типы и формы животного эпоса. М., 1987;
Крук И.И. Восточнославянские сказки о животных. Мн., 1989;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАСО́ЎНІКІ,
мастакі-рэалісты, якія ўваходзілі ў рас.маст. аб’яднанне Т-ва перасоўных маст. выставак (1870—1923). Т-ва створана ў Пецярбургу па ініцыятыве І.Крамскога (ідэйны кіраўнік), Р.Мясаедава, М.Ге, В.Пярова ў працэсе барацьбы за дэмакр. мастацтва супраць акадэмізму і ў процівагу Пецярбургскай АМ. У розны час у яго ўваходзілі таксама А.Архіпаў, В.Бялыніцкі-Біруля, А. і В. Васняцовы, С.Жукоўскі, С.Іванаў, С.Каровін, М.Касаткін, А.Куінджы, І.Левітан, У.Макоўскі, В.Паленаў, І.Пранішнікаў, І.Рэпін, А.Саўрасаў, К.Савіцкі, В.Сурыкаў, В.Сяроў, І.Шышкін, М.Ярашэнка і інш.Т-ва ставіла задачу прапагандаваць рус.рэаліст. мастацтва праз арганізацыю перасоўных выставак у гарадах Рас. імперыі (адбылося 48, у т. л. ў Вільні і Мінску). Ў сваёй дзейнасці П. апіраліся на прынцыпы грамадскіх і эстэт. поглядаў В.Бялінскага і М.Чарнышэўскага. Вял. ролю ў развіцці т-ва адыграла маст.крытычная дзейнасць У.Стасава, матэрыяльная падтрымка П.Траццякова.
П. сцвярджалі прынцып народнасці мастацтва, які выяўляўся праз адлюстраванне з пазіцый крытычнага рэалізму шматграннасці жыцця народа: выкрыццё сац. праблем грамадства («Земства абедае» Мясаедава, 1872; «Бурлакі на Волзе» Рэпіна, 1873; «Сустрэча абраза» Савіцкага, 1878; «У дарозе. Смерць перасяленца» Іванава, 1889; «На людзях» Каровіна, 1893; «Вуглякопы. Змена» Касаткіна, 1895), рэв.-вызв. рух («Адмова ад споведзі», 1885; «Не чакалі», 1884—88; «Арышт прапагандыста», 1892, усе Рэпіна; «Расстрэл» Іванава, 1905), прыгажосць нар. побыту («Прыход ведзьмака на сялянскае вяселле» В.Максімава, 1875), багацце і веліч роднай прыроды (пейзажы Саўрасава, Шышкіна, Левітана), гераічныя старонкі рас. гісторыі (карціны Сурыкава), вобразырус.нар. казак і паданняў (творчасць В.Васняцова). У творах на евангельскія сюжэты ўздымаліся складаныя філас., псіхал. і маральныя пытанні («Хрыстос у пустыні» Крамскога, 1872; «Што ёсць ісціна?» Ге, 1890). Творы П. адметныя псіхалагізмам, майстэрствам тыпізацыі і сац. абагульнення. У 1870—80-я г. жывапіс П. эвалюцыянаваў ад некаторай скаванасці і сухасці пісьма цёмнымі фарбамі да свабоднай, шырокай манеры, перадачы святлопаветранага асяроддзя з дапамогай светлай палітры, рэфлексаў, каляровых ценяў, свабоднай і разнастайнай кампазіцыі. Спадчына П. — адна з асн. традыцый развіцця рэаліст. мастацтва.
Дзейнасць П. паўплывала і на развіццё бел. мастацтва. Падзеяй у культ. жыцці Беларусі была выстаўка П. 1899 у Мінску, дзе экспанаваліся творы Рэпіна, Макоўскага, Касаткіна і інш. На Беларусі ў канцы 19 ст. працавалі Шышкін (стварыў шмат пейзажаў Палесся), Савіцкі (працаваў над карцінай «Сустрэча абраза»). У Здраўневе пад Віцебскам у 1892—1900 жыў Рэпін і намаляваў там палотны «Беларус», «Восеньскі букет», шэраг пейзажаў, партрэтаў бел. сялян. З Беларуссю звязана дзейнасць Бялыніцкага-Бірулі і Жукоўскага, М.В.Неўрава.
Літ.:
Бурова Г., Гапонова О., Румянцева В. Товарищество передвижных художественных выставок. Т. 1—2. М., 1952—59;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БОГ, багі,
у тэалогіі вярхоўная сутнасць, надзеленая вышэйшым розумам, абсалютнай дасканаласцю і ўсёмагутнасцю, што стварыла Сусвет і кіруе ім. У язычніцкай міфалогіі і політэістычных рэлігійных сістэмах багі — увасабленне касм. сіл і грамадска-культурных функцый. Паводле каталіцкай школы прамонатэізму, ва ўсіх язычнікаў поруч з «ніжэйшымі» багамі была вера ў адзінага найвышэйшага Бога. Прыхільнікі эвалюцыянізму прытрымліваліся эўгемерычнай традыцыі (ад імя стараж.-грэч. філосафа Эўгемера), бачылі ў багах сакралізаваных родапачынальнікаў, продкаў і герояў. З.Фрэйд і яго паслядоўнікі тлумачылі веру ў багоў сублімацыяй псіхал. перажыванняў, звязаных з вобразамі бацькоў. У развітых міфалогіях на багоў пераносілі функцыі Дэміурга (стваральніка Сусвету) і культ. героя (пачынальніка культуры).
Асноўны догмат монатэістычных рэлігій — іудаізму, хрысціянства, ісламу — вера ў адзінага Бога. Паводле Свяшчэннага Пісання і царк. паданняў, Бог — найвышэйшая трансцэндэнтная (па-за часам і прасторай) істота, Дэміург, уседзяржыцель, літасцівы айцец, спрадвечны і справядлівы суддзя, крыніца жыцця, увасабленне праўды, дабра і красы. У іудаізме Бог існуе ў адзінай асобе, якая ажыццяўляе свае мэты праз асобныя народы і гіст. асоб, пра сябе сведчыць праз анёлаў і прарокаў, утрымлівае Сусвет і кіруе жыццём не прымусова, а паводле свабоднай волі людзей. Гэта багаслоўская канцэпцыя набыла шматграннае развіццё ў хрысціянстве, аднак на аснове догмату Траістасці, паводле якога адзінасутны Бог існуе ў трох асобах-іпастасях — Бога-Айца (спрадвечны стваральнік Сусвету, яго духоўная сутнасць), Бога-Сына (Логаса, або абсалютнага Сэнсу, які ўвасобіўся ў Ісуса Хрыста) і Бога-Святога Духа — жыватворчага пачатку, духоўнай сутнасці ўсіх праяў касм. быцця на яго вышэйшых (анёльскім і людскім) узроўнях. Асноўнымі аргументамі на карысць быцця Бога ў тэалогіі служыць наяўнасць яго тварэння (Сусвету) і магчымасць цудаў як выніку прамога або ўскоснага ўздзеяння бога на зямное быццё, выхаду за межы яго прычынна-выніковых сувязяў. У іудаізме сувязь чалавека з Богам ажыццяўляецца праз анёлаў, у асобных выпадках — «тварам у твар» (сустрэча Майсея-Багавідца з Богам на Сінайскай гары). У хрысціянстве пра Бога сведчаць анёлы, прарокі, Свяшчэннае Пісанне, царк. паданні, тайна богаўвасаблення, нараджэнне і ўваход у зямную гісторыю Ісуса Хрыста. У ісламе асноўны сведка бога, яго звястун — прарок Мухамед. Гісторыя сусв. культуры ведае тры асн. тыпы рэлігійнай свядомасці — тэізм, дэізм, пантэізм, якія аспрэчваюцца разнастайнымі плынямі безрэлігійнай свядомасці (гл.Атэізм).
На Беларусі хрысціянскае богапазнанне сфарміравалася на аснове праваслаўя (Кірыла Тураўскі, Ефрасіння Полацкая, Клімент Смаляціч, М.Сматрыцкі, летапісная традыцыя 12—17 ст.), каталіцызму (езуіцкая і асветніцкая школы тэалогіі ў канцы 16 — пачатку 19 ст., А.Доўгірд), пратэстантызму (С.Будны), бел. рэлігійнага асветніцтва (Ф.Скарына, Сімяон Полацкі, А.Станкевіч), уніяцтва (І.Пацей, І.В.Руцкі, Р.Корсак, базыльянскі ордэн). У выніку фалькларызацыі біблейскіх сюжэтаў, евангельскай гісторыі і царк. паданняў вобразы Бога, Хрыста і хрысціянскіх святых набылі прыкметы міфалагічных, казачных і літ. персанажаў. У фальклоры Бог уяўляецца ў абліччы «вельмі гожага сівага дзеда». Калісьці ён «хадзіў па беламу свету, бо раней людзі былі вартыя таго; а цяпер надта грэшныя, Бог выракся іх».
Літ.:
Толковая Библия, или Комментарий на все книги... Ветхого и Нового Завета. Т. 1—3. Пб., 1904—13;
Булгаков С.Н. Православие: Очерки учения Православной Церкви. М., 1991.