ПАГО́СЦКАЕ ВО́ЗЕРА У Пінскім р-не Брэсцкай вобл., у бас. р. Бобрык, за 25 км на ПнУ ад г. Пінск. Пл. 0,87 км², даўж. 1,4 км, найб. шыр. 1,1 км, найб. глыб. 1,6 м, даўж. берагавой лініі 1,2 км. Пл. вадазбору 711 км². Схілы катлавіны спадзістыя, выш. да 5 м, пад лугам і ворнымі землямі, на Пд лес. Ад вадасховішча Пагост адгароджана дамбай, водаабмен з якім ажыццяўляецца пры дапамозе помпаў. Сцёк з возера па пратоцы р. Бобрык 1-ы.

т. 11, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНДЭМІ́Я (ад грэч. pandēmia увесь народ),

катэгорыя інтэнсіўнасці эпідэмічнага працэсу, калі інфекц. хвароба пашырана сярод насельніцтва краіны, некалькіх краін ці кантынентаў. Ступень пашыранасці інфекц. хвароб абумоўлена ўспрымальнасцю чалавека да інфекцый, частатой зменлівасці ўзбуджальніка (напр., вірус грыпу), шляхамі перадачы інфекцыі (часцей узнікаюць П. інфекц. хвароб, што перадаюцца паветрана-кропельным шляхам), войнамі, эміграцыяй і інш. Апісаны П. чумы, халеры, грыпу, малярыі і інш. З сярэдзіны 20 ст. П. адсутнічаюць (за выключэннем грыпу). Гл. таксама Эпідэмія.

М.​З.​Ягоўдзік.

т. 12, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎЛО́ЎСКІ (Мікалай Восіпавіч) (27.1. 1903, г. Гродна — 21.10.1960),

генерал-палкоўнік (1954). Скончыў акадэмію Генштаба (1948). У Чырв. Арміі з 1920. У Вял. Айч. вайну з 1942 на Закаўказскім, 1-м, 2-м Укр., Забайкальскім франтах: нач. штаба ўмацаванага раёна, брыгады марской пяхоты, арміі, нач. аператыўнага аддзела, упраўлення штаба франтоў. Удзельнік абароны Кубані, бітвы за Каўказ, Новарасійска-Таманскай, Жытомірска-Бярдзічаўскай, Яска-Кішынёўскай, Дэбрэцэнскай, Будапешцкай, Венскай, Пражскай, Хінгана-Мукдэнскай аперацый. Пасля вайны на адказных пасадах у Сав. Арміі.

М.В.Паўлоўскі.

т. 12, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫКУБА́НСКАЯ НІЗІ́НА, Кубана-Прыазоўская нізіна,

раўніна ў Зах. Перадкаўказзі, у Расіі, на Пн ад ніжняга цячэння р. Кубань. Абмежавана на Пд падножжамі гор Вял. Каўказа, на У Стаўрапольскім узвышшам, на З Азоўскім м., на Пн нізоўямі рэк Дон і Маныч. Выш. да 150 м. Складзена з асадкавых парод мезакайназойскага ўзросту, укрытых лёсападобнымі суглінкамі і глінамі. На ПнЗ — радовішчы газу. Клімат умерана кантынентальны, ападкаў 400—600 мм за год. Стэпы, б.ч. узараныя. П.н. — найважнейшы збожжавы раён Расіі.

т. 13, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУНКТ РАСЫ́, кропка расы,

тэмпература, да якой павінна ахаладзіцца паветра, каб наяўная ў ім вадзяная пара дасягнула насычэння (пры дадзеным утрыманні вільгаці і нязменным ціску); неабходная ўмова для з’яўлення расы; адна з асн. характарыстык вільготнасці паветра. Вызначаецца па псіхраметрычных табліцах і т-ры па сухім і змочаным тэрмометрах або непасрэдна кандэнсацыйным гігрометрам. Пры адноснай вільготнасці меншай за 100% П.р. заўсёды ніжэй фактычнай т-ры паветра. Пры насычанасці (адносная вільготнасць 100%) фактычная т-ра супадае з П.р.

т. 13, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗЛІКО́ВЫ БАЛА́НС,

суадносіны грашовых патрабаванняў і абавязацельстваў краіны, што ўзнікаюць у выніку гандлёвых і інш. адносін з інш. краінамі за пэўны перыяд або на пэўную дату. Уключае гандлёвы баланс, вываз і ўвоз золата, прадастаўленне крэдытаў, баланс паслуг, турыстаў і даходы ад замежнага турызму, даходы ад замежных інвестыцый, звязаныя з імі расходы і інш. У адрозненне ад плацежнага балансу ўключае не толькі зробленыя плацяжы і паступленні, але і непагашаныя патрабаванні і абавязацельствы, тэрмін пагашэння якіх яшчэ не настаў.

т. 13, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУДЭРА́ЛЬНЫЯ РАСЛІ́НЫ,

[ад лац. rudus (ruderis) друз, буд. смецце], смеццевыя расліны, якія растуць каля будынкаў, на пустках, уздоўж шляхоў зносін і на падобных другасных (не палявых) месцах. Пераважна нітрафілы. Часта маюць прыстасаванні, якія дазваляюць ім пазбегнуць знішчэння чалавекам і жывёламі (непрыкметны выгляд, ядавітыя рэчывы, шыпы, жыгучыя валаскі і інш.). На Беларусі больш за 350 відаў з родаў аксамітнік, блёкат, вапнаўка, вярблюдка, герань, дурнап’ян, дурнічнік, крапіва і інш. Разам з сегетальнымі раслінамі складаюць групу пустазелля.

В.​М.​Прохараў.

т. 13, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́МША,

герой бел. антыпрыгонніцкіх казак. З іх найб. вядомая казка «Пану навука», паводле якой Р. жыў на Рымшавай гары (б. Мазырскі пав.) і помсціў пану-самадуру «за ўсе людскія слёзы ды крыўду», многа дабра рабіў людзям. У казцы пан крыўдзіць мужыка, а той, пераапрануўшыся (цесляром, доктарам і г.д.), некалькі разоў карае яго. Сярод слав., літ., франц., італьян. і інш. казак падобнага тыпу бел. вылучаюцца антыпрыгонніцкай накіраванасцю. Матыў казкі пра Р. выкарыстаў З.​Бядуля ў аповесці «Салавей».

т. 13, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭКУРЭ́НЦЫЯ [ад лац. recurrens (recurrentis) які вяртаецца],

1) паўторнае паяўленне ў працэсе эвалюцыі падобных форм, а ў палеанталогіі — цэлых фларыстычных або фауністычных комплексаў у розных стратыграфічных гарызонтах. З’ява Р. звязана з міграцыяй флор і фаун, якія былі выцеснены з месцаў першапачатковага пасялення і існавалі нейкі час па-за яе межамі, а потым пры аднаўленні адпаведных умоў вярнуліся на былое месца без істотных змен.

2) Паўтор саставу прадуктаў вулканічнага вывяржэння, форм магматычнай дзейнасці, якія адпавядаюць больш раннім стадыям яе эвалюцыі.

т. 13, с. 573

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛАНЧАКІ́,

тып засоленых глеб, у паверхневым слоі якіх 1—15% (у глебавай скарынцы часам больш за 30%) лёгкарастваральных солей. Пашыраны ў зонах стэпаў, паўпустынь і пустынь на саляносных пародах (аўтаморфныя С.) або ва ўмовах блізкага залягання мінералізаваных грунтавых вод (гідраморфныя С.).

Характарызуюцца слабадыферэнцыраваным глебавым профілем, слаба выражаным гумусавым гарызонтам з прожылкамі ці плямамі солей, шчолачнай рэакцыяй. Расліннасць галафітная або адсутнічае. Малаўрадлівыя, прыдатныя для земляробства пасля гіпсавання, прамыўкі, паніжэння ўзроўню грунтавых вод. Пры рассаленні з С. фарміруюцца саланцы.

т. 14, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)