ДЫ́ЗЕЛЬ, дызельны рухавік,

рухавік унутранага згарання, у якім дызельнае паліва загараецца ад уздзеяння высокай т-ры паветра, сціснутага поршнем. Названы ў гонар Р.Дызеля. Адрозніваюць Д. двух- і чатырохтактавыя; з аб’ёмным і плёначным сумесеўтварэннем; паводле канструкцыі камеры згарання — з нераздзеленай камерай, перадкамерныя, віхракамерныя, паветракамерныя і інш.

У Д. з нераздзеленай камерай згарання паліва ўпырскваецца непасрэдна ў цыліндр, дзе раўнамерна распыляецца; у астатніх — сумесеўтварэнне залежыць ад завіхрэнняў паветра, якія ўзнікаюць з-за асаблівасцей канструкцыі. Удзельны расход паліва ў найб. дасканалых Д. да 190 г/(кВтгадз); ккдз да 44%; ступень сціскання паветра да 20; магутнасць да 30 тыс. кВт, павышаюць яе наддувам. Д. выкарыстоўваюцца на транспарце, у энергетыцы (гл. напр., Дызельная электрастанцыя).

В.А.Сяргеенка.

Дызель: 1 — фарсунка; 2 — клапан; 3 — цыліндр з поршнем; 4 — паліўная помпа; 5 — каленчаты вал.

т. 6, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)