ФТОР (лац. Fluorum),

F, хімічны элемент VII групы перыяд. сістэмы, ат.н. 9, ат.м. 18,9984, адносіцца да галагенаў. У прыродзе 1 стабільны нуклід ​19F У зямной кары 6,510​−2% па масе. Асн. мінерал — флюарыт. Важны элемент для млекакормячых жывёл і чалавека (утварэнне зубоў і касцей). Адкрыў у 1771 швед. вучоны К.​Шэеле, у свабодным стане вылучыў у 1886 франц. хімік А.​Муасан. Назва Ф. ад грэч. phthoros гібель, разбурэнне.

Бледна-жоўты газ з рэзкім пахам, tкіп — 188,2 °C, шчыльн. 1,693 кг/м³ (0 °C). Самы электраадмоўны хім. элемент, моцны акісляльнік. Энергічна ўзаемадзейнічае з вадой (вылучаецца кісларод) і вадародам (утвараецца фторысты вадарод HF). Не ўтварае кіслародных кіслот. Усе хім. элементы (акрамя гелію, неону і аргону) утвараюць устойлівыя фтарыды. У прам-сці Ф. атрымліваюць электролізам у расплаве калію дыгідратрыфтарыду KH2F3 пры 70—120 °C. Выкарыстоўваюць у вытв-сці фторарганічных злучэнняў і фтарыдаў. Вельмі таксічны: раздражняе скуру. слізістыя абалонкі носа і вачэй. ГДК у паветры 0,15 мг/м³, у вадзе 0,7 мг/л (для фтарыдіона).

Літ.:

Исикава Н., Кобаяси Е. Фтор: Химия и применение: Пер. с яп. М., 1982.

А.​П.​Чарнякова.

т. 16, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАЛАМЕ́Й Уладзімір Мікалаевіч (30.6.1914, г. Седльцы, Польшча — 8.12.1984),

савецкі вучоны ў галіне механікі, ракетабудавання і касманаўтыкі. Акад. АН СССР (1962, чл.-кар. 1958). Двойчы Герой Сац. Працы (1959, 1963). Скончыў Кіеўскі авіяц. ін-т (1937), дзе і працаваў; адначасова ў Ін-це прыкладной матэматыкі і механікі АН УССР. З 1941 у Цэнтр. ін-це авіяц. маторабудавання (з 1944 дырэктар і гал. канструктар). З 1959 ген. канструктар ракетна-касм. тэхнікі. Навук. працы па канструкцыі і дынаміцы машын, тэорыі ваганняў, дынамічнай устойлівасці пругкіх сістэм, тэорыі сервамеханізмаў. Стварыў першы ў СССР пульсуючы паветрана-рэактыўны рухавік (1942). Пад яго кіраўніцтвам створаны важныя аб’екты авіяц., ракетнай і касм. тэхнікі, у т. л. ракетаносьбіт і ШСЗ «Пратон», ШСЗ «Палёт», арбітальныя станцыі «Алмаз». Ленінская прэмія 1959. Дзярж. прэміі СССР 1967, 1974, 1982. Залатыя медалі АН СССР імя Жукоўскага (1964) і імя Ляпунова (1977).

Тв.:

О возможности повышения устойчивости упругих систем при помощи вибрации. М., 1956;

Исследование пневматических и гидравлических сервомеханизмов. М., 1958.

Літ.:

Боголюбов Н.Н., Седлов Л.И. В.​Н.​Челомей // Избранные проблемы прикладной механики. М., 1974.

У.​С.​Ларыёнаў.

У.М.Чаламей.

т. 17, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЭ́ЧАТ Віктар Уладзіміравіч (н. 3.7.1938, в. Ровенская Слабада Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне педагогікі. Д-р пед. н. (1996), праф. (1997). Засл. работнік адукацыі Беларусі (1999). Скончыў Гомельскі пед. ін-т (1960). Настаўнічаў. З 1971 у Брэсцкім пед. ін-це (з 1976 заг. кафедры). З 1979 нам. дырэктара, заг. кафедры Нац. ін-та адукацыі Мін-ва адукацыі Рэспублікі Беларусь. З 1998 у Бел. пед. ун-це, з 2001 прарэктар Ін-та павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў гэтага ун-та. Навук. працы па праблемах сямейнага, маральнага, патрыят. выхавання, сац. педагогікі, тэорыі і арганізацыі сац. работы, вышэйшай адукацыі, гісторыі педагогікі. Удзельнічаў у распрацоўцы Закона Рэспублікі Беларусь «Аб правах дзіцяці» (1993), рэсп. праграмы выхавання дзяцей і вучнёўскай моладзі (2000).

Тв.:

Воспитание патриотических чувств. Мн., 1977;

Умеем ли мы общаться с детьми? Мн., 1983;

Патриотическое воспитание в семье. Мн., 1989;

Педагогіка сямейнага выхавання: (тэарэтыка-метадал. аспект). Мн., 1995;

Социальная работа с ребенком и семьей. Мн., 2000 (у сааўт.);

Семья и дошкольное учреждение: взаимодействие в интересах ребенка. Мн., 2000 (разам з Т.​М.​Карасцялёвай);

Педагогика семейного воспитания. Мозырь, 2003.

т. 17, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАМІ́СА (Chamisso) Адэльберт фон (30.1.1781, Шампань, Францыя — 21.8.1838),

нямецкі пісьменнік, вучоны-прыродазнавец. У 1812—15 вывучаў медыцыну, батаніку, заалогію ў Берлінскім ун-це. У 1815—18 як натураліст прыняў удзел у рас. кругасветнай экспедыцыі (кн. «Падарожжа вакол свету на караблі «Рурык», 1834—36). У фантаст. аповесці «Незвычайная гісторыя Петэра Шлеміля» (1814) рамант. пратэст супраць адчужанасці асобы ў несправядлівым грамадстве і згубнага ўплыву золата на чалавечы лёс. Паэзія Ш. вызначаецца дэмакр. накіраванасцю (вершы «Замак Банкур», «Інвалід у вар’яцкім доме»), простай і эмацыянальна выразнай формай, блізкай да традыцыі ням. нар. песні (лірычны цыкл «Песні і абразкі жыцця», 1830; цыкл балад «Нямецкія народныя паданні», 1838). Тэма вызв. барацьбы, вобразы грэч., ісп., рус., польскіх патрыётаў у цыклах «Вандраванні» (1830), «Выгнаннікі» (1831). Перакладаў з франц., ісп., дацкай, рус. моў. Яго лірычны цыкл «Каханне і жыццё жанчыны» (1830) паклаў на музыку Р.​Шуман. На бел. мову асобныя творы Ш. пераклалі А.​Зарыцкі, У.​Папковіч.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Закаханы вандроўнік: Паэзія ням. рамантызму. Мн., 1989;

Рус. пер. — Избранное. М., 1974.

С.​Дз.​Малюковіч.

т. 17, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАПІ́ЛАЎ Дзмітрый Трафімавіч (5.11.1905, Ашгабат — 18.8.1995),

савецкі дзярж. і парт. дзеяч, вучоны-эканаміст. Чл.-кар. АН СССР (1953), праф. (1939), ген.-маёр (1945). Скончыў Маскоўскі ун-т (1926), Аграрны ін-т чырв. прафесуры (1934). У 1920—30-я г. ў пракуратуры, на гасп., навук. і выкладчыцкай рабоце. У Вял. Айч. вайну чл. ваен. савета арміі. З 1946 у апараце ЦК КПСС. У 1952—56 гал. рэдактар газ. «Правда», у 1955—57 сакратар ЦК КПСС, у 1956—57 міністр замежных спраў СССР. Удзельнік рэабілітацыі ахвяр паліт. рэпрэсій, дапамагаў М.С.Хрушчову рыхтаваць даклад да XX з’езда КПСС (1956). На чэрвеньскім пленуме ЦК КПСС (1957). крытыкаваў Хрушчова за парушэнні прынцыпаў калект. кіраўніцтва і некампетэнтнасць, за што штучна прылічаны да т.зв. антыпарт. групы і адхілены ад усіх парт. і дзярж. пасад. З 1957 дырэктар Ін-та эканомікі АН Кіргізіі, у 1960—82 у Гал. архіўным упраўленні пры СМ СССР. Кіраўнік аўтарскага калектыву падручніка «Палітычная эканомія» (1954).

Літ.:

И примкнувший к ним Шепилов: Правда о человеке, ученом, воине, политике. М., 1998.

Ю.​В.​Бажэнаў.

т. 17, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАРП (Sharpe) Уільям Ф. (н. 16.6.1934, г. Бостан, ЗША),

амерыканскі вучоны-эканаміст. Скончыў Каліфарнійскі ун-т (1956). З 1961 выкладаў у Вашынгтонскім ун-це (з 1967 праф.), з 1968 праф. Каліфарнійскага, з 1970 Станфардскага ун-таў, адначасова кансультант па інвестыцыях шэрагу прыватных фірм, прэзідэнт Амер. фін. асацыяцыі (з 1980). Прапанаваў мадэль цэнаўтварэння капітальных актываў, якая дазваляе вызначыць магчымы прыбытак ад каштоўных папер, паменшыць рызыку інвестара на аснове пэўнага спалучэння актываў і пасіваў і выбару адпаведнай структуры акцый. Распрацаваў метады для папярэдняй ацэнкі здзелак і для аптымальнага размеркавання капітальных актываў («Цана капітальных актываў: Тэорыя рыначнай раўнавагі ва ўмовах рызыкі», 1964; «Тэорыя інвестыцыйнага партфеля і рынкі капіталу», 1970). Даследуе пытанні палітыкі планавання інвестыцый пенсіённых, страхавых, дабрачынных і інш. фондаў, фактары, якія ўплываюць на прыбытак ад каштоўных папер. Яго працы паслужылі асновай для развіцця тэорыі цэнаўтварэння на фін. рынках, атрымалі практычнае выкарыстанне ў розных сферах эканомікі. Нобелеўская прэмія 1990 (з Г.Маркавіцам і М.Х.Мілерам).

Тв.:

Рус. пер. — Инвестиции. М., 2001 (разам з Г.​Дж.​Александэрам, Дж.​В.​Бэйлі).

Н.​Г.​Кісялёва.

У.Ф.Шарп.

т. 17, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШУ́ХАЎ Уладзімір Рыгоравіч (28.8.1853, г. Грайваран Белгародскай вобл., Расія — 2.2.1939),

расійскі інжынер-вынаходнік і вучоны ў галіне тэхнікі і будаўніцтва. Ганаровы акад. АН СССР (1929), засл. дз. нав. і тэхн. РСФСР (1928). Герой Працы (1932). Скончыў Маскоўскае вышэйшае тэхн. вучылішча (1876). З 1878 гал. інжынер тэхн. буд. канторы ў Маскве. Пасля 1917 на з-дзе «Парастрой» (Масква). Навук. працы па тэхніцы нафтавай прам-сці, цеплатэхніцы і буд. справе. Зрабіў разлік першага ў Расіі нафтаправода і кіраваў яго буд-вам, стварыў першы ў свеце мазутаправод з падаграваннем. Упершыню ў свеце ажыццявіў прамысл. факельнае спальванне вадкага паліва з дапамогай вынайдзенай ім распыльвальнай фарсункі (1880). Вынайшаў крэкінг-працэс (гл. Крэкінг). Стварыў канструкцыі вадатрубных паравых катлоў. Па яго праектах пабудавана каля 200 вежаў арыгінальнай канструкцыі (у т. л. Шабалаўская радыёвежа ў Маскве), каля 500 мастоў (у т. л. праз Аку і Волгу, Енісей), маякі і інш. Прэмія імя Леніна 1929.

Літ.:

Лопатто А.Э. Почетный академик В.​Г.​Шухов — выдающийся русский инженер. М., 1951;

Лейбензон Л.С. В.​Г.​Шухов // Люди русской науки. М., 1965.

У.Р.Шухаў.

т. 17, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЮК Зоя Максімаўна (н. 20.9.1933, в. Івакіна Кіраўскай вобл., Расія),

бел. вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (1984), праф. (1986). Скончыла Усесаюзны завочны ін-т сав. гандлю (1958). З 1958 у гандлёва-эканам. прадстаўніцтве СССР у Польшчы. З 1961 у Бел. ін-це нар. гаспадаркі, з 1962 у Бел. ін-це навук.-тэхн. інфармацыі, з 1964 у Бел. політэхн. ін-це. З 1980 заг. кафедры Бел. ун-та культуры, з 1986 Бел. ун-та інфарматыкі і радыёэлектронікі. З 1993 у Бел. камерцыйным ун-це кіравання (з 1994 прарэктар). З 2002 у Мінскім ін-це кіравання. Навук. працы па сац.-эканам., прававых і псіхал. праблемах становішча жанчын у грамадстве, у т. л. на Беларусі. Даследуе метадалогію і тэорыю праблем чалавека ў эканам. навуках, устойлівага чалавечага развіцця і патэнцыялу на аснове гендэрнага падыходу. Распрацавала і ўкараніла новыя лекцыйныя курсы: «Гендэрныя асновы кіравання», «Эканамічная псіхалогія» і інш. Заснавальнік Бел. н.-д. цэнтра гендэрных праблем (2000) і яго дырэктар.

Тв.:

Труд женщины и семья. Мн., 1975;

Научно-технический прогресс и труд женщин. Мн., 1981.

М.​П.​Савік.

т. 18, кн. 1, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯЗЫКО́ВІЧ Віктар Робертавіч (н. 8.5.1955, Мінск),

бел. вучоны ў галіне рэлігіязнаўства і культуралогіі. Канд. філас. н. (1983). Скончыў БДУ (1977). З 1981 у Ін-це філасофіі і права АН Беларусі, з 1985 у Бел. ун-це культуры. У 1998—99 заг. кафедры этыкі і рэлігіязнаўства БДУ, у 2000 заг. н.-д. аддзела Бел. ун-та культуры. З 2000 нач. аддзела гуманіт. навук Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Рэспублікі Беларусь. З 2003 заг. кафедры Бел. агр. тэхн. ун-та. Навук. працы па тэорыі і метадалогіі рэлігіязнаўства, культуралогіі, ментальных асаблівасцях рэліг.-культ. традыцый, праблемах пратэстантызму ў кантэксце сучаснага сацыякульт. развіцця.

Тв.:

Социально-психологическое влияние иеговистской идеологии на верующих // Иеговизм. Мн., 1981;

Студенчество и религия: проблема мировоззренческого выбора. Мн., 1999 (разам з М.​Я.​Ленсу, К.​С.​Пракошынай);

Протестантизм (разам з Л.​В.​Бароўка) // Традиционные вероисповедания и новые религиозные движения в Беларуси. Мн., 2000;

Феномен пятидесятничества // Учен. зап.: Сб. науч. ст. фак. теологии ЕГУ. Мн., 2002. Вып. 1;

Движение свидетелей Иеговы: социокультурный и ментальный аспекты // Там жа. Мн., 2004. Вып. 2.;

Культурология. Мн., 2004;

Религиоведение. Мн., 2004.

т. 18, кн. 1, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯНУ́ШКА Анатоль Давыдавіч (н. 16.1.1930, в. Цялядавічы Капыльскага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны-лесавод і эканаміст у галіне лясной гаспадаркі. Д-р с.-г. н. (1994), праф. (1978). Засл. работнік вышэйшай школы Беларусі (1980). Скончыў Бел. тэхнал. ін-т (1954), дзе і працуе (у 1967—93 заг. кафедры, у 1968—85 прарэктар). Навук. працы па эканоміцы і арганізацыі вытв-сці на прадпрыемствах лясной гаспадаркі, паляпшэння прадукцыйнасці і якаснага складу лясоў. Удзельнік распрацоўкі дзярж. канцэпцыі і стратэгічнага плана развіцця лясной гаспадаркі Беларусі. Заснавальнік і чл. рэдкалегій час. «Лясная і паляўнічая гаспадарка Беларусі» і «Беларускай лясной газеты». Віцэ-прэзідэнт Бел. т-ва лесаводаў.

Тв.:

Экономика лесного хозяйства. Мн., 1977;

Организация, планирование и управление предприятиями лесного хозяйства. М., 1983 (разам з І.​В.​Вароніным, М.​І.​Кожухавым);

Хозрасчет и эколого-экономическая оценка земельных и лесных ресурсов. Мн., 1999 (разам з М.​М.​Санковіч, Б.​М.​Жалібай);

Экономика садово-паркового строительства и хозяйства. Мн., 1997 (разам з Я.​А.​Дашкевіч);

Лесное хозяйство Беларуси. (История, экономика, проблемы и перспективы развития). Мн., 2001.

т. 18, кн. 1, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)