ФТОР (лац. Fluorum),
F, хімічны элемент VII групы перыяд. сістэмы, ат.н. 9, ат.м. 18,9984, адносіцца да галагенаў. У прыродзе 1 стабільны нуклід 19F У зямной кары 6,510−2% па масе. Асн. мінерал — флюарыт. Важны элемент для млекакормячых жывёл і чалавека (утварэнне зубоў і касцей). Адкрыў у 1771 швед. вучоны К.Шэеле, у свабодным стане вылучыў у 1886 франц. хімік А.Муасан. Назва Ф. ад грэч. phthoros гібель, разбурэнне.
Бледна-жоўты газ з рэзкім пахам, tкіп — 188,2 °C, шчыльн. 1,693 кг/м³ (0 °C). Самы электраадмоўны хім. элемент, моцны акісляльнік. Энергічна ўзаемадзейнічае з вадой (вылучаецца кісларод) і вадародам (утвараецца фторысты вадарод HF). Не ўтварае кіслародных кіслот. Усе хім. элементы (акрамя гелію, неону і аргону) утвараюць устойлівыя фтарыды. У прам-сці Ф. атрымліваюць электролізам у расплаве калію дыгідратрыфтарыду KH2F3 пры 70—120 °C. Выкарыстоўваюць у вытв-сці фторарганічных злучэнняў і фтарыдаў. Вельмі таксічны: раздражняе скуру. слізістыя абалонкі носа і вачэй. ГДК у паветры 0,15 мг/м³, у вадзе 0,7 мг/л (для фтарыдіона).
Літ.:
Исикава Н., Кобаяси Е. Фтор: Химия и применение: Пер. с яп. М., 1982.
А.П.Чарнякова.
т. 16, с. 493
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)