ШАРП (Sharpe) Уільям Ф. (н. 16.6.1934, г. Бостан, ЗША),
амерыканскі вучоны-эканаміст. Скончыў Каліфарнійскі ун-т (1956). З 1961 выкладаў у Вашынгтонскім ун-це (з 1967 праф.), з 1968 праф. Каліфарнійскага, з 1970 Станфардскага ун-таў, адначасова кансультант па інвестыцыях шэрагу прыватных фірм, прэзідэнт Амер.фін. асацыяцыі (з 1980). Прапанаваў мадэль цэнаўтварэння капітальных актываў, якая дазваляе вызначыць магчымы прыбытак ад каштоўных папер, паменшыць рызыку інвестара на аснове пэўнага спалучэння актываў і пасіваў і выбару адпаведнай структуры акцый. Распрацаваў метады для папярэдняй ацэнкі здзелак і для аптымальнага размеркавання капітальных актываў («Цана капітальных актываў: Тэорыя рыначнай раўнавагі ва ўмовах рызыкі», 1964; «Тэорыя інвестыцыйнага партфеля і рынкі капіталу», 1970). Даследуе пытанні палітыкі планавання інвестыцый пенсіённых, страхавых, дабрачынных і інш. фондаў, фактары, якія ўплываюць на прыбытак ад каштоўных папер. Яго працы паслужылі асновай для развіцця тэорыі цэнаўтварэння на фін. рынках, атрымалі практычнае выкарыстанне ў розных сферах эканомікі. Нобелеўская прэмія 1990 (з Г.Маркавіцам і М.Х.Мілерам).
Тв.:
Рус.пер. — Инвестиции. М., 2001 (разам з Г.Дж.Александэрам, Дж.В.Бэйлі).