ЗІ́ЛЬБЕРТ (Фёдар Фёдаравіч) (7.9.1917, г. Тарту, Эстонія — 19.2.1986),
бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыў вучылішча прыгожых мастацтваў у г. Ліепая (1934), вучыўся на арх. ф-це Латвійскага ун-та (1936—39). На Беларусі з 1946. Адзін з арганізатараў эксперым. керамічнай лабараторыі ў Мінску (1959) і вытв-сці керамікі ў Барысаве (1963). Выкладаў у Бел.тэатр.маст. ін-це (1965—71). Сярод твораў: скульпт. кампазіцыі «Ураджай» (1947), «Гусляр», «Памром, але крэпасць не пакінем!» (абедзве 1956); партрэты Г.Цітовіча (1948), А.Міцкевіча (1955), барэльефы М.Сеўрука (1978), Я.Коласа (1981), «Сустрэча паэтаў Я.Райніса і Я.Купалы» (1982); падлогавыя вазы «Зубр» (1977), «Папараць» (1979); дэкар. пласты «Нацюрморт» (1977), «Макі» (1978), «Восень у садзе» (1979). Аўтар дыярамы «Абарона Брэсцкай крэпасці» (1957, з П.Дурчыным), дэкар. керамікі для інтэр’ера Музея нар. славы ў в. Іканы Барысаўскага р-на і інш.Іл.гл. таксама да арт.Брэсцкай крэпасці абарона 1941.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗМАГА́ННЕ», Беларуская дэпутацкая фракцыя «Змаганне» за інтарэсы сялян і рабочых,
легальная рэв.-дэмакр. і нац.-вызв.арг-цыя працоўных Зах. Беларусі ў снеж. 1927—30. Створана як выбарчы рабоча-сялянскі к-т «З.» па падрыхтоўцы да выбараў у сейм. У выніку выбараў (4.3.1928) ад працоўных Зах. Беларусі ў сейм прайшлі 5 бел. дэпутатаў: І.Дварчанін, Я.Гаўрылік, Ф.Валынец, І.Грэцкі, А.Стагановіч (з лют. 1929 П.Крынчык). Яны стварылі ў сейме бел. рабоча-сялянскі пасольскі клуб «З.». Аб’яднаўшы шматлікі актыў, што вырас у Беларускай сялянска-работніцкай грамадзе, і стварыўшы вясной 1929 амаль ва ўсіх паветах мясц. сакратарыяты, «З.» стала ўплывовай паліт. арг-цыяй працоўных Зах. Беларусі, змагалася за тыя ж патрабаванні, што і яе папярэдніца — Грамада. 30.8.1930 польскія ўлады арыштавалі дэпутатаў сейма і кіраўнікоў «З.» і неўзабаве ліквідавалі ўсе 50 мясц. сакратарыятаў. Суд, які адбыўся над кіраўнікамі і актывістамі «З.» (1931 у Вільні), прыгаварыў Дварчаніна, Гаўрыліка, Валынца і Крынчыка да 8 гадоў турмы кожнага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЮВА́НАЎ (Міхаіл Акімавіч) (24.2.1906, г. Грозны, Чэчня — 29.4.1977),
бел. спявак (бас). Нар.арт. Беларусі (1954). Скончыў Бел. кансерваторыю (1951, клас Я.Віцінга), з 1962 выкладаў у ёй. З 1938 працаваў у т-рах оперы і балета ў Баку, Ташкенце, Фрунзе, Маскве (Вял.т-р, 1944), Пермі. У 1949—61 саліст Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. Валодаў моцным голасам прыгожага цёплага тэмбру. Аднолькава пераканаўча выконваў партыі лірычныя, драм. і камедыйныя. Сярод партый нац. рэпертуару: Даніла і Анішчук («Дзяўчына з Палесся» і «Міхась Падгорны» Я.Цікоцкага), Якуб («Марынка» Р.Пукста), Дураў («Надзея Дурава» А.Багатырова); з лепшых партый класікі — Сусанін («Іван Сусанін» М.Глінкі), Барыс («Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага), Млынар («Русалка» А.Даргамыжскага), Канчак («Князь Ігар» А.Барадзіна), Грэмін, кароль Рэнэ, Качубей («Яўген Анегін», «Іаланта», «Мазепа» П.Чайкоўскага), Карась («Запарожац за Дунаем» С.Гулак-Арцямоўскага), Мефістофель («Фауст» Ш.Гуно), Дон Базіліо («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні).
Літ.:
Жураўлёў Дз.М. Шлях акцёра // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1960.
Б.С.Смольскі.
М.А.Зюванаў.М.Зюванаў у ролях Карася (злева) і караля Рэнэ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВА́НАЎ (Усевалад Вячаслававіч) (24.2.1895, пас. Лябяжае Паўладарскай вобл., Казахстан — 15.8.1963),
рускі пісьменнік. Друкаваўся з 1915, належаў да літ. групы «Серапіёнавы браты». Аповесці «Партызаны» (1921), «Браняпоезд 14-69» (аднайм. п’еса паст. МХАТ, 1927) і «Каляровыя вятры» (абедзве 1922) пра падзеі грамадз. вайны. Аўтар аўтабіягр. рамана «Прыгоды факіра» (1934—35; 2-я рэд. «Мы ідзём у Індыю», 1960), рамана «Пархоменка»(1939, фільм «Аляксандр Пархоменка», 1942), зб. апавяданняў «Хмель: Сібірскія апавяданні 1917—1962 гг.» (1963; бел.пер. А.Кудраўца, 1975), сац.-філас., гратэскавых раманаў «Ужгінскі крэмль» (выд. 1981), «У» (выд. 1988). На бел. мову перакладзены аповесць «Браняпоезд 14-69» (пер. М.Стагановіча, 1933), раман «Пархоменка» (пер. В.Макоўскай, 1941), п’еса «Блакада» (пер. А.Макаёнка, 1989). П’еса «Браняпоезд 14-69» паст. БДТ-1 (Нац.акад.т-р імя Я.Купалы) у 1928 і Дзярж.рус.драм. т-рам у 1936, п’еса «Блакада» — т-рам імя Я.Купалы ў 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВА́ШЫН (Васіль Уладзіміравіч) (н. 9.5.1913, в. Ляхавічы Дзяржынскага р-на Мінскай вобл.),
бел. літаратуразнавец, педагог. Акад.АПНСССР (1967), д-рфілал.н. (1965), праф. (1973). Скончыў Мінскі пед.ін-т (1938). З 1946 у Ін-це л-ры АН Беларусі, у 1967—78 дырэктар НДІ педагогікі Мін-ва адукацыі Беларусі. Навук. працы па пытаннях тэорыі і гісторыі бел. л-ры, літ. сувязей, метадалогіі і методыкі выкладання л-ры ў школе. Адзін з гал. кірункаў даследаванняў — Купалаўская спадчына. Аўтар манаграфій «М.Горкі і беларуская літаратура пачатку XX ст.» (1956), «Ля вытокаў сацыялістычнага рэалізму» (1963), «Да вышынь рэалізму» (1983), «Выверанае жыццём» (1988), падручнікаў «Беларуская літаратура» для 8-га кл. (19-е выд. 1978, з В.В.Барысенкам; 7-е выд. 1988, з М.А.Лазаруком), для 9-га кл. (9-е выд. 1994, з Лазаруком).
Тв.:
Янка Купала: Творчасць перыяду рэвалюцыі 1905—1907 гг.Мн., 1953;
Рэвалюцыя 1905—1907 гг. і развіццё беларукай літаратуры. Мн., 1955.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ІЛІЯ́ДА»,
старажытнагрэчаская эпічная паэма, аўтарства якой (разам з «Адысеяй») прыпісваюць Гамеру. Узнікла, відаць, у 9—8 ст. да н.э. ў Іоніі на аснове паданняў пра Траянскую вайну (13 ст. да н.э.). Напісана гекзаметрам (каля 15700 вершаў). У 3—4 ст.ант. філолагі падзялілі яе на 24 песні. Як і «Адысея», верагодна, доўгі час бытавала ў вуснай форме. «І.» апавядае пра асаду грэкамі-ахейцамі г. Іліён (Троя). Яе кампазіцыя і сюжэты падпарадкаваны паэтыцы гераічнага эпасу: паход выкліканы выкраданнем траянцам Парысам Алены, жонкі ахейскага цара Менелая. Цэнтр. сюжэт паэмы — гнеў гал. героя Ахіла, абдзеленага прадвадзіцелем паходу Агамемнанам (Ахіл адмаўляецца ўдзельнічаць у бітве, пакуль ад рукі траянца Гектара не гіне яго сябар Патрокл). Ахіл забівае Гектара ў паядынку, а паэма заканчваецца апісаннем трызны па Патроклу і Гектару. На бел. мову ўрывак з «І.» пераклаў Ю.Дрэйзін, цалкам — Б.Тарашкевіч (захаваліся ўрыўкі).
Публ.: Бел.пер. — у кн.: Тарашкевіч Б. Выбранае. Мн., 1991.; Рус.пер. — Илиада; Одиссея. М., 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́КЛАШЫЧ (Miklošič, Miklosich) Франьё (Франц; 20.11.1813, Радамершчак, каля г. Лютамер, Славенія — 7.3.1891), славенскі і аўстрыйскі мовазнавец. Заснавальнік слав. параўнальна-гіст. мовазнаўства. Акад. Венскай (з 1851), чл.кар. Пецярбургскай (з 1856) АН. Скончыў ун-т у Грацы (Аўстрыя). У 1850—86 праф. Венскага ун-та. Даследаваў лексіку і граматыку слав. моў, узаемадзеянне слав. моў з алб., венг., рум. і інш., вывучаў слав. анамастыку і тапаніміку, л-ру і эпас. Аўтар прац «Параўнальная граматыка славянскіх моў» (т. 1—4, 1852—75), «Утварэнне славянскіх імён» (1860), «Цюркскія элементы ў паўднёва-ўсходніх і ўсходнееўрапейскіх мовах» (1884—90). Склаў «Слоўнік стараславянскай мовы», 1850; 2-е выд. 1862—65), «Этымалагічны слоўнік славянскіх моў» (1886). Выдаў стараж.-слав. пісьмовыя помнікі, у т.л. «Супраслъскі рукапіс», «Шышатаўскі апостал» (1853), «Хроніку Нестара» (1860), крыніцы па гісторыі славян («Monumenta serbica», 1858). У працах паслядоўна ўключаў бел. моўны матэрыял, хоць памылкова аб’ядноўваў бел. і ўкр. мовы як дыялекты адной мовы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКЛАШЭ́ЎСКІ (Яўген Васілевіч) (н. 9.8.1936, в. Лыскі Падляскага ваяв., Польшча),
бел. пісьменнік і перакладчык. Скончыў Пінскае пед. вучылішча (1957). Вучыўся ў Мінскім пед. ін-це замежных моў (1962—66). Настаўнічаў. З 1972 у час. «Родная прырода», «Маладосць», з 1981 літкансультант СП Беларусі, у 1991—98 у час. «Тэатральная Беларусь». Друкуецца з 1959 (да 1981 пад псеўд. Яўген Верабей). У лірыцы ўслаўляе прыгажосць роднага краю, каханне, адлюстроўвае духоўны свет чалавека, роздум над сэнсам жыцця (зб-кі «Свежасць», 1968; «Світальны водбліск», 1981; «У спрадвечным руху», 1985; «Зара-заранка, зара-вячэрніца», 1989). Прыхільнік паэт. прозы, вострасюжэтных псіхал. твораў. Маральна-этычныя праблемы, жыццё школы ў аповесці «Чатыры Дарогі» (1979). Аўтар аповесці пра лёс настаўніцы «Мёртвая Крыніца» (1988), рамана-даследавання «Каханне і смерць, або Лёс Максіма Багдановіча» (1991, Літ. прэмія імя І.Мележа, 1996), п’ес «Чарга» (1992), «Натуршчыца, або Пр’эзентацыя відэатэатра» (1996). Кн. сатыры і гумару «Ганна з Пухавіч» (1976). На бел. мову пераклаў паасобныя творы А.Пушкіна, М.Лермантава, С.Ясеніна, М.Забалоцкага, А.Міцкевіча, Р.Кіплінга, Э.Хемінгуэя і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУНЯ́ЕЎ (Станіслаў Юр’евіч) (н. 27.11.1932, г. Калуга, Расія),
расійскі паэт. Скончыў Маскоўскі ун-т(1957). З 1962 працаваў у час. «Знамя», Маскоўскай пісьменніцкай арг-цыі, з 1989 гал. рэдактар час. «Наш современник». Друкуецца з 1956. У паэт. зб-ках «Землепраходцы» (1960), «Завея заходзіць у горад» (1966), «Начная прастора» (1970), «Глыбокі Дзень» (1978), «Возера Безыменнае» (1983), «Маці — сырая зямля» (1988), «Вышэйшая воля» (1992) і інш. выяўляе адвечныя сувязі чалавека з прыродай, гісторыяй. Паэмы «Калужская хроніка» (нап. 1968—87), «Карабахская хроніка» (нап. 1973), «Сонечныя ночы» (нап. 1978), «Рускія сны» (нап. 1986) і інш. — спроба сінтэзу прозы і паэзіі ў паэме. Аўтар рамана «Сяргей Ясенін» (1995, з сынам С.Куняевым), зб. прозы і публіцыстыкі «Сярод шумнага балю» (1996), крытычных артыкулаў і інш. У некаторых творах бел. тэматыка. Асобныя вершы К. на бел. мову пераклаў П.Макарэвіч. Дзярж. прэмія Расіі 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КУРА́НТЫ»,
рукапісны зборнік (альбом) кантаў і псальмаў, датаваны 1733. Уключае 31 тэкст з нотамі на 1, 2, 3 галасы. Акрэслена бел. або бел.-ўкр. рысы маюць канты «А гды ж тая голубенка сама полетела», «Гой, гой, сядем в коло», «А ў поли речка, через речку кладка», «В неделенку рано», «Ганнусенька коханная, вечер была румяная», «Межу горами разшумела речка», «Тяжкая моя бедонка» і інш., вядомыя па інш. рукапісных зборніках. Таму можна меркаваць, што «К.» складаліся шляхам перапісвання з больш ранніх крыніц. Паводле запісу на форзацы можна меркаваць, што зборнік створаны ў г. Яраслаўль і належаў мясц. купчысе Пратапопавай. Зберагаецца ў рукапісным аддзеле Ін-та рус. л-ры (Пушкінскі дом). На матэрыялах «К.» В.Капыцько пабудаваў аднайм. араторыю з элементамі дзейства для голасу, хору і інстр. ансамбля (1990).
Публ.: McMillin A.B., Drage C.L. Curanty: an unpublished Russian Song-Book of 1733 // Oxford Slavonic Papers. 1970. Vol. 3.
Літ.:
Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980. C. 95—96.