ПУ́ЛІХАЎ (Іван Пятровіч) (5.9.1879, Мінск — 11.3.1906),
рэвалюцыянер, эсэр. Да рэв. руху далучыўся ў час вучобы ў Мінскім рэальным вучылішчы. За рэв. дзейнасць выключаны з Пецярбургскага каморніцкага ін-та (1903) і высланы ў Мінск пад нагляд паліцыі. Выступаў на сходах сялян, распаўсюджваў антыдзярж. адозвы. У выкананне прыгавору падп. арг-цыі эсэраў П. разам з А.А.Ізмайловіч (гл.Ізмайловіч сёстры) падрыхтаваў і зрабіў 27.1.1906 няўдалы замах на мінскага губернатара П.Р.Курлова — віноўніка курлоўскага расстрэлу 1905. Схопленыя паліцыяй, яны мужна трымаліся на допытах, судовы працэс выкарысталі як трыбуну абвінавачання царызму. Паводле прыгавору ваеннага суда П. пакараны смерцю праз павешанне, Ізмайловіч смяротны прыгавор заменены вечнай катаргай. Каб запалохаць жыхароў, цела П. 4 дні вісела на браме мінскай турмы. Яго імем названа вуліца ў Мінску.
Літ.:
Хаўратовіч І. Бясстрашны юнак // Маладосць. 1965. №12;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́НА (Seine),
рака на Пн Францыі. Даўж. 776 км, пл.бас. 78,6 тыс.км². Вытокі на плато Лангр, цячэ ў шырокай даліне па раўнінах Парыжскага бас., рэчышча звілістае, асабліва ніжэй Парыжа. Упадае ў бухту Сены праліва Ла-Манш, утварае эстуарый. Асн. прытокі: Об, Марна, Уаза (справа), Іона, Эр (злева). Жыўленне пераважна дажджавое. Найб. ўзроўні зімой і ў канцы лета. Сярэдні расход вады ў Парыжы 250 м³/с, каля вусця — да 500 м³/с. У ніжнім цячэнні С. зазнае ўплыў марскіх прыліваў. Суднаходная ад г. Труа (часткова па абвадным канале). Марскія судны падымаюцца да г. Руан (125 км ад вусця). Злучана каналамі з рэкамі Шэльда, Маас, Рэйн, Сона, Луара і інш. На С. — гарады Парыж (цягнецца ўздоўж С. амаль на 50 км), Руан; у эстуарыі марскі аванпорт Парыжа — Гаўр. Набярэжная С. ў Парыжы з помнікамі архітэктуры ўключана ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЕНДЫЦЫ́Т,
запаленне чэрвепадобнага адростка (апендыкса) сляпой кішкі ў чалавека. Хварэюць людзі ўсіх узростаў. Асноўнай прычынай апендыцыту лічаць пераход мікраарганізмаў, што пастаянна прысутнічаюць у адростку, у стан хваробатворных (напр., пры затрымцы ў сляпой кішцы і апендыксе калавых масаў), запаўненне апендыкса дробнымі глістамі, закупорка яго прасвету іншароднымі целамі ці камячкамі цвёрдага калу і парушэнне такім чынам яго апаражнення. Апендыцыт часам бывае пры парушэнні кровазвароту ў сценках апендыкса пры раздражненні нерв. сістэмы. Спрыяюць развіццю апендыцыту вяласць кішэчніка, сістэматычнае ўжыванне ў ежу вял. колькасці мясных прадуктаў, перагрузка стрававальна-кішачнага тракту бялкамі. Асн. прыкметы вострага апендыцыту — рэзкі або паступовы з хуткім нарастаннем боль унізе (справа) жывата, млявасць, ірвота, павышэнне т-ры (не заўсёды) да 37,5—38,5 °C. Небяспечны амярцвеннем адростка (гангрэнозны апендыцыт), расплаўленнем і прабадзеннем яго сценак (прабадны, або перфарацыйны, апендыцыт) з пераходам запалення на брушыну і развіццём цяжкага перытаніту. Неабходна неадкладнае хірург. выдаленне апендыкса. Хранічны апендыцыт можа праяўляцца пастаяннымі або перыядычнымі болямі ў вобласці сляпой кішкі, запорамі, млявасцю. Небяспечны пераходам у вострую форму. Рэкамендуецца хірург. лячэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭ́СА, Раса,
рака на Пд Беларусі, у Старадарожскім і Любанскім раёнах Мінскай вобласці і Акцябрскім раёне Гомельскай вобласці, правы прыток Пцічы (басейн Прыпяці). Даўжыня 128 км. Плошча вадазбору 3,6 тысяч км². Цячэ па Цэнтральнабярэзінскай раўніне, Прыпяцкім Палессі. Асноўныя прытокі: Таліца (справа), Солан, Нешчанка, магістральныя асушальныя каналы Слаўкавіцка-Ямінскі і Чавускі (злева).
Даліна на вялікім працягу невыразная, месцамі шырынёй 0,3—1 км. Пойма пераважна двухбаковая, ніжэй вёскі Падарэссе ў Старадарожскім раёне яе шырыня 0,1—1 км. Рэчышча амаль на ўсім працягу каналізаванае, шырыня ў вярхоўі 5—10 м, у ніжнім цячэнні 30—35 м. Берагі на натуральных участках нізкія. На перыяд веснавога разводдзя прыпадае 54%, летне-асенняй межані — 30% гадавога сцёку. Летне-асеннія паводкі кожны год, зімовыя радзей. Замярзае ў 2-й палове снежня, крыгалом у 3-й дэкадзе сакавіка. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 16,7 м³/с. Пасля пабудовы Арэскай меліярацыйнай сістэмы і Любанскага вадасховішча сцёк Арэсы значна зарэгуляваны. Крыніца водазабеспячэння сажалак рыбакамбіната «Любань». На рацэ горад Любань.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСЦЁР,
рака ў Расіі (Смаленская вобл.) і Беларусі, у Клімавіцкім і Крычаўскім р-нах Магілёўскай вобл., левы прыток р. Сож (бас. Дняпра). Даўж. 274 км, у межах Беларусі каля 50 км. Пл. вадазбору 3,37 тыс.км². Пачынаецца на схілах Смаленскага ўзвышша, у Рослаўскім раёне Смаленскай вобласці. Вусце за 2 км на У ад в. Бель 1-я Крычаўскага р-на. Асн. прытокі: Вострык, Стомець, Немка (справа); В.Наўля, Шумячка, Сасноўка (злева).
Даліна ў вярхоўі невыразная, ніжэй трапецападобная, шыр. 1,5—2 км. Схілы спадзістыя, радзей умерана стромкія, выш. 10—25 м. Пойма двухбаковая, шыр. 0,2—0,3 км, у ніжнім цячэнні 0,3—0,5 км, у разводдзе затапляецца ў сярэднім і ніжнім цячэнні. Рэчышча звілістае, шыр. ракі ў межань на Беларусі 20—30 м. Берагі стромкія, месцамі абрывістыя. Вызначаецца інтэнсіўным разводдзем, на якое прыпадае 59% гадавога сцёку. Замярзае ў 1-й пал. снежня, крыгалом у канцы сак. — пач. красавіка. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 21,6 м³/с.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАСАЛЫ́ГА (Уладзімір Самойлавіч) (н. 1.4.1940, г. Слуцк),
бел. графік. Брат М.С.Басалыгі. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1967). У 1971—80 гал. мастак Маст. фонду. Працуе ў галіне кніжнай і станковай графікі, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, экслібрыса. Гал. тэма творчасці — культ. і гіст. спадчына Беларусі: графічныя аркушы «Шануйце роднае слова» (1976), «Неба бацькаўшчыны» (1980), «Навагрудчына», «Мой родны кут», «Дух стагоддзяў», «Радзіма Купалы» (усе 1982). Стварыў серыю графічных аркушаў «Мова наша родная»; ілюстрацыі да кнігі «Мая Іліяда» У.Караткевіча (1969), альбома «Гравюры Францыска Скарыны» (1972, з М.С.Басалыгам) і інш. З 1977 працуе над серыяй графічных твораў «Помнікі дойлідства Беларусі»; «Мірскі замак», «Царква ў Сынковічах», «Спаса-Ефрасіннеўская царква ў Полацку», «Каложская царква ў Гродне», «Спаса-Праабражэнская царква ў Заслаўі», «Вежа замка ў Любчы», «Нясвіжскі замак», «Слуцкая гімназія» і інш.
Літ.:
Пянькоўская А. Справа даўжынёй у жыццё // Мастацтва Беларусі. 1991. № 8.
Г.А.Фатыхава.
У.Басалыга. Слуцкая гімназія. З серыі «Помнікі дойлідства Беларусі». 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́СЯ,
рака ў Беларусі, у Віцебскай і Магілёўскай абл., правы прыток Проні (бас. Дняпра). Даўж. 104 км. Пл. вадазбору 955 км². Пачынаецца на Смаленскім узв. на паўд. ускраіне в. Анціпенкі Дубровенскага р-на, працякае па Аршанска-Магілёўскай раўніне ў Аршанскім раёне Віцебскай вобл., Горацкім, Дрыбінскім, Шклоўскім, Чавускім р-нах Магілёўскай вобласці. Асн. прытокі: Лімна, Аўчоса, Руза (справа), Паўна, Галубіна, Чарніца, Касінка (злева).
Даліна скрынкападобная, шыр. 300—500 м. Пойма двухбаковая, парэзаная старыцамі і далінамі прытокаў; яе шыр. 150—300 м. Рэчышча ўмерана звілістае, слабаразгалінаванае, у верхнім цячэнні на 18 км каналізаванае, на асобных участках расчышчанае; шыр. ў сярэднім і ніжнім цячэнні 10—15 м. Берагі стромкія. Найвыш. ўзровень разводдзя ў канцы сак., сярэдняя выш. над межанным узроўнем 2,5 м, найб. 3 м. Замярзае ў пачатку снеж., крыгалом ў 3-й дэкадзе сакавіка. У басейне ракі 39 невял. прытокаў агульнай даўж. 96 км, 295 км адкрытай меліярац. сеткі. За 3 км вышэй за вусце — г. Чавусы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́СЕДЗЬ,
рака ў Беларусі, у Магілёўскай і Гомельскай абл. і Расіі (Смаленская і Бранская вобл.), левы прыток р. Сож. Даўж. 261 км, у межах Беларусі 185 км. Пл. вадазбору 5460 км², у межах Беларусі 3110 км². Пачынаецца ў Шумяцкім р-не Смаленскай вобл., цячэ ў Хоцімскім, Касцюковіцкім р-нах Магілёўскай вобл. і Веткаўскім р-не Гомельскай вобл. Вадазбор на паўд.-ўсх.ч. Аршанска-Магілёўскай раўніны, у нізоўях на Чачорскай раўніне і ў Гомельскім Палессі. Асн. прытокі: Еленка, Сураў, Жадунька, Дзяражня, Алешня, Падуж, Каўпіта (справа), Альшоўка, Жадунь, Зубар, ручай Машоўка, Стаўбунка (злева).
Даліна выразная, слабазвілістая, трапецападобная. Пойма пераважна двухбаковая, б.ч. лугавая, парэзаная пратокамі, старыцамі, рукавамі. Рэчышча моцназвілістае і разгалінаванае. Берагі стромкія, нярэдка абрывістыя. Замярзае ў 1-й дэкадзе снежня, крыгалом у канцы сакавіка. Суднаходная за 78 км ад вусця. На Бесядзі гар. пасёлкі Хоцімск і Красная Гара (Бранская вобл.); у нізоўі Веткаўскі батанічны заказнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́БРЫК 1-ы,
рака ў Беларусі, у Ганцавіцкім, Пінскім і Лунінецкім р-нах Брэсцкай вобл., левы прыток р. Прыпяць. Даўж. 109 км. Пл. вадазбору 1900 км². Пачынаецца з ляснога балота за 2,5 км на ПнЗ ад в. Сукач Ганцавіцкага р-на, цячэ па нізіне Прыпяцкае Палессе. Упадае ў Прыпяць за 2 км на ПнЗ ад чыг. ст. Прыпяць. Асн. прытокі: Вісліца (справа), каналы Хатыніцкі, Прысць, Багданаўка (злева).
Даліна невыразная. Пойма двухбаковая, шыр. ў сярэднім цячэнні 0,5—1 км, у ніжнім зліваецца з поймай Прыпяці. Рэчышча каналізаванае на працягу 102 км, пракладзена за 0,5—3 км ад старога. Шыр. да 3—3,5 м у вытоку, 35—40 м у вусці. Берагі сярэдне стромкія, месцамі абрывістыя. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 7,6 м³/с. У міжрэччы Бобрыка і Вісліцы ў Пінскім р-не створаны наліўное вадасх. Пагост і сажалкі рыбгаса «Палессе», 2 невял. сажалкі каля в. Парахонск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДВАРО́ТНЫ СЛО́ЎНІК,
інверсійны слоўнік, тып лінгвістычнага даведніка, у якім рэестравыя словы размяшчаюцца ў алфавітным парадку з улікам іх палітарнага прачытання справа налева, а не злева направа, як у звычайных алфавітных слоўніках. Рэестравыя адзінкі адваротнага слоўніка выраўноўваюцца ў наборы па правым краі:
самба
бомба
пломба
клумбаі г.д.
Побач размяшчаюцца словы з аднолькавымі канчаткамі і суфіксамі, што дазваляе высвятляць словаўтваральную і марфемную структуру слова, вызначаць тып словазмянення рэестравай адзінкі, выяўляць прадукцыйнасць пэўнага словаўтваральнага тыпу, распрацоўваць рыфмаў слоўнікі і інш. Адваротныя слоўнікі падзяляюцца на слоўнікі-індэксы і слоўнікі з самаст. рэестрамі. Адваротны слоўнік створаны больш чым для 30 моў. На матэрыяле бел. мовы распрацаваны: адваротны слоўнік мікратапонімаў (змешчаны ў слоўніку «Мікратапанімія Беларусі», 1974), «Адваротны слоўнік сучаснай беларускай мовы» А.Барташэвіча і І.Камендацкай (т. 1—4, 1988—89), які падае каля 100 тыс. слоў з акад. «Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы» (т. 1—5, 1977—84); «Адваротны слоўнік беларускай мовы» Л.М.Вардамацкага і В.І.Несцяровіча (1994).